ТРУБА́ (ад стараж. верхненям. trumba, італьян. tromba),
духавы амбашурны муз. інструмент. Вядомы са старажытнасці, з 17 ст. выкарыстоўваўся як арк.муз. інструмент. Сучасны тып. Т. з вентыльным механізмам склаўся да сярэдзіны 19 ст. У прафес.муз. практыцы — арк. і сольны муз. інструмент. Разнавіднасці Т.: пікала, малая, альтовая, басовая.
Звесткі пра Т. на тэр. Беларусі адносяцца да 12 ст. («Слова аб паходзе Ігаравым»). У нар. побыце беларусаў пашыраны Т. рознай формы з хвоі (абкручаныя бяростай) і бляхі. На Т. здабываюць гукі натуральнага гукарада. Даўжыня Т. вар’іруецца ад 1,3 да 2,5—3 м. Могуць мець спец. прыстасаванне для губ — муштук. Здаўна Т. выкарыстоўвалі як сігнальны інструмент у пастухоўскім. паляўнічым і ваен. побыце. у час каляндарных абрадаў, часам для забавы. Спрактыкаваныя музыкі выконвалі на Т. полькі, вальсы, асобныя ч. кадрылі.
Т. наз. таксама язычковы муз. інструмент конусападобнай формы. зроблены з кары асіны, вольхі, ліпы. Найгрышы на такой Т. — рытмізаванае паўтарэнне аднаго гуку ці вар’іраванне папеўкі на 2—3 гуках натуральнага гукарада. Была пашырана на Беларусі да 1920—30-х г.
Бел. кампазітарамі напісаны для Т. і фп. разнастайныя па змесце і кампазіцыі творы: п’есы (А.Багатыроў, Г.Вагнер, А.Гураў, У.Дамарацкі, У.Кандрусевіч, С.Картэс, Я.Цікоцкі), санаты (П.Падкавыраў, К.Цесакоў), канцэрты для Т. з арк. (Дамарацкі. Г.Гарэлава) і інш.