рака на Украіне і Беларусі, правы прыток р. Прыпяць. Даўж. 292 км, пл. вадазбору 5820 км² (у межах Беларусі адпаведна 126 км і 1910 км²). Пачынаецца каля в. Андрэевічы Алеўскага р-на Жытомірскай вобл. Украіны, цячэ па Жытомірскім Палессі, на Беларусі — па Прыпяцкім Палессі. Вусце за 2 км на ПдЗ ад г. Петрыкаў Гомельскай вобл. Рэльеф плоскі, у верхняй ч. пясчаныя ўзгоркі і грады. Асн. прытокі: Пярга (Украіна), Плотніца, Лохніца, Свідовец, Гурыстая (Беларусь) — справа, Крывы Рог, Старая Убарць (Украіна), Каросцінка (Беларусь) — злева. Даліна невыразная, шыр. 500—700 м, месцамі зліваецца з прылеглай мясцовасцю; схілы пакатыя і спадзістыя, слабаперасечаныя. Пойма двухбаковая, чаргуецца па берагах, куп’істая, перасечаная старыцамі і асушальнымі каналамі, шыр. ад 100—200 м у верхнім цячэнні да 1—5 км на астатнім працягу, у разводдзе затапляецца на глыб. 0,5—2 м тэрмінам да 1—1,5 мес. Рэчышча свабодна меандруе, звілістае, у ніжнім цячэнні моцназвілістае, зрэдку трапляюцца нізкія пясчаныя астравы, якія затапляюцца. Шыр. рэчышча 10—15 м, у нізоўі месцамі да 60 м. Берагі стромкія і абрывістыя, радзей спадзістыя, забалочаныя Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. Замярзае ў пач. снежня. Веснавое разводдзе пачынаецца ў 1-й пал.сак. (найб.выш. над межанным узроўнем 4 м, сярэдняя 1,8—2,7 м), заканчваецца ў сярэдзіне мая. На веснавое разводдзе прыпадае 49% гадавога сцёку. Устойлівая межань настае ў ліп. (працягласць у сярэднім 3 мес), амаль штогод парушаецца 1—2 дажджавымі паводкамі. Зімовая межань (найніжэйшы ўзровень у студз.) адносна ўстойлівая, парушаецца паводкамі ў асобныя гады. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 24,4 м³/с. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац.сістэм. На рацэ гар. пасёлкі Алеўск (Украіна), Лельчыцы (Беларусь).