ПОЛІМАРФІ́ЗМ (ад полі... + морфа) у біялогіі, наяўнасць у межах аднаго віду раслін або жывёл двух (дымарфізм) ці больш вельмі непадобных груп асобін. Уключае адрозненні ў знешнім выглядзе асобін з адной ці розных папуляцый. Характэрны для многіх відаў флоры і фауны, у т. л. на Беларусі.
Унутры папуляцый адрозніваюць некалькі тыпаў П. Узроставы П. звязаны з чаргаваннем пакаленняў (напр., у ржаўных грыбоў, прахадных рыб, насякомых, якія развіваюцца з метамарфозам). Палавы П. звязаны з неаднолькавай марфалогіяй і экалогіяй асобін рознага полу (у насякомых, птушак, млекакормячых). Функцыянальны П. адлюстроўвае ўзроставыя палавыя адрозненні і найб. выразны ў жывёл, якія развіваюцца з метамарфозам (напр., маляўкі рыб, лічынкі земнаводных і насякомых, функцыянальна нераўнацэнныя дарослым). Фазавы П. абумоўлены шчыльнасцю папуляцый, якая выклікае т.зв. фазавую зменлівасць (напр., у асобін адзіночнай і статкавай фаз у саранчовых). Генетычны П. звязаны з вар’іраваным уздзеяннем натуральнага адбору ў розных умовах, і з павышанай адноснай жыццяздольнасцю геннай структуры арганізма. Розныя тыпы ўнутрыпапуляцыйнага П. могуць быць узаемазвязаныя і сумяшчальныя ў часе. П. ускладняе і робіць больш разнастайнымі сувязі арганізма з асяроддзем, стварае аснову для відаўтварэння шляхам дывергенцыі ў працэсе эвалюцыі.
Полімарфізм у біялогіі: 1 — у розных папуляцыях хвой (хвоі, якія раслі ў розных умовах: а — у лесе, б — на адкрытым месцы, в — на балоце); у межах адной папуляцыі: 2 — генетычны (спадчынныя формы мухі дразафілы: а — самец, б — самка, в, г, д, е — розныя формы патомства); 3 — палавы (мурашка рыжая лясная: а — самка, б — самец, в — рабочая асобіна).