ГРО́ДЗЕНСКАЯ КАПЭ́ЛА ТЫЗЕНГА́ЎЗА,

прыдворны аркестр раннекласічнага складу падскарбія надворнага літ. А.Тызенгаўза ў 1765—80. Належала да найбольшых і найлепшых па прафес. узроўні калектываў падобнага роду ў ВКЛ, славілася і за яго межамі, у т. л. ў Мангейме (Германія); у 1780 была ангажыравана ў Нац. т-р у Варшаве. Суправаджала паказы Гродзенскага т-ра Тызенгаўза, касцельныя службы, іграла на балях, розных урачыстасцях і інш. Рэпертуар капэлы ўключаў араторыі, месы, муз.-сцэн. творы, сімфоніі, быт. музыку (танцы, дывертысменты, серэнады). Удзельнічала ў выкананні оперы А.​Грэтры «Магніфік» («Велікапышны»), камедыі П.​Бамаршэ «Севільскі цырульнік», «Сялянскага балета» і «Балета пекараў». Выконвала сімфоніі І.​Гайдна, а таксама музыку, створаную ў прыдворным асяроддзі Тызенгаўза. У капэле былі замежныя і мясц. музыканты, у т. л. прыгонныя, якія атрымлівалі адукацыю ў Гродзенскай музычна-тэатральнай школе Тызенгаўза або пры дварах у Нясвіжы, Слоніме. У час росквіту капэлы ў 1777—79 у ёй было 30 капэлістаў і 7 «хлопцаў з капэлы». З адстаўкай Тызенгаўза капэла распалася.

Літ.:

Żórawska-Witkowska A. Kapeła Antoniego Tyzenhauza w Grodnie // Muzyka. 1977. № 2.

І.​Дз.​Назіна.

т. 5, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́МАН ((Hamann) Іаган Георг) (27.8.1730, г. Кёнігсберг, цяпер г. Калінінград, Расія — 21.6.1788),

нямецкі філосаф-ірацыяналіст, крытык, пісьменнік. Вывучаў у Кёнігсбергу філасофію, багаслоўе, філалогію. Яго «Сібіліны лісткі» (выд. 1819) выкладзены ў форме аракульскіх выслоўяў. У фрагментах «Славутыя думкі Сакрата» (1759) і «Аблокі» (1761) адстойваў прынцыпы веры і непасрэднага пачуцця як асноўныя пры спасціжэнні рэчаіснасці. Лічыў мастацтва вынікам геніяльнай інтуіцыі (фрагмент «Кішэнная эстэтыка», 1761). Крытыкуючы рацыяналізм асветнікаў, у прыватнасці філасофію І.​Канта («Метакрытыка пра пурызм розуму», 1784, выд. 1800), развіваў ідэі містычна афарбаванай інтуітывісцкай дыялектыкі. Абсалютызаваў інтуітыўны момант у творчасці і пазнанні (канцэпцыя «непасрэдных ведаў»). Паводле Гамана, розум (развага) індывідуальны, гістарычны, сітуатыўны; не існуе ўсеагульнага «цвярозага розуму» асветніцкай філасофіі, як і кантаўскага «чыстага розуму»; мова — «першы і апошні орган і крытэрый розуму», звязанасць якога з мовай вызначае межы розуму. Яго ўяўленні пра мову, творчасць генія, спрадвечнасць паэзіі зрабілі ўплыў на ням. філас.-эстэт. думку (І.​Г.​Гердэр, літ. рух «Буры і націску», І.​В.​Гётэ). За афарыстычны адрывісты і цьмяны стыль, падобны на прароцтвы, празваны Гётэ «паўночным магам».

Літ.:

Асмус В.Ф. Немецкая эстетика XVIII в. М., 1963.

Г.​В.​Сініла.

т. 5, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАМБРО́ВІЧ ((Gombrowicz) Вітольд) (4.8.1904, Малашыцы, каля г. Апатаў, Польшча — 25.7.1969),

польскі пісьменнік, драматург. Юрыст па адукацыі. У 1939—63 жыў у Аргенціне, з 1964 — у Францыі. Працягваў традыцыі польск. сатыры. Аўтар зб. апавяданняў «Дзённік часоў сталення» (1933), аповесцей «Фердыдурке» (1938), «Парнаграфія» (1960), «Космас» (1965), рамана «Транс-Атлантык» (1953), скіраваных супраць крывадушнасці і фальшу, што прыкрываюцца нормамі маралі, канфармізму, стандартызацыі ў матэрыяльным і духоўным жыцці. Яго творам уласцівы абсурдысцкая манера апавядання, заснаваная на літ. гульні і вытанчанай тэхніцы пісьма, спалучэнне сатыры, гумару і фантастыкі. У п’есах «Вянчанне» (1953), «Аперэтка» (1966) разглядаў праблемы адносін паміж людзьмі, уплыў на псіхіку дэструктыўных сац. з’яў. Выдаў «Дзённік. 1953—66» (т. 1—3, 1957—66).

Тв.:

Dzieła. Т. 1—9. Kraków, 1986—95;

Рус. пер. — Преднамеренное убийство: Рассказы. М., 1991;

Транс-Атлантик. М., 1994;

Порнография. М., 1994.

Літ.:

Медведева О.Р. Диалог: Философия и поэтика (М.​Бубер и В.​Гомбрович) // История культуры и поэтика. М., 1994;

Jarzębski J. Gra w Gombrowicza. Warsczawa, 1982;

Błonski J. Forma, śmiech i rzecy ostateczne: Studia o Gombrowiczu. Kraków, 1994.

В.​В.​Саладоўнікаў.

т. 5, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАМУЛІ́ЦКІ ((Gomulicki) Віктар) (17.10.1848, г. Астралэнка, Польшча — 14.2.1919),

польскі пісьменнік, літ.-знавец, публіцыст, літ. крытык. Вучыўся ў Варшаўскай гал. школе (1866—69). Аўтар паэт. зб. «Паэзія» (1873, 1882, 1886), «Новыя песні» (1896), «Светачы» (1919), гіст. раманаў «Чароўная гараджанка» (1897), «Меч і локаць» (1903), а таксама апавяданняў пра даўнюю Варшаву (1900—09). Лепшыя творы пазначаны рамант. традыцыямі, вызначаюцца гуманіст. накіраванасцю, выкрыццём сац. несправядлівасці. Папулярызаваў творчасць А.​Пушкіна, М.​Някрасава, Л.​Талстога. Збіраў рукапісы вядомых асоб, звязаных з Беларуссю: сямейны архіў Храптовічаў (за 1644—1721), лісты мінскага ваяводы А.​Хмары (1754—90), аўтограф шляхецкага роду Касцюшкаў (1645—1792), Міцкевічаў (1706—1824). Зберагаюцца ў б-цы імя Асалінскіх (Польшча). Творы Гамуліцкага, напісаныя пад уражаннем яго падарожжа па Беларусі ў 1907, прасякнуты дэмакр. матывамі. На бел. мову яго верш «На Белай Русі» пераклалі Н.​Душэўская, А.​Стаповіч, М.​Танк. Зычліва ўспрыняў выхад газ. «Наша ніва». Аднак ідэалізаваў ролю панскай арыстакратыі на Беларусі, з-за ўплыву перадавой польск. культуры не заўважаў палітыкі эканам. прыгнёту, дэнацыяналізацыі бел. мужыка з боку польскіх памешчыкаў, каталіцкага духавенства.

А.​К.​Каўка.

т. 5, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖАЛІ́ЛЬ (Джалілаў) Муса Мустафіевіч

(15.2.1906, в. Мустафіна Арэнбургскай вобл., Расія — 25.8.1944),

татарскі паэт. Герой Сав. Саюза (1956). Скончыў Маск. ун-т (1931). Друкаваўся з 1919. Аўтар зб-каў паэзіі «Мы ідзём» (1925), «Ліст з акопа» (на рус. мове 1944), паэмы «Пісьманосец» (1938, выд. 1940), шматлікіх вершаў, лібрэта опер («Залатавалосая», 1941, Дзярж. прэмія СССР 1948; «Ільдар», 1941), літ.-крытычных і публіцыстычных артыкулаў. З 1941 на фронце. Цяжка паранены, у 1942 трапіў у палон. Вершамі працягваў падпольнае змаганне ў турме, за што быў пакараны смерцю. Блакнот з вершамі, напісанымі ў турме (больш за 100), быў перададзены з канцлагера на волю і склаў т.зв. «Маабіцкі сшытак» (1942—44, Ленінская прэмія 1957). Вершы гэтага цыкла прасякнуты верай у непераможнасць народа ў змаганні з фашызмам. На бел. мову творы Дж. пераклалі Э.​Агняцвет, М.​Аўрамчык, М.​Гамолка, С.​Гаўрусёў, Л.​Дайнека, А.​Пысін, Я.​Семяжон і інш.

Тв.:

Бел. пер. — Маабіцкі сшытак: Вершы. Мн., 1975;

Я гляджу на зоры. Мн., 1985.

Літ.:

Воздвиженский В.Г. «Моабитские тетради» Мусы Джалиля. М., 1969;

Мустафин Р.А. По следам поэта-героя. М., 1971.

т. 6, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМБРО́ЎСКАЯ ((Dąbrowska) Марыя) (6.10.1889, г. Русаў, Польшча — 19.5.1965),

польская пісьменніца. У 1907—14 вучылася ў Лазанскім і Брусельскім ун-тах. Літ. дзейнасць пачала ў 1910-я г. Першыя зб-кі апавяданняў «Дзеці радзімы» (1918), «Галінка чарэшні» (1922) і «Усмешка дзяцінства» (1923) прысвечаны дзецям з іх своеасаблівым успрыманнем свету. У зб. навел «Людзі адтуль» (1926) паказаны жыццё і ўнутр. свет вясковай беднаты ў пач. 20 ст., у зб. «Прыкмета жыцця» (1938) — нялёгкае існаванне чалавека ў грамадстве. Самы вядомы твор Д. — эпічная тэтралогія «Ночы і дні» (1932—34), у якой намалявана гісторыя жыцця адной сям’і з 1860-х г. да 1-й сусв. вайны. Аўтар гіст. драм «Геній-сірата» (1939) і «Станіслаў і Багуміл» (1945), рамана-эпапеі «Прыгоды думаючага чалавека» (незакончаны, выд. 1970), «Дзённікаў» (1—5, выд. 1988), літ.-крытычных артыкулаў (зб. «Думкі аб падзеях і людзях», 1956).

Тв.:

Pisma wybrane. T. 1—3. Warszawa, 1956;

Бел. пер. — у кн.: Ад Буга да Одры: Апавяданні пол. пісьменнікаў. Мн., 1969;

Рус. пер. — Избранное. М., 1974.

М.​М.​Хмяльніцкі.

т. 6, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́РА ((Gira) Людас Канстанцінавіч) (27.8.1884, Вільня — 1.7.1946),

літоўскі паэт. Нар. паэт Літвы (1945). Акад. АН Літвы (1946). Скончыў Віленскую каталіцкую духоўную семінарыю. У 1913—14 рэдактар газ. «Vaivórykštē» («Вясёлка»), у 1921—26 — дырэктар Дзярж. т-ра ў Каўнасе, у 1940—41 — намеснік наркома асветы. У сваіх творах адлюстраваў гіст. мінулае Літвы (зб-кі вершаў «Песні палёў», «Дарогамі радзімы», абодва 1912; трагедыя «Помста», 1910; драм. містэрыя «Кветка папараці», 1928), героіку і драматызм ваенных гадоў (кн. вершаў «Літва Грунвальда», «Гвалт і рашучасць», абедзве 1942; «На далёкіх пуцявінах», 1945). Незакончаная паэма «Вёска каля прыгранічнай ракі» пра дружбу літ. і бел. народаў. У яго творах — рамантычная прыўзнятасць вобразаў, пейзажныя матывы, шматгранны свет інтымных перажыванняў, уплыў фалькл. стылістыкі і меладычнасць верша. Шматлікія яго творы пакладзены на музыку. Выступаў як літ. крытык, як перакладчык твораў Я.​Купалы (аўтар першых крытычных водгукаў на яго творчасць), А.​Пушкіна, Т.​Шаўчэнкі і інш. На бел. мову яго творы перакладалі А.​Астапенка, А.​Вольскі, С.​Дзяргай, М.​Лужанін, К.​Цітоў і інш.

Тв.:

Raštai. Т. 1—5. Vilnius, 1960—63.

Л.Гіра.

т. 5, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕВА́НГЕЛЛІ (грэч. euangelion літар. добрая вестка),

раннехрысціянскія творы пра жыццё і вучэнне Ісуса Хрыста. Узніклі на мяжы 1—2 ст. н.э., аўтарамі Е. лічаць апосталаў або іх вучняў. Е. падзяляюцца на кананічныя — ад Матфея, Марка, Лукі і Іаана (уваходзяць у Новы Запавет) і апакрыфічныя (гл. Апокрыфы). На Беларусі Е. бытуюць з 10 ст. Найбольш стараж. Е., якія дайшлі да нас, — Тураўскае (11 ст.), Аршанскае (13 ст.), Полацкія (12—14 ст.), Мсціжскае (13—14 ст.), Друцкае, Лаўрышаўскае (14 ст.), Жыровіцкае (15 ст.), Шарашоўскае (16 ст.; гл. адпаведныя артыкулы). Евангельскія сюжэты, вобразы, прытчы, сімвалы шырока выкарыстоўвалі ў літ. і асветніцкай дзейнасці Кірыла Тураўскі, Клімент Смаляціч, Ф.​Скарына, В.​Цяпінскі (першы надрукаваў Е. на старабел. мове), С.​Будны, Л. і С.​Зізаніі, Л.​Карповіч, М.​Сматрыцкі, А.​Філіповіч і інш. Сюжэты, змест і вобразы Е. выкарыстоўвалі майстры скульптуры, жывапісу, кніжнай графікі, пісьменнікі (Сімяон Полацкі, М.​Багдановіч, Я.​Колас, К.​Крапіва, У.​Караткевіч і інш.).

Літ.:

Конан У. Ля вытокаў самапазнання: Станаўленне духоўных каштоўнасцей у святле фальклору. Мн., 1989.

Да арт. Евангеллі. «Евангелле вучыцельнае» Каліста. Еўе. 1616.

т. 6, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІРА́НСКІЯ МО́ВЫ,

група моў, якія адносяцца да індаіранскай галіны індаеўрап, сям’і моў (гл. Індаеўрапейскія мовы). Пашыраны ў Іране, Афганістане, Сярэдняй Азіі, часткова на Каўказе, у Турцыі, Пакістане. Усталяваны падзел на ўсх. і зах. групы не зусім адпавядае іх сучаснаму геагр. пашырэнню. Усх. група ўключае асецінскую, афг., ягнобскую, памірскія, зах.перс., тадж., курдскую, белуджскую і прыкаспійскія мовы.

Стараж. І.м. — стараж.-перс. (клінапісныя надпісы 6—4 ст. да н.э.); мова «Авесты» (1-е тыс. да н.э.), скіфская (сакская, зберагліся паасобныя словы і ўласныя імёны). Мёртвыя І.м. сярэдняга перыяду (1-е тыс. да н.э.) — сярэднеперс., парфянская, сагдыйская, харэзмійская і інш. Новымі літ. І.м. з’яўляюцца перс., тадж., курдская, афг., асецінская, белуджская (у Пакістане). Стараж. І.м. характэрны развіты сінтакс. лад, флектыўны тып марфалогіі з разгорнутай сістэмай імя і дзеяслова; гэтыя рысы ў сучасных І.м. спрасціліся: страчана катэгорыя роду, скарацілася колькасць склонаў, пашырыліся аналіт. рысы. Асаблівасць сінтаксісу — наяўнасць ізафетнай канструкцыі са спец. марфал. абазначэннем таго слова, да якога адносіцца атрыбут. Вывучае І.м. іраністыка.

Літ.:

Оранский И.М. Иранские языки. М., 1963;

Основы иранского языкознания. [Кн. 1—4.] М., 1979—87.

А.​Я.​Супрун.

т. 7, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСПА́НСКАЯ МО́ВА,

адна з раманскіх моў (ібера-раманская падгрупа). Афіц. мова Іспаніі, большасці краін Паўд. і Цэнтр. Амерыкі, Рэспублікі Экватарыяльная Гвінея. Пашырана таксама ў Марока, на Філіпінах. Адна з 6 афіц. моў ААН. І.м. стала развівацца з нар. латыні, якая замацавалася на Пірэнеях у 3—2-м ст. да н.э. ў выніку рым. каланізацыі. Мае 2 асн. групы дыялектаў: паўн. (кастыльскі, арагонскі, леонскі) і паўд. (андалузскі дыялект з некалькімі разнавіднасцямі). Асн. фанет. рысы: у націскным і ненаціскным становішчы ўсе 5 галосных вымаўляюцца выразна, шматлікія дыфтонгі і трыфтонгі ўтвараюцца шляхам спалучэння моцных галосных са слабымі, націск звычайна на апошнім або перадапошнім складзе. Назоўнікі і прыметнікі не скланяюцца, вял. колькасць марфал. і аналіт. форм дзеяслова. Лексіка І.м. пераважна з нар. латыні. У слоўнікавым складзе шмат германізмаў, галіцызмаў, арабізмаў. Першыя пісьмовыя помнікі адносяцца да 12 ст. Літ. мова на аснове кастыльскага дыялекту. Пісьменства на аснове лацініцы.

Літ.:

Васильева-Шведе О.К., Степанов Г.В. Теоретическая грамматика испанского языка: Морфология и синтаксис частей речи. 2 изд. М., 1980;

Іх жа. Теоретическая грамматика испанского языка: Синтаксис предложения. М., 1981.

У.​В.​Макараў.

т. 7, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)