МЕЧАНО́СЦЫ
(Ордэн мечаносцаў),
духоўна-рыцарскі ордэн, засн. ў 1202 рыжскім епіскапам Альбертам для абароны каталіцкай царквы ў Лівоніі і прымусовай хрысціянізацыі народаў Усх. Прыбалтыкі. Актыўныя ўдзельнікі крыжовых паходаў супраць славян і балтаў у 12—15 ст. Афіц. назва Браты воінства Хрыстовага (Fratres militiae Christi). Назва М. ад апазнавальнага знака на белых плашчах рыцараў — мяча і крыжа. У 1205 папа рымскі Інакенцій III афіцыйна зацвердзіў ордэн і надаў яму статут на ўзор статута тампліераў. Паводле статута члены ордэна падзяляліся на братоў-рыцараў, братоў-святароў і братоў-службоўцаў. На чале ордэна стаяў выбарны магістр з рэзідэнцыяй у Рызе, які падпарадкоўваўся рыжскаму епіскапу. У 1-й трэці 13 ст. М., нягледзячы на процідзеянне Полацкага княства і Пскова, зламалі супраціўленне ліваў, земгалаў, латгалаў, эстаў, інш. прыбалтыйскіх плямён і авалодалі б.ч. тэр. сучасных Латвіі і Эстоніі, у т.л. падвасальнымі Полацку княствамі Кукенойс і Герцыке, нападалі на Літву. Паводле дагавораў з Рыжскім і інш. епіскапствамі ордэн М. атрымаў каля трэці заваяваных зямель і фактычна ператварыўся ў феад. каталіцкую дзяржаву. Мясц. ўладу ажыццяўлялі комтуры (начальнікі правінцыяльных замкаў) і фогты (адм. чыноўнікі). Браты аднаго замка складалі канвент, іх сход наз. капітулам, агульны сход усіх ордэнскіх братоў — ген. капітулам. Гал. даходам ордэна была даніна з мясц. прымусова хрысціянізаванага насельніцтва, а таксама ваен. здабыча. У 1236 аб’яднаныя сілы літоўцаў і земгалаў каля сучаснага г. Шаўляй (Літва) разбілі М., рэшткі якіх у 1237 аб’ядналіся з Тэўтонскім ордэнам і ўтварылі залежны ад яго Лівонскі ордэн.
Літ.:
Mugurëvičs E. Die militärische Tätigkeit des Schwertbrüderordens (1202—1236) // Ordines militares. Torun, 1991. [T.] 6.
Г.М.Сагановіч.
т. 10, с. 325
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)