пароды танкарунных авечак з вельмі тонкай белай воўнаю найвышэйшай якасці. Радзіма — Зах. Азія (вядомы за некалькі стагоддзяў да н.э). Гадуюць у большасці краін свету, найб. у Аўстраліі. На Беларусь завезены ў канцы 18 ст.
Па памерах належаць да сярэдніх і буйных парод. Маса бараноў 80—100 (да 180) кг, матак 40—60 (да 100) кг. Скура са складкамі на шыі. У самцоў большасці М. добра развітыя рогі. Руно штапельнай будовы. Воўна аднародная, з мяккіх пуховых валокнаў таўшчынёй 15—25 мкм (60—80-й якасці) з характэрнай звілістасцю. Кірункі прадукцыйнасці: воўнавы (сучасныя высокапрадукцыйныя пароды: азербайджанскі горны мерынос, грозненская парода, стаўрапольская парода, сальская і інш.) і воўнава-мясны (асканійская парода, савецкі мерынос, алтайская, каўказская, якіх абмежавана гадуюць на Беларусі, і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛЕ́ ((Millet) Жан Франсуа) (4.10.1814, Грушы, каля г. Шэрбур, Францыя — 20.1.1875),
французскі жывапісец і графік. У 1837—38 вучыўся ў Парыжы ў П.Дэлароша. Працаваў у Парыжы, Шэрбуры, Барбізоне. У 1840-я г. пісаў тонкія па настроі партрэты, міфалагічныя кампазіцыі, галантныя сцэны ў духу Ф.Бушэ. У канцы 1840-х г. зблізіўся з мастакамі барбізонскай школы і звярнуўся да выяўлення паўсядзённага сял. жыцця на фоне пейзажу. Яго творам уласцівы ўрачыстая лапідарнасць манум. кампазіцыі, багаты валёрамі зямлісты каларыт: «Зборшчыцы каласоў» (1857), «Анжэлюс» (1859), «Жанчына стрыжэ авечку» (1860), «Пасадка бульбы» (1861—62), «Чалавек з матыкай» (1863), «Вялікая пастушка» (1863—64). Пасля 1860 звярнуўся да пейзажа («Царква ў Грэвілі», 1871—74). Аўтар шматлікіх малюнкаў, афортаў, пастэляў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́ЎСКІ ПУСТЫ́НСКІ УСПЕ́НСКІ МАНАСТЫ́Р.
Існаваў каля г. Мсціслава Магілёўскай вобл. на беразе р. Аслянка (правы прыток Сажа). Паводле царк. падання, засн. каля 1380 мсціслаўскім кн.Лугвенам. Паводле царк. гісторыка М.І.Пятрова манастыр вядомы з 1500. У пач. 17 ст. стаў уніяцкім, у 2-й пал. 17 ст. пэўны час быў не заселены. Да 19 ст. будынкі былі драўляныя, у 1801—08 мітрапаліт Іраклій Лісоўскі пабудаваў мураваны храм Успення Багародзіцы базілікальнага тыпу (у 1869 перабудаваны ў крыжападобны ў плане). З 1839 манастыр зноў праваслаўны. У 1864 пабудавана царква Раства Багародзіцы, у 1865 — Пакроўская царква, у канцы 19 ст. — шмат’ярусная званіца. У 1918 манастыр закрыты. Частка будынкаў захавалася ў руінах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУСЦЬЕ́,
археалагічная эпоха сярэдняга палеаліту ў межах 70—32-га тыс. да н.э. Вылучана франц. археолагам Г. дэ Мартылье ў канцы 1860-х г., назва ад стаянкі ў пячоры Ле-Мусцье на ПнЗ Францыі. Насельніцтва — неандэртальцы, якія займаліся збіральніцтвам і паляваннем, жылі на адкрытых пляцоўках у прымітыўных жытлах і пячорах. У эпоху М. вынайдзены спосаб здабывання агню, з’явіліся грунтоўныя змены ў апрацоўцы каменю. Крамянёвы інвентар мусцьерскага тыпу выраблены на адшчэпах (скрэблы, трохвугольныя востраканечнікі і ручныя рубілы), сустракаецца амаль ва ўсіх частках Еўразіі і Пн Афрыкі. На Беларусі знойдзены прылады працы, выкананыя ў мусцьерскай тэхніцы (каля в. Абідавічы Быхаўскага, Падлужжа Чачэрскага і Свяцілавічы Веткаўскага р-наў). Помнікі М. на тэр. Беларусі пакуль не выяўлены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАДАРВІНІ́ЗМ,
эвалюцыйная канцэпцыя, распрацаваная ням. вучоным А.Вейсманам на першым этапе развіцця генетыкі (у канцы 19 ст.). Тэарэт. аснова Н. — вучэнне аб зародкавай плазме і зародкавым шляху сцвярджае, што ў спадчыну перадаюцца тыя змены, якія адбываюцца ў спадчынных адзінках палавых клетак — дэтэрмінантах. Набытыя адзнакі ў спадчыну не перадаюцца. Гэтыя вывады шмат у чым прадвызначылі сучасныя прадстаўленні аб спадчыннай зменлівасці. Але ў цэлым адыход ад дарвінаўскіх палажэнняў аб прычынах зменлівасці і прыродзе спадчыннасці, спроба звязаць даныя генетыкі з эвалюц. тэорыяй і дапоўніць дарвінаўскае прадстаўленне аб натуральным адборы былі памылкай. У 2-й пал. 20 ст. Н. часам называюць сучаснае эвалюц. вучэнне.
Літ.:
Шмальгаузен И.И. Проблемы дарвинизма. 2 изд. Л., 1969;
Воронцов Н.Н. Развитие эволюционных идей в биологии. М., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАБО́ЧНЫ СКАЗ,
сінтаксічная канструкцыя, якая знешне суадносіцца з камунікатыўнымі адзінкамі — сказамі, а па сваёй функцыі і ролі ў сказе збліжаецца з пабочнымі словамі і пабочнымі словазлучэннямі. Можа мець форму двухсастаўных развітых і неразвітых сказаў, аднасастаўных пэўна-, няпэўна-, агульнаасабовых, безасабовых і інфінітыўных сказаў. Да асн. сказа далучаецца бяззлучнікавай сувяззю або пры дапамозе злучнікаў ці злучальных слоў, можа размяшчацца ў пачатку, у канцы і ў сярэдзіне сказа. Уключаецца ў склад сказа для выражэння пэўных мадальных, эмацыянальных ці экспрэсіўных значэнняў. У адрозненне ад пабочных слоў характарызуецца большай канкрэтнасцю выказвання, сэнсавай і сінтаксічнай расчлянёнасцю структуры, закончанасцю зместу («На гэтых дубах — так павялося ўжо з незапомных часоў — на Купалле вешалі качэлі». Б.Сачанка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНА́МСКАГА КАНА́ЛА ЗО́НА (Panama Canal Zone),
частка тэр. Панамы ў выглядзе паласы шырынёй 16,1 км па абодвух берагах Панамскага канала, статус якой у 1903—99 рэгуляваўся Амерыкана-панамскімі дагаворамі 1903, 1936, 1955, 1977. З 1903 у карыстанні ЗША. Кіравалася губернатарам, якога прызначаў прэзідэнт ЗША, з 1939 падпарадкавана ваен. мін-ву ЗША. Амер. ўрад пабудаваў у П.к.з. ваен.-марскія і авіяц. базы, атрымліваў вялізныя прыбыткі ад эксплуатацыі канала, а Панаме выплачваў адносна невял. арэндную плату. Паводле амер.-панамскага дагавора 1977 Панама з 1982 ажыццяўляе ў П.к.з. цывільнае кіраванне і паліцэйскую ўладу. Прадугледжвалася ліквідацыя да 2000 ваен. баз ЗША, але ў канцы 1999 на тэр. зоны яшчэ заставалася 14 амер.ваен. фартоў. З 1.1.2000 пад кантроль Панамы перайшоў і сам Панамскі канал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРК КАМЯНЁЎ, Эксперыментальная база ледавіковых валуноў пры Інстытуце геалагічных навук Нацыянальнай АН Беларусі,
геалагічны музей пад адкрытым небам, помнік прыроды рэсп. значэння (з 1989). Прапанаваны Б.І.Гарэцкім у канцы 1970-х г. для захавання ледавіковых валуноў Беларусі, адкрыты ў 1985 у Мінску. Пл. экспазіцыі 6,5 га, больш за 2,1 тыс. экспанатаў (2000). Складаецца з 6 аддзелаў. Цэнтр. — рэльефная мадэль карты Беларусі (пл. 4,5 га; маштаб гарыз. 1:2500, верт. 1:100) з асн. ўзвышшамі, раўнінамі, нізінамі, рачной сеткай, воз. Нарач і Заслаўскім вадасх. Вакол цэнтр. экспазіцыі размешчаны аддзелы: жывільныя правінцыі, петраграфічны збор, форма валуноў, камень у жыцці чалавека, алея валуноў. У П.к. вывучаюцца ледавіковыя валуны, некат. праблемы геалогіі і інш.; праводзіцца папулярызацыя геал. і краязнаўчых ведаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЫЗА́НСКІЯ ФАРМІРАВА́ННІ,
назва арганізацыйных адзінак партыз.узбр. сіл. У Вял.Айч. вайну: партызанскае злучэнне, партызанская брыгада, партызанскі полк, партызанскі атрад, партызанская група, а таксама партыз. ўзвод, рота, батальён і інш. У склад рэгулярных войск не ўваходзілі. У канцы 1941 на акупіраванай ням. фашыстамі тэр.СССР дзейнічала 2 тыс.партыз. атрадаў (больш за 90 тыс.чал.). Усяго ў гады вайны ў тыле праціўніка знаходзілася больш за 6200 партыз. атрадаў і падп. груп, у якіх налічвалася больш за 1 млн.чал. На Беларусі ў 1941—44 дзейнічала 213 брыгад, якія аб’ядноўвалі 997 атрадаў, асобна дзейнічалі 258 атрадаў (гл.Партызанскі рух на Беларусі ў Вял.Айч. вайну). П.ф. ўтрымлівалі і кантралявалі да 60% акупіраванай тэр. Беларусі (гл.Партызанская зона).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНЫ МАРСКІ́ ШЛЯХ, Паўночна-Усходні праход (да пач. 20 ст.),
галоўная суднаходная магістраль Расіі ў Арктыцы. Праходзіць па морах Паўн. Ледавітага ак., злучае еўрап. і азіяцкія рас. парты (гл. на карце да арг.Паўночны Ледавіты акіян). Даўж. (ад Карскіх Варот да бухты Правідзення) 5600 км. Абслугоўвае парты Арктыкі і буйных сіб. рэк (завоз паліва, абсталявання, харч. прадуктаў, вываз драўніны і інш.). Гал. парты: Ігарка, Дудзінка, Дыксан, Тыксі, Певек, Правідзення. Працягласць навігацыі 2—4 месяцы (на асобных участках даўжэй, з дапамогай ледаколаў). П.м.ш. упершыню пройдзены з З на У (з адной зімоўкай) у 1878—79 швед. экспедыцыяй Н.А.Нордэншэльда; за адну навігацыю — у 1932 экспедыцыяй О.Ю.Шміта на судне «Сібіракоў». З 1935 вядуцца рэгулярныя рэйсы. З пабудовай атамных ледаколаў у канцы 1971 адбыўся першы зімовы рэйс.