САНСА́РА (санскр., літар. — блуканне, кругаварот, пераход праз пэўныя станы),

вучэнне ў індыйскіх рэлігіях (індуізм, джайнізм, будызм) і філасофіі пра пераўвасабленне, перараджэнне душы. Вытокі ідэі С. ў анамістычных уяўленнях аб роднаснасці ўсяго жывога і магчымасці пераходу паміж яго формамі (перараджэнне магчыма не толькі ў вобразе чалавека, але і бога, жывёлы) і ў ідэі аб перыядычным узнікненні і знішчэнні ўсяго, што існуе ў свеце. Ажыццяўляецца С. паводле законаў кармы: пасля смерці душа можа пераўвасобіцца ў сваёй ранейшай форме існавання або ў больш ці менш спрыяльных формах у залежнасці ад здзейсненых пры жыцці ўчынкаў. С. проціпастаўляецца нірване як канчатковаму выхаду з ланцуга перараджэнняў, духоўнаму выратаванню.

т. 14, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)