шматлязовы металарэзны інструмент для чыставой апрацоўкі адтулін. Складаецца з рабочай часткі, шыйкі, хваставіка, мае звычайна 6—12 зубоў, што надае ёй высокую ўстойлівасць і павышаную ў параўнанні са свердлам жорсткасць. Бываюць для машыннай (выкарыстоўваюць на станках) і ручной апрацоўкі. Паводле формы адтуліны адрозніваюць цыліндрычныя, канічныя і ступеньчатыя; паводле формы зубоў — з прамымі і вінтавымі зубамі; паводле канструкцыі — суцэльныя, зборныя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАССЕ́ЯННЕ НЕЙТРО́НАЎ,
узаемадзеянне нейтронаў з рэчывам. Бывае патэнцыяльнае (пругкае рассеянне, пры якім захоўваюцца сумарная кінетычная энергія ядра і нейтрона) і рэзананснае (нейтрон захопліваецца ядром з утварэннем састаўнога ядра). Асн. характарыстыкі вызначаюцца асаблівасцямі нейтронаў: нейтрон электранейтральны, лёгка дасягае атамнага ядра і ўзаемадзейнічае з ім ці з асобнымі нуклонамі ядра, мае ўласны магн. момант, што выклікае рассеянне на электронах атама. Гл. таксама Нейтронаграфія, Нейтронная оптыка, Нейтронная спектраскапія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУАПЕ́ХУ (Ruapehu),
дзеючы вулкан у цэнтр.ч. Паўночнага в-ва Новай Зеландыі. Самая высокая вяршыня на Вулканічным плато, выш. 2796 м. Уяўляе сабой усечаны конус, складзены з андэзітаў. Мае 2 кратэры, адзін з іх запоўнены гарачай вадой, якая часам закіпае. На схілах лясы з чырв. буку і хмызнякі, вышэй за 1700—2000 м снягі, ледавікі. Уваходзіць у нац. парк Тангарыра, уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУДНІКО́ВЫ ГАЗ,
гаручы газ, што вылучаецца звычайна ў кам.-вуг. шахтах. Бясколерны, лягчэйшы за паветра. Асн. кампанент — метан, мае таксама азот, вадарод, інертныя і інш. газы. Утвараецца ў радовішчах карысных выкапняў з арган. рэчываў пры гніенні, пад уздзеяннем цяпла, ціску, часам радыяцыі. У сумесі з паветрам выбухованебяспечны. Наяўнасць Р.г. ў рудніковай атмасферы (дапушчальная канцэнтрацыя 0,5—2% па аб’ёме) зніжае канцэнтрацыю кіслароду і можа прывесці да ўдушша.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́БНАЯ МУКА́,
кармавы прадукт з сушанай і размолатай рыбы ці адходаў яе перапрацоўкі. Мае пратэіну да 70%, мінер. солей (пераважна кальцыю і фосфару) 15—25%, вітаміны A, D і групы B. Вял. колькасць у Р.м. тлушчу (больш за 18%) — прычына хуткага яе псавання, надае мясу і малаку жывёл рыбны прысмак і пах. Скормліваюць свінням, птушкам, пушным звярам, маладняку буйн. раг. жывёлы, уключаюць у камбікармы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫНГ (англ. ring) баксёрскі, пляцоўка для правядзення паядынкаў па боксе. Мае квадратную форму, даўж. бакоў ад 4,9 м да 6,1 м, абмежаваных радамі канатаў або тросаў, нацягнутых паміж вуглавымі стойкамі. Падлога Р. ўкрыта мяккім насцілам з няслізкай паверхняй. Звычайна Р размешчаны на памосце, выш. 0,75—1,25 м з даўж. бакоў да 10 м. Канструкцыя Р. паходзіць з 1838, калі зацверджаны правілы «Лонданскага прызавога бокса».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАТЛО́РСКАЕ РАДО́ВІШЧАнафтавае.
У Цюменскай вобл., Расія. Уваходзіць у Заходне-Сібірскую нафтагазаносную правінцыю. Адкрыта ў 1965, эксплуатуецца з 1969. Паклады ў тэрыгенных адкладах ніжняга мелу і верхняй юры на глыб. 1610—2350 м. Выяўлена 10 пакладаў нафты нафтэнаметанавага тыпу, у т. л. з газавай шапкай. Пач. дэбіт свідравін 47—200 т/сут. Шчыльн. нафты 0,85 г/см³, мае 0,68—0,86% серы. Цэнтр здабычы — г. Ніжнявартаўск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІРЭ́ПАВЫ АЛЕ́Й,
тлусты алей, які атрымліваюць прасаваннем насення свірэпіцы. Вадкасць зеленавата-бурага колеру, шчыльн. 918 кг/м³, т-ра застывання -8 °C. Не раствараецца ў вадзе, метаноле і этаноле. Паўвысыхальны алей; мае значную колькасць (31—47% па масе) трыгліцэрыдаў ненасычанай эрукавай к-ты (C21H41COOH). Выкарыстоўваюць як сыравіну ў вытв-сці пакостаў, алкідных смол, мыла, кампанент змазачных матэрыялаў; рафінаваны С.а. — харч. прадукт. Гл. таксама Алеі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЛІКАГЕ́ЛЬ (ад лац. silex крэмень + гель),
мікрапорыстая белая маса, атрыманая пры высушванні гелю палікрэмніевай к-ты; гідрафільны сарбент. Паводле хім. саставу С. — крэмнію дыаксід SiO2 (крэменязём). Таварны С. — паўпразрыстыя або мелападобныя зярняты белага ці жаўтаватага (з-за прымесей) колеру. Маевял. ўдзельную паверхню, нязначную асабістую каталітычную актыўнасць. Выкарыстоўваюць для асушвання, ачысткі і раздзялення хладонаў, спіртоў, амінакіслот, вітамінаў, антыбіётыкаў і інш., як адсарбент у храматаграфіі, носьбіт для каталізатараў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІПУНКУЛІ́ДЫ (Sipunculida),
тып беспазваночных жывёл. 1 клас. Каля 320 відаў. Жывуць у морах, у грунце, часта ў норках, ракавінах малюскаў.
Даўж. 1—50 см. Цела чэрвепадобнае, несегментаванае. Пярэдняя ч.мае рот і венчык кароткіх шчупальцаў, можа ўцягвацца ў тулава. За ротам, на спінным баку, знаходзіцца анус. Ёсць другасная поласць цела, або цэлом. Крывяносная і нерв. сістэмы развітыя слаба. Раздзельнаполыя. Кормяцца дробнымі беспазваночнымі і іх рэшткамі.