стыль сярэдневяковага мастацтва. Склаўся ў 10—13 ст. пад уплывам традыцый стараж.-рым. і візант. мастацтва. Вызначальныя рысы архітэктуры Р.с.: урачыстая суровасць і крапасны характар (замкі-крэпасці з данжонамі, кляштарныя комплексы, храмы, гар. дамы); тэктанічная сістэма, якой уласцівы сукупнасць набліжаных адзін да аднаго аб’ёмаў рознай вышыні, канструкцыйна аб’яднаных узаемазвязанасцю апор, перакрыццяў і ўраўнаважаных вежай-ліхтаром ці купалам над сяродкрыжжам. У ранні перыяд у будынках рабілі плоскія драўляныя перакрыцці, пазней цыліндрычныя і асабліва характэрныя Р.с. — крыжовыя. Раманскі храм — базіліка (пераважна 3-нефавая), крыжападобная ў плане ў Зах. Еўропе, круглая ў плане (ратонда) у Цэнтр. Еўропе. Для іх характэрны масіўнасць сцен і вежаў, магутныя апоры, што ўспрымаюць цяжар скляпенняў, паўкруглыя аркі і завяршэнні парталаў, перавага гарызанталей. Адметная ўсх.ч. базілікі — хор, размешчаны паміж апсідай і трансептам, які выдаецца з аб’ёму будынка, што надае яму план лац. крыжа. Пры роўнай вышыні і шырыні цэнтр. нефа і трансепта месца іх перасячэння (сяродкрыжжа) мае форму квадрата і становіцца модулем плана: у цэнтры сяродкрыжжа размяшчаецца алтар, пад ім — крыпта з рэліквіямі. На высокіх арках, што абмяжоўвалі сяродкрыжжа, на ветразях і тромпах узводзілі купал, над якім звонку ўзвышалася вежа. Цэнтр. неф быў шырэйшы і вышэйшы за бакавыя. На Пд і ПдЗ Францыі будавалі купальныя базілікі. У арх. дэкоры пераважаў скульпт.-арнаментальны рэльеф, у фрэсках — лапідарнасць малюнка, статычны арнаментальна-плоскасны характар кампазіцыі, умоўная трактоўка фігур. Манум. жывапіс і скульптура непарыўна звязаны з архітэктурай Р.с., падначалены яе формам і рытмам, ажыўляюць яе магутнасцю пластыкі і гучнай колеравай гамай (размалёўкі, рэльефы, вітражы). Р.с. ярка выявіўся ў мастацтве мініяцюры, у ліцці, чаканцы, эмалі, дыванаткацтве, разьбе па дрэве і косці.
Яркія ўзоры Р.с. створаны ў Германіі (саборы ў Шпаеры, 11 — пач 13 ст., Вормсе, 12—13 ст.), Францыі (касцёл Нотр-Дам у Пуацье, 12 ст.), Італіі (касцёл Сан-Мікеле ў Павіі, 12 ст.) і інш. Раманскія манум. будынкі складалі адзіны ансамбль з прыродай, часта размяшчаліся на ўзвышшах, берагах рэк, панавалі ў наваколлі як падабенства «горада божага», увасабленне магутнасці каталіцкага ордэна ці феадала.
На Беларусі Р.с. праявіўся ў архітэктуры раннехрысц. храмаў, быў абумоўлены некат. падабенствам ідэйна-маст. задач (Віцебская Благавешчанская царква, Спаса-Праабражэнская царква Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра). Рысы Р.с. паявіліся ў замкавым дойлідстве 13—14 ст. (Камянецкая вежа, Крэўскі замак, Лідскі замак, Навагрудскія замкі).
Літ.:
Всеобщая история архитектуры. Т. 4. Л.;
М., 1966;
Swiechowski Z. Sztuka romańska w Polsce. Warszawa, 1990.
А.М.Кулагін.
Да арт.Раманскі стыль. Інтэр’ер сабора ў г. Шпаер. Германія. 11 — пач. 13 ст.Да арт.Раманскі стыль. Сабор у г. Вормс. Германія. 12—13 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОД ЛІТАРАТУ́РНЫ,
абагульнены тып літ. твораў, які выяўляецца праз асэнсаванасць маст. фактаў у выглядзе пэўнай заканамернасці. Упершыню пра Р.л. ўпамінае Платон у трактаце «Дзяржава». Больш поўна тэорыю Р.л. распрацаваў у сваёй «Паэтыцы» Арыстоцель. Асн. Р.л. тры — эпас, лірыка і драма. Эпасам называюцца творы аб’ектыўна-апавядальнага характару, у якіх паказваецца чалавек у шматлікіх сувязях з грамадствам і прыродай. У лірыцы раскрываюцца пачуцці асобы, яе ўнутр. свет. У драме супрацьстаяць характары, перадаюцца адносіны і канфлікты паміж персанажамі, яны паказваюцца ў дзеяннях, учынках, перажываннях. У залежнасці ад тэматыкі ці інш. прыкметы Р.л. падзяляюцца на віды літаратурныя (або формы) і жанры. Эпас апісвае падзеі, знешнія ў адносінах да аўтара. У залежнасці ад часу дзеяння, ахопу падзей, колькасці персанажаў адрозніваюць вял. (эпапея, раман), сярэднія (аповесць, нарыс), малыя (навела, апавяданне, казка, байка, легенда) формы эпасу. Эпас паказвае аб’ектыўную карціну свету. Акрамя ўчынкаў герояў, значнае месца адводзіцца апісанням: партрэтам, рэчам, пейзажу. Ад лірыкі і драмы эпас адрозніваецца шырынёй і багаццем адлюстравання жыцця, яго пераасэнсаваннем. Лірыка аб’ядноўвае творы, у аснове якіх думкі, пачуцці, настроі, перажыванні чалавека. Віды лірыкі пераважна невял. па памеры: ода, раманс, песня, балада, верш, элегія, гімн. Самая вял. форма лірыкі — паэма, якая можа быць эпічнаю («Курган» Я.Купалы) або сумяшчаць рысы эпасу і лірыкі («Тарасова доля» Я.Купалы, «Сцяг брыгады» А.Куляшова). Звычайна лірыку падзяляюць па тэматычных лініях або жанрава: лірыка грамадз., пейзажная, філас., інтымная. Драма, як і эпас, паказвае знешнюю рэальнасць — адносіны і канфлікты паміж людзьмі. Аднак паказ адбываецца праз размоўную форму. Як і ў лірыцы, тут выражаюцца думкі, пачуцці, перажыванні, але не адной асобы, а некалькіх. Падзел л-ры на роды не супадае з яе падзелам на паэзію і прозу. У побытавай мове лірычны твор звычайна суадносіцца з паэзіяй, а эпічны — з прозай. Але кожны Р.л. ўключае ў сябе і паэтычныя (вершаваныя), і празаічныя творы. Эпас на ранніх этапах мастацтва быў пераважна вершаваны. Вершаваны эпас характэрны і для бел. л-ры («Новая зямля» Я.Коласа).
Словы «эпічнае» («эпічнасць»), «драматычнае» («драматызм»), «лірычнае» («лірызм») абазначаюць не толькі родавыя асаблівасці твораў, але і інш. якасці. Напр., эпічнасцю называюць велічна-спакойнае, нетаропкае сузіранне жыцця ў яго складанасці і шматпланавасці, шырыню поглядаў аўтара на свет і яго прыняцце як нейкай цэласнасці. Эпічнасць як ідэйна-эмацыянальная настраёвасць можа мець месца ва ўсіх Р.л. Драматызмам прынята называць стан, звязаны з напружаным перажываннем нейкіх супярэчнасцей, з усхваляванасцю і трывогай. Лірызм — узвышаная эмацыянальнасць, выяўленая ў мове аўтара, апавядальніка, персанажаў. Драматызм і лірызм таксама могуць прысутнічаць ва ўсіх Р.л.
Літ.:
Лазарук М.А., Ленсу А.Я. Уводзіны ў літаратуразнаўства. 2 выд.Мн., 1982;
Рагойша В.П. Паэтычны слоўнік. 2 выд.Мн., 1987;
Беларуская літаратура, XI—XX стст. 2 выд.Мн., 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́РДЗІ ((Verdi) Джузепе Фартуніна Франчэска) (10.10.1813, Ле-Ранколе, цяпер у межах г. Бусета, Італія — 27.1.1901),
італьянскі кампазітар. Вучыўся ў дырыжора т-ра «Ла Скала» В.Лавіньі і інш. З 1835 наладжваў канцэрты ў г. Бусета, выступаў як дырыжор, піяніст, арганіст. З 1838 у Мілане, дзе ў 1839 пастаўлена яго першая опера «Аберта, граф Сан-Баніфача». Оперы Вердзі 1840-х г. «Набука» («Навухаданосар»), «Ламбардцы ў першым крыжовым паходзе», «Жанна д’Арк», «Атыла», «Бітва пры Леньяна» прасякнуты нац.-вызв. ідэямі. Цікавасць Вердзі да сюжэтаў вял. ідэйнага зместу, насычаных драматызмам, яркай кантрастнасцю, моцнымі пачуццямі, выявілася ў операх паводле твораў В.Гюго («Эрнані», 1844), У.Шэкспіра («Макбет», 1847), Ф.Шылера («Луіза Мілер» паводле трагедыі «Каварства і каханне», 1849). У операх «Рыгалета» (паводле драмы «Кароль забаўляецца» Гюго, 1851), «Трубадур» (паводле А.Гарсіі Гуцьерэса) і «Травіята» (паводле «Дамы з камеліямі» А.Дзюма-сына; абедзве 1853) выявіліся лепшыя рысы муз.-драм. даравання Вердзі: глыбокае спасціжэнне ўнутр. свету герояў, прастата і выразнасць муз. мовы, песеннасць, высокі гуманізм. Оперы 1850-х г. «Сіцылійская вячэрня», «Сімон Баканегра», «Баль-маскарад», «Сіла лёсу» адметныя спалучэннем дынамізму і значнасці масавых сцэн з паглыбленым псіхалагізмам. Да найб. значных яго твораў належаць оперы «Дон Карлас» (паводле Шылера, 1867) і «Аіда» (1870), дзе элементы жанру вял. оперы — развітыя ансамблі, разгорнутыя масавыя сцэны, урачыстыя шэсці, балет — поўнасцю падпарадкаваны раскрыццю глыбокага гуманіст. зместу. Блізкі да лепшых позніх опер Вердзі «Рэквіем» (1874, памяці пісьменніка-патрыёта А.Мандзоні). Вяршыня творчасці Вердзі — муз. драма «Атэла» (1886) і камічная опера «Фальстаф» (1892), у якіх традыц. арыі і дуэты заменены маналогамі і дыялагічнымі сцэнамі, засн. на скразным муз. развіцці, дасягнута поўнае зліццё музыкі з драм. дзеяннем. Вердзі рэфармаваў камічную оперу на аснове дасягненняў рэаліст.муз. драмы 19 ст. Творчасць Вердзі — адна з вяршынь опернага рэалізму ў сусв.муз. мастацтве. На аснове традыцый папярэднікаў і сучаснікаў, выкарыстання песеннасці італьян.нар. музыкі Вердзі стварыў уласны муз. стыль, для якога характэрны яскравая тэатральнасць, вастрыня і выразнасць у абмалёўцы дзейных асоб і сітуацый, неперарыўнасць сцэн. развіцця, гібкасць вак. дэкламацыі, майстэрства ансамбля, узмацненне драматургічнай ролі аркестра. У Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі пастаўлены «Рыгалета», «Травіята», «Трубадур», «Аіда», «Баль-маскарад», «Атэла», «Дон Карлас», фантазія «Шэкспір і Вердзі» (у трох частках), у рэпертуары хору — «Рэквіем».
Тв.:
26 опер (з іх 6 у 2 рэдакцыях);
«Рэквіем» для 4 салістаў, хору і арк., Staban mater для хору і арк. (1898), Те Deum для падвойнага хору і арк. (1898) і інш.;
вак.-сімф. «Гучы, труба» (рэв. гімн, 1848), Гімн нацый (1862);
струнны квартэт (1873), вак.-інстр. ансамблі;
песні, рамансы і інш.
Літ. тв.: Рус.пер. — Избр. письма. М., 1959.
Літ.:
Соллертинский И. Джузеппе Верди // Соллертинский И. Исторические этюды. 2 изд. Л., 1963;
Тароцци Дж. Верди: Пер. с итал. М., 1984;
Соловцова Л.А. Джузеппе Верди. 4 изд. М., 1986;
Галь Г. Брамс. Вагнер. Верди: Три мастера, три мира: Пер. с нем. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРУ́НКІ,
тэкстыльны выраб без тканай асновы, у якім ажурны арнамент і выявы атрымліваюцца ў выніку перапляцення нітак (ільняных, шаўковых, метал. і інш.); від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Вызначаюцца тонкасцю, лёгкасцю, эластычнасцю, узорыстасцю, зліццём ажурных узораў і сеткі фону або кантрастам шчыльнага ўзору (часам рэльефнага) і ажурнага фону, разнастайнымі рытмічнымі пабудовамі ўзору, выяўленнем колеру, бляску і фактуры нітак. Выкарыстоўваюцца для аздобы адзення, бялізны ў выглядзе тасьмы або ўставак і як самаст. вырабы (сурвэткі, пакрывалы, абрусы і інш.). Паводле тэхнікі выканання бываюць ручныя (плеценыя на каклюшках — точаных палачках; шытыя іголкай, вязаныя кручком або пруткамі) і машынныя.
Першыя К. (шытыя) вядомы з канца 15 — пач. 16 ст. ў Італіі. З канца 16 ст. з’явіліся ў Фландрыі (напачатку шытыя, пазней плеценыя «бенш», «валансьен», з канца 17 — пач. 18 ст. цюлевыя «малін», «англетэр», «дзюшэс», «брабанцкія»). У Італіі (Венецыя, Мілан, Генуя) пашырыўся гіпюр. З 1-й пал. 17 ст. выраб К. вядомы ў Расіі (валагодскія карункі, галіцкія, таржкоўскія, растоўскія і інш.), з сярэдзіны 17 ст. — у Францыі (седанскі гіпюр і алансон, цюлевы «аржант», чорныя шаўковыя К. з Шантыльі і інш.). У 18 ст. цэнтрамі вытворчасці К. сталі Фландрыя і Францыя. У 19 ст. чорныя шаўковыя К. з залатымі ніткамі выраблялі ў Іспаніі, вязаныя кручком — у Ірландыі. З 1930-х г. пашырыўся машынны выраб танных К. на цюлі з баваўняных нітак і інш., ручны спосаб ператварыўся ў нар.маст. промысел.
На Беларусі вядомы з 16 ст. на адзенні духавенства, магнатаў, шляхты і гар. знаці. Першапачаткова іх прывозілі з Францыі і Германіі, з 18 ст. пры манастырах і ў маёнтках стваралі майстэрні па вырабе К. з залатых і сярэбраных нітак, пазней з шаўковых і баваўняных. У 2-й пал. 18 ст. ў Гарадніцы (прадмесце Гродна) існавала мануфактура, дзе выраблялі К. па замежных узорах. З сярэдзіны 19 ст. пашырыліся машынныя К. На Беларусі найб. вязалі і плялі К. драўлянымі, пазней метал. кручкамі. Быў вядомы стараж. спосаб пляцення на каклюшках — «вылічальны», заснаваны на паўторы аднаго малюнка з дапамогаю вылічэння нітак без гатовага ўзору. Вылічальныя К. з роўнымі краямі выраблялі сяляне для ўпрыгожвання адзення, ручнікоў і інш. Узоры нар. К. блізкія да ўзораў нар. тканін і вышывак. Бел. К. характэрныгеам. («ромбы», «шахматы», «палоскі») і раслінныя («кветкі», «зорачкі», «сняжынкі» і інш.) узоры. З сярэдзіны 20 ст. вядомы аб’ёмныя карункавыя вырабы (карзінкі, кошыкі, вазы). Шырока выкарыстоўваюцца мастакамі-прафесіяналамі для тэатр. касцюмаў, аздаблення вопраткі і бялізны. Бытуюць як нар.маст. промысел. Вырабляюць К. на ф-ках маст. вырабаў і ў хатніх умовах.
Літ.:
Беларускае народнае мастацтва. Т. 1. Мн., 1951;
Бирюкова Н.Ю. Западноевропейское кружево XVI—XIX вв. в собрании Эрмитажа. Л., 1959.
Да арт.Карункі. Падзор, Салігорскі раён Мінскай вобл.Да арт.Карункі. Пакрывала. Чашніцкі раён Віцебскай вобл.Да арт.Карункі. Валан рэльефнага гіпюру. Ільняныя ніткі, шыццё іголкай. Італія. Сярэдзіна 17 ст.Да арт.Карункі. Валан французскага гіпюру. Пач. 18 ст.Валагодскія карункі. В.Ельфіна. Пано «Лета». 1979.
польскі пісьменнік, гісторык, публіцыст, грамадскі дзеяч; пачынальнік польскай рэаліст. прозы. Брат К.Крашэўскага. Чл. Польскай АН у Кракаве (1872), Ганаровы чл. Чэшскай АМ (1873). У 1827—29 вучыўся ў Свіслацкай гімназіі, у 1829—30 — у Віленскім ун-це. У 1830—32 за ўдзел у канспіратыўным гуртку зняволены ў турму. З 1833 жыў у маёнтку Доўгае каля Пружан (Брэсцкая вобл.), з 1837 на Валыні. Заснавальнік і рэдактар віленскага час.«Атэнэум» (1841—51). З 1859 у Варшаве. З 1863 у эміграцыі, дзе выдаваў публіцыстычны штогоднік «Rachunki» («Рахункі», 1866—70), часопісы. У 1884 асуджаны герм. ўладамі за супрацоўніцтва з франц. разведкай. Напісаў больш за 600 тамоў твораў; 223 раманы і аповесці, навук. працы па гісторыі, археалогіі, этнаграфіі, літ.-знаўстве, філасофіі і інш. Наватарская канцэпцыя чалавека-працаўніка ў цыкле аповесцей «Уляна» (1843), «Хата за вёскай» (1855), «Гісторыя калка ў плоце» (1860) і інш. Вострая крытыка шляхты і арыстакратыі ў сац.-быт. раманах «Чарадзейны ліхтар» (1843—44), «Два светы» (1856), «Morituri» (1874) і інш. Падзеі паўстання 1863—64 адлюстраваны ў раманах «Дзіця Старога Горада» (1863), «Мы і яны» (1865), «Дзядуля» (1869) і інш. Для раманаў «Апошняя з слуцкіх князёў» (1841), «Сеймавыя сцэны» (1875), «Кунігас» (1882), «Маці каралёў» (1883), «Кароль у Нясвіжы 1784» (1887) і інш.характэрны зварот да мінуўшчыны Беларусі, дакументальнасць. Сярод лепшых гіст. раманаў — саксонская трылогія «Графіня Козель» (1874), «Бруль» (1875), «З часоў Сямігадовай вайны» (1876), а таксама «Старое паданне» (1876) — першы твор з цыкла 29 раманаў, прысвечаных гісторыі Рэчы Паспалітай. Аўтар зб-каў «Паэзія» (т. 1—2, 1838) і «Гімны смутку» (1857), паэт. трылогіі з гісторыі Літвы «Анафеляс» (1840—45), 20 драм. твораў, у т. л. камедый з дзеяннем у Нясвіжы «Кастэлянскі мёд» (1860), «Пане Каханку» (1867). У падарожных нарысах «Пінск і Піншчына» (1837), «Успаміны пра Палессе, Валынь і Літву» (1840), «Карціны з жыцця і падарожжаў» (1841—42), «Друскенікі» (1848), этнагр. нарысе «Адзенне сялян і мяшчан з ваколіц Брэста, Кобрына, Пружан» (1860) апісаў бел. мясціны і жыхароў Беларусі. Аўтар гіст. прац «Вільня ад яе пачатку да 1750 г.» (т. 1—4, 1840—42), «Старажытная Літва. Яе гісторыя, законы, мова, вера, звычаі, песні...» (1847—50), «Барысаў» (1848), «Польшча ў час трох падзелаў» (т. 1—3, 1873—75) і інш.Прафес. мастак, музыкант. Паўплываў на творчасць Э.Ажэшкі, Б.Пруса, Г.Сянкевіча, Я.Купалы. На бел. мову творы К. перакладалі Я.Купала, П.Бітэль, В.Сёмуха.
Тв.:
Бел.пер. — Хата за вёскай. Мн., 1989;
Апошнія хвіліны князя ваяводы (Пане Каханку) // Крыніца. 1998. № 3;
Рус.пер. — Графиня Козель;
Брюль. Мн.. 1993;
Из времен Семилетней войны. Мн., 1994.
Літ.:
Малюковіч С.Дз. Беларускія старонкі нарысаў Ю.І.Крашэўскага // Веснік БДУ. Сер. 4 1989. № 1;
Danek W. Józef Ignacy Kraszewski. Warszawa, 1976;
Burkot S. Józef Ignacy Kraszewski. Warszawa, 1988;
Jarowiecki J. O powieści historycznej Józefa Ignacego Kraszewskiego. Kraków, 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПА́ЛЬСКІЯ ПЕ́СНІ, купалка, купалле, купайло,
янаўскія песні, песні летняга цыкла каляндарна-земляробчага фальклору. Адносяцца да летняга сонцавароту («калі сонца паварочвае на зіму, а лета на жару»). Спяваюць іх перад Купаллем і на само свята. Найб. пашыраны ў славян, літоўцаў, латышоў. Паводле стараж. уяўленняў, заснаваных на язычніцкім адухаўленні прыроды (як і на вопыце практыка-земляроба), у гэты перыяд у найб. ступені разгортваюцца жыццёвыя сілы прыроды, якія могуць быць амбівалентна спрыяльнымі і варожымі. Адсюль важкасць у купальскай абраднасці катарсічнай («ачышчальныя» вогнішчы, рытуальнае купанне) і апатрапеічнай (абходы жыта і інш. засцярогі ад злых сіл) магіі, а таксама асаблівае ў земляробчым календары значэнне купальскага культу як пакланення сонцу (у сімвалічных агнях) і ўшанавання расліннага свету. Паэзія К.п. працягвае вобразна-эмацыянальную атмасферу цыкла веснавых песень, але мае і яскравую адметнасць, абумоўленую загадкавасцю самай таямнічай на працягу года купальскай ночы і карнавалізаваным светаадчуваннем святкавання сонцаваротаў.
Тыповы купальскі сюжэт — нарматыўнае «скліканне на купалу» з асуджэннем (нярэдка ў карнавалізаваных фарбах) таго, «хто не выйшаў на купалу» («Параска, Аксіння, Наталка ... на купалах не была // То-то — ведзьма была // До Кіёва летала на Йвана»).
Для К.п. характэрна тэматыка чарадзейства са збіраннем цудадзейных траў (зёлак), з незвычайным усходам сонца («Будзем сонца пільнаваці // Да як будзе сонца граці»). Гэтым абумоўлены таямнічы флёр, які абвалаквае персаніфікаваную Купалку ў адрозненне ад вясёлай, адкрыта разухабістай Каляды, пышна маляўнічай Вясны або пазнейшых персаніфікацый хрысц. святых — пастаянных працаўнікоў Юр’я, Пятра, Ільі. Само з’яўленне Купалы некалькі загадкавае, маскіраванае («ішла Купалка сялом, сялом // Закрыўшы вочкі чабром, чабром»). Цудадзейна-таямнічы аспект інтэрпрэтацыі каляндарнай абраднасці ў К.п. садзейнічае замацаванню менавіта ў іх баладных сюжэтаў і матываў, сярод якіх выкрышталізаваліся і тыповыя купальскія, як балада аб сястрыцы і браціку, што ператварыліся ў кветку Іван-ды-Мар’я. Пашыраная ў К.п. (як і ў веснавых) шлюбна-любоўная тэматыка нярэдка карнавалізуецца («Ссохлі, здохлі дзецюкі // На дзевачак гледзючы»), Для К.п., як і для ўсіх традыц. абрадавых песень, характэрны тыповыя палітэкставыя напевы, якія ў пэўным арэале набываюць знакава-сімвалічнае значэнне. Бел. этнамузыказнаўцы вызначаюць 7—9 песенна-меладычных тыпаў такіх напеваў. Пры дастатковай стабільнасці рытма-структурных прымет напевы К.п. вызначае інтанацыйна-меладычная мабільнасць: ад падкрэслена «галасных» мелодый святочна-ўзнёслага характару («У нас сягоння Купалачка») і сціслай формульнасці прыглушаных прыпеваў-паўтораў («Ночка мала, купальная») да лірыкі паліжанравых вяснова-купальскіх мелодый з тыповымі зачынамі, дзе звароты да купалачкі, вясняначкі, русалачкі ўзаемазамяняльныя. К.п. найб. пашыраны ў Паазер’і і паўд.-зах. раёнах Беларусі. У інш. рэгіёнах іх прыметы выяўляюцца ў веснавых, траецкіх і русальных песнях.
Публ.:
Беларускія народныя песні / Запіс Р.Шырмы. Т. 3. Мн., 1962;
Анталогія беларускай народнай песні / Уклад. Г.Цітовіч. 2 выд.Мн., 1975;
Мажэйка З.Я. Песні Беларускага Паазер’я. Мн., 1981;
Купальскія і пятроўскія песні / Уклад. А.Ліс, Г.Таўлай. Мн., 1985.
Літ.:
Ліс А.С. Купальскія песні. Мн., 1974;
Можейко З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЭ́НА (ад франц. moraine),
марэнныя адклады, скопішчы несартаванага ці слабасартаванага абломкавага матэрыялу, які пераносіцца або адкладваецца ледавікамі і ўтварае марэнны рэльеф. Матэрыял М. складаецца з валуноў, глыб, галькі, жвіру, змешаных з пяском, алеўрытам і глінай. Характэрнымі літалагічнымі рознасцямі з’яўляюцца валунны супесак і валунны суглінак. Колер М. ад чырвона-бурага да зеленавата-шэрага з рознымі адценнямі. Грануламетрычны склад М.: фракцыя памерам больш за 1 мм — 7% (валуны, галька, жвір), 1—0,1 мм — 68% (пяскі, алеўрыт), менш за 0,01 мм — 25% (гліны). На Беларусі сярод валуноў пераважаюць метамарфічныя і магматычныя пароды (граніты, гнейсы, габра), прынесеныя ледавіком з Фенаскандыі. Галька і жвір часцей складзены з мясц. асадкавых парод (даламітаў, вапнякоў і інш.). У мінералагічным складзе пераважаюць ільменіт, амфіболы, гранаты, мінералы групы эпідоту, лейкаксен, рутыл, гідраксіды жалеза, гліністыя мінералы (гідраслюды, каалініт, мантмарыланіт і інш.).
Адрозніваюць М. сучасных рухомых ледавікоў і адкладзеныя. Рухомыя М. падзяляюцца на паверхневыя і ўнутраныя (уласцівыя далінным або міжгорным ледавіковым патокам) і донныя (трапляюцца ва ўсіх тыпах ледавікоў). Паверхневыя М. ўтвараюцца з абломкавага матэрыялу, знесенага са скалістых схілаў даліны або адкладзенага пры адтаванні з тоўшчы лёду. Па размяшчэнні на паверхні ледавіка вылучаюць бакавую і сярэдзінную М. Бакавая М. ўтварае валы ўздоўж 2 бакоў ледавіковага «языка». Пры зліцці ледавікоў бакавыя М. аб’ядноўваюцца ў адзін вал па сярэдзіне ледавіка — сярэдзінныя М. (можа быць некалькі). Унутраная М. ўключана ў тоўшчу лёду. Донная М. ўяўляе сабой адарваны ад ложа абломкавы матэрыял, заключаны ў прыдонных слаях лёду. Адкладзеная М. — найб.характэрны тып ледавіковых адкладаў, утвараецца з усіх тыпаў рухомых М. у час руху, прыпынку і канчатковага раставання ледавіка. Падзяляецца на асноўную, абляцыйную і канцавую. Найб. пашырана на тэрыторыях, якія перакрываліся ў антрапагенавы перыяд мацерыковымі льдамі. Асноўная М. — масіўная, радзей лускаватая ці плітчастая, мае абломкавы матэрыял, складае ў асн. раўніны і нізіны, дзе залягае ў выглядзе пластоў. Утвараецца пераважна з доннай М. Часта перакрыта тонкім слоем абляцыйнай М., або М. адтавання, якая ўзнікае ў стадыі дэградацыі ледавіка з унутранай М. і верхніх слаёў доннай М. Гэты тып М. пашыраны ў паласе развіцця форм рэльефу пасіўнага (мёртвага) лёду (камаў, озаў і іх масіваў). Канцавыя М. складаюцца з абломкавага матэрыялу, які намнажаўся ў франтальнай ч. ледавіка, дае часта перамяшаны прынесены і мясц. матэрыял. Назіраюцца дыслацыраваныя слаі парод, ёсць глыбы адорвеняў плейстацэнавых і даплейстацэнавых парод. Сярод іх часта ўтвараюцца напорныя М. Канцавыя М. складаюць узвышшы і канцова-марэнныя грады.
На тэр. Беларусі пашыраны плейстацэнавыя М. Яны адсутнічаюць у далінах рэк урэзаных у даплейстацэнавыя пароды і на невял. размытых участках на Пд краіны. Сярэдняя магутнасць М. аднаго зледзянення 5—30 м, макс. да 100 м. М. займаюць 50% аб’ёму плейстацэнавай тоўшчы, перамяжаюцца з інш. генетычнымі тыпамі адкладаў.
Яны з’яўляюцца рэльефа- і глебаўтваральнымі пародамі, адыгрываюць ролю маркіроўных гарызонтаў пры стратыграфічным расчляненні плейстацэнавых адкладаў, служаць водаўпорам для грунтавых і напорных вод і сыравінай для прам-сці буд. матэрыялаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІГРА́ЦЫІ ЖЫВЁЛ,
заканамерныя перамяшчэнні жывёл на значныя адлегласці, што выклікаюцца істотнымі зменамі ўмоў існавання або звязаны з цыкламі антагенезу, найб. значныя і экалагічна ўсеабдымныя формы адаптацыі арганізмаў, фізіялагічна абумоўленыя фотаперыядычнасцю і інш. Адрозніваюць рэгулярныя (перыядычныя) і нерэгулярныя (неперыядычныя) М.ж. Рэгулярныя бываюць сутачныя (звязаныя са зменай асветленасці, вільготнасці, т-ры, пошукам корму) і сезонныя (перамяшчэнні да месцаў кармлення, зімоўкі, лінькі, размнажэння, спячкі і інш.). Нерэгулярныя М.ж. (вымушаныя вандроўкі) абумоўліваюцца ўзнікненнем незвычайных абставін: засухі, паводкі, пажару, масавага размнажэння віду ці змены экалагічных умоў; маюць важнае значэнне ў расшырэнні арэала віду. Нерэгулярныя, з вял. інтэрваламі, высяленні жывёл па-за межы радзімы наз. эміграцыямі ці інвазіямі (напр., у амялушак, крыжадзюбаў); іх разглядаюць як пачатковы этап фарміравання міграцый. Адрозніваюць М.ж. гарызантальныя (на сушы, у вадзе) і вертыкальныя (у гарах, тоўшчы вады, глебы, па ярусах расліннасці), актыўныя (пры дапамозе органаў перамяшчэння) і пасіўныя (перанос воднымі цячэннямі, паветр. плынямі). Напрамкі М.ж., т.зв. міграцыйныя шляхі, вывучаюць з дапамогай мечання жывёл, кальцавання птушак і інш. Неабходная ўмова міграцый — наяўнасць біял. пачуцця часу, здольнасць жывёл вызначаць напрамак руху (біянавігацыя) пры дапамозе фіксацыі месцазнаходжання Сонца, Месяца, зорак, струменяў паветра, цячэнняў вады, характэрных рыс ландшафтаў, геахім. і акустычных асаблівасцей асяроддзя або напрамкаў магн. поля.
У млекакормячыхнайб. далёкія міграцыі характэрныя для дзікіх паўн. аленяў, кажаноў, кітоў, маржоў, цюленяў. Мясц. сезонныя міграцыі з адных біятопаў у другія робяць грызуны, драпежнікі, зубры, ласі і інш. Нерэгулярныя міграцыі адзначаны для андатры, вавёркі, вадзяной палёўкі, пацукоў і інш. Больш за інш. перамяшчаюцца птушкі (пералёты птушакнайб. вывучаны). У земнаводных і паўзуноў міграцыйныя паводзіны выяўлены слаба, за выключэннем марскіх чарапах (зялёныя чарапахі пераадольваюць адлегласці да 2 тыс.км) і марскіх змей. Бясхвостыя амфібіі (рапухі) і хвастатыя (трытоны) робяць сезонныя міграцыі да месцаў размнажэння на адлегласць да 5 км. У рыб адбываюцца зімавальныя, кармавыя і нераставыя міграцыі. Для прахадных рыб характэрны нераставыя міграцыі: катадромныя (з прэсных вадаёмаў у мора, напр., у вугра еўрапейскага) і анадромныя (з мора ў рэкі — у асятровых, ласасёвых, селядцовых). На Беларусі мясц. зімавальныя і нераставыя міграцыі робяць лешч, падуст, плотка, сазан, сом, стронга ручаёвая і інш.У насякомых 2 асн. тыпы міграцый: неперыядычныя — перамяшчэнне вял. колькасці асобін, якое звязана з рассяленнем віду (пералёты саранчы, матыля данаіды), перыядычныя (сезонныя або сутачныя) — з аднаго біятопа ў другі ці ўнутры аднаго біятопа: вады, глебы, паветра, расліннага покрыва, паразітаў у целе або на целе гаспадара (лічынкі двухкрылых, жукоў і інш.). Сезонныя міграцыі робяць божыя кароўкі, каларадскія жукі, клапы-чарапашкі і інш.У водных беспазваночныхнайб. паказальныя вертыкальныя сезонныя і сутачныя міграцыі, якія звязаны з асветленасцю, салёнасцю і аэрацыяй вады, т-рай (напр., дафнія, лептадора, лімнакалянус, мізіда і інш., асабліва планктонныя арганізмы).
Літ.:
Электрические и акустические поля рыб: Сб. М., 1973;
Блон Ж. Великие кочевья: Пер. с фр.М., 1975;
Клаудсли-Томпсон Дж. Миграция животных: Пер. с англ.М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНАЕ ВЕРШАСКЛАДА́ННЕ,
самая старажытная сістэма вершаскладання, якая ўзнікла ў народнай паэтычнай творчасціўсх. славян у перыяд сінкрэтычнага мастацтва, дзе слова існавала неаддзельна ад музыкі, жэста, руху. Нар. верш спяваўся або напеўна дэкламаваўся. Так, рус.быліны, укр.думы, бел.замовы і галашэнні вымаўляліся нараспеў, нярэдка ў суправаджэнні (за выключэннем замоў і галашэнняў) муз. інструмента (гусляў, кобзы, ліры). Асабліва цесна звязаны слова і мелодыя, сэнс і гучанне ў бел.нар. песнях (гістарычных, каляндарна-абрадавых, лірычных). У нар. вершы вял. ролю адыгрываў чыста музычны прынцып арганізацыі рытму: у аснове сувымернасці была колькасць часу, неабходная для вымаўлення першаснай рытмічнай адзінкі — склада. У выніку слова настолькі падначальвалася напеву, што часта пазбаўлялася граматычнага націску або ён перастаўляўся з аднаго склада на другі, у вершаваных радках з’яўляліся лішнія словы, асобныя склады расцягваліся або сцягваліся (замест «у» і «і» з’яўляліся «ў» і «й»), Пазней, калі вершаваны тэкст пачаў паступова адасабляцца ад мелодыі, арганізуючым рытмічным пачаткам нар. верша стаў моцны (апорны) націск, які падпарадкоўваў сабе націскі суседніх слоў (не толькі дапаможных, але і самастойных). Чаргаванне пэўнай колькасці такіх націскаў у вершаваных радках стварала рытм танічнага ў сваёй аснове нар. верша (гл.Танічнае вершаскладанне). Існуюць 2 тыпы нар. верша: напеўны і гутарковы, або рэчытатыўны. Гутарковы верш больш позні, у ім у адрозненне ад напеўнага некалькі меншая сувязь з музыкай (напевам). Пашыраныя яго формы — былінны верш, раёшнік. Напеўны верш таксама неаднастайны. Даследчык бел. фальклору І.Насовіч у прадмове да зб. «Беларускія песні» (1874) вылучаў у залежнасці ад колькасці апорных націскаў 3 віды нар. напеўнага верша — «у адзін тэмп»:
Камарочкі мае,
Не кусайце мяне,
А кусайце паноў,
Што не пускаюць дамоў;
«у два тэмпы»:
Ты сяло маё, / сяло новае
Сяло новае, / ўсё кляновае!
Ой, ты чым, сяло, / прыукрашана.
Ці калінаю, / ці малінаю,
А ці чорнаю / смародзінаю?;
«у тры тэмпы»:
Мак зялёны, / мак чырвоны, / у поўначы квіцець,
Там за гарою, / там за другою / мяне татка клічэць.
Песенны рытм «у тры тэмпы» найб. пашыраны ў стараж. песнях. Магчыма, ён паўплываў на рытміку былін, для якіх у пераважнай большасці таксама характэрны 3 моцныя націскі ў вершаваных радках.
Н.в. паступова відазмянялася пад уплывам літ. верша, які ўзнік у беларусаў у пач. 16 ст., — антычнага (метрычнага) верша ў паэзіі на лац. мове (гл.Антычнае вершаскладанне) і сілабічнага ў паэзіі на старабел. мове (гл.Сілабічнае вершаскладанне). Літ. верш з яго роўнаскладовасцю радкоў, раўнамернасцю чаргавання моцных (доўгіх) і слабых (кароткіх) складоў адчувальна ўплываў на чыста танічныя прынцыпы нар. верша. З 16 ст. ў вершы нар. песень узнікаюць сілаба-танічныя формы, што аб’ядноўваюць ранейшыя прыкметы тонікі (аднолькавая колькасць рытмічных акцэнтаў у радках) з новымі прыкметамі сілабізму (аднолькавая колькасць складоў). У песнях з’яўляюцца рыфмы, строфы; у сваю чаргу раннія сілаба-танічныя формы нар. верша пачалі ўплываць на літ. сілабічны верш, паскараючы фарміраванне сілаба-танічнага вершаскладання.
Літ.:
Ралько І.Д. Беларускі верш. Мн., 1969;
Грынчык М.М. Шляхі беларускага вершаскладання. Мн., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЛЬПЫ (ням. Alpen, франц. Alpes, італьян. Alpi ад кельцкага alp высокая гара),
найвышэйшая горная сістэма Зах. Еўропы на тэр. Францыі, Італіі, Швейцарыі, Аўстрыі, Ліхтэнштэйна, Германіі і Славеніі. Даўж. каля 1200 км, шыр. да 260 км, найб.выш.г. Манблан (4807 м). Альпы — складаная сістэма горных масіваў і хрыбтоў, што працягнуліся дугой ад Міжземнага м. да Сярэднедунайскай раўніны. Папярочная даліна між азёрамі Бодэнскім і Кома падзяляе Альпы на больш вышынныя Зах. Альпы і больш нізкія і шырокія Усходнія. У Заходніх вылучаюць Прыморскія, Коцкія, масіў Пельву, Грайскія, Савойскія (з масівам Манблан), Бернскія і інш. Горны ланцуг Усходніх Альпаў прадстаўлены Рэтыйскімі, Эцтальскімі, Цылертальскімі Альпамі, Высокім і Нізкім Таўэрнам. Альпы належаць да маладых складкавых структур альпійскага арагенезу (гл.Альпійская складкавасць). Характэрны зубчатыя грабяні, глыбокае расчляненне, вял. пашырэнне ледавіковых формаў рэльефу (гл.Альпійскі рэльеф). Восевая зона сфарміравана стараж. крышталічнымі (гнейсы, слюдзяныя сланцы), магматычнымі (граніты) і метамарфічнымі (кварцава-філітавыя сланцы) пародамі. Перадгор’і Альпаў складзены з вапнякоў, мергеляў, даламітаў, філітаў і маладых маласавых фармацый. Карысныя выкапні: жалезныя, медныя, уранавыя руды, магнезіты, баксіты, каменная соль, у невял. колькасці каменны і буры вугаль.
Альпы — важны кліматападзел Еўропы. На паўн. і зах. перадгор’ях клімат умераны, вільготны, на паўднёвых — субтрапічны міжземнаморскі. Ва ўнутр. раёнах гор выразная вертыкальная занальнасць (т-ра паніжаецца праз кожныя 100 м на 0,3—0,7 °C), фёнавыя вятры выклікаюць кароткія рэзкія пацяпленні. Ападкаў на наветраных зах. і паўн.-зах. схілах 1500—2000 мм за год (месцамі 4000 мм), ва ўнутр. горных далінах 500—800 мм. Снегавая лінія на выш. ад 2500 м на ПнЗ да 3500 м у найб. сухіх унутр. і ўсх. раёнах. Характэрна сучаснае зледзяненне (каля 1200 ледавікоў агульнай пл. 3 тыс.км). З ледавікоў пачынаюцца рэкі Рона, Рэйн, По, Адыджэ, Ін, Драва і інш. Азёры ледавіковага і тэктанічна-ледавіковага паходжання: Жэнеўскае, Бодэнскае, Лага-Маджорэ, Кома (глыб. да 410 м). Для Альпаў характэрна вышынная пояснасць (вылучаюць 5 ландшафтных паясоў).
Пояс перадгор’яў і горных схілаў да выш. 800 м. Клімат умераны, цёплы, на паўд. схілах з міжземнаморскімі рысамі; букавыя і дубовыя лясы значна высечаныя; сады, вінаграднікі, палі збожжавых на горных бурых глебах. Пояс гор (на выш. 800—1800 м) з умераным і ўмерана вільготным кліматам заняты шыракалістымі (дуб, бук, клён, граб) лясамі, якія змяняюцца хваёвымі (елка, піхта, еўрап. кедр, лістоўніца) на горных бурых лясных ападзоленых глебах. Пашы і агароды да 1100—1400 м. На выш. 1800—2300 мсубальпійскі пояс з халодным кліматам, моцнымі вятрамі, доўгатэрміновым снегавым покрывам, пераважна высакагорнай хмызняковай расліннасцю (рададэндран, ядловец, кедравы сланік і інш.) і субальпійскімі лугамі. Вышэй (да граніцы вечнага снегу) альпійскі пояс з суровым халодным кліматам і альпійскімі лугамі і нівальны пояс (вечных снягоў і ледавікоў); ландшафты халодных высакагорных камяністых ледавіковых і снежных пустыняў.
Альпы — адзін з важнейшых рэкрэацыйных раёнаў Еўропы. Цэнтр альпінізму, турызму, гарналыжнага спорту.
Літ.:
Благоволин Н.С., Серебрянный Л.Р. Рельеф Европы // Рельеф Земли. М., 1967;
Ерамов Р.А. Физическая география Зарубежной Европы. М., 1973;
Жучкевич В.А., Лавринович М.В. Физическая география материков и океанов. Ч. 1. Евразия. Мн., 1986.