О́РСА Аляксандр (24.7.1896, в. Нягневічы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. —2.11.1959),

грамадскі дзеяч бел. эміграцыі, педагог. Д-р прыродазнаўчых н. (1929). Скончыў гар. вучылішча (1913) і настаўніцкія курсы (1915) у Навагрудку, сярэднюю школу пры Укр. пед. ін-це (1923) і прыродазнаўчы ф-т Карлава ун-та (1928) у Празе. У 1-ю сусв. вайну на Зах. фронце, афіцэр. З 1918 настаўнічаў у пач. школе в. Гараб’евічы і ў Навагрудку: бел. гімназіі (1929—34), польск. пач. школе (1934—39), сярэдняй школе (1939), пед. вучылішчы (1940—41). У час вайны супрацоўнічаў з акупац. ўладамі, з 1941 школьны інспектар Навагрудскай акругі. З 1944 у Германіі: настаўнік і дырэктар Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы (1945-49). З 1949 у Нью-Йорку (ЗША). Адзін з заснавальнікаў і сяброў Беларуска-амерыканскага задзіночання, стваральнік у Нью-Йорку першай парафіі Бел. аўтакефальнай правасл. царквы, ініцыятар стварэння і заснавальнік Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку, арганізатар першых бел. школ у Нью-Йорку. Уваходзіў ва ўрад БНР у эміграцыі (міністр асветы). Рэдагаваў падручнікі для сярэдніх эмігранцкіх бел. школ.

А.​С.​Ляднёва.

т. 11, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАНТАГЕНЕ́ТЫ (Plantagenets), Анжуйская дынастыя,

каралеўская дынастыя ў Англіі ў 1154—1399. Заснавальнік — Генрых II, граф Анжуйскі. Назву дынастыя атрымала ад звычкі бацькі Генрыха II — Жафруа Прыгожага аздабляць свой шлем галінкай жаўтазелю (лац. planta genista). Пад уладай Генрыха II і яго пераемнікаў акрамя Англіі знаходзіліся шматлікія ўладанні ў Францыі, б.ч. якіх П. страцілі ў пач. 13 ст. Пры П. у Англіі адбывалася дзярж. цэнтралізацыя, утварылася саслоўная манархія з саслоўным прадстаўніцтвам-парламентам (упершыню скліканы ў 1265). П. вялі войны: у 2-й пал. 12 ст. пачалося заваяванне Ірландыі, у 1280-я г. заваяваны Уэльс, у 1296—1314 няўдала спрабавалі заваяваць Шатландыю. Пры П. Англія ўступіла ў Стогадовую вайну 1337—1453. У час праўлення Рычарда II б.ч. дзяржавы была ахоплена Уота Тайлера паўстаннем 1381. Прадстаўнікі дынастыі: Генрых II (1154—89), Рычард I Львінае Сэрца, Іаан Беззямельны, Генрых III (1216—72), Эдуард I (1272—1307), Эдуард II (1307—27), Эдуард III (1327—77), Рычард II (1377—99). Пасля звяржэння Рычарда II улада перайшла да бакавых адгалінаванняў П. — Ланкастэраў (1399—1461) і Йоркаў (1461—85).

т. 12, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАШЭ́РН (Prešéren, Prešern) Францэ (3.12.1800, Врба, Славенія — 8.2.1849), славенскі паэт; прадстаўнік рамантызму. Скончыў Венскі ун-т (1828). Друкаваўся з 1827. Працягваў традыцыі класічнай італьян. паэзіі, Дж.​Байрана, ням. рамантыкаў. Асн. месца ў паэзіі займае інтымная лірыка з элегічнымі і трагічнымі настроямі («Любоўныя санеты», 1830—31; «Санеты няшчасця», 1832, і інш.). Аўтар цыкла «Вянок санетаў» (1834), сатыр. вершаў і эпіграм «Саркастычныя санеты» (1833), ліраэпічнай паэмы «Хрышчэнне на Савіцы» (1836) і інш. Патрыят. і вольналюбівыя настроі выявіліся ў яго творах напярэдадні рэвалюцыі 1848 (вершы «Здравіца», «Памяці Андрэя Смоле»). Заснавальнік славенскай літ. мовы. Стварыў новыя для нац. паэзіі жанры і формы (санеты, газелі, рамансы, элегіі, балады). На бел. мову яго вершы пераклалі Н.​Гілевіч, А.​Зарыцкі, В.​Зуёнак, Я.​Сіпакоў.

Тв.:

Бел. пер. — Санеты смутку. Мн., 1987;

У кн.: Маці мая, Славенія: Выбр. старонкі славенскай паэзіі XIX—XX стст. Мн., 1976;

У кн.: На волю птушку выпускаю Мн., 1989;

У кн.: Знічкі сямі нябёс. Мн., 1992;

Рус. пер. — Избранное. М., 1955;

Лирика. М., 1971.

І.​А.​Чарота.

т. 13, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЮ́З ДАСЯГНЕ́ННЯ РАЎНАПРА́ЎЯ ЯЎРЭ́ЯЎ У РАСІ́І Існаваў з сак. 1905 да мая 1907. На Беларусі саюз дзейнічаў у Гомелі, Мінску, Гродне і інш. гарадах і мястэчках. Устаноўчы сход адбыўся ў крас. 1905 у Вільні, створаны цэнтр. камітэт саюза, у які ўвайшлі М.​Вінавер (старшыня), Ю.​Гесен (сакратар), С.​М.​Дубноў, Г.​Б.​Сліёзберг. Дзейнасць зводзілася да арганізац. мер для ўдзелу яўрэяў у выбарах у Дзярж. думу, прававой дапамогі яўр. насельніцтву. Чл. саюза выступалі за асіміляцыю яўрэяў у складзе Рас. імперыі (у адрозненне ад сіяністаў), за роўныя правы ў галіне адукацыі і культуры, за тэр. аўтаномію. Па нац. пытанні падтрымлівалі партыю кадэтаў. Адбыліся 4 з’езды саюза. У сак. 1906 саюз перайменаваны ў «Таварыства раўнапраўя яўрэйскага народа ў Расіі». Чл. саюза ўдзельнічалі ў выбарах у 1 -ю Дзярж. думу (6 дэпутатаў увайшлі ў фракцыю кадэтаў) і 2-ю Дзярж. думу. Саюз меў друк. выданні: газ. «Еврейская жизнь» (1905—07), «Хроника еврейской жизни» (1905—06), «Еврейский выборщик» (1907). У маі 1907 саюз раскалоўся на «Яўрэйскую народную групу», Яўрэйскую нар. партыю (заснавальнік Дубноў) і сіянісцкую партыю.

Э.​Р.​Іофе, Э.​А.​Ліпецкі.

т. 14, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́ЧАНАЎ Іван Міхайлавіч (13.8.1829, с. Сечанава Ніжагародскай вобл., Расія — 15.11.1905),

расійскі фізіёлаг; заснавальнік расійскай фізіял. школы. Ганаровы акад. Пецярбургскай АН (1904, чл.-кар. 1869). Скончыў Маскоўскі ун-т (1856). У 1860—70 праф. Медыка-хірург. акадэміі ў Пецярбургу, з 1871 — Новарасійскага ў Адэсе, у 1876—88 Пецярбургскага, у 1891—1901 Маскоўскага ун-таў. Асн. працы па фізіялогіі нерв. дзейнасці. Адкрыў існаванне цэнтр. тармажэння ў нерв. сістэме (сечанаўскае тармажэнне), абгрунтаваў адзінства псіхічных і фізіял. з’яў, рэфлекторны характар складаных псіхічных рэакцый, падуладнасць псіхікі аб’ектыўнаму вывучэнню. Выявіў эфект сумацыі ў нерв. цэнтрах, адзначыў ролю рухаў і рухальных адчуванняў у пачуццёвым і разумовым пазнанні, аналізаваў прыроду мысліцельных працэсаў. Адкрыў перыяд. біяэлектрычныя з’явы ў нерв. сістэме, увёў паняцце сігнальнай рэгуляцыі нервова-псіхічнай дзейнасці. Стваральнік аб’ектыўнай псіхалогіі паводзін, заклаў асновы фізіялогіі працы, узроставай і эвалюц. фізіялогіі, прапанаваў ідэю «актыўнага адпачынку».

Тв.:

Элементы мысли: Сб. избр. ст. М.; Л., 1943;

Рефлексы головного мозга. М., 1952.

Літ.:

Яновская М.И. Сеченов М., 1959;

Ярошевский М.Г. И.​М.​Сеченов, 1829—1905. Л., 1968.

І.М.Сечанаў.

т. 14, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЁРА́ (Seurat) Жорж П’ер (2.12.1859, Парыж — 29.3.1891),

французскі жывапісец; заснавальнік неаімпрэсіянізму. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы (1878—79). Працаваў пераважна ў Парыжы. Сюжэты ранніх твораў блізкія традыцыям барбізонскай школы: сельскія віды і сяляне за працай. Пазней пад уплывам імпрэсіяністаў запазычыў у іх тэхніку і тэмы. Першы значны твор — «Купанне ў Аньеры» (1884). У карціне «Нядзеля пасля паўдня на востраве Гранд-Жат» (1886) упершыню выкарыстаў тэхніку пуантылізму. У творах імкнуўся стварыць «лагічную навуковую і жывапісную» сістэму, з дапамогай якой імкнуўся надаць карціне гармонію і ўзгодненасць колеру: «Парад» (1888), «Канкан» (1890), «Цырк» (1891). Пераважную большасць яго работ складаюць пейзажы, марскія віды, у якіх дакладныя натурныя назіранні спалучаюцца з рытмічнай кампазіцыяй: пейзажы Порт-ан-Бесена (1888), Кратуа (1889), Граўліна (1890). Яго маст. канцэпцыі паўплывалі на фавістаў, кубістаў, ням. экспрэсіяністаў і італьян. футурыстаў і інш.

Літ.:

Ж.​Сёра. П.​Синьяк. Письма. Дневники..: Пер. с фр. М., 1976;

Перрюшо А. Жизнь Сёра: Пер. с фр. М., 1992.

Я.​Ф.​Шунейка.

Ж.Сёра. Нядзеля пасля паўдня на востраве Гранд-Жат. 1886.

т. 14, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЛЕ́ЗСКІЯ ШКО́ЛЫ,

дзве літаратурныя школы ў Германіі ў 17 ст. Назва ад цэнтра літ. суполак у сілезскім г. Брэслаў. Заснавальнік першай С.ш. паэт М.​Опіц, які першы пачаў пісаць філас. грамадз. лірыку на ням. мове, паслядоўна правёў сілаба-танічную рэформу і напісаў трактат па паэтыцы «Кніга пра нямецкае майстэрства паэзіі» (1624). Ён вызначыў стыль паэтаў гэтай школы, у творчасці якіх рысы барока спалучаліся з элементамі класіцызму, рацыяналізмам і афарыстычнасцю формы (П.​Флемінг, Ф. фон Логаў). Асн. праблематыка — 30-гадовая вайна, адказнасць чалавека перад часам, айчынай і сабою. Другая С.ш. ўзнікла ў 2-й пал. 17 ст. (К.​Г.​Гофмансвальдаў, Д. фон Лоэнштайн, К.​Грыфіус) і належыць да барока. Яе стыль адзначаны моцным уплывам марынізму і прэцыёзнай літаратуры, адметны складанай метафарычнасцю, маляўнічасцю, музычнасцю і вытанчанасцю формы. Асн. тэмы — марнасць быцця і велічнасць чалавечага духу, каханне, а таксама геданізм і эратычныя матывы. Абедзве С.ш. з’явіліся фундаментам класічнай ням. паэзіі.

Літ.:

Синило Г.В. Немецкая литература XVII в. // Разумовская М.В., Синило Г.В., Солодовников С.В. Литература XVII—XVIII вв. Мн., 1989.

Г.​В.​Сініла.

т. 14, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАБЯЛЬЦЫ́Н Дзмітрый Уладзіміравіч (24.11.1892, С.-Пецярбург — 16.11.1990),

расійскі фізік і грамадскі дзеяч, заснавальнік навук. школы па фізіцы атамнага ядра і касм. прамянёў. Акад. АН СССР (1946, чл.-кар. 1939). Герой Сац. Працы (1969). Скончыў Петраградскі ун-т (1915). З 1916 у ВНУ Ленінграда. У 1929—31 працаваў у лабараторыі М.​Складоўскай-Кюры. З 1937 у Фіз. ін-це АН СССР (у 1952—72 дырэктар), адначасова ў 1946—60 дырэктар НДІ ядз. фізікі Маскоўскага ун-та (з 1940 праф.). У 1950—74 старшыня Камітэта па Міжнар. Ленінскіх прэміях. Навук. працы па ядз. фізіцы, фізіцы касм. прамянёў і фізіцы высокіх энергій. Выкарыстаў камеру Вільсана, змешчаную ў магн. поле, для даследаванняў узаемадзеяння γ-квантаў з рэчывам (1924), вынікі якіх пацвердзілі квантавую прыроду святла. Адкрыў наяўнасць у касм. прамянях зараджаных часціц высокіх энергій і паяўленне груп з некалькіх (да 4) генетычна звязаных часціц (т.зв. касм. ліўні; 1927—29), што дало пачатак даследаванню прыроды касм. прамянёў. Залаты медаль імя Ламаносава 1952. Дзярж. прэмія СССР 1951. Ленінская прэмія 1982.

Тв.:

Космические лучи. Л.;

М., 1936;

Парадокс близнецов в теории относительности. М., 1966.

Дз.У.Скабяльцын.

т. 14, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УІ́ЛЕР (Wheeler) Джон Арчыбальд (н. 9.7.1911, г. Джэксанвіл, ЗША),

амерыканскі фізік-тэарэтык, стваральнік навук. школы па тэарэт. фізіцы. Чл. Нац. АН ЗША (1952), Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1954). Скончыў ун-т Дж.​Хопкінса (ЗША, 1933). З 1938 у Прынстанскім (з 1947 праф.), з 1976 у Тэхаскім ун-тах, у 1976—86 дырэктар Цэнтра тэарэт. фізікі. Навук. працы па ядз. фізіцы, тэрмаядз. сінтэзе, квантавай электрадынаміцы, адзінай тэорыі поля, тэорыі гравітацыі, рэлятывісцкай астрафізіцы. Увёў матрыцу рассеяння (1937; раней за В.Гайзенберга), даў колькасную тэорыю дзялення атамнага ядра (1939; разам з Н.Борам), абгрунтаваў магчымасць ядз. ланцуговай рэакцыі дзялення урану (1939). Заснавальнік геаметрадынамікі — канцэпцыі геам. апісання гравітацыі і электрамагнетызму (1957). У 1942—46 і 1950—53 удзельнічаў у стварэнні ядз. зброі.

Тв.:

Рус. пер. — Гравитация. Т. 1—2. М., 1977 (разам з Ч.​Мізнерам, К.​Торнам);

Открытие деления ядер (разам з О.​Фрышам) // Успехи физ. наук. 1968. Т. 96, вып. 4;

Черные дыры, гравитационные волны и космология. М., 1977 (разам з М.​Рысам, Р.​Руфіні).

М.​М.​Касцюковіч.

Дж.А.Уілер.

т. 16, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАРЫТО́Н Юлій Барысавіч (27.2.1904, С.-Пецярбург — 19.12.1996),

расійскі фізік і фізікахімік, заснавальнік навук. школы па фізіцы гарэння і выбуху. Акад. Рас. АН (1953, чл.-кар. 1946). Тройчы Герой Сац. Працы (1949, 1951, 1954). Скончыў Ленінградскі політэхн. ін-т (1925). У 1921—31 у Фізіка-тэхн. ін-це АН СССР. У 1926—28 стажыраваўся ў Кавендышскай лабараторыі ў Э.​Рэзерфарда. З 1931 у Ін-це хім. фізікі АН СССР. З 1946 у ядз. цэнтры КБ-11 (г. Арзамас-16, цяпер г. Сароў). Навук. працы па тэорыі выбуховых рэчываў. даследаванні крытычнай т-ры кандэнсацыі пары металаў, узаемадзеянні малекул з паверхняй цвёрдых цел, праблемах тэрмаядз. лазернага сінтэзу і ядз. энергетыкі. Разам з Я.Б.Зяльдовічам упершыню правёў разлік ланцуговай рэакцыі дзялення урану (1939). Адзін з удзельнікаў стварэння і ўдасканалення савецкай ядз. зброі. Ленінская прэмія 1957. Дзярж. прэміі СССР 1949, 1951, 1953. Залаты медаль імя Ламаносава АН СССР (1983).

Літ.:

Человек столетия Ю.​Б.​Харитон. М., 1999;

Ю.​Б.​Харитон: Путь длиною в век. М., 1999.

Ф.​Дз.​Папоў.

Ю.Б.Харытон.

т. 16, с. 556

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)