САРКО́МА [ад грэч. sarx (sarkos) мяса + ...ома],

злаякасная пухліна чалавека і жывёл, якая развіваецца са злучальнай тканкі. На разрэзе падобная да сырога рыбінага мяса (адсюль назва). Адрозніваюць ангіясаркому (развіваецца з крывяносных сасудаў), лімфасаркому (з лімфатычных вузлоў), астэасаркому (з касцявой тканкі), ліпасаркому (з тлушчавай тканкі), нейрагенную С. (з нерв. тканкі). Прыкметы С.: пухліна хутка расце і разбурае навакольныя тканкі, метастазуе па крывяносных сасудах.

Прыкметы С. мяккіх тканак — пухліна без акрэсленых межаў, зрэдку боль. Пры С. касцей парушаецца іх функцыя, з’яўляецца прыпухласць, боль, які не сціхае. Лячэнне хірург., прамянёвая тэрапія, проціпухлінныя сродкі. У жывёл часцей адзначаюцца ліпасаркома і фібрасаркома (пухліна з валакністай злучальнай тканкі).

т. 14, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)