СКА́РБНІЦА,

гаспадарчая пабудова для захоўвання каштоўных рэчаў (зброі, дакументаў і інш.). Здаўна вядомы ў Літве, Польшчы, на Украіне. На Беларусі ў 16—19 ст. будавалі ў замкава-палацавых і сядзібных комплексах з каменю, цэглы, дрэва, часам аб’ядноўвалі з капліцамі, жылымі і гасп. пабудовамі (Іўе, Копысь Аршанскага р-на). Склаліся 2 тыпы пабудоў: франтальны, пры якім асн. маст. ролю выконваў багата аздоблены гал. фасад з ганкам ці порцікам, часам з гадзіннікавай вежай у цэнтры (в. Варонча Карэліцкага р-на), і цэнтрычнаярусны, з кругавой балюстраднай галерэяй у 2-м ярусе (б. маёнтак Грозаў, Капыльскі р-н). Дзверы звычайна падвойныя — вонкавыя (дубовыя) і ўнутр. (жалезныя), вокны з метал. кратамі.

Ю.​А.​Якімовіч.

Скарбніца ў былым маёнтку Грозаў (Капыльскі раён Мінскай вобл.). Сярэдзіна 17 ст. Рэканструкцыя.
Скарбніца сядзібы ў вёсцы Варонча Карэліцкага раёна Гродзенскай вобл. Фота пач. 20 ст.

т. 14, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СКА́РБНІЦА ГРА́МАТ»,

«Скарбніца грамат папскіх, імператарскіх, каралеўскіх, княжацкіх, нацыянальных ухвал, пастаноў розных улад і ўрадаў, якія служаць крытычнаму высвятленню гісторыі Літвы, Літоўскай Русі і суседніх краін» («Skarbiec dyplomatów...»), зборнік гіст. крыніц па гісторыі Літвы і ВКЛ са стараж. часоў да Люблінскай уніі 1569. Складзены І.​М.​Даніловічам на польскай мове, выдадзены пасмяротна Я.​Сідаровічам пры ўдзеле М.​Круповіча ў 2 тамах у Вільні ў 1860—62. У ёй змешчаны 2383 дакументы з 824 г. да 1569 у асноўным у выглядзе рэгестаў (кароткі пераказ зместу), сярод іх лісты і граматы рымскіх пап, імператараў «Свяшчэннай Рымскай імперыі», каралёў, вял. князёў ВКЛ, магістраў, комтураў і інш. службовых асоб Нямецкага і Інфлянцкага ордэнаў. Пераважаюць дакументы паліт. характару, дыпламат. перапіска, ёсць даравальныя граматы, граматы гарадам на магдэбургскае права, агульназемскія прывілеі, мірныя дагаворы, акты дзярж. уній ВКЛ і Польшчы, асобныя паведамленні з летапісаў.

т. 14, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАРУ́ТА (Таццяна Мікалаеўна) (н. 6.10.1924, Тбілісі),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1961). Скончыла студыю пры т-ры «Чырвоны факел» (г. Новасібірск, 1974). Працавала ў т-рах Новасібірска, Якуцка, Златауста. У 1956—81 у Гомельскім абл. драм. т-ры. Выканаўца роляў травесці, характарных. Акцёрскай манеры ўласціва выразнасць знешняга малюнка і дынаміка ў раскрыцці ўнутранай сутнасці персанажа, удалае выкарыстанне сцэнічнай дэталі. Сярод роляў у Гомельскім т-ры: Рыгорка («У бітве вялікай» А.​Маўзона), Ермаліцкая («Рудабельская рэспубліка» паводле С.​Грахоўскага), Зося («Сэрца на далоні» паводле І.​Шамякіна), Дунька («Любоў Яравая» К.​Транёва), Клюка («Угрум-рака» паводле В.​Шышкова), Марыя Іпалітаўна, Тузікава («Мана для вузкага кола», «Барабаншчыца» А.​Салынскага), Ефрасіння Патапаўна («Беспасажніца» А.​Астроўскага), Цвятаева («Мяшчане» М.​Горкага), Дорка («Зімовая казка» У.​Шэкспіра), Селія («Дурнічка» Лопэ дэ Вэгі), Канчэта («Каляды ў хаце сіньёра Куп’ела» Э.​Дэ Філіпа).

А.​А.​Лабовіч.

т. 14, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАЧО́К у філасофіі,

працэс змены ўнутранай сутнасці з’явы або прадмета; якаснае пераўтварэнне ў выніку колькасных змен. Характарызуецца карэнным пераломам ва ўзаемадзеянні неперарыўнасці і перарыўнасці з перавагай апошняй. Выступае ў якасці перадумовы карэнных якасных пераўтварэнняў, станаўлення якасна новых аб’ектаў, пастаяннага руху і развіцця свету. На стадыі С. вырашаюцца ўласцівыя прыродным і грамадскім з’явам унутр. супярэчнасці. Паводле спосабу здзяйснення адрозніваюць рэзкія і паступовыя С. Пры рэзкіх С. ранейшая якасць змяняецца новай хуткімі тэмпамі (пераўтварэнне элементарных частак у лабараторных умовах, напр., распад урану на свінец і галій), у грамадскім жыцці — сац. рэвалюцыі. Большасць пераходаў ад старой якасці да новай у прыродзе і грамадстве ажыццяўляецца шляхам паступовых С. Узнікненне зорак і планет, антрапагенез, кліматычныя змены на Зямлі адбываліся паступова і паволі. У працэсе развіцця грамадства вызначаецца тэндэнцыя да паскарэння скачковых пераўтварэнняў сац. ладу. Гл. таксама Пераход колькасных змяненняў у якасныя.

В.​І.​Боўш.

т. 14, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКВАРЦО́Ў-СЦЯПА́НАЎ (Іван Іванавіч) (сапр. Скварцоў, літ. псеўд. Сцяпанаў; 8.3.1870, г. Багародск, цяпер Нагінск Маскоўскай вобл. — 8.10.1928),

савецкі дзярж. і парт. дзеяч, публіцыст. Скончыў Маскоўскі настаўніцкі ін-т (1890). У рэв. руху з 1891, сацыял-дэмакрат з 1896, бальшавік з 1904, з 1921 чл. Цэнтр. рэвіз камісіі ВКП(б), чл. ЦК ВКП(б) з 1925. Удзельнік рэвалюцый 1905—07 і Кастр. 1917. У грамадз. вайну кіраўнік выд-ва «Камуніст». У 1920 удзельнічаў у аднаўленні органаў сав. улады на Беларусі. З 1925 рэд. газ. «Известия», нам. рэд. «Правды», рэд. «Ленинградской правды». Адначасова з 1926 дырэктар Ін-та Леніна пры ЦК ВКП(б). Чл. ЦВК СССР. Аўтар прац па эканам., гіст., прыродазнаўчых і філас. пытаннях. Пераклаў на рус. мову «Капітал» К.​Маркса.

Тв.:

Избранное. М., 1970.

Літ.:

Круглов А.А. Скворцов-Степанов — атеист. Мн., 1974.

т. 14, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СКЕПТЫ́ЧНАЯ ШКО́ЛА»,

крытычны кірунак у рас. гістарыяграфіі 1-й пал. 19 ст. Заснавальнік — М.​Т.​Качаноўскі. Да «С.ш.» належалі В.​М.​Бадзянскі, С.​М.​Строеў, блізкія погляды мелі П.​М.​Строеў і інш. Прадстаўнікі «С.ш.» крытыкавалі канцэпцыі афіц. гісторыкаў, асабліва М.​М.​Карамзіна, даказвалі неабходнасць параўнальна-гіст. вывучэння мінулага Расіі, крытычных адносін да крыніц, праверкі сапраўднасці тэкстаў і аналізу зместу выкладзеных у іх падзей. Яны лічылі, што рус. летапісы 11—12 ст., Руская праўда, «Слова аб палку Ігаравым» і інш. стараж. помнікі не могуць служыць гіст. крыніцамі пры вывучэнні Кіеўскай Русі, бо ўзніклі, на іх думку, значна пазней за перыяд яе існавання і выключна пад уплывам замежных літ. і дакумент. крыніц. Выступалі супраць нарманскай тэорыі, падзялялі погляды І.​Эверса пра хазарскае паходжанне Русі. Нягледзячы на спрэчнасць яе канцэпцый, «С.ш.» — важны этап у фарміраванні рас. гістарыяграфіі.

т. 14, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКРЫТАШЫ́ЙНЫЯ ЧАРАПА́ХІ (Cryptodira),

падатрад паўзуноў атр. чарапах. 8 сям., каля 50 родаў, 148 відаў. Вядомы з трыясу, паходзяць ад катылазаўраў. Пашыраны амаль усюды, акрамя Антарктыды. Большасць вядуць паўводны спосаб жыцця. На Беларусі 1 від — балотная чарапаха, занесеная ў Чырв. кнігу.

Даўж. панцыра ад 10 да 150 см, маса да 400 кг (слановыя чарапахі). Цела ўкрыта панцырам, які складаецца са спіннога (карапакс) і брушнога (пластрон) шчытоў. Здольныя ўцягваць шыю (адсюль назва) і галаву пад панцыр, пры гэтым выгінаюць шыю S-падобна ў верт. плоскасці. Тазавыя косці не зрошчаныя з панцырам. Пластрон укрыты 11—12 рагавымі шчыткамі. Адкладваюць яйцы на сушы. Кормяцца расл. і жывёльным кормам. Жывуць зрэдку да 150 гадоў. Некат. віды ў Чырв. кнізе МСАП. Асобныя віды — аб’екты развядзення і промыслу (выкарыстоўваюць мяса, тлушч, яйцы, рагавыя шчыткі. Іл. гл. да арт. Чарапахі.

т. 14, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЭ́НДА ЗЯМЛІ́,

форма землекарыстання, пры якой уласнік зямлі перадае за плату на пэўны тэрмін зямельны ўчастак іншай асобе (арандатару) для вядзення гаспадаркі. Узнікла ў рабаўладальніцкім грамадстве і дала пачатак развіццю арэнды. У часы рабаўладальніцтва і феадалізму пераважала прадуктовая (дзеля атрымання прадуктаў), пры капіталізме набыла прадпрымальніцкі характар: арандатар укладвае ў зямлю ўласны капітал, вядзе гаспадарку з дапамогай наёмнай рабочай сілы і атрымлівае прыбытак. Пераходнымі формамі ад прадуктовай да прадпрымальніцкай арэнды зямлі былі здольшчына і адработкі. Капіталістычная арэнда зямлі найбольш пашырана ў развітых краінах (ЗША, Вялікабрытанія, Бельгія, Нідэрланды, Францыя). На развіццё арэндных адносін у аграрным сектары істотна ўплывае дзяржаўнае рэгуляванне — фінансавая дапамога для тэхнічнага аснашчэння сельскай гаспадаркі, падтрымка ў збыце прадукцыі і інш. З улікам гэтага асобныя землеўладальнікі самі становяцца і прадпрымальнікамі. Зямлю для прадпрымальніцкай дзейнасці і здачы ў арэнду набываюць таксама буйныя карпарацыі.

На Беларусі да 1861 пераважала дакапіталістычная арэнда зямлі. Пасля адмены прыгону сяляне атрымалі права заключаць арэндныя здзелкі, што спрыяла развіццю арэндных адносін. Патрэбу ў гэтым мелі не толькі беззямельныя сяляне, а і памешчыкі, якія не маглі ўласнымі сіламі апрацаваць сваю зямлю. Аграрны крызіс канца 19 стагоддзя паскорыў гэты працэс. У 1887 арэндны фонд складаў каля 2,5 млн. дзесяцін, а ў 2-й палове 1890-х гадоў каля 3,5 млн. дзесяцін. Пераважала сялянская арэнда зямлі. Але ў канцы 19 стагоддзя больш за 1,5 млн. дзесяцін зямлі арандавалі дваране, купцы, мяшчане, якія вялі буйныя прадпрымальніцкія гаспадаркі з выкарыстаннем вольнанаёмнай працы. Да 1917 арэндны фонд на Беларусі, паводле ацэнак спецыялістаў, дасягнуў прыкладна 5 млн. дзесяцін, у т. л. не менш як 3,3 млн. дзесяцін прыпадала на сялянскую арэнду. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 зямля была нацыяналізавана, а яе арэнда забаронена. З некаторымі абмежаваннямі адноўлена ў часы нэпа і існавала да калектывізацыі. Права на арэнду зямлі грамадзяне і арганізацыі зноў атрымалі на аснове прынятых Вярхоўным Саветам Беларусі «Кодэкса Беларускай ССР аб зямлі» і «Закона Беларускай ССР аб арэндзе» (1990). Здаваць у арэнду зямлю і іншыя прыродныя рэсурсы могуць толькі мясцовыя Саветы дэпутатаў.

У.​А.​Салановіч.

т. 2, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́РЫЮ ЗЛУЧЭ́ННІ,

хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць барый, пераважна ў ступені акіслення +2. Найб. пашыраны аксід, гідраксід барыю, солі барыю (сульфат, хларыд, карбанат, нітрат і інш.). Бясколерныя крышт. рэчывы, ядавітыя, ГДК амаль усіх барыю злучэнняў 0,5 мг/м³. Сыравінай у вытв-сці барыю злучэнняў з’яўляецца барытавы канцэнтрат (80—95% сульфату барыю), які атрымліваюць флатацыяй барыту.

Барыю аксід BaO, tпл 2017 °C, пры награванні ўзганяецца, шчыльн. 5,7∙10​3 кг/м³. З вадой утварае гідраксід барыю, з кіслотамі, дыяксідам вугляроду — солі. Выкарыстоўваюць у вытв-сці шкла, эмаляў, каталізатараў. Пры награванні ў кіслародзе (500 °C) пераходзіць у пераксід барыю BaO2 — кампанент піратэхн. сумесяў, адбельвальнікаў для тканін і паперы. Барыю гідраксід Ba(OH)2, tпл 408 °C, гіграскапічны, насычаны раствор у вадзе наз. барытавай вадой; моцная аснова. Выкарыстоўваецца як паглынальнік дыяксіду вугляроду, для ачысткі алеяў і тлушчаў, кампанент змазак, аналітычны рэагент на сульфат- і карбанат-іоны. Барыю сульфат BaSO4, tпл 1580 °C, шчыльн. 4,5∙10​3 кг/м³, не раствараецца ў вадзе і разбаўленых кіслотах, паглынае рэнтгенаўскае выпрамяненне. Напаўняльнік гумы і паперы (у т. л. фотапаперы), кардону, кампанент белых мінер. фарбаў, кантрастнае рэчыва ў рэнтгенаскапічных даследаваннях страўнікава-кішачнага тракту (ГДК 6 мг/м³). Барыю карбанат BaCO3, tпл 1555 °C (у атмасферы CO2 пад ціскам 45 МПа), шчыльн. 4,25∙10​3 кг/м³. Дрэнна раствараецца ў вадзе, рэагуе з разбаўленымі салянай і азотнай кіслотамі. Трапляецца ў прыродзе як мінерал вітэрыт. Выкарыстоўваюць у вытв-сці катодаў у электронна-вакуумных прыстасаваннях, аптычнага шкла, эмаляў, палівы, керамічных матэрыялаў, ферытаў, чырв. цэглы. Барыю хларыд BaCl2, tпл 961 °C, шчыльн. 3,83∙10​3 кг/м³, раствараецца ў вадзе. Выкарыстоўваецца ў гарбарнай прам-сці для ўцяжарвання і асвятлення скуры, для барацьбы са шкоднікамі ў сельскай гаспадарцы, загартоўкі «хуткарэзнай» сталі. Барыю нітрат Ba(NO3)2. Існуе як мінерал нітрабарыт, выкарыстоўваецца ў эмалях і паліве, піратэхніцы. Барыю тытанат BaTiO3 — сегнетаэлектрык. Барыю храмат BaCrO4 і манганат BaMnO4 — адпаведна жоўты і зялёны пігменты.

Літ.:

Ахметов Т.Г. Химия и технология соединений бария. М., 1974.

Л.​М.​Скрыпнічэнка.

т. 2, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯФІ́ЗІКА (ад бія... + фізіка),

біялагічная фізіка, навука пра фіз.-хім. асновы і заканамернасці жыццядзейнасці, а таксама ультраструктуры біял. сістэм на ўсіх узроўнях арганізацыі ад субмалекулярнага да клеткі і цэлага арганізма. Падзяляецца на квантавую, малекулярную, мембранную, клетачную, біяфізіку кіравання і рэгуляцыі, біяфізіку складаных сістэм. Вылучаюць таксама біяфізіку рухомасці, узбуджальнасці, рэцэпцыі, біяэнергет., трансп. працэсаў і інш.

Біяфізіка як навука сфарміравалася ў сярэдзіне 20 ст. Першыя даследаванні біяфіз. характару вядомы з 17 ст. (працы франц. вучонага Дэкарта па вывучэнні органаў пачуццяў). У 1791 адкрыта жывёльная электрычнасць (італьян. вучоны Л.Гальвані). У 2-й пал. 19 ст. ням. вучоныя Г.Гельмгольц і В.Вунт паклалі пачатак фізіял. акустыцы і оптыцы. У Расіі развіццю біяфіз. даследаванняў спрыялі працы І.М.Сечанава (біямеханіка рухаў, канец 19 ст.), П.​П.​Лазарава (іонная тэорыя ўзбуджэння, 1916), Г.М.Франка і С.​Ф.​Радыёнава (фіз. метад выяўлення звышслабага свячэння біяаб’екта, 1950-я г.). У 1953 англ. Вучоныя Дж.Кендру і М.Перуц адкрылі структуру міяглабіну і гемаглабіну.

Станаўленне біяфізікі на Беларусі пачалося з даследаванняў М.М.Гайдукова і Ц.М.Годнева па фотасінтэзе (1924—27). Навукова-даследчыя работы па малекулярнай і мембраннай біяфізіцы вядуцца ў ін-тах АН Беларусі (фотабіялогіі, біяарган. хіміі, біяхіміі, фізікі), БДУ, Гродзенскім і Віцебскім мед. ін-тах. Высветлены прырода і інфарм. магчымасць УФ-флюарэсцэнцыі бялкоў (С.В.Конеў, Я.А.Чарніцкі), рэгуляцыя фотасінтэзу пры адаптацыі праз змяненне структурна-функцыян. стану хларапластаў (В.М.Іванчанка), раскрыты асаблівасці фатонікі малекулы хларафілу (Г.П.Гурыновіч, К.М.Салаўёў), залежнасці радыеадчувальнасці дэзоксірыбануклеапратэідаў ад колькасці міжмалекулярных кантактаў (А.​М.​Пісарэўскі, В.​Т.​Андрыянаў, С.​М.​Чаранкевіч), адкрыты новыя рэгулятарныя механізмы ў палачцы сятчаткі вока (І.​Дз.Валатоўскі). Праведзены даследаванні па матэм. разліку канфармацыі поліпептыдаў і бялкоў (С.​Г.​Галакціёнаў), мембранна-структурным кантролі праліферацыі мікробных клетак (У.​М.​Мажуль), кааператыўных эфектах у пратэаліпасомах (П.​А.​Кісялёў), электрафізіялогіі расліннай клеткі (У.​М.​Юрын), структурнай і рэцэпторнай рэарганізацыі мембранаў мозга пры старэнні (С.​Л.​Аксёнцаў і А.​А.​Мілюцін).

Літ.:

Конев С.В., Волотовский И.Д. Фотобиология. 2 изд. Мн., 1979;

Биофизика. М., 1983;

Рубин А.Б. Биофизика. Кн. 1—2. М., 1987;

Волькенштейн М.В. Общая биофизика. М., 1978.

С.​В.​Конеў.

т. 3, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)