МЮ́НЦЭР (Müntzer, Münzer) Томас (каля 1490, г. Штольберг, Германія — 27.5.1525), рэлігійны дзеяч, адзін з ідэолагаў Рэфармацыі і кіраўнікоў Сялянскай вайны 1524—25 у Германіі. Вучыўся ва ун-тах Лейпцыга і Франкфурта-на-Одэры. Адзін з найб. адукаваных тагачасных ням. тэолагаў. З 1518 прыхільнік М.Лютэра. Паводле яго рэкамендацыі ў 1520—21 быў святаром у г. Цвікаў (Саксонія), дзе зблізіўся з сектай анабаптыстаў, але ідэйна разышоўся з лютэранамі. У 1521 наведаў Чэхію, у т.л. Прагу, дзе прапаведаваў радыкальную Рэфармацыю (т.зв. «Пражская адозва») і абвясціў сябе прыхільнікам вучэння Я.Гуса. З 1523 святар у г. Альштэт (Цюрынгія), дзе арганізаваў «Саюз выбраных» — тайнае т-ва, якое мела на мэце звяржэнне ўлады князёў; канчаткова адышоў ад супрацоўніцтва з лютэранамі. Выступаў супраць «мёртвай літары» царк. вучэння, развіваў уяўленне пра ўнутр. веру, якая дазваляе мысліць і дзейнічаць у адпаведнасці з божым прадвызначэннем. Гал. задачу Рэфармацыі разумеў у абвяшчэнні блізкага сац.-паліт. перавароту, які павінен быць здзейснены масай сялян і гар. беднякоў. Прапагандаваў ідэю ўстанаўлення «царства божага на зямлі», адмаўляў прыватныя інтарэсы, але выступаў за ўмацаванне дробнасялянскай працоўнай уласнасці. У час Сял. вайны з лют.—сак. 1525 кіраваў паўстанцамі Цюрынгіі, спрабаваў стварыць у Мюльгаўзене адзіны цэнтр кіраўніцтва вайной. Пасля паражэння свайго атрада 15.5.1525 каля г. Франкенгаўзен трапіў у палон і пакараны смерцю.
Літ.:
Ивонин Ю.Е. «Вся власть должна быть отдана простому народу» // И живы памятью столетий: Очерки о вождях нар. движений в средневековой Европе. Мн., 1987;
Лазарев В.В. Становление философского сознания нового времени. М., 1987;
Ревуненкова Н.В. Ренессансное свободомыслие и идеология Реформации. М., 1988.