РУТ ((Root) Эліў) (15.2.1845, г. Клінтан, штат Нью-Йорк, ЗША — 7.2.1937),

дзяржаўны дзеяч ЗША. Скончыў юрыд. школу пры Нью-Йоркскім ун-це (1867). Працаваў юрыстам, у 1883—85 пракурор Паўд. акругі г. Нью-Йорк. У 1899—1904 ваен. міністр, у 1904—09 дзярж. сакратар ЗША, у 1909—15 чл. Сената ЗША. Асаблівую ўвагу аддаваў праблемам міжнар. арбітражу. У 1907 ініцыіраваў стварэнне Цэнтральнаамер. суда справядлівасці для ўрэгулявання спрэчак і канфліктаў паміж дзяржавамі Карыбскага басейна. Чл. Міжнар. трацейскага суда ў Гаазе. У 1910—24 прэзідэнт Міжнар. фонду міру імя Карнегі, які вывучаў прынцыпы войнаў і шляхі іх прадухілення. Нобелеўская прэмія міру 1912.

т. 13, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)