народ, асн. насельніцтва Літвы (2924 тыс.чал.; 1992). Жывуць таксама ў краінах СНД, у т. л. на Беларусі 7,6 тыс.чал. (перапіс 1989), Латвіі, ЗША і інш. Агульная колькасць 3,45 млн.чал. (1992). Гавораць на літоўскай мове. Вернікі пераважна католікі.
Літоўская народнасць пачала складвацца ў 12—13 ст. Пасля ўтварэння Вялікага княства Літоўскага пачаўся працэс паступовага зліцця этнічных груп Л. у агульную народнасць, якому спрыяла прыняцце каталіцтва ў Літве (Аўкштайціі і ў балцкіх арэалах на Беларусі) у 1387 і ў Жамойці ў 1413. У ходзе гэтага працэсу асіміляваны некат. балцкія плямёны (прусы, яцвягі, земгалы і інш.). У 16—18 ст. Л. ўваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай. Пасля яе 3-га падзелу (1795) Літва далучана да Рас. імперыі. Кансалідацыя Л. у нацыю завяршылася ў 2-й пал. 19 ст.Традыц. тып паселішчаў Л. у канцы 19 — пач. 20 ст : на З — хутары, на У — вёскі. Нац. адзенне: у жанчын — тунікападобная кашуля, стракатая безрукаўка, часам са шнуроўкаю на грудзях, паласатая або ў клетку спадніца, фартух і ўзорысты тканы пояс; у мужчын — кашуля, шарсцяная куртка. паласатыя або ў клетку штаны, пояс.
Культ. ўзаемаўплыў беларусаў і Л. быў асабліва актыўны ў часы ВКЛ. У той перыяд арэал рассялення Л. быў больш шырокі за сучасны і ахопліваў прылеглыя да літ. мяжы тэр. сучаснай Гродзенскай вобл. Гістарычна і тапанімічна зафіксаваны месцы кампактнага пражывання Л. далей на У: у вёсках з назвай Літва ў верхнім Панямонні ці з характэрна літ. назвамі тыпу Бакшты, Жвірблевічы на Міншчыне і інш. Па-за межамі асн. арэала Л. рассяляліся па тэр. Беларусі ў выніку міграцый, асабліва пры перамяшчэннях паміж уладаннямі аднаго феадала, які меў падданых і ў Літве, і на Беларусі. Адначасова і карэнная тэр. Л. была аб’ектам слав. міграцыі, асабліва моцнай каля Вільні. Л. складалі меншасць насельніцтва ВКЛ. Да 2-й пал. 16 ст. яны не мелі ўласнай пісьмовасці. Шматлікая арыстакратыя літ. паходжання мела тэндэнцыю да абеларушвання, з 17 ст. — да паланізацыі. Тая ж тэндэнцыя назіралася і сярод гар. насельніцтва. Моцны культ. ўплыў беларусаў адчувалі Л. — сяляне дзукі. Да канца 19 ст. гэта прывяло да суцэльнай беларусізацыі Віленскага краю. У канцы 1870 — пач. 1890-х г. адзначана перасяленне Л. на ўсх. і паўн.-ўсх. землі Беларусі. У 1897 кампактныя групы Л. жылі ў Лідскім (17 285 чал.), Ашмянскім (8754), Гродзенскім (2814), Аршанскім (каля 1400), Сенненскім (каля 800), Чавускім (каля 500), Барысаўскім (больш за 400) паветах. Яны займаліся пераважна земляробствам, ткацтвам. Напярэдадні 1-й сусв. вайны толькі на У Беларусі жыло каля 10 тыс. Л. У час вайны ў выніку міграцыі і эвакуацыі з этн. Літвы павялічылася колькасць Л.-гараджан. У 1919—20 існавала Літоўска-Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Паводле перапісу 1926 Л. у БССР было 6564 чал., у т. л. да 2 тыс. гараджан (Віцебск, Барысаў, Гомель, Мінск); да 65% іх жыло ў Барысаўскім, Дубровенскім, Крупскім, Лёзненскім, Мсціслаўскім, Полацкім, Сенненскім, Ушацкім, Чавускім р-нах. У месцах кампактнага рассялення Л. у 1920—30-я г. існавалі нац. калгасы (6 у 1934); у 1928—39 існаваў Малькаўскі літ.нац. сельсавет. Дзейнічалі нац. школы: 2 у 1925—26, 12 у 1929, 10 у 1931—32, 13 у 1934—35, 9 у 1936, а таксама нац.-змешаныя: 1 літ.-латышская і 1 бел.-літоўская (1936). З 1928 існавала літ. секцыя Бел. асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў (з 1932 СП БССР). З 1927 у Інбелкульце (з 1929 АН Беларусі) працавала кафедра гісторыі Літвы, з 1929 — літ. сектар АН, з чэрв. 1933 — літ. секцыя Ін-та нацменшасцей АНБССР. Пры ЦККП(б)Б існавала Літ. бюро. У Мінску і Віцебску працавалі літ. рабочыя клубы. У 1927—37 у Мінску выдавалася газ. на літ. мове «Raudonasis artojas» («Чырвоны араты»), радыёстанцыя «Савецкая Беларусь» трансліравала перадачы на літ. мове. З 1932 існаваў літ. сектар пры Белдзяржвыдавецтве, выдаваліся падручнікі і л-ра на літ. мове. У 1937—38 нац. арг-цыі скасаваны, многія Л. рэпрэсіраваны; колькасць Л. у БССР зменшылася. На тэр.Зах. Беларусі ў 1920—30-я г. дзейнічала літ.культ.-асв.т-ва «Раніца», існавалі літ. школы, нар. чытальні; з 1930 пры Віленскім акруговым к-це КПЗБ (з 1931 пры ЦККПЗБ) дзейнічала Літоўскае бюро ЦККПЗБ. У пасляваен. час, пераважна ў 1950-я г., з месцаў кампактнага пражывання Л. на Беларусі адбывалася міграцыя ў Літ. ССР, дзе ўтварыліся своеасаблівыя грамадска-культ. асяродкі: т-ва «Гервечай», што аб’ядноўвае ўраджэнцаў в. Гервяты (Астравецкі р-н) і клуб «Бяржынас» («Бярэзнік») які аб’ядноўвае ўраджэнцаў в. Малькава (Дубровенскі р-н) і наваколля; пэўная колькасць Л. перасялілася на Беларусь.
У 1970 Л. на Беларусі было 8092 чал., у 1979—6993. Большасць з іх жыве ў Гродзенскай вобл. (Астравецкі і Воранаўскі р-ны). У гэтых раёнах у 1957 створана 8 школ з выкладаннем літ. мовы, цяпер дзейнічаюць 2 сярэднія школы ў Воранаўскім і Астравецкім р-нах, 1 школа з літ. класамі ў Браслаўскім р-не. У в. Рымдзюны (Астравецкі р-н) будуецца Літ. грамадска-культ.цэнтр. З 1994 існуе Рэсп. абшчына Л. Беларусі, у склад якой уваходзяць суполкі Воранаўскага, Астравецкага і Браслаўскага р-наў, а таксама Гродзенскае аб’яднанне Л. «Тэвіня». Нягледзячы на актыўныя працэсы этнакульт. збліжэння, літ. насельніцтва ў многім захоўвае асаблівасці побыту і культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІРГІ́НСКІЯ АСТРАВЫ́ (Virgin Islands),
уладанне ЗША у Вест-Індыі, на Малых Антыльскіх а-вах. Пл. 355 км².
Нас. 104 тыс.чал. (1993). Адм. ц. — г. Шарлота-Амалія (12,3 тыс.ж., 1990) на в-ве Сент-Томас. Афіц. мова англійская. Дзейнічае Перагледжаны арганічны закон Віргінскіх астравоў, прыняты кангрэсам ЗША у 1954. Агульны нагляд за астравамі ажыццяўляе мін-ваўнутр. спраў ЗША. Выканаўчая ўлада належыць губернатару (выбіраецца на 4 гады). Паводле рэкамендацый заканад. сходу ён прызначае кіраўнікоў 12 выканаўчых дэпартаментаў і 2 адм. памочнікаў, яны прадстаўляюць яго на а-вах Сент-Джон і Санта-Крус. Аднапалатны заканад. сход складаецца з 15 сенатараў, якія выбіраюцца на 2 гады. Законы, прынятыя ім, зацвярджаюцца губернатарам. З 1973 астравы маюць 1 дэпутата (без права голасу) у палаце прадстаўнікоў кангрэса ЗША.
Уладанне ўключае больш за 50 астравоў і рыфаў, найб. з іх Санта-Крус (218 км²), Сент-Томас (83 км²), Сент-Джон (52 км²). Астравы гарыстыя (г. Краўн, 474 м), складзены з вапнякоў і вулканічных крышт. парод. Т-ра паветра 21—29 °C (зімой), 24—31 °C (летам). Ападкаў 1200 мм за год, летам і восенню частыя ўраганы. Захаваліся ўчасткі трапічных лясоў, асабліва на в-ве Сент-Джон, 2/3тэр. якога займае аднайменны нац. парк. Мясцовае насельніцтва — негры і мулаты (больш за 80%), жывуць таксама пуэртарыканцы, выхадцы з ЗША і інш.Найб. населены а-вы Санта-Крус (50,1 тыс.чал.) і Сент-Томас (48,2 тыс.чал.). Сярод вернікаў пераважаюць пратэстанты. Асн. галіна гаспадаркі — абслугоўванне замежных турыстаў. Штогод астравы наведвае каля 1,5 млн. турыстаў, пераважна з ЗША. У прам-сці гал. ролю адыгрываюць прадпрыемствы на в-ве Санта-Крус: нафтаперапрацоўчы (адзін з найб. у свеце, магутнасць 36,4 млн.т за год) і алюмініевы з-ды. Выпрацоўка электраэнергіі каля 1 млрд.кВт∙гадз штогод. Ёсць прадпрыемствы па зборцы гадзіннікаў з імпартаваных дэталей, па вытв-сці шарсцяных, фармацэўтычных і духмяных вырабаў, рому. Вырошчваюць цукр. трыснёг, садавіну, агародніну, на в-ве Санта-Крус — сорга. Спецыфічная галіна — выраб алею з лаўровага лісця (в-аў Сент-Джон). Жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, авечкі, свінні) і рыбалоўства (каля 1 тыс.т штогод). Транспарт аўтамаб. і марскі. 2 міжнар. аэрапорты. Грашовая адзінка — долар ЗША.
Гісторыя. Адкрыты Х.Калумбам у 1493. Першыя паселішчы засн. ў 1625 на в-ве Санта-Крус англ. і франц. каланістамі. У розны час гэтым востравам валодалі англічане, французы, іспанцы і Мальтыйскі ордэн. У 1733 куплены Даніяй, афіцыйна абвешчаны яе калоніяй у 1754. У 1672 і 1683 датчане каланізавалі таксама а-вы Сент-Томас і Сент-Джон. У час дацкага панавання в-аў Сент-Томас ператвораны ў цэнтр гандлю, у т. л. рабамі, в-аў Сент-Джон заняты плантацыямі цукр. трыснягу, на якіх выкарыстоўвалася праца рабоў. За час існавання рабства (да сярэдзіны 19 ст.) на астравы завезена 28 тыс. неграў-рабоў. Данія валодала Віргінскімі астравамі да 1917 (за выключэннем перыяду напалеонаўскіх войнаў 1799—1815), потым прадала іх ЗША за 25 млн. долараў.
Дзейнічаюць аддзяленні Дэмакратычнай і Рэспубліканскай партый ЗША, а таксама Рух незалежных грамадзян, Прагрэс.рэсп. партыя і Аб’яднаная нар. партыя, якая выступае за незалежнасць Віргінскіх астравоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́МБУРГ (Freie und Hansestadt Hamburg),
горад на ПнФРГ, на р. Эльба, за 110 км ад Паўночнага м. Утварае самаст.адм. адзінку — зямлю Гамбург (пл. 755,3 км²). Нас. 1702,9 тыс.ж., разам з прыгарадамі (у т. л. па-за адм. межамі зямлі) больш за 2 млн.ж. (1994). Трансп. вузел (аўтадарогі, чыгункі). Гал. марскі порт краіны (больш за 50% суднаў марскога флоту ФРГ; грузаабарот каля 85 млн.т штогод). Міжнар. аэрапорт Фульсбютэль. Другі па колькасці жыхароў горад ФРГ, важны прамысл., гандл., фін. і культ.цэнтр.Прам-сць: суднабудаванне і дапаможныя яму галіны машынабудавання, авіябудаванне, эл.-тэхн. і радыёэлектронная; каляровая металургія, дакладная механіка, нафтаперапр., хім. і гумавая, лёгкая, паліграф. і дрэваапр., харчасмакавая (у т. л. мукамольная, алейная, тытунёвая, піваварная, маргарынавая, шакаладная, кансервавая, перапрацоўка кавы, чаю); вытв-сцьмуз. інструментаў (раялі). Кінапрамысловасць. Цэнтр газетна-выдавецкай справы. Буйныя гандл. прадпрыемствы, біржы, у т. л. фондавая і таварныя (кавы, чаю, цукру, каўчуку), банкі. Метрапалітэн. Ін-т ядзерных даследаванняў. 2 ун-ты. Абсерваторыя. Дзярж. опера. Заапарк Гагенбека.
Узнік каля 825 як умацаваны замак. З 831 цэнтр епіскапства, у 843—45 і 1043—72 — архіепіскапства. У 1215 аб’яднаны старая і новая ч. горада. Адзін з першых (з 1241) і найб. уплывовых (пасля Любека) чл.Ганзы. У 1376, 1458, 1483, 1685, 1693 адбыліся цэхавыя і плебейскія паўстанні супраць патрыцыяту, які канцэнтраваў уладу ў гар. савеце. З 1510 вольны імперскі горад. У 1529 у Гамбургу праведзена Рэфармацыя. У 1558 тут засн. першая ў Паўн. Еўропе біржа. Культ. росквіт у 17—18 ст. (у 1678 засн. першы ў Германіі оперны т-р, у 1767 — Гамбургскі нац.т-р). У 1806 акупіраваны франц. войскамі. Вольны горад у складзе Германскага (з 1815) і Паўн.-германскага (з 1867) саюзаў, Герм. імперыі (1871—1918, яе «марскія вароты»). У Гамбургу адбылося Гамбургскае паўстанне 1923. У 1938 у склад Гамбурга ўключаны гарады Альтана, Гарбург-Вільгельмсбург, Вандсбек і шэраг сельскіх раёнаў. У 2-ю сусв. вайну дзейнічалі антыфаш групы, горад амаль цалкам зруйнаваны бамбардзіроўкамі ў 1943—45. Пасля паражэння фат. Германіі ў брыг. зоне акупацыі. З 1949 мае статус зямлі ФРГ.
Сярод арх. помнікаў: у стылі т.зв. цаглянай готыкі — Катарыненкірхе (каля 1380—1426; вежа 1658) і Якабікірхе (2-я пал. 14 ст.), барока — Міхаэліскірхе (1751—78) з вежай «Вялікі Міхель» (1777—86; выш. 132 м). Захавалася некалькі кварталаў з будынкамі 17—19 ст. Пабудовы 20 ст.: дамы «Чылегаўз» (1922—23) і «Шпрынкенгоф» (1922, арх. абодвух Ф.Гёгер), парк для выставак і адпачынку «Плантэн ун Бломен» (1953), оперны т-р (1954—55, арх. Г.Вебер; у сааўт.), мост цераз Эльбу (1955, Б.Гермкес), царква св. Тройцы (1956, Р.Рымершмід) і інш. Помнікі: Бісмарку ў гавані (1906, скульпт. Г.Ледэрэр), ахвярам бамбардзіровак Гамбурга на могілках Ольсдорф (1949—52, скульпт. Г.Маркс). Музеі: Альтонскі, Кунстгале, этнаграфіі, мастацтва і рамёстваў, Дом Эрнста Барлаха і інш.
Да арт.Гамбург. Панарама горада. На пярэднім плане Міхаэліскірхе з вежай «Вялікі Міхель».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́НРЫХ (Henri),
імя правіцеляў сярэдневяковай Германіі і «Свяшчэннай Рымскай імперыі».
Генрых I Птушкалоў (каля 875—2.7.936), герцаг Саксоніі (Генрых; з 912) і герм. кароль (у 919—936), заснавальнік Саксонскай дынастыі. Выбраны каралём пасля смерці Конрада I. Шляхам кампрамісаў ліквідаваў мяцяжы герцагаў Швабіі (919) і Баварыі (921). Стабілізаваў каралеўскую ўладу, пабудаваў мноства крэпасцей (бургаў), стварыў моцнае коннае войска. Далучыў Латарынгію (925), перамог венграў каля Рыядзе на р. Унструт (933), намагаўся абкласці данінай палабскіх славян, заснаваў марку (пагран. вобласць) у Шлезвігу (935). Яго пераемнікам стаў старэйшы сын (гл.Атон I).
Генрых II Святы (6.5.973, г. Бад-Абах, Германія — 13.7.1024), герцаг Баварыі (Генрых IV; з 995), герм. кароль (з 1002), імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» (у 1014—24). З Саксонскай дынастыі. У 1007 заснаваў епіскапства Бамберг. Умацаваў панаванне імперыі ў Паўн. (1004) і Паўд. (1021/22) Італіі. Праз падтрымку царквы клапаціўся пра ўмацаванне сваёй улады. У 1146 кананізаваны царквой.
Генрых III (28.10.1017—5.10.1056), герцаг Баварыі (з 1027), герм. кароль (з 1028), герцаг Швабіі, Карынтыі і кароль Бургундыі (з 1038), імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» (у 1046 — 56). З Франконскай (Салічаскай) дынастыі. Сын Конрада II. Самастойна правіў з 1039. У час паходу ў Італію (1046—47) скінуў рым. пап, якія сапернічалі паміж сабой; пазней неаднаразова прызначаў кандыдатаў на папскі прастол. Дамогся прызнання залежнасці ад імперыі Венгрыі і Багеміі (Чэхіі).
Генрых IV (11.11.1050, г. Гослар, Германія — 7.8.1106), кароль з 1056, імператар у 1084—1106 (каранаваны як імператар у Рыме антыпапам Кліментам III). З Франконскай (Салічаскай) дынастыі. Сын Генрыха III. Самастойна правіў з 1065. Задушыў Саксонскае паўстанне 1073—75. З 1076 на працягу больш як 20 гадоў вёў з рым. папамі (Грыгорыем VII і інш.) барацьбу за інвестытуру, адным з эпізодаў якой было т.зв. «хаджэнне ў Каносу».
Генрых V (11.8.1086 — 23.5.1125), кароль з 1106, імператар у 1111—25 (нашчадак прастола з 1098). Апошні з Франконскай (Салічаскай) дынастыі. Сын Генрыха IV. Пры жыцці бацькі зблізіўся з яго праціўнікамі — рымскім папам і часткай ням. курфюрстаў. Стаўшы правіцелем, аднавіў барацьбу з папствам за інвестытуру, якая завяршылася Вормскім канкардатам (1122).
Генрых VI (1165, г. Німвеген, цяпер г. Неймеген, Нідэрланды — 28.9.1197), германскі кароль (з 1190) і імператар (у 1191—97), кароль Сіцыліі (з 1194). З дынастыі Гогенштаўфенаў (гл.Штаўфены). Сын Фрыдрыха I Барбаросы. У 1186 ажаніўся са спадчынніцай сіцылійскага прастола Канстанцыяй. Падтрымаў франц. караля Філіпа II у яго барацьбе супраць англ. караля Рычарда I Львінае Сэрца (восенню 1192 паланіў Рычарда і пратрымаў яго ў палоне каля 2 гадоў). У 1194 захапіў Сіцылію. Апантаны ідэяй стварэння «сусв. манархіі» Гогенштаўфенаў, пачаў падрыхтоўку да вайны супраць Візантыі; у час прыгатаванняў і памёр.
Генрых VII (1274 ці 1275—24.8.1313), кароль з 1308, імператар у 1312—13 (каранаваны як імператар у Рыме). З дынастыі Люксембургаў. Сын Генрыха III Люксембургскага. Выбраны каралём большасцю курфюрстаў. У 1310 праз дынастычны шлюб дамогся перадачы чэш. прастола свайму сыну Іагану (Ян Люксембургскі). Пазней, намагаючыся зноў падпарадкаваць імперыі Італію, здзейсніў туды паход.
Да арт.Генрых (германскія правіцелі). Генрых II Святы (злева) і Генрых VI.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІБРАЛТА́Р (Gibraltar),
уладанне Вялікабрытаніі на Пд Пірэнейскага п-ва, каляГібралтарскага праліва. Нейтральнай зонай аддзелены ад ісп.г. Ла-Лінеа. Важны стратэг. пункт на Міжземным м.Пл. 6,5 км². Нас. 32 тыс.чал. (1993). Большасць насельніцтва гібралтарцы — нашчадкі іспанцаў, англічан, мальтыйцаў і інш.Афіц. мова — англійская, пашырана таксама іспанская. Паводле веравызнання 77% католікаў, па 7% мусульман і англікан. Каля паловы насельніцтва занята ў гандлі і абслуговых галінах. Гібралтар складаецца са скалы (выш. да 425 м) і пясчанага перашыйка, які злучае іх з паўвостравам. Прырода і клімат міжземнаморскія. Гаспадарка звязана пераважна з абслугоўваннем ваенна-марской і ваенна-паветр. баз Вялікабрытаніі, транзітнага порта (заходзіць каля 3 тыс. суднаў за год). Рээкспартны гандаль, увоз нафтапрадуктаў, харч. тавараў, прэснай вады. Замежны турызм (штогод 4,2—5 млн.чал.). Суднарамонтныя верфі. Швейныя ф-кі, з-ды па вытв-сці піва і мінер. вады, каваапрацоўчыя, тытунёвыя, рыбакансервавыя, алейныя прадпрыемствы. Асн.гандл. партнёры Вялікабрытанія, Іспанія, Данія, Японія. Грашовая адзінка — гібралтарскі фунт стэрлінгаў.
Гісторыя. Пасяленні чалавека на тэр. Гібралтара існавалі са стараж. часоў. Гібралтар быў вядомы стараж. грэкам і рымлянам пад назвай Кальпе, адзін з Геркулесавых слупоў. У пач. 8 ст.араб. палкаводзец Тарык ібн Сеід пабудаваў тут крэпасць Джэбель-ат-Тарык (гара Тарыка). Пазней крэпасць сталі называць Гібралтар, у 1160 побач з ёю ўзнік араба-маўрытанскі горад. У 1309—33 крэпасцю валодалі іспанцы, потым мараканцы, якія пабудавалі яшчэ больш магутныя ўмацаванні (частка іх захавалася да нашага часу). У 1462 Гібралтар зноў захоплены іспанцамі. У час вайны за ісп. спадчыну ў 1704 аб’яднаная англа-галандская эскадра пад камандаваннем англ. адмірала Дж.Рока захапіла Гібралтар. Паводле Утрэхцкага міру 1713 Гібралтар замацаваны за Вялікабрытаніяй і стаў яе ваен.-марской базай. У 18 ст. Іспанія неаднойчы спрабавала рознымі спосабамі вярнуць Гібралтар. Самая працяглая 4-гадовая яго аблога (1779—83) скончылася няўдачай. Паводле Версальскага мірнага дагавора 1783 зноў прызнаны ўладаннем Вялікабрытаніі, у 1830 абвешчаны брыт. калоніяй. Значэнне Гібралтара вырасла пасля адкрыцця ў 1869 Суэцкага канала. У 1907 Вялікабрытанія, Францыя, Іспанія заключылі пагадненне аб захаванні ў Гібралтарскім праліве статус-кво. У 2-ю сусв. вайну ўсё грамадз. насельніцтва Гібралтара эвакуіравана ў Вялікабрытанію (пасля вайны вярнулася). Іспанія зноў заявіла аб сваім праве на Гібралтар, у 1966 яна аб’явіла блакаду Гібралтара, спыніла ўсе яго зносіны з мацерыком.
У маі 1969 прынята новая канстытуцыя Гібралтара, якая ўвяла мясц. самакіраванне, 30.7.1969 адбыліся першыя выбары ў мясц. Асамблею, сфарміраваны ўрад. Заканад. ўлада ў Гібралтары належаць губернатару, якога прызначае брыт. манарх, і палаце сходу. У 1975 (пасля смерці дыктатара Ф.Франка) Іспанія змякчыла свае пазіцыі — адмяніла абмежаванні на ўезд і выезд з Гібралтара, аднавіла тэлеф. сувязь і інш. У 1980 падпісана Лісабонскае пагадненне аб статусе Гібралтара. Аднак паміж Вялікабрытаніяй і Іспаніяй працягваецца саперніцтва за Гібралтар. У 1984 падпісана ісп.-брыт. дэкларацыя аб пачатку перагавораў па ўрэгуляванні праблемы Гібралтара. Адкрыццё ў 1985 сухапутнай граніцы аслабіла напружанне ў адносінах паміж гэтымі краінамі. У 1991 Гібралтар пакінулі апошнія часці брыт. сухапутных войск, засталіся толькі падраздзяленні ВМС і ВПС. На парламенцкіх выбарах у 1992 перамагла кіруючая Сацыяліст. партыя працы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУСІ́ЦКІЯ ВО́ЙНЫ,
нацыянальна-рэліг. барацьба чэш. народа за рэформу каталіцкай царквы, супраць ням. засілля і іншаземнай інтэрвенцыі ў 1-й пал. 15 ст. Прычынай Гусіцкіх войнаў стаў крызіс, які ахапіў каталіцкую царкву на мяжы 14—15 ст. і выклікаў падзенне яе аўтарытэту. Вышэйшае чэш. духавенства сканцэнтравала ў сваіх руках велізарныя багацці, жыло ў раскошы, чым выклікала да сябе нянавісць у народзе. З рэзкай крытыкай царквы і існуючых у ёй парадкаў выступіў мысліцель і прапаведнік Ян Гус, асуджэнне якога Канстанцкім царк. саборам і спаленне выклікалі абурэнне ва ўсёй Чэхіі і сталі штуршком да Гусіцкіх войнаў. 30.7.1419 пражскія гусіты (назва ўсіх прыхільнікаў ідэй Гуса) на чале з Я.Жэліўскім узнялі паўстанне і захапілі ўладу ў горадзе. Пасля смерці караля Вацлава IV (1419) паўстала ўся Чэхія, народ распраўляўся з патрыцыятам (у асноўным нямецкім) і каталіцкімі прэлатамі, граміў кляштары. Ужо ў першыя месяцы вайны адбылося размежаванне сярод гусітаў. Дробнае рыцарства і бюргерства ўтварылі памяркоўнае крыло гусітаў — чашнікі (чаша — сімвал царк. рэформы), якія задачы рэфармацыі каталіцкай царквы вызначылі ў Пражскіх артыкулах 1420. Гар. нізы і сялянства ўтварылі радыкальнае крыло, што атрымала назву табарыты (ад гары Табар). Табарыты патрабавалі рэфармацыі, заклікалі да ліквідацыі феад. парадкаў. Вясной 1420 пераемнік Вацлава IV Сігізмунд I арганізаваў супраць гусітаў крыжовы паход і ўзяў у аблогу Прагу. На дапамогу гораду прыйшлі гусіцкія атрады на чале з Я.Жыжкам і 14.7.1420 разграмілі крыжакоў на Віткавай гары. Земскі сейм (1421) пазбавіў Сігізмунда I чэш. прастола і стварыў часовы ўрад. Восенню 1421 Сігізмунд I арганізаваў 2-і крыжовы паход, захапіў Маравію і частку Усх. Чэхіі. У студз. 1422 крыжакі двойчы былі разбіты гусітамі каля Кутна-Гары і Нямецкі-Броду. У пошуках саюзнікаў супраць крыжакоў чашнікі прапанавалі чэш. карону вял.кн.ВКЛ Вітаўту. Замест сябе Вітаўт паслаў кн. Жыгімонта Карыбутавіча, які на чале 5-тысячнага бел.-літ. войска ў маі 1422 увайшоў у Прагу і быў каранаваны чэш. сеймам. Але з-за пазіцыі рымскага папы Вітаўт вымушаны быў адклікаць Жыгімонта Карыбутавіча. Пасля смерці Я.Жыжкі (1424) войска табарытаў узначаліў Пракоп Вялікі (Голы). На чале з ім табарыты і чашнікі 16.6.1426 каля Усці-над-Лабай разбілі войска папы і ням. курфюрстаў (3-і крыжовы паход). 4-ы крыжовы паход таксама скончыўся паражэннем крыжакоў пад Тахавам у жн. 1427. З гэтага моманту перавага гусітаў была неаспрэчнай. У 1427—33 гусіты здзейснілі паспяховыя паходы ў Аўстрыю, Баварыю, Маравію, Сілезію, Саксонію і інш. У 1431 папскі нунцый Дж.Чэзарыні арганізаваў 5-ы, самы буйны крыжовы паход; 14.8.1431 каля Домажліцы крыжакі панічна адступілі ў ням. землі. Супярэчнасці паміж чашнікамі і табарытамі ў 1434 выліліся ў ваен. супрацьстаянне. 30.5.1434 войска чашнікаў у бітве пад Ліпанамі разбіла табарытаў. 5.7.1436 у Іглаве чашнікі заключылі мір з Сігізмундам I і Базельскім саборам і падпісалі т.зв. кампактаты (пагадненні), у якіх са значнымі агаворкамі была легалізавана гусіцкая царква, праведзена секулярызацыя царк. маёмасці. У ходзе Гусіцкіх войнаў чэш. гарады пашырылі свае правы, б. каралеўскія гарады дамагліся поўнага самакіравання. Гусіцкія ідэі сталі правобразам еўрап.Рэфармацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ДСКІ РАЁН.
На Пн Гродзенскай вобл. Утвораны 15.1.1940 (з 1962 у сучасных межах). Пл. 1,6 тыс.км². Нас. 47,3 тыс.чал. (1998, без г. Ліда), гарадскога 30%. Сярэдняя шчыльн. 30 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Ліда. Уключае г.Бярозаўка, рабочы пас.Першамайскі, 276 сельскіх нас. пунктаў, 15 сельсаветаў: Беліцкі, Бердаўскі, Ваверскі, Ганчарскі, Гасцілаўскі, Голдаўскі, Дакудаўскі, Дварышчанскі, Дзітвянскі, Дубровенскі, Крупаўскі, Пескаўскі, Тарноўскі, Траццякоўскі, Хадаравецкі.
Тэрыторыя раёна знаходзіцца ў межах Лідскай раўніны і Нёманскай нізіны. Паверхня раўнінная, пераважаюць выш. 130—180 м, найвыш. пункт 207 м (за 8 км на Пн ад г. Ліда). Карысныя выкапні: торф, пясок, жвір, гліна, мел. Сярэдняя т-растудз. -5,7 °C, ліп. 17,6 С. Ападкаў 604 мм за год. Вегетац. перыяд 194 сут. З ПнУ на ПдЗ уздоўж мяжы з Навагрудскім і Дзятлаўскім р-намі працякае р. Нёман з прытокамі Гаўя (з Жыжмай), Дзітва (з Лідзеяй), Лебяда, Нарва. Азёры Вялічкаўскае і Глухава. Глебы с.-г. угоддзяў: дзярнова-падзолістыя (50,6%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (19,5%), тарфяна-балотныя (14,8%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (12,7%) і інш. Пад лесам 27% тэрыторыі. Пераважаюць лясы хваёвыя, яловыя, бярозавыя, найб. масівы на У (частка Нёманскіх лясоў). Балоты займаюць 13,4% тэр. раёна, з іх асушана каля 7,2 тыс.га, найб.вял.Дакудаўскае балота, Жыжма. Заказнікі: рэсп. значэння біял. Дакудаўскі, мясцовага — гідралагічныя Хвалькоўшчына, Тарноўскі, Бярэзіна. Помнікі прыроды: рэсп. значэння парк «Бальцінікі» і ўрочышча Гаік каляв. Крупава, насаджэнне (дуб, асіна, елка) ва ўрочышчы «Аступ» каляв. Мінойты; мясцовага — парк «Гарні» ў в. Гарні (закладзены ў 1881).
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 76,7 тыс.га, з іх асушаных 29,1 га. На 1.1.1999 у раёне 14 калгасаў, 5 саўгасаў, 39 фермерскіх гаспадарак. Асн. кірункі сельскай гаспадаркі: мяса-малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, ільнаводства. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы паліўнай (торфабрыкет), шкляной (шклозавод «Нёман» ў г. Бярозаўка), харч. прам-сці, першаснай апрацоўкі лёну. Ветсанутыльзавод па вырабе мяса-касцявой мукі (у в. Даржы). Лясгас (вытв-сць піламатэрыялаў). Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Маладзечна—Ліда—Гродна, Вільнюс—Баранавічы; аўтадарогі на Гродна, Вільнюс, Іўе, Слонім, Навагрудак; газаправод Івацэвічы—Вільнюс з адгалінаваннямі на гарады Шчучын і Бярозаўку. У раёне 22 сярэднія, 12 базавых, 7 пач., 3 муз., 1 спарт. школы, дзіцяча-юнацкі цэнтр, 27 дашкольных устаноў, 32 дамы культуры і клубы, 48 б-к, 7 бальніц, 3 амбулаторыі, 20 фельч.-ак. пунктаў, пункт хуткай дапамогі. Музеі: гісторыі і прыроды (в. Бердаўка), этнаграфіі (в. Дзітва), музей Ігната Дамейкі (в. Крупава). Помнікі архітэктуры: Крыжаўзвіжанская царква (1810) у в. Бабры, Міхайлаўскі касцёл (пач. 20 ст.) у в. Белагруда, капліца (канец 19 — пач. 20 ст.) і царква (пач. 20 ст.) у в. Беліца, Пакроўская царква (1774) у в. Ганчары, царква Раства Багародзіцы (1795) у в. Голдава, Пакроўская царква (пач. 20 ст.) у в. Збляны, сядзіба (жылы дом, маслабойня, стайня, парк, 19 ст.) у в. Малое Мажэйкава, касцёл (19 ст.) у в. Няцеча, сядзіба (жылы дом, стайня, лядоўня, ветраны млын, сквер, канец 19 — пач. 20 ст.) у в. Тарнова. Старажытны цэнтр ручнога маст. ткацтва ў в. Збляны. Выдаецца «Лідская газета».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНЕРА́ЛЫ (ад позналац. minera руда),
прыродныя хім. злучэнні, радзей самародныя элементы, пераважна цвёрдыя целы крышталічнай і аморфнай будовы, прыкладна аднародныя паводле хім. саставу і фіз. уласцівасцей, утвораныя ў выніку фіз.-хім. працэсаў у нетрах і на паверхні Зямлі або інш. планет, устойлівыя ў пэўных фіз.-хім. межах; састаўная ч. горных парод і руд. Гэта самародныя элементы, сульфіды, галагеніды, аксіды і гідраксіды, кіслародныя солі. Да М. часам адносяць некаторыя арган. злучэнні і ваду. М., якія складаюць горныя пароды, наз.пародаўтваральнымі, тыя, што прысутнічаюць у пародзе ў нязначнай колькасці — акцэсорнымі.
Фіз. і хім. ўласцівасці пераважнай большасці М. залежаць ад хім. саставу і структуры крышт. рашоткі. Вылучаюць ізаморфныя разнавіднасці мінералаў (пры аднолькавай форме пераменны хім. састаў) і паліморфныя аднаго хім. саставу (напр., алмаз і графіт). Вядома каля 2 тыс. М. Найб. пашыраны М. класа сілікатаў (34% ад агульнай колькасці), аксіды і гідраксіды (каля 25%), сульфідныя злучэнні і іх аналагі (каля 20%). Колер, бляск, празрыстасць, цвёрдасць, шчыльнасць, спайнасць, злом, аптычныя характарыстыкі, магнітнасць, электраправоднасць, радыеактыўнасць і інш. ўласцівасці М. цесна звязаны з хім. саставам і структурай. Колер М. разнастайны і залежыць ад храмафорных (афарбоўваючых) элементаў, змены аптычнай аднароднасці крышт. рашоткі, мех. дамешкаў і інш. Бляск М. шкляны, алмазны, паўметалічны і металічны. М. падзяляюцца на празрыстыя (напр., тапаз, горны хрусталь), паўпразрыстыя (напр., кінавар, сфалерыт), непразрыстыя (напр., магнетыт, графіт). Цвёрдасць М. вызначаецца пераважна паводле шкалы Моаса (ад 1 да 10, напр., тальк — цв. 1, алмаз — цв. 10). Пры вызначэнні М. і ўмоў іх утварэння вял. значэнне мае марфалогія (вонкавы выгляд крышталяў — прызматычныя, таблітчастыя, ігольчастыя, слупковыя, ліставатыя, лускавінкавыя і інш.; характар агрэгатаў — друзы, жэоды, сакрэцыі і інш.). Тэрыторыі з пэўным комплексам М. наз.мінералагічнымі правінцыямі; прамежкі часу, спрыяльныя ўтварэнню пэўнага комплексу М., наз. мінералагічнымі эпохамі. Вывучэнне ўзаемасувязі паміж хім., фіз. і марфал. асаблівасцямі М. і ўмовамі іх утварэння ўзнаўляе гісторыю фарміравання радовішчаў, што складае навук. аснову пошукаў і разведкі карысных выкапняў. У аснове сучаснай класіфікацыі М. ляжыць крышталехім. прынцып, які адлюстроўвае тып хім. злучэння і тып. хім. сувязі паміж структурнымі адзінкамі. Паводле класіфікацыі А.Г.Бяцехціна, усе М. падзяляюцца на арганічныя і неарганічныя, неарганічныя — на 6 раздзелаў, унутры іх вылучаюцца класы, падкласы і групы.
На Беларусі вядома некалькі соцень М. У крышт. фундаменце трапляюцца акцэсорныя М.: самародныя элементы (плаціна, ірыдый, золата, ртуць), сульфіды (кінавар, барніт, кавелін), групы гранатаў (андрадыт, альмандын, піроп), піраксены (аўгіт, дыяпсід, саліт, ферасаліт, гіперстэн, эгірын, энстатыт), амфіболы (рагавая падманка, актыналіт, трэмаліт і інш.). У асадкавай тоўшчы трапляюцца самародная медзь, спадарожнік алмазу — піроп, з групы гідраксідаў — дыяспор і інш.Мінеральную сыравіну, што здабываюць у Беларусі, выкарыстоўваюць у прам-сці буд. матэрыялаў, хім., керамічнай, як агранамічныя руды, абліцовачныя матэрыялы і інш.
Літ.:
Бетехтин А.Г. Минералогия. М., 1950;
Лазаренко Е.К. Курс минералогии. 2 изд. М., 1971;
Ярцев В.И., Аношко Я.И. Минералогия. Мн., 1998.
Я.І.Аношка.
Да арт.Мінералы. 1. Мікраклін, карлсбадскі двайнік. 2. Купраадамін. 3. Селеніт. 4. Галіт з крышталямі гіпсу. 5. Папіршпат. 6. Кракаіт. 7. Гётыт — «бурая шкляная галава» ў ліманітавай жэодзе. 8. Азурыт. 9. Шэрл у кварцы. 10. Кальцыт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЦАРТ ((Mozart) Вольфганг Амадэй) (27.1.1756, г. Зальцбург, Аўстрыя — 5.12.1791),
аўстрыйскі кампазітар; прадстаўнік венскай класічнай школы. Вучыўся ў бацькі — скрыпача і кампазітара Л.Моцарта. Выключныя муз. здольнасці выявіў у раннім дзяцінстве, меў фенаменальныя муз. слых і памяць. З 1762 прафес. музыкант, віртуозна валодаў клавесінам, арганам, скрыпкай, з трыумфам гастраліраваў па краінах Еўропы. У 1769—81 (з перапынкамі) канцэртмайстар, з 1779 арганіст архіепіскапа ў Зальцбургу. З 1781 у Вене, з 1787 «імператарскі і каралеўскі камерны музыкант» пры двары Іосіфа II. Адзін з заснавальнікаў (з І.Гайднам і Л.Бетховенам) класічнага стылю ў музыцы, звязанага з распрацоўкай сімфанізму як вышэйшага тыпу муз. мыслення, закончанай сістэмы класічных інстр. жанраў (сімфонія, канцэрт, саната, квартэт) і норм муз. мовы, яе функцыянальнай арганізацыі. У яго творчасці гарманічная цэласнасць быцця, яснасць, светланоснасць і прыгажосць спалучаюцца з глыбокім драматызмам. У цэнтры маст. свету М. — асоба чалавека, якую ён раскрывае як лірык і драматург. Творчасць М. ўвабрала і геніяльна абагульніла маст. вопыт розных эпох, нац. школ, традыцый нар. мастацтва. Найб. выразна яго наватарства выявілася ў муз.-сцэн. творах. Лепшым операм уласцівы арганічнае адзінства драм. і муз.-сімф. заканамернасцей, індывідуальнасць драматургічных вырашэнняў. М. стварыў уласны тып оперы-драмы («Ідаменей»; паст. 1781), оперы-буфа («Вяселле Фігара»; паст. 1786). Зінгшпіль ён ператварыў у філас. казку-прытчу, прасякнутую асветніцкімі ідэямі («Чароўная флейта», паст. 1791). Драматургія оперы «Дон Жуан» (паст. 1787) вылучаецца шматпланавасцю кантрастаў, незвычайным сінтэзам оперна-жанравых форм (оперы «Вяселле Фігара», «Чароўная флейта» і «Дон Жуан» у розныя гады паст. ў Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі). Вядучыя жанры яго інстр. музыкі — сімфонія, камерныя ансамблі, канцэрты. Найб. значныя з інстр. твораў — 3 сімфоніі — Es-dur, g-moll, C-dur (усе 1788), у якіх па-рознаму вырашаны пытанні тэматыкі, трактоўкі цыкла і самога жанру на аснове бездакорнай аркестравай тэхнікі і поліфанічнага майстэрства. Распрацаваў тып камерна-інстр. ансамбля з вытанчанай лірыка-філас. эмацыянальнасцю, развітым гамафонна-поліфанічным складам, складанай гарманічнай мовай. Заснавальнік новага піяністычнага стылю і класічнага тыпу канцэрта. Яго незакончаны трагедыйны Рэквіем (1791, завершаны Ф.К.Зюсмайрам) адлюстроўвае непрымірымыя супярэчнасці рэчаіснасці і філас. роздум пра сэнс жыцця. Гарманічная, меладычна шчодрая, аптымістычная па духу і дэмакратычная па накіраванасці творчасць М. ахоплівае ўсе муз. жанры. Ён аўтар 17 опер, 2 араторый, 4 кантат, царк. твораў (месы, літаніі, вячэрні, араторыі, матэты), больш як 70 вак.-сімф. твораў (арыі, ансамблі, хары з арк.), каля 50 сімфоній, каля 40 ансамблева-арк. сюіт (дывертысменты, серэнады, накцюрны, касацыі), 40 інстр. канцэртаў, у т. л.каля 30 для фп. з арк., 5 для скрыпкі з арк., 4 для валторны з арк., больш як 50 камерных ансамбляў, санат для фп., для скрыпкі і фп., песень і інш. Існуе цэнтр моцартазнаўства Моцартэум.
Літ.:
Черная Е.С. Моцарт: Жизнь и творчество. 2 изд. М., 1966;
Яе ж. Моцарт и австрийский музыкальный театр. М., 1963;
Эйнштейн А. Моцарт: Личность. Творчество: Пер. с нем. М., 1977;
Аберт Г. В.А.Моцарт: Пер. с нем. Ч. 1—2. 2 изд. М., 1987—90;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФГАНІСТА́Н, Ісламская дзяржава Афганістан,
краіна ў Паўд.-Зах. Азіі. Мяжуе на Пн з Туркменіяй, Узбекістанам, Таджыкістанам, на У з Кітаем, на ПдУ і Пд з Пакістанам, на З з Іранам. Пл. 652,9 тыс.км². Нас. 17,8 млн.чал. (1994). Сталіца — г.Кабул. Падзяляецца на 29 правінцый (вілаятаў) і 2 акругі. Дзярж. мовы — пушту (афганская) і дары (або фарсі-кабулі). Дзярж. рэлігія — іслам (мусульмане-суніты і шыіты). Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (19 жн.).
Дзяржаўны лад. Афганістан — ісламская рэспубліка. Асн. закон дзяржавы не распрацаваны. На сучасным этапе дзяржаву ўзначальвае прэзідэнт. Сфарміраваны парламент (205 чал.). Прызначаны прэм’ер-міністр.
Прырода. Афганістан — пераважна горная краіна. Высакагорныя хрыбты чаргуюцца з плато і міжгорнымі катлавінамі. З ПнУ на ПдЗ праз усю тэрыторыю праходзяць хрыбты сістэмы Гіндукуш (найвыш. пункт у межах Афганістана — г. Тыргаран, 6729 м), якія веерападобна разыходзяцца і пераходзяць у ніжэйшыя хрыбты горнай сістэмы Парапаміз. Вяршыні на У укрыты ледавікамі. Раўніны і пласкагор’і размешчаны на паўн.-зах. і паўд. ускраінах. Найб. з іх — пустыні Рэгістан і Дашты-Марго. Карысныя выкапні: прыродны газ, жал. руда, каменны вугаль, берыл, лазурыт, барый, каменная соль, сера, азбест і інш. Клімат субтрапічны, кантынентальны, сухі, з рэзкімі сутачнымі ваганнямі т-ры. У гарах суровыя зімы (да -20 °C у студз.), снег трымаецца 7—8 месяцаў. На раўнінах сярэдняя т-растудз. 0—5 °C, ліп. 25—30 °C. Ападкаў да 350 мм за год, на ПдУ у гарах пад уплывам мусонаў каля 800 мм, у пустынях месцамі менш за 100 мм. Найб. рэкі: Амудар’я (у верхнім цячэнні Пяндж), Мургаб, Герыруд, Гільменд, Кабул. На раўнінах многія рэкі перасыхаюць. Пераважае пустынная і паўпустынная расліннасць. У гарах да выш. 1500—1800 м палын, салянкі, саксаул, вясной эфемеры, да 2200—2500 м стэпы. На У краіны, дзе больш ападкаў, да выш. 2400—2700 м дубовыя, арэхавыя і ясянёвыя, да 4300 м хваёвыя лясы, вышэй — альпійскія лугі і ледавікі. У пустынях ёсць аазісы. Жывёльны свет: гіены, дзікія аслы, горныя казлы і інш.
Насельніцтва. У Афганістане жыве больш за 20 народаў іранскай (каля 90%), цюркскай і дардскай моўных груп. Каля 52,4% насельніцтва — пуштуны (на Пд і У краіны). На Пн і З жывуць таджыкі (20,4%), узбекі (8,8%) і туркмены (1,9%), у цэнтр.ч. краіны — хазарэйцы (8,8%); ёсць таксама чаар-аймакі, нурыстанцы, белуджы, брагуі, пашаі, кіргізы, казахі, каракалпакі, арабы і інш. Сярэдняя шчыльнасць 27,2 чал. на 1 км². Больш шчыльна заселены перадгорная паласа на Пн, аазісы і рачныя даліны (да 200 чал. на 1 км²). Высакагорныя і пустынныя раёны амаль бязлюдныя. Каля 2 млн.чал. — качэўнікі і паўкачэўнікі. Каля 5 млн.чал. у сувязі з ваен. падзеямі жывуць у Пакістане і Іране як бежанцы. Гар. насельніцтва 20%. Найб. гарады (тыс.ж., 1988): Кабул (1424,4), Кандагар (225,5), Герат (177,3).
Гісторыя. Тэр. Афганістана заселена чалавекам каля 40—30 тыс. гадоў назад. У 4-м тыс. да нашай эры тут вядома земляробчая аселая культура на штучным арашэнні. М.І.Вавілаў лічыў Афганістан адной з мясцін, адкуль паходзіць культурнае раслінаводства (мяккая пшаніца). З 4 ст. да нашай эры Афганістан у складзе дзяржаў Аляксандра Македонскага, Селеўкідаў, грэка-бактрыйцаў, Вялікіх Кушан, Сасанідаў, качавых плямёнаў эфталітаў. Яго стараж. гісторыя (да 7 ст. нашай эры) звязана з Бактрыяй, Арэяй, Маргіянай, Арахасіяй, Гандхарай, Мідыяй, Ахеменідамі. У час арабскіх заваяванняў 7—9 ст. Афганістан далучаны да Халіфата і ісламізаваны (з 9 ст.). У канцы 10—12 ст. — цэнтр дзяржавы Газневідаў, пры двары якіх працавалі астраном і гісторык Біруні, паэты Унсуры і Фарухі. На У існавала дзяржава Гурыдаў, частку Афганістана захапілі сельджукі. У 13—14 ст. у Афганістане панавалі цюрка-манголы, потым частка краіны ўваходзіла ў дзяржаву дынастыі Куртаў. У канцы 14 ст. Афганістан захапіў Цімур і да 16 ст. тут уладарылі Цімурыды. У пісьмовых крыніцах этнагеагр. назва «Афганістан» («краіна афганцаў», або пуштунаў) ужываецца з 14 ст. У 16—17 ст. Афганістанам валодалі Вялікія Маголы і Сефевідскія шахі Ірана. Адначасова на яго тэр. рассяліліся афг. плямёны, частка якіх перайшла да аселасці; буйныя афг. плямёны хатакаў, а ў 18 ст. гільзаеў і абдалі стварылі самаст.феад. княствы. У 1747 Ахмад-шах Дурані стварыў афг. дзяржаву (сталіца — Кандагар), якая ахоплівала тэрыторыю, населеную пуштунамі (афганцамі), а таксама таджыкамі, узбекамі, хазарэйцамі, чараймакамі і туркменамі. На пач. 19 ст. яна распалася на Герацкае, Кабульскае, Кандагарскае і Пешаварскае ханствы. Іх дзярж. кансалідацыя адбылася пры эмірах Дост Мухамедзе і Шэр Алі. Вялікабрытанія, імкнучыся захапіць Афганістан і пашырыць сваю ўладу на Сярэднюю Азію, развязала англа-афганскія войны, прымусіла Афганістан падпісаць дагавор 1879, паводле якога ён страціў самастойнасць і ч.паўд. зямель. У 1893 Вялікабрытанія навязала Афганістану новую ўсх. мяжу («лінія Дзюранда») — уключыла землі ўсх. пуштунаў у склад сваіх індыйскіх каланіяльных тэрыторый. У канцы 19 — пач. 20 ст. завяршыўся працэс цэнтралізацыі Афганістана.
У лют. 1919 да ўлады ў Афганістане прайшоў Аманула-хан. Падзяляючы погляды младаафганцаў, ён 28.2.1919 абвясціў незалежнасць краіны, якую прызналі Сав. Расія (сак. 1919), а пасля апошняй англа-афг. вайны і Вялікабрытанія (жн. 1919; канчаткова ў 1921). Да 1928 у Афганістане праведзены антыфеад. Рэформы. Аднак у выніку мяцяжу Бачаі Сакао (правіў пад імем Хабібула ў студз.—кастр. 1929) рэформы адменены. Супраць Хабібулы выступіў ваен. міністр Аманулы Мухамед Надзір, які заняў Кабул (кастр. 1929) і абвясціў сябе каралём. Заснаваная ім дынастыя правіла краінай да 1973. Абвешчаная ў 1931 канстытуцыя ўмацавала пазіцыі духавенства і племянной знаці. Пасля 2-й сусв. вайны сац.-эканам. развіццё краіны паскорылася, узнік дзярж. сектар эканомікі, ажыццяўляліся пяцігодкі, узрос уплыў замежнага капіталу; эканам. дапамогу Афганістану аказваў і СССР. Аднак краіна заставалася адной з самых бедных і слабаразвітых у свеце. Канстытуцыйная рэформа 1963—65 была скіравана на паступовае прыстасаванне Афганістана да сучаснага свету. Пасля 1965 у краіне выявіліся 2 кірункі вырашэння праблем: леварадыкальны на чале з Народна-дэмакратычнай партыяй Афганістана (НДПА) і ісламска-фундаменталісцкі. Знешняя палітыка Афганістана вызначалася нейтралітэтам і недалучэннем. У ліп. 1973 антыманархісты з ліку ваенных ажыццявілі дзярж. пераварот і абвясцілі Афганістан рэспублікай (прэзідэнтам стаў стрыечны брат караля М.Дауд). Абвешчаныя новымі ўладамі абмежаваныя рэформы фактычна не ажыццяўляліся. 27.4.1978 пад кіраўніцтвам НДПА адбылося ўзбр. выступленне арміі, якое прывяло да стварэння Рэв. савета (РС, узначаліў генсек НДПА Н.М.Таракі) і абвяшчэння Дэмакр. Рэспублікі Афганістан (ДРА). 16.9.1979 да ўлады прыйшоў Х.Амін, паводле загаду якога быў забіты Таракі. Грамадзянская вайна ў Афганістане, пачатая ў 1978 фундаменталістамі і былымі кіруючымі коламі, знайшла шырокую падтрымку знешніх сіл. Маджахеды набіраліся з афг. бежанцаў у Пакістане і Іране. Урад Афганістана папрасіў дапамогі ў СССР. 27.12.1979 сав. войскі ўвайшлі ў краіну. Амін быў забіты, РС узначаліў Б.Кармаль. Грамадз. вайна набывала характар супраціўлення іншаземцам. Лінія на нац. прымірэнне праводзілася і пасля змены ў 1986 Кармаля на пасадах старшыні РС і генсека НДПА Наджыбулой. Нац. прымірэння не адбылося і пасля прыняцця новай канстытуцыі. 14.4.1988 у Жэневе прадстаўнікі ўрадаў Афганістана, Пакістана, СССР і ЗША падпісалі пагадненні аб урэгуляванні становішча ў Афганістане. 15.2.1989 апошнія сав. войскі пакінулі Афганістан. За 10 гадоў сав. войскі страцілі ў Афганістане 15 тыс.чал., у т. л. больш за 750 чал. з Беларусі. 16.4.1992 Наджыбула пакінуў пасаду прэзідэнта. 28.4.1992 уладу ў Кабуле захапіла ўзбр. апазіцыя; часовым прэзідэнтам Ісламскай дзяржавы Афганістан стаў лідэр Ісламскага таварыства Афганістана таджык Б.Рабані, прэм’ер-міністрам — лідэр Ісламскай партыі Афганістана пуштун Г.Хекмаціяр. Аднак грамадз. вайна не спынілася. Акрамя барацьбы за ўладу паміж Хекмаціярам і Рабані, г. зн. барацьбы за пераўтварэнне Афганістана ва унітарную ісламскую рэспубліку пры перавазе пуштунаў або ў этнафедэрацыю, вайна набыла этнанац. характар. Яна ўскладняецца наяўнасцю знешняй дапамогі. Восенню 1994 узнік рух «Талібан» (ад талібы — выхаванцы рэліг. ісламскіх навуч. устаноў). Да вясны 1995 талібы кантралявалі ⅓ тэр. Афганістана.
Палітычныя партыі і рухі: Партыя айчыны, Ісламская партыя Афганістана, Ісламскае т-ва Афганістана, Нац. фронт выратавання Афганістана, Нац. ісламскі фронт Афганістана, Рух ісламскай рэвалюцыі Афганістана, Нац. ісламскі рух, рух «Талібан».
Гаспадарка. Афганістан — аграрная краіна са слаба развітой прам-сцю і адсталай сельскай гаспадаркай. Нац. даход на душу насельніцтва адзін з самых нізкіх у свеце і складае каля 100 долараў ЗША за год. Аснова гаспадаркі — арашальнае земляробства і пашавая жывёлагадоўля. У сельскай гаспадарцы занята каля 85% насельніцтва і ствараецца 2/3 валавога ўнутр. прадукту. Агульная пл. зямель, што апрацоўваюцца, 4,5 млн.га (каля 7% тэр. краіны), з іх 2,6 млн.га — арашальныя землі. Пасяўная пл. 3,8 млн.га. Асн. плошчы арашальнага земляробства на Пд у далінах рэк Кабул, Гільменд і іх прытокаў, на Пн па рэках Герыруд, Кундуз, Балх, на Бактрыйскай раўніне. Багарныя землі сканцэнтраваны ў перадгорнай паласе на Пн краіны і асобнымі ўчасткамі ў гарах. Аснова земляробства — збожжавая гаспадарка. Важнейшая культура — пшаніца (збор 2,38 млн.т; 1988—89), дае больш за палавіну кошту ўсёй прадукцыі раслінаводства, вырошчваецца ў асн. на Пн краіны. Пасевы ячменю (0,35 млн.т) пераважна ў горных раёнах, рысу (0,34 млн.т) у межах Джэлалабадскага аазіса і ў раёне Герата. У асобных раёнах развіта садоўніцтва, вырошчванне агародніны і бахчавых культур, вінаграду, бульбы, з тэхн. — бавоўны, алейных культур, цукр. буракоў і трыснягу. Сеюць таксама лён, кунжут, тытунь. Афганістан — адзін з найбуйнейшых вытворцаў опіуму і гашышу і цэнтр кантрабанднага гандлю імі. У жывёлагадоўлі пераважае адгонна-пашавая гадоўля авечак, асабліва каракулевых. Пагалоўе (млн. галоў; 1988): буйн. раг. жывёлы 3,6, авечак 17, коз 2,8, коней, аслоў і мулаў 1,7. У невял. колькасці гадуюць вярблюдаў (на З) і якаў (на У). У 1988—89 вытв-сць жывёлагадоўчай прадукцыі: каракульскіх шкурак 1 млн.шт., воўны 13 тыс.т, мяса 252 тыс.т, малака 610 тыс.т. Сельская гаспадарка не забяспечвае насельніцтва прадуктамі харчавання. Прам-сць развіта слаба. У краіне каля 460 фабр.-зав. прадпрыемстваў. Здабываюць каменны вугаль (140 тыс.т), прыродны газ (1 млрд.м³), нафту, каменную соль, лазурыт, керамічную і буд. сыравіну. Вытв-сць электраэнергіі 1132 млн.кВт∙гадз (1988—89). ГЭС на р. Кабул—Наглу (магутнасць 100 тыс.кВт), Махіпар (66 тыс.кВт), Сурабай (22 тыс.кВт). ЦЭЦ на прыродным газе ў Мазары-Шарыфе. Развіваецца тэкст., харч., буд. матэрыялаў прам-сць. Працуюць металаапр. (Кабул) і хім. (Мазары-Шарыф) з-ды. Асн. від транспарту — аўтамабільны. Працягласць аўтадарог 19,2 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 9 тыс.км. Аснова сеткі дарог — кальцавая аўтадарога Кабул—Кандагар—Герат—Мазары-Шарыф—Кабул. У 1991 у краіне было 31,8 тыс. легкавых і 30,9 тыс. грузавых аўтамабіляў. Адзіная чыгунка Кушка—Тарагундзі (5,5 км). Працягласць газаправодаў 340 км (1989). Міжнар. аэрапорты ў Кабуле і Кандагары, рачны порт Шэрхан на Амудар’і.
Краіна моцна пацярпела ад амаль бесперапынных ваен. дзеянняў у 1978—95: страты складаюць каля 75% усіх укладанняў у развіццё краіны за 50 папярэдніх гадоў; разбураны гарады, знішчаны сотні кішлакоў. З-за недахопу сыравіны, кадраў, перабояў з электраэнергіяй парушана дзейнасць амаль усіх прадпрыемстваў (асабліва па вытв-сці цукру і тэкстылю). Значна пацярпела і сельская гаспадарка. Экспарт (236 млн. долараў ЗША; 1991): каракуль і каракульча, сухафрукты, бавоўна, газ, дываны, воўна, арэхі, вінаград і інш. Імпарт (874 млн. долараў ЗША; 1991): машыны, абсталяванне, нафтапрадукты, трансп. сродкі, буд. матэрыялы, тэкст. вырабы, харч. тавары. Гал. знешнегандл. партнёры: краіны СНД, Японія, Кітай, Індыя, Пакістан, Вялікабрытанія, ФРГ. Беларусь экспартуе ў Афганістан у невял. колькасці трактары, радыёпрыёмнікі, матацыклы, імпартуе пераважна дываны. Грашовая адзінка — афгані.
Ахова здароўя. Узровень нараджальнасці — 49 на 1 тыс.чал. Дзіцячая смяротнасць — 168 на 1 тыс.чал. (1994). Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 43, у жанчын 41 год (1986).
Асвета, навуковыя ўстановы. У сярэдзіне 1980-х г. праведзена школьная рэформа, якая прадугледжвае пераход да адзінай 11-гадовай агульнаадук. школы з сумесным навучаннем: пач. навучанне (1—5-ы кл.), няпоўнае сярэдняе (6—8-ы кл.), поўнае сярэдняе (9—11-ы кл.). У 1988/89 навуч.г. працавала 1350 школ (857 тыс. вучняў), у т. л. 344 сярэднія; у 28 прафес.-тэхн. навуч. установах навучалася 10,1 тыс.чал. (усе на дзярж. забеспячэнні, у т. л. школы па падрыхтоўцы кваліфікаваных рабочых); у ВНУ — 17,4 тыс., за мяжой — больш за 43 тыс. студэнтаў. Буйнейшыя ВНУ: у Кабуле ун-т (з 1946), політэхн.ін-т (з 1967), мед. і пед. ін-ты (з 1985), Нангархарскі ун-т у Джалалабадзе (засн. ў 1962, працуе з 1978). У канцы 1980 — пач. 90-х г.нар. адукацыя была фактычна паралізавана. Пераход улады да ісламскага ўрада (1992) даў пачатак новаму этапу рэформаў адукац. сістэмы краіны. Буйнейшыя б-кі: публічная ў Кабуле пры Мін-ве асветы, універсітэцкія. Найб. вядомы музей археалогіі і этнаграфіі ў Кабуле; ёсць музеі ў Кандагары, Гераце, Мазары-Шарыфе, Газні. Навук. даследаванні вядуцца ва ун-тах, навук. установах і т-вах.
Друк, радыё, тэлебачанне. Выдаецца некалькі газет, функцыянуюць нац.інфарм. агенцтва, дзярж. тэлерадыёкампанія.
Літаратура. Л-ра Афганістана развівалася на мовах пушту і дары, носьбіты якіх пуштуны і таджыкі. Л-ра на пушту абапіралася на фальклор. Вытокі літ. традыцыі на мове дары бяруць пачатак у класічнай перс.-тадж. паэзіі 10—14 ст., якая стала адзіным скарбам сучасных л-р Ірана, Таджыкістана і Афнаністана. Перс.л-ра развівалася гал.ч. у Гераце і Кабуле. У паэзіі, якая пераважала над прозай, дамінавалі традыц. формы, тэматыка і сімволіка. Класічны ўзор перс. прозы — Хроніка Байхані 11 ст. Складальнік анталогіі «Невядомы скарб» на мове пушту Мухамед Хатак (18 ст.) паасобныя вершы датаваў 8 ст., частку твораў — 13 ст. Першы твор з дакладным аўтарствам на пушту — «Добрая вестка» Баязіда Ансары (1525—85). Росквіт паэт. жанраў адносіцца да 17—18 ст. (Абдулхамід Моманд, Абдурахман Моманд, Ахмад-шах Дурані); найб. слынны прадстаўнік свецкай паэзіі — Хушхальхан Хатак; выдатны лірык Рахман Баба. Вызваленчая барацьба афг. народа ў 2-й пал. 19 ст. адлюстравана ў нар. паэзіі. З’явіліся цыклы гіст. паэм, песень, вершаў патрыят. зместу (Нур Сахіб, Нуруддзін). Тады ж узнікла проза на пушту (Мулаві Ахмад, Мір Ахмад Рызвані — стваральнік першай граматыкі пушту, Муншы Ахмад Джан). Аднак з канца 18 да пач. 20 ст. назіраецца заняпад л-ры, выкліканы агульным застоем эканам. і культ. жыцця краіны; мова пушту ўсё больш выцясняецца фарсі, якая стала літ. і дзярж. мовай. Прызнанне ў 1936 мовы пушту дзяржаўнай паскорыла развіццё на ёй л-ры. Асновы сучаснай л-ры закладзены на пач. 20 ст. младаафганцамі, прадстаўнікамі бурж.-рэфармісцкіх асв. колаў (Махмуд Тарзі). Пасля ўстанаўлення незалежнасці Афганістана (1919) л-ра паступова набыла грамадскае значэнне. Ідэі патрыятызму, служэння народу сталі лейтматывам творчасці Гуляма Мухіддзіна Афгана, Саліха Мухамеда. У паэзіі і прозе загучалі грамадз. матывы: барацьба з непісьменнасцю, за нац. годнасць, за волю народаў Усходу. Абнаўляецца і пашыраецца тэматыка, літ. мова збліжаецца з народнай; змяняюцца жанравы дыяпазон і творчы метад. Пісьменнікі і паэты 20 ст. (Абдурауф Бенава, Сулейман Лаік, Абдурахман Пажвак, Абдулхак Бетаб, Халілула Халілі і інш.) працуюць у жанрах сац. аповесці, быт. навелы, лірыка-філас. эсэ, рыфмаванай прозы. З 1978 афг.л-ра развіваецца ў Афганістане (пераважна ідэалагічны, рэв. кірунак) і ў эміграцыі.
Архітэктура, выяўленчае мастацтва. Збудаванні з гліны-сырцу (паселішча Мундыгак), наскальныя выявы (у Бадахшане), размаляваная кераміка вядомы тут у 4-м тыс. да нашай эры. Мастацтва перыяду Грэка-Бактрыйскага царства (250—140 да нашай эры) склалася пад уплывам элінізму (Ай-Ханум). Да эпохі Кушанскага царства (1—4 ст., калі ў Афганістане быў пашыраны будызм), адносяцца творы скульптуры і дэкар.-прыкладнога мастацтва з раскопак Хады, Баграма, Фундукістана і інш. Захаваліся помнікі будыйскага дойлідства 1—8 ст. (манастыры каля Балха, Кундуза, у Хадзе; пячорны манастыр у даліне р. Баміян, у размалёўках і стукавым дэкоры якога прыкметны ўплыў мастацтва Індыі і Ірана). Пасля араб. заваявання (7—9 ст.) і пашырэння ісламу мастацтва Афганістана развівалася ў рэчышчы культуры мусульм. краін. Сярэдневяковае мастацтва звязана з традыцыямі Сярэдняй Азіі, Ірана, Індыі (мячэць Ну-Гумбед у Балху, 10 ст.; палацавы комплекс Лашкары-Базар у Бусце, 11—12 ст.; мемарыяльныя вежы Масула III і Бахрамшаха ў Газні, 12 ст.; мінарэт каляс. Джам, 1153—1202; Саборная мячэць, 14—15 ст.; маўзалей Гаўхаршад і мінарэты Мусала ў Гераце, 1417—38). Найб. значная маст. школа склалася ў Гераце (гл.Герацкая школа), з якой звязана творчасць К.Бехзада, яго вучня Касім Алі (15—16 ст.) і інш. З 15 ст. развіты мініяцюрны жывапіс (іл. да «Шахнаме» Фірдаўсі, «Хамсе» Нізамі, «Бустан» Саадзі). На пач. 16 ст. вядучая роля ў маст. жыцці Афганістана перайшла да Кабула. З сярэдзіны 18 ст. значнае буд-ва вялося ў Кандагары (маўзалей Ахмад-шаха Дурані). Нар. архітэктура 18—20 ст. блізкая да сярэднеазіяцкай: вакол адкрытага двара размяшчаюцца будынкі з плоскім земляным дахам, упрыгожаныя разьбой па дрэве і размалёўкай. Існуе і купальны тып будынкаў (маўзалей Мухамед Надзіршаха каля Кабула). У сучаснай архітэктуры спалучаюцца шкло, бетон і традыц. матэрыялы (калона Абідаі Майванд у Кабуле з дэкорам з блакітнай кафлі і чорнага мармуру, арх. І.Серадж). У выяўл. мастацтве важную ролю адыгралі Школа выяўл. і прыкладнога мастацтва і рамёстваў (1921), творчасць жывапісцаў (Гулям Мухамедхан, А.Брэшна, Гаўсуддзін, Х.Ітымадзі), скульптараў (М.Хайдар, М.Рэза Кандагары), графікаў. Маст. рамёствы (ткацтва дываноў, кераміка, апрацоўка металу) захавалі традыцыі стараж.дэкар.-прыкладнога мастацтва.
Музыка Афганістана развівалася ва ўзаемадзеянні з нар.муз. культурай Індыі, Ірана і краін Сярэдняй Азіі. Пераважаюць 2 узаемазвязаныя традыцыі — народаў дары і пушту, засн. на тэорыі і практыцы макама. У песенным фальклоры пуштунаў вылучаюцца жанры ландый (часцей лірычнага характару), німакый, багатый, нара. Развіта танц. мастацтва, у т. л. пуштунскі атан (карагод) і інш. Сярод песенных жанраў пераважаюць лірычныя, засн. на тэкстах паэтаў-класікаў, — газель, чарбайта, кісэ, дастаны. Сярод інструментаў пуштунаў: струнна-шчыпковыя — рубаб афганскі, сарод, сітара (разнавіднасць танбура); духавы — сурнай; ударныя — дол, зірбагалі. З інструментаў інш. народаў Афганістана: струнна-шчыпковыя — танбур, дутар; струнна-смычковы — гіджак; ударны — дойра і інш. Развіццё сучаснай музыкі звязана з імёнамі Касіма Афгана, Гулама Хусейна, Абдулгафура Брэшна, Мухамеда Хусейна Сараханга і інш.
Тэатр. З даўніх часоў у Афганістане вял. папулярнасцю карысталіся вандроўныя камедыянты. Прафес.т-р створаны ў 1919 (у канцы 1920-х г. закрыты). У 1930-я г. ў гарадах узніклі перасоўныя тэатр. трупы, на аснове якіх у канцы 1940-х г. створаны пастаянныя драм. калектывы «Пахыні нындарэ» (кіраўнік Р.Латыфі), «Ды Кабул нындарэ» (кіраўнік М.А.Раунак). Каб падтрымаць нац.т-р і паспрыяць развіццю драматургіі, у 1941 створана Упраўленне нар. відовішчаў. У рэпертуары т-раў п’есы нац. і замежных аўтараў. У 1956 у Кабуле заснавана тэатр. школа.
Кіно. Нац. кінавытворчасць зарадзілася ў 1960-я г., калі афг. дзеячы кіно з удзелам інд. кінематаграфістаў стварылі фільм «Падобна арлу» (1963, рэж. Ф.М.Хаерзадэ). У 1968 засн. кінастудыя «Афганфільм», дзе напачатку здымаліся дакумент. фільмы. У 1970 пастаўлены маст. фільм «Фаварыт» — пра барацьбу паліцыі з гандлярамі наркотыкамі. У 1970-я — пач. 80-х г. здымаліся хроніка, дакумент. і маст. фільмы. У 1981 створаны Саюз кінематаграфістаў Афганістана.
Герб і сцяг Афганістана.Да арт.Афганістан. Арашальныя землі ў горнай даліне Баміян у Гіндукушы.Да арт.Афганістан. Гандаль жывёлай каля сцен старажытнай крэпасці Газні.Да арт.Афганістан. Пласцінка з Баграма. Слановая косць. 1—5 ст.Да арт.Афганістан. Рэшткі сярэдневяковага горада ў даліне р. Баміян.Да арт.Афганістан. Вежа Масуда III у Газні. 11—12 ст.Да арт.Афганістан. Мінарэт каля сяла Джам. 1153—1202.Да арт.Афганістан. Мініяцюра «Султан адпачывае». Герат. 15 ст.Да арт.Афганістан. К.Бехзад. Партрэт Шэйбані-хана. Мініяцюра. Каля 1507.