АЛЯКСА́НДР (5.8.1461, Кракаў — 19.8.1506),

вял. князь ВКЛ [1492—1506], кароль польскі [1501—06]. Сын Казіміра IV, унук Ягайлы. Час княжання Аляксандра супаў з аднаўленнем шырокага наступлення Маскоўскай дзяржавы на ВКЛ, прыпыненага пры Казіміры IV. У 1492—94 ВКЛ страціла частку сваёй тэр. з гарадамі Мцэнск, Любуцк, Вязьма, Дарагабуж і інш. Жаніцьба Аляксандра з дачкою вял. маскоўскага князя Аленай Іванаўнай не прывяла да прымірэння. У вайне Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1500—03, паводле дагавору аб 6-гадовым перамір’і, ВКЛ страціла 25 гарадоў (паводле інш. звестак 19; у т. л. Чарнігаў, Старадуб, Бранск, Гомель). Адначасова Аляксандр змушаны быў весці барацьбу з саюзнікамі Масквы — крымска-татарскім ханам Менглі-Гірэем, войскі якога былі разгромлены ў Клецкай бітве 1506, і малдаўскім гаспадаром Стафанам. Ва ўнутр. палітыцы Аляксандр ішоў на далейшыя ўступкі феадалам ВКЛ (гл. Прывілей 1492). Як польскі кароль пашырыў правы шляхты (гл. Радамская канстытуцыя). Абранне Аляксандра польскім каралём абазначала аднаўленне працэсу аб’яднання дзвюх дзяржаў пад уладай аднаго манарха, які выбіраўся феадаламі Польшчы і ВКЛ. З гэтага часу ў адносінах да абедзвюх дзяржаў пачала ўжывацца назва Рэч Паспалітая, якая пазней стала афіцыйнай. Аляксандр — адзіны польскі кароль, пахаваны ў Вільні.

М.​І.​Ермаловіч.

Вялікі князь ВКЛ Аляксандр.

т. 1, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВАНГАРДЫ́ЗМ,

умоўная абагульненая назва мастацкіх кірункаў 20 ст., для якіх характэрны пошукі новых, небывалых, часта штучных формаў і сродкаў мастацкага выяўлення, недаацэнка або адмаўленне традыцый і абсалютызацыя наватарства. Народжаны духоўнай атмасферай часу і яго катаклізмаў, авангардызм адлюстроўвае супярэчнасці паміж рознымі сістэмамі і тэхнікамі кампазіцыі і барацьбу светапоглядных пазіцый. Адны тэарэтыкі і практыкі авангардызм дэкларуюць стварэнне элітарнага мастацтва, адчужанага ад сац. задач, другія, наадварот, звязваюць пошук прынцыпова новых выразных сродкаў з неабходнасцю перадачы настрояў сац. пратэсту. З’яўляючыся крайняй праявай больш шырокага кірунку — мадэрнізму, авангардызм выявіўся пераважна не ў закончаных формах, а ў тэндэнцыях да выцяснення традыц. тэм, сюжэтаў і прынцыпаў кампазіцыі, гіпертрафіі ўмоўнасці. Для яго характэрны падкрэсленая эмацыянальнасць, скіраваная непасрэдна да пачуццяў (экспрэсіянізм), імкненне разбурыць традыц. эстэтыку (дадаізм), замяніць пасіўную эстэтычнасць актыўным сац. дзеяннем («левае» мастацтва і рус. футурызм), спроба ўздзейнічаць на падсвядомасць (сюррэалізм) і г.д. Пачаў бурна развівацца ў 1910—20-я г., аб’ядноўваючы розных па творчай стылістыцы прыхільнікаў (Л.​Арагон, Б.​Брэхт, У.​Маякоўскі, В.​Незвал і інш.), якія бачылі ў авангардызме разбурэнне ідэалаг. міфаў бурж. грамадства. Паступова прынцыповая антыідэалаг. накіраванасць многіх прадстаўнікоў авангардызму прывяла іх у 1960-я г. да поўнага адмаўлення традыц. культуры.

Літ.:

Гл. пры арт. Мадэрнізм.

У.​М.​Конан.

т. 1, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРУ́НСКІ МАНАСТЫ́Р БАЗЫЛЬЯ́Н,

помнік архітэктуры 18 ст. Створаны ў в. Баруны (Ашмянскі р-н Гродзенскай вобл.). Уключае царкву, манастырскі корпус, вежу-званіцу і капліцу. У 1692 пабудавана драўляная царква, у 1700—07 на яе месцы — мураваная (згарэла, у 1715 адбудавана, не захавалася). Новая мураваная царква пабудавана ў 1747—57 паводле праекта арх. А.​Асікевіча ў стылі віленскага барока, дабудавана ў 1760—70. Трохнефавая 2-вежавая базіліка з паўкруглай апсідай накрыта 2-схільным дахам. Дэкар. аздабленне сканцэнтравана на пластычна вырашаным гал. фасадзе. Вежы пастаўлены пад вуглом да бакавых нефаў: паўд. 3-ярусная квадратная ў плане завершана гранёным купалам, ад другой застаўся ніжні ярус, накрыты 4-схільным купалам. Да вежаў з абодвух бакоў прылягаюць брамы з пластычнымі абрысамі. Паўн. брама злучае царкву з 2-яруснай вежай-званіцай. Манастырскі корпус пабудаваны ў 1778—93. Будынак Т-падобны ў плане, 2-павярховы, пры аднаўленні ў канцы 19 ст. яму нададзены рысы класіцызму. На пач. 19 ст. тут працавала публічная 6-класная школа базыльян (адкрыта ў 1793). На плошчы перад царквой размешчана капліца — цэнтрычны 2-ярусны аб’ём (чацвярык на васьмерыку; пабудаваны ў 2-й пал. 18 ст.).

Т.​В.​Габрусь.

Царква Барунскага манастыра базыльян.

т. 2, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́КЕТ ((Beckett) Сэмюэл Барклі) (13.4.1906, Дублін — 22.12.1989),

пісьменнік. Па паходжанні ірландзец. Пісаў на фанц. і англ. мовах. Скончыў Трыніты-каледж у Дубліне (1927). Быў сакратаром Дж.Джойса. Удзельнік франц. Руху Супраціўлення. Адзін з заснавальнікаў абсурду драмы («У чаканні Гадо», 1952; «Канец гульні», 1957; «Апошняя стужка Крапа», 1959; і інш.). У п’есе «Катастрофа» (1982) выступіў супраць абмежавання свабоды мастака. Тэкст раманаў «Мёрфі» (1938), «Малой», «Малон памірае» (абодва 1951), «Невыказны», «Уот» (абодва 1953), «Як гэта» (1961) — алагічны, без сувязі «паток свядомасці». Аўтар зб-каў апавяданняў («Больш уколаў, чым штуршкоў», 1934), вершаў («Кастаньеты рэха», 1936) і артыкулаў («Кавалкі і абрыўкі», 1977), анталогіі «Я не магу працягваць, я працягваю» (1976), эсэ пра М.​Пруста (1931) і Джойса (1936). У яго творах знайшла ўвасабленне экзістэнцыялісцкая канцэпцыя свету і чалавека. На бел. мову п’есу Бекета «Не я» пераклаў Л.​Баршчэўскі (у кн. «Пры зачыненых дзвярах», 1995). Нобелеўская прэмія 1969.

Тв.:

Рус. пер. — В ожидании Годо // Иностр. лит. 1966. № 10;

Изгнанник: Пьесы и рассказы. М., 1989;

(Пьесы) // Театр парадокса. М., 1991;

Театр. М., 1992.

Літ.:

Проскурникова Т.Б. Французская антидрама. М., 1968;

Лявонава Е.А. Жыццё ідзе? // Культура. 1994. № 39.

Е.​А.​Лявонава.

С.Бекет.

т. 2, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ АКАДЭ́МІЯ МУ́ЗЫКІ,

вышэйшая музычная навучальная ўстанова. Створана ў 1932 у Мінску як Бел. дзярж. кансерваторыя на аснове Бел. муз. тэхнікума (існаваў з 1924) і Беларускай студыі оперы і балета, з 1992 акадэмія. У 1995/96 навуч. г. ф-ты: фартэпіянна-кампазітарска-музыказнаўчы, аркестравы, вакальна-харавы, нар. інструментаў, павышэння кваліфікацыі; кафедра харэаграфіі (з 1994). Сярод выкладчыкаў 3 дактары навук, 26 праф., 35 кандыдатаў навук, 69 дацэнтаў. Навучанне дзённае. Аспірантура з 1963, асістэнтура-стажыроўка з 1970. З 1939 працуе Оперная студыя Беларускай акадэміі музыкі. У 1947 пры акадэміі створана Сярэдняя спец. муз. школа, у 1992 пераўтвораная ў Рэсп. ліцэй. Філіял акадэміі — пед. факультэт у Магілёве (з 1990). Рэктары: М.​Казакоў (1932—37), М.​Бергер (1937—41), М.​Аладаў (1944—48), А.​Багатыроў (1948—62), У.​Алоўнікаў (1962—82), І.​Лучанок (1982—85), М.​Казінец (з 1985).

Сярод выпускнікоў: кампазітары Л.​Абеліёвіч, Алоўнікаў, Багатыроў, А.​Бандарэнка, Г.​Вагнер, Г.​Гарэлава, Я.​Глебаў, С.​Картэс, Дз.​Лукас, Лучанок, А.​Мдывані, П.​Падкавыраў, Ю.​Семяняка, Дз.​Смольскі, У.​Солтан, Л.​Шлег, выканаўцы І.​Абраміс, З.​Бабій, М.​Ворвулеў, Л.​Гарэлік, В.​Глушакоў, М.​Дрынеўскі, М.​Зюванаў, Казінец, І.​Шыкунова, Т.​Шымко і інш.

К.​І.​Сцепанцэвіч.

Беларуская акадэмія музыкі.

т. 2, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ АНТЭКЛІ́ЗА,

вялікая дадатная структура на З Рускай пліты з высокім заляганнем крышт. фундамента. Займае цэнтр. і паўн.-зах. часткі тэр. Беларусі і паўн.-ўсх. Польшчы. Вылучаецца па ізагіпсе -500 м у падэшве, у скляпеністай ч. па ізагіпсе -300 м. Выцягнутая з У на З на 350 км, пры шыр. 40—120 км. Абмежавана на Пд Падляска-Брэсцкай упадзінай, Палескай седлавінай і Прыпяцкім прагінам, на У і ПнУ Жлобінскай седлавінай і Аршанскай упадзінай, на Пн Латвійскай седлавінай, на ПнЗ Балтыйскай сінеклізай, на З Варшаўскай упадзінай.

Фарміравалася ад позняга пратэразою да антрапагену ўключна. У скляпенні крышт. фундамент залягае на абс. адзнаках -50 — +87 м, на схілах апускаецца на глыб. 500—700 м, на З 1500—2000 м. Ён складзены з архейскіх і ніжнепратэразойскіх метамарфізаваных, ультраметамарфізаваных і вывергнутых парод. Платформавы чахол утвораны з верхнепратэразойскіх, палеазойскіх і меза-кайназойскіх парод. Найб. паднятая частка Беларускай антэклізы вылучаецца як Цэнтральна-Беларускі масіў, на якім развіты толькі неагенавыя і антрапагенавыя адклады. На Беларускай антэклізе вядомы падпарадкаваныя структуры — пахаваныя выступы фундамента (Бабаўнянскі, Бабруйскі, Вілейскі, Івацэвіцкі, Мазурскі), грабен (Валожынскі) і монакліналі (Прыбалтыйская і Прыаршанская). У крышт. фундаменце Беларускай антэклізы выяўлены Навасёлкаўскае радовішча ільменіт-магнетытавых рудаў і Аколаўскае радовішча жалезістых кварцытаў.

т. 2, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ЦЭНТРА́ЛЬНАЯ РА́ДА (БЦР),

дапаможны дарадчы орган, цэнтр. інстанцыя бел. адміністрацыі на акупіраванай тэр. Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Створаны ням. фашыстамі ў снеж. 1943 з Беларускай рады даверу пры ген. камісарыяце Беларусі. У БЦР уваходзілі 14 чал.: Р.​Астроўскі (прэзідэнт), М.​Шкялёнак (1-ы віцэ-прэзідэнт), Ю.​Сабалеўскі (2-і віцэ-прэзідэнт), Ф.​Кушаль (вайсковыя справы), С.​Кандыбовіч (фінансы), А.​Калубовіч (справы культуры), П.​Свірыд (юрыд. і рэліг. справы), С.​Калядка (лясная гаспадарка), С.​Станкевіч (прафес. справы), А.​Скурат (школьныя справы), П.​Орса (сельская гаспадарка), Н.​Абрамава, М.​Ганько і інш., якія ўзначальвалі 13 адпаведных аддзелаў. Фармальна гітлераўцы перадалі БЦР кіраўніцтва школьнай справай, культурай, сац. апекай, Беларускай краёвай абаронай (БКА). Аднак на месцах адпаведныя аддзелы заставаліся пад кантролем ням. акруговых камісараў. У акругах арганізоўваліся намесніцтвы ці аддзелы БЦР. У падпарадкаванне БЦР акупанты перадалі раней створаныя арг-цыі: Беларускую народную самапомач, Беларускае навуковае таварыства, Саюз беларускай моладзі і інш. Члены БЦР памагалі гітлераўцам весці барацьбу супраць партызанаў, спрабавалі стварыць з бел. насельніцтва вайск. фарміраванні БКА. Дзейнасць БЦР фактычна была спынена на Другім Усебеларускім кангрэсе 1944 (27.6.1944, Мінск). Паслядоўнікі БЦР працягваюць паліт. дзейнасць у ЗША і Вялікабрытаніі.

А.​М.​Літвін.

т. 2, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ МУЗЕ́Й ГІСТО́РЫІ РЭЛІ́ГІІ.

Засн. ў 1978 у Гродне як Рэспубліканскі музей атэізму і гісторыі рэлігіі. З 1989 сучасная назва. Адкрыты для наведвальнікаў 15.1.1985. Размяшчаўся ў будынках б. Гродзенскага базыльянскага жаночага манастыра (у 1978—85 зроблена рэстаўрацыя і арх. комплекс прыстасаваны пад музей). Меў 15 экспазіц. і 3 выставачныя залы (агульная пл. 2200 м²). Экспазіцыя асвятляла гісторыю развіцця духоўнай культуры на Беларусі ад узнікнення рэліг. вераванняў да нашых дзён. У сувязі з паступовай перадачай з 1992 будынкаў музея дзеючаму манастыру Раства Багародзіцы экспазіцыя ў 1994 закрыта. Музею перададзены будынак 18—19 ст. па вул. Замкавай — б. палац Храптовіча, Тызенгаўза, Ляхніцкага. У снеж. 1994 у адрэстаўрыраванай частцы палаца адкрыты экспазіцыя «Эпоха, час, будынак», выставачная і канцэртная залы (пл. 300 м²). У фондах музея захоўваюцца творы выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва (12—20 ст.), кнігі (16—20 ст.), археал. знаходкі і этнагр. экспанаты (на 1.1.1995 агульны фонд 57 тыс. прадметаў). Пры музеі створана навук. б-ка (больш за 13 тыс. тамоў). З 1983 працуе рэстаўрацыйная майстэрня.

Л.​А.​Карнілава.

Будынак Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі.
Беларускі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі. Выстаўка «Барока на Беларусі».

т. 2, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ КАМІТЭ́Т (БНК) у Магілёве, бел. грамадска-паліт., культ.-асв. арг-цыя ў 1917—18. Створаны 17.4.1917. Заснавальнікі: выкладчыкі навуч. устаноў горада, работнікі суда, архіва, б-к, чыгункі, земскіх і гар. устаноў. К-т узначальваў І.​І.​Рэут, з кастр. 1917 — М.С.Кахановіч. У яго ўваходзілі Я. і Дз.​Аляхновічы, Дз.І.Даўгяла (нам. старшыні), В.​Я.​Какошынскі, ксёндз Д.​Лапошка, А.​Ф.​Пігулеўскі, А.​М.​Раждзественскі, І.А.Сербаў, М.​А.​Судзілоўскі, Шчансновіч і інш. Пры к-це працавалі паліт., арганізац., фінансавая, школьная, культ.-асв. і этнагр. камісіі. Меў на мэце стварэнне дзярж.-прававых, культ.-асв. і эканам. умоў для бел. адраджэння, пашырэнне нац. свядомасці сярод бел. насельніцтва. На пач. дзейнасці выступаў за аўтаномію Беларусі ў складзе Рас. дэмакр. рэспублікі, з 1918 за дзярж. незалежнасць Беларусі. Прадстаўнікі к-та ўдзельнічалі ў рабоце з’ездаў бел. арг-цый і партый у Мінску ў ліп. 1917, Усебел. з’ездзе 1917. Разам з інш. бел. арг-цыямі выставіў кандыдатуры ва Устаноўчы сход па Магілёўскай выбарчай акрузе. Спробы пераўтварыць к-т у губ. цэнтр бел, нац. арг-цый не мелі поспеху. Спыніў дзейнасць у ліст. 1918 з прыходам у горад Чырв. Арміі.

У.​В.​Ляхоўскі.

т. 2, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАМАБІ́ЛЬНЫ РУХАВІ́К,

цеплавы або электрычны рухавік для аўтамабіляў. Найб. пашыраныя поршневыя рухавікі ўнутранага згарання складаюцца з корпуса (картэр з паддонам і блок цыліндраў з галоўкай), крывашыпна-шатуннага і газаразмеркавальнага механізма, сістэм сілкавання палівам, выпуску адпрацаваных газаў, ахаладжэння і інш. Маюць 2- ці 4-тактавы рабочы працэс, ад 2 да 12 цыліндраў, размешчаных вертыкальна, V-падобна ці гарызантальна. Працуюць на вадкім і газавым паліве, маюць знешняе ці ўнутранае сумесеўтварэнне, іскравое запальванне ці ўзгаранне ад сціскання (дызелі). Выкарыстоўваюцца таксама ротарна-поршневыя, газатурбінныя рухавікі, электрарухавікі. Развіццё аўтамабільных рухавікоў ідзе ў кірунку павышэння эканамічнасці і рэсурсу работы, выкарыстання новых трывалых матэрыялаў (кераміка, кампазіты і інш.), электронных сістэм кантролю і кіравання рабочым працэсам, зніжэння шкодных выкідаў, памяншэння масы і габарытаў. На Беларусі вытворчасць аўтамабільных рухавікоў пачата ў 1992 на Мінскім маторным з-дзе, дзе зроблены дызельны аўтамабільны рухавік Д-265 з гарыз. размяшчэннем цыліндраў магутнасцю 155 кВт (210 к.с.) пры 2100 абаротах за мінуту. Прызначаны для гарадскіх аўтобусаў.

Літ.:

Двигатели внутреннего сгорання: Устройстве и работа поршневых и комбинированных двигателей. 4 изд. М., 1990;

Автомобильные двигатели. 2 изд. М., 1977.

В.​А.​Сяргеенка.

Дызельны аўтамабільны рухавік Д-265 Мінскага маторнага завода.

т. 2, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)