род кветкавых раслін сям. гарлачыкавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў трапічным і ўмераным паясах. На Беларусі трапляюцца звычайны гарлачык чыста-белы (N. candida) і больш рэдкі гарлачык белы, або белая вадзяная лілея (N. alba), занесены ў Чырв. кнігу. Растуць у азёрах, вадасховішчах, у рэках з павольнай плынню на глыб. да 2 м, нярэдка ўтвараюць зараснікі. Вядомы міжвідавыя гібрыды.
Шматгадовыя бессцябловыя травяністыя расліны з моцным гарызантальным карэнішчам і плаваючым на паверхні вады круглавата-авальным скурыстым лісцем на доўгіх чаранках. Кветкі адзіночныя, двухполыя, рознага колеру (белыя, ружовыя, блакітныя, ліловыя і інш.), дыяметрам да 30 см, на доўгіх кветаножках. Плод — падобная на гарлачык (адсюль назва роду) шматнасенная мясістая зялёная ягада. Харч., кармавыя, дубільныя, лек. і дэкар. расліны. Карэнішча мае крухмал, алкалоід німфеін, дубільныя і інш. рэчывы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЛА́ЧЫК ЖО́ЎТЫ (Nuphar),
род кветкавых раслін сям. гарлачыкавых. Больш за 10 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі трапляюцца звычайны гарлачык жоўты жоўты, або жоўтая вадзяная лілея (N. lutea), і вельмі рэдкі гарлачык жоўты малы (N. pumila), занесены ў Чырв. кнігу. Растуць у азёрах, вадасховішчах, у рэках з павольнай плынню на глыб. да 2 м, нярэдка ўтвараюць зараснікі. Вядомы міжвідавыя гібрыды.
Шматгадовыя бессцябловыя травяністыя расліны з моцным тоўстым гарыз. карэнішчам і плаваючым на паверхні вады авальна-эліптычным, глыбока-сэрцападобным скурыстым лісцем на доўгіх чаранках. Кветкі адзіночныя, двухполыя, жоўтыя ці аранжавыя, з моцным пахам, дыяметрам да 2—5 см, на доўгіх кветаножках. Плод — падобная на гарлачык (адсюль назва) шматнасенная мясістая зялёная ягада. Лек., кармавыя і дэкар. расліны. Карэнішча мае ядавіты алкалоід нуфарын, крухмал, дубільныя і інш. рэчывы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАДЭЗІ́ЧНЫЯ КААРДЫНА́ТЫ,
велічыні, якія вызначаюць становішча пунктаў на Зямлі і ў каляземнай прасторы адносна паверхні зямнога эліпсоіда — геагр. шырата, даўгата і вышыня пункта. Геадэзічную шырату і даўгату вылічваюць ад зыходнага пункта «Пулкава» метадам трыянгуляцыі, вышыню — ад нуля Кранштацкага футштока нівеліраваннем. Выкарыстоўваюцца і інш. сістэмы каардынат: для вызначэння геадэзічных каардынат пунктаў у прасторы — прамавугольная дэкартава сістэма каардынат з пачаткам у цэнтры зямнога эліпсоіда; для вызначэння планавага становішча пунктаў на параўнальна невял. аб’ектах — прамавугольная сістэма каардынат на плоскасці; для інж. работ — сістэма занальных плоскіх прамавугольных каардынат у праекцыі Гаўса—Кругера з пачаткам каардынат у пункце перасячэння восевага (сярэдняга) мерыдыяна шасціградуснай зоны з экватарам. Геадэзічныя каардынаты адрозніваюцца ад астранамічных некалькімі секундамі на раўнінных тэрыторыях і некалькімі дзесяткамі секунд у перадгорных і горных раёнах. Гэта абумоўлена адступленнем фігуры геоіда ад матэм. фігуры эліпсоіда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖО́ЎТАЕ МО́РА,
кіт.Хуанхай, паўзамкнёнае мора Ціхага ак., каля ўсх. берагоў Азіі, паміж п-вам Карэя і берагамі Кітая. Пл. 417 тыс.км². Найб.глыб. 106 м, сярэдняя 40 м. Буйнейшыя залівы: Бахайвань, Ляадунскі і Зах.-Карэйскі. У Ж.м. ўпадаюць р. Хуанхэ, Хайхэ, Ляахэ, Ялуцзян. Клімат умераны, мусонны. Сярэдняя т-ра вады на паверхні: ніжэй 0 на ПнЗ і 6—8 °C (люты) на Пд; ад 24 на Пн да 28 °C на Пд (жнівень). Паўн.-зах.ч. Ж.м. з ліст. да сак. замярзае. Салёнасць ад 30‰ і менш на ПнЗ да 33—34‰ на ПдУ. Прылівы паўсутачныя, каля берагоў Карэі да 9 м, у інш. раёнах да 3—4 м. У Ж.м. водзяцца селядзец, марскі лешч, траска, вугор, мідыі, вустрыцы. Найб. парты ў Кітаі — Цяньцзінь, Інкоў, Цындао, Далянь (Дальні), Люйшунь (Порт-Артур), у Карэі — Інчхон (Чэмульпо).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕЛЕНАГУ́РСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Zielonogórskie),
адм.-тэр. адзінка на З Польшчы. Пл. 8868 км², нас. 669 тыс.чал., гарадскога 61,9% (1993). Адм. ц. — г.Зялёна-Гура. Найб. гарады: Нова-Суль, Жары, Жагань, Свябодзін, Губін, Сулехаў, Любска. Займае зах.ч. Велікапольскай нізіны, на Пн Любускае паазер’е, на Пд — Тшабніцкая града. Клімат умераны. Сярэдняя т-растудз. -1,5 °C, ліп. 18,5 °C, ападкаў 500—600 мм за год. Гал. рака — Одра з прытокамі Ныса-Лужыцка і Бубр. Глебы малаўрадлівыя (падзолістыя). 48,4% паверхні займаюць лясы (пераважна хваёвыя). Гаспадарка прамысл.-агр. тыпу. Прам-сць: харчасмакавая (мукамольная, мясная, спіртавая), маш.-буд. (таварныя вагоны, тэкст. абсталяванне), тэкст. (дэкаратыўныя, шарсцяныя і баваўняныя тканіны), абутковая, дрэваапр., буд. матэрыялаў, шкляная. Здабыча нафты і газу. Пад с.-г. ўгоддзямі 40% тэр. Вырошчваюць жыта, пшаніцу, ячмень, сланечнік, рапс, кармавыя культуры. Гадуюць свіней, буйн. раг. жывёлу, авечак, птушак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАШГА́РСКАЯ РАЎНІ́НА, Тарымская раўніна,
раўніна ў Цэнтр. Азіі, на З Кітая, у бас.р. Тарым. Даўж. каля 1200 км, шыр. да 500 км. Пл. каля 530 тыс.км² (самая вял. ў Цэнтр. Азіі і адна з найб. бяссцёкавых упадзін у свеце). Дэльтавая вобласць левых прытокаў р. Яркенд. Абмежавана гарамі Цянь-Шань, Куньлунь і Бэйшань. Пераважаюць выш. 800—1500 м. Б.ч.паверхні занята пустыняй Такла-Макан. Каля падножжа гор дэлювіяльныя шлейфы з галечнікаў і пясчана-гліністых адкладаў. У паніжэннях саланчакі. На перыферыйных падгорных лёсавых раўнінах — вял. аазісы (Кашгарскі, Аксуйскі, Яркендскі, Хатанскі). Клімат умераны (цёплы, рэзка кантынентальны, пустынны). Сярэдняя т-растудз. -20 °C, ліп. да 26 °C. Ападкаў менш за 100 мм за год. Асн. рэкі Тарым і Хатан, на Увоз. Лабнор. Пустынная расліннасць на шэразёмах, па далінах тугайныя зараснікі, у аазісах земляробства, садаводства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕЛО́ІД (ад грэч. kēlē пухліна + eidos выгляд),
пухлінападобнае разрастанне злучальнай тканкі скуры. Прычыны ўзнікнення хваробы невядомыя. Мяркуюць, што ў аснове развіцця К. прыроджаная генет. абумоўленая ўласцівасць злучальнай тканкі рэагаваць на траўмы. У некат. хворых выяўляюць абменныя і эндакрынныя парушэнні, хранічныя інфекц. хваробы (напр., туберкулёз лёгкіх), ачагі хранічнай інфекцыі (карыес, танзіліт і інш.). Найчасцей бывае ў юнакоў на грудзях, шыі, у вушных ракавінах, радзей — на твары і канечнасцях. К. сапраўдны — цвёрдае, белаватае ці ружовае, гладкае разрастанне на 5—8 мм над паверхняй скуры, з’яўляецца раптоўна, расце некалькі тыдняў, іншы раз месяцаў, ад бакавой паверхні адыходзяць адросткі ў выглядзе клюшняў рака, потым памеры яго не мяняюцца да канца жыцця. К. несапраўдны ўзнікае пры парэзах, апёках, на месцы рубцовых змен, гнайнічковых хвароб скуры і інш.; асобная форма такога К. — акне келоід. Лячэнне тэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕДАВІКО́ВЫ РЭЛЬЕ́Ф, гляцыяльны рэльеф,
тыпы і формы зямной паверхні, якія ўтварыліся ў выніку дзейнасці мацерыковых і горных ледавікоў і іх расталых вод. Л.р. разам з ледавіковымі адкладамі ўтварае ледавіковы комплекс. Адрозніваюць экзарацыйны і ледавікова-акумулятыўны тыпы Л.р. Да экзарацыйнага адносяцца формы рэльефу, утвораныя ў цвёрдых горных пародах («барановы лбы», «кучаравыя» скалы), гарах (трогі, кары і рыгелі), рыхлых адкладах (ледавіковыя лагчыны). Ледавікова-акумулятыўны тып рэльефу ўтвараюць марэнныя, водналедавіковыя (флювіягляцыяльныя) і азёрна-ледавіковыя (лімнагляцыяльныя) раўніны і нізіны, зандры, а таксама краявыя ледавіковыя ўтварэнні (канцова-марэнныя ўзвышшы і грады), тэрасы, камы, озы, гляцыякарставыя (тэрмакарставыя) западзіны і катлавіны (запоўненыя і незапоўненыя вадой) і інш. На Беларусі пераважае ледавікова-акумулятыўны рэльеф. Найб. выразна ён захаваўся ў паўн.ч. ў межах пашырэння апошняга паазерскага зледзянення (каля 20—15 тыс. гадоў назад). Гл. таксама Марэнны рэльеф.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ПЕНЬ (ад слова ліпа),
сёмы месяц каляндарнага года (31 дзень), сярэдзіна лета. 15 Л. працягласць дня ў Мінску 16 гадз 39 мін, сярэдняя выш. Сонца над гарызонтам у поўдзень 57,7°. Сярэдняя сума сонечнай радыяцыі за месяц 590 МДж/м², радыяцыйны баланс дадатны (317 МДж/м²). На тэр. Беларусі сярэдняя месячная т-ра паветра 17,8 °C (17,4 °C на ПнУ, 18,5 °C на ПдУ). Л. — самы дажджлівы месяц года (14—15 дзён з дажджамі), ападкаў ад 77 ммПдЗ да 95 мм на ПнУ. Характэрным для Л. з’яўляецца цвіценне ліпы драбналістай. На паверхні непраточных вадаёмаў паяўляецца мноства водарасцей і маленькіх плывучых раслін — расак, жабніку звычайнага. У пач. Л. цвіце бульба, грэчка, лён-даўгунец, агародніна. Даспяваюць суніцы, маліны, чарніцы, чырвоная і чорная парэчкі, наліваецца і спее яравая збажына. У канцы месяца пачынаецца жніво. Ліняюць дзікія прамысл. птушкі. Пачынаецца грыбны сезон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МААНЗУ́НДСКІ АРХІПЕЛА́Г, Заходне-Эстонскі архіпелаг. У Балтыйскім м., тэр. Эстоніі. Пл. каля 4 тыс.км². Больш за 500 астравоў, найбольшыя з іх Саарэмаа, Хійумаа, Муху, Вормсі. Берагі моцна парэзаныя. Паверхня раўнінная (выш. да 54 м). Астравы складзены пераважна з вапнякоў, якія месцамі ўкрыты ледавіковымі і марскімі адкладамі. Шмат азёр. Клімат умерана цёплы з мяккай зімой. Сярэдняя т-растудз. -4 °C, ліп. 17 °C. Ападкаў каля 550 мм за год. Большая ч.паверхні астравоў занята лугамі і лясамі; па берагах пясчаныя дзюны з хваёвымі лясамі. Глебы пераважна дзярнова-карбанатныя і забалочаныя. Рыбалоўства, земляробства, жывёлагадоўля. Запаведнікі: Війдумяэ і Вільсандзі. Значныя гарады: Курэсаарэ (в. Саарэмаа) і Кярдла (в. Хійумаа). У раёне М.а. ў перыяд 1-й і 2-й сусв. войнаў адбыліся вядомыя ваен. аперацыі (гл.Маанзундскія аперацыі ў 1-ю сусв. вайну і Маанзундскія аперацыі ў Вял.Айч. вайну).