КАЗАКО́Ў (Юрый Паўлавіч) (8.8.1927, Масква — 29.11.1982),
рускі пісьменнік. Скончыў муз. вучылішча імя Гнесіных (1951), Літ. ін-т імя М.Горкага (1958). Друкаваўся з 1952. Выдаў зб-кі апавяданняў «Манька» (1958), «На паўстанку» (1959), «Па дарозе» (1961), «Блакітнае і зялёнае» (1963), «Пах хлеба» (1965), «Двое ў снежні» (1966), «Восень у дубовых лясах» (1969), «У сне ты горка плакаў» (1977), «Аленевы рогі» (1980) і інш. К. — паслядоўнік традыцый рус. класічнай прозы. Яго апавяданні вылучаюцца эмацыянальнасцю, стройнасцю, псіхал. насычаным пейзажам, спалучэннем лірыка-рамант. пачатку з жорсткім рэалізмам. Асн. тэмы твораў — вернасць доўгу і свайму прызначэнню, здзіўленне перад загадкай жыцця (кн. нарысаў пра памораў «Паўночны дзённік», 1961, навелы пра жывёл). Выступіў у абарону Салаўкоў. Аўтар кніг для дзяцей. На бел. мову паасобныя творы К. пераклаў А.Жук.
Тв.:
Избранное. М., 1985;
Две ночи. М., 1986;
Бел. пер. — Арктур — гончы сабака. Мн., 1976.
Літ.:
Кузьмичев И.С. Юрий Казаков: Набросок портрета. Л., 1986.
І.У.Саламевіч.
т. 7, с. 413
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)