ДЫСЦЫПЛІНА́РНЫ БАТАЛЬЁН,
спецыяльная вайсковая часць, у якой асуджаны ваеннаслужачы адбывае пакаранне. Паводле крымін. заканадаўства Рэспублікі Беларусь да ваеннаслужачых тэрміновай службы, якія ўчынілі злачынства, можа прымяняцца накіраванне ў Д.б. у выпадках, прадугледжаных законам, на тэрмін ад 3 месяцаў да 2 гадоў, а таксама ў выпадках, калі суд, прымаючы пад увагу абставіны справы і асобу асуджанага, палічыць мэтазгодным замест пазбаўлення волі на тэрмін да 3 гадоў прымяніць накіраванне ў Д.б. на той жа тэрмін.
т. 6, с. 298
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАДА́ТАК,
грашовая сума, якая выдаецца адным з бакоў дагавору другому боку ў лік належачых плацяжоў. З’яўляецца доказам заключэння дагавору і сродкам забеспячэння яго выканання. Паводле цывільнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь у выпадку, калі дагавор застаецца невыкананым па віне боку, які даў З., ён застаецца ў другога боку. Калі ў невыкананні павінен бок, які атрымаў З., апошні павінен вярнуць яго ў двайным памеры. Бок, адказны за невыкананне дагавору, абавязаны кампенсаваць другому боку страты з залікам сумы З.
т. 6, с. 498
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАКО́ННАСЦЬ, вяршэнства закону,
няўхільнае выкананне законаў і адпаведных ім іншых прававых актаў усімі органамі дзяржавы, службовымі асобамі, грамадзянамі і грамадскімі арг-цыямі; адзін з элементаў дэмакратыі і прававой дзяржавы. Прынцып З. дэкларуе Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, паводле якой дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы дзейнічаюць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёю актаў заканадаўства. Прававыя акты або асобныя палажэнні, прызнаныя ва ўстаноўленым законам парадку супярэчнымі Канстытуцыі, не маюць юрыд. сілы.
т. 6, с. 506
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЧЫ́НСКІ (Генадзь Міхайлавіч) (н. 1.11.1945, Мінск),
бел. псіхолаг. Д-р псіхал. н. (1991), праф. (1993). Скончыў Ленінградскі ун-т (1974). З 1974 у БДУ (з 1992 заг. кафедры). З 1993 прэзідэнт Бел. рэсп. т-ва псіхолагаў. Навук. працы па псіхал. праблемах свядомасці асобы, мыслення, мовы як сродку зносін паміж людзьмі.
Тв.:
Диалог и мышление. Мн., 1983;
Психология внутреннего диалога. Мн., 1988;
Псіхалогія ў Рэспубліцы Беларусь: стан і перспектывы // Адукацыя і выхаванне. 1993. № 10.
т. 9, с. 66
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЎРЭА́Т (ад лац. laureatus увенчаны лаўрам),
асоба, якой прысуджана дзярж. або міжнар. прэмія, а таксама пераможца мастацкіх конкурсаў. Тэрмін «Л.» узнік у Стараж. Грэцыі, дзе ганаровым вянком з галінак лаўра ўзнагароджваліся пераможцы якіх-н. спаборніцтваў. Такі ж звычай існаваў у Стараж. Рыме. Звычай узнагароджваць пераможцаў лаўровым вянком захаваўся да цяперашняга часу. У Рэспубліцы Беларусь Л. называюць асоб, якім прысуджана дзярж. прэмія, а таксама пераможцаў конкурсаў музыкантаў, майстроў эстрады, спарт. спаборніцтваў і да т.п.
т. 9, с. 161
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ СТУ́ДЫЯ КІНАХРО́НІКІ.
Існавала ў 1935—41 у Мінску. Створана на базе сектара кінахронікі кінаарганізацыі Белдзяржкіно. Выпускала кіначасопіс «Савецкая Беларусь», дакумент., навук.-папулярныя і навуч. фільмы, здымала сюжэты пра жыццё рэспублікі для ўсесаюзных кіначасопісаў. Сярод лепшых фільмаў: «Пушкін», «Асваенне балот у БССР» (абодва 1939), «Права на працу», «Права на адукацыю», «Права на адпачынак» (усе 1938), «Ардэнаносная БССР» (1939), «З хутароў — у калгасныя сядзібы» (1940), «Адроджанае Палессе» (1941) і інш.
В.І.Смаль.
т. 10, с. 428
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯСЦО́ВАЕ КІРАВА́ННЕ І САМАКІРАВА́ННЕ,
кіраванне справамі мясц. значэння, якое ажыццяўляецца органамі і службовымі асобамі, прызначанымі цэнтр. і інш. вышэйстаячымі органамі і падпарадкаваныя ім, а таксама выканаўчымі органамі, якія выбіраюцца насельніцтвам, і органамі мясц. самакіравання. У Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляецца грамадзянамі праз мясцовыя Саветы дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы, органы тэр. грамадскага самакіравання, мясц. рэферэндумы, сходы і інш. формы прамога ўдзелу ў дзярж. і грамадскіх справах. Кампетэнцыя, парадак стварэння і дзейнасці органаў вызначаюцца заканадаўствам.
В.А.Кадаўбовіч.
т. 11, с. 80
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНЫ ПІСЬМЕ́ННІК БЕЛАРУ́СІ,
ганаровае званне. Устаноўлена Указам Прэзідыума Вярх. Савета БССР ад 27.3.1956. Прысвойваецца з 1994 Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь пісьменнікам, якія стварылі выдатныя творы маст. л-ры і маюць асаблівыя заслугі ў развіцці л-ры.
Народныя пісьменнікі Беларусі
1956. К.Крапіва (К.К.Атраховіч).
1962. М.Ц.Лынькоў.
1972. І.П.Мележ, І.П.Шамякін.
1977. А.Я.Макаёнак.
1980. В.У.Быкаў.
1981. І.А.Брыль.
1994. І.Г.Чыгрынаў.
1995. І.Я.Навуменка.
т. 11, с. 179
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́СКІ,
вёска ў Хідрынскім с/с Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл., каля р. Мухавец, на аўтадарозе Мінск—Брэст. Цэнтр аграфірмы «Беларусь». За 8 км на З ад горада і чыг. ст. Кобрын, 37 км ад Брэста. 733 ж., 356 двароў (2000). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Малітоўны дом евангельскіх хрысціян-баптыстаў. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.
т. 12, с. 327
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІНКЕРТО́Н (Pinkerton) Роберт, англійскі падарожнік 1-й пал. 19 ст., агент брытанскага біблейскага т-ва. У 1816 і 1822 наведаў Беларусь, пабываў у Барысаве, Вільні, Віцебску, Копысі, Магілёве, Мінску, Оршы, Полацку, Шклове. У 1816 заснаваў у Віцебску Беларускае біблейскае т-ва. У 1833 у Лондане выдаў свае ўспаміны «Расія: або рознабаковыя назіранні аб мінулым і сучасным стане краіны і яе насельнікаў» (раздзелы 3—5 прысвечаны Беларусі). Вял. ўражанне зрабілі на яго Полацк, Віцебск і Магілёў.
т. 12, с. 363
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)