ДЗЯРЖЫ́НСКІ (сапр. Чаржынскі) Уладзіслаў Вікенцьевіч

(1897, в. Старакаменная Беластоцкага ваяв., Польшча — 2.4.1974),

бел. крытык і літ.-знавец. Скончыў БДУ (1925). Выкладаў у Камуніст. ун-це Беларусі (1925—30). У 1930 рэпрэсіраваны, высланы ў Казань. Рэабілітаваны ў 1988. Працаваў у Татарскім ін-це павышэння кваліфікацыі настаўнікаў (1931—36), Казанскім мед. ін-це (1933—47, 1950—71). Друкаваўся з 1922. Даследаваў тагачасны літ. працэс, творчасць М.Багдановіча, Я.Купалы, Я.Коласа, З.Бядулі, М.Чарота, Ц.Гартнага і інш. Працы Дз. вылучаліся глыбінёй эстэт. аналізу, жывасцю даследчыцкай думкі.

Тв.:

Максім Багдановіч як стылізатар беларускага верша // Адраджэнне. 1922. № 1;

Беларуская літаратурная сучаснасць (1920—1925) // Полымя. 1925. №1,2, 5;

Да партрэту Я.Коласа ў літаратурнай крытыцы // Якуб Колас у літаратурнай крытыцы. Мн., 1926;

З.Жылуновіч як крытык // Цішка Гартны ў літаратурнай крытыцы Мн., 1928;

Янка Купала ў крытыцы нашаніўскіх сучаснікаў // Янка Купала ў літаратурнай крытыцы Мн., 1928;

Да пытання аб псіхалагічным стылі нашаніўскай паэзіі. Мн., 1928.

т. 6, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)