атрад храстковых рыб. Вядомы з ніжняй юры, сучасныя прадстаўнікі — з верхняга мелу. 2 сям.: асятровыя (Acipenseridae) і весланосыя (Polycdontidea). 25 відаў у Паўн. паўшар’і. У рэках Беларусі вельмі рэдка трапляецца сцерлядзь, раней на нераст заходзілі асетр балтыйскі і асетр рускі, рабіліся спробы вырошчвання гібрыда сцерлядзі і бялугі — бесцера.
Даўж. ад 27 см да 9 м, маса да 2 т (бялуга). На целе 5 радоў рамбічных касцяных пласцінак (жучак) або скура голая. Хваставы плаўнік неаднолькава лопасцевы (гетэрацэркальны), аснова верхняй лопасці ўкрыта ганоіднай рамбічнай луской. Рыла выцягнутае, з вусікамі. Рот высоўны, ніжні, без зубоў. Аснова восевага шкілета — пруткая хорда (целаў у пазванкоў няма). Унутраны шкілет храстковы, на галаве скураныя косці. Прамяні шчэлепнай перапонкі адсутнічаюць. У сэрцы ёсць артэрыяльны конус, у кішэчніку — спіральны клапан. Каштоўныя прамысл. рыбы. У нізоўях вял. рэк, дзе жывуць асетрападобныя, дзейнічаюць рыбагадавальнікі, якія штогод выпускаюць у вадаёмы малявак рыб. Некаторыя віды занесены ў Чырв. кнігі МСАП, інш. краін, сцерлядзь — у Чырв. кнігу Беларусі.
Да арт.Асетрападобныя: асетр рускі (зверху); асетр балтыйскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭН (Келясцін Іванавіч) (каля 1800, Брэстчына — 29.3.1875),
бел. краязнавец, фалькларыст, этнограф. Скончыў Брэсцкае 6-класнае вучылішча, Жыровіцкую духоўную семінарыю (1831). З 1831 святар у Кобрыне, з 1838 настаяцель царквы ў в. Стары Корнін Бельскага павета Гродзенскай губ. У працы «Мясцовае этнаграфічнае апісанне Бельскага павета...» (нап. 1856; зберагаецца ў архіве Геагр.т-ваРас. Федэрацыі ў С.-Пецярбургу) адлюстравана матэрыяльная і духоўная культура беларусаў на тэр. Падляшша. Складаецца з 6 раздзелаў: «Вонкавы выгляд», «Мова», «Хатні побыт», «Асаблівасці грамадскага быту», «Разумовыя здольнасці, маральныя якасці і адукацыя», «Народныя паданні і помнікі». У працы 38 песень (з іх 14 вясельных; пададзены ў адпаведнасці з апісаннем вясельных абрадаў), 24 загадкі, 15 прымавак, 2 казкі. Частка фалькл. матэрыялу змешчана ў дадатку. Ёсць малюнкі адзення, рыбалоўных прылад, жылых і гасп. пабудоў і іх планы. У параўнальным плане пададзены штодзённы побыт беларусаў і мазураў, адметнае і аднолькавае ў іх культурах.
Літ.:
Лобач М. Па слядах рукапіснага этнаграфічнага апісання Бельскага павета свяшчэнніка Келясціна Брэна з 50-х гадоў XIX стагоддзя // Studia polsko-litewsko-białoruskie. Warszawa, 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАПНЯ́К,
асадкавая горная парода, складзеная з карбанатаў кальцыю (кальцыт, радзей араганіт). Мае прымесі даламіту, гліністых і пясчаных часцінак і інш. Нярэдка ўключае рэшткі вапняковых шкілетаў выкапнёвых арганізмаў. Колер белы, шэры з рознымі адценнямі. Шчыльн. 2700—2900 кг/м³.
Паводле паходжання вапнякі бываюць: арганагенныя — з ракавін (ракушачнікі) або з калоній каралаў, імшанак, водарасцяў; арганагенна-абломкавыя (дэтрытусавыя) — з абломкаў арган. рэшткаў; абломкавыя — з абкатаных карбанатных абломкаў; хемагенныя; перакрышталізаваныя. Вапняк звязаны паступовымі пераходамі з даламітамі, глінамі, пясчанікамі і інш.; пры метамарфізме пераходзіць у мармур. Большасць вапнякоў марскога паходжання, аднак ёсць і вапнякі прэснаводных азёраў, засоленых поймаў, мінер. крыніц (вапнавыя туфы і інш.). Пласты дасягаюць магутнасці ў сотні і тысячы метраў. Здольныя да ўзнікнення з’яў карсту.
На Беларусі вапняк найб. пашыраны ў адкладах дэвону, ардовіку, сілуру, верхняга мелу, трапляецца таксама ў кам.-вуг., пермскай і юрскай сістэмах. Выкарыстоўваецца ў прам-сці (флюсы, выраб фарбаў, шкла, гумы, пластмасаў, лекаў, мыла і інш.), сельскай гаспадарцы (вапнаванне глебы), буд-ве (вапна, цэмент) і архітэктуры, харч. прам-сці (вытв-сць цукру) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРАЖБА́,
магічныя спосабы і дзеянні, што нібыта прадказвалі будучыню і расказвалі пра былое. Узнікла ў першабытным грамадстве разам з раннімі формамі рэлігіі — верай у звышнатуральныя сілы, добрых і злых духаў, у лёс. Яшчэ стараж. земляробы прадказвалі надвор’е па зорках і сонцы; вавіланяне, этрускі, рымляне варажылі па печані ахвярнай жывёлы. У многіх народаў вядома варажба на касцях, бобе, арэхах, кававай гушчы, а таксама па лініях далоні, па картах і інш. Калі ў варажбе па прыкметах ёсць пэўнае рацыянальнае зерне (прыродныя назіранні), дык іншыя яе віды грунтуюцца на ўяўным знешнім падабенстве або процілегласці (напр., бачыць у сне ягады — слёзы, чыстую ваду — радасць, мутную ваду — смутак). Беларусы найчасцей варажылі на Каляды, на багатую куццю перад Новым годам. Варажба павінна была прадвызначыць надыходзячы год: з-пад каляднага абруса сена паказвала на даўжыню будучага лёну; перавага пэўнага віду зерня ў трыбуху заколатага парсюка — якое збожжа найбольш уродзіць. Дзяўчаты варажылі пра замужжа (упоцемку ў хляве зловіць баранчыка — выйдзе замуж; з якога боку пачуе брэх сабакі — там яе нарачоны і інш.). Гл. таксама Магія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕТРАЭЛЕКТРЫ́ЧНАЯ СТА́НЦЫЯ,
устаноўка для пераўтварэння энергіі ветру ў эл. энергію. Складаецца з быстраходнага ветрарухавіка, электрычнага генератара, аўтам. прылад кіравання імі, збудаванняў для іх устаноўкі і абслугоўвання. На некаторых ветраэлектрычных станцыях ёсць рэзервовы цеплавы рухавік, які выкарыстоўваецца ў перыяд бязветранасці.
Магутнасць ветраэлектрычнай станцыі да некалькіх мегават, ккдз ветрарухавікоў, якія выкарыстоўваюцца ў ветраэлектрычнай станцыі, да 48%. Маламагутныя ветраэлектрычныя станцыі (да 3 кВт) прызначаны пераважна для зарадкі акумулятараў, больш магутныя — для сілкавання электрарухавікоў і асвятлення памяшканняў. Ветраэлектрычныя станцыі выкарыстоўваюцца ў мясцовасцях, дзе сярэднегадавая скорасць ветру перавышае 5 м/с і якія аддалены ад сетак цэнтралізаванага энергазабеспячэння (у сельскіх і горных раёнах, у стэпавых, паўпустынных, арктычных і да т.п. зонах). Перспектыўныя і як нетрадыцыйныя крыніцы энергіі ў вял. энергетыцы — для энергазабеспячэння (гл.Ветраэнергетыка). Праблему электразабеспячэння за кошт энергіі ветру распрацоўвалі У.П.Вятчынкін, А.Г.Уфімцаў і інш. На аснове іх работ пабудаваны першыя ў б.СССР ветраэлектрычныя станцыі магутнасцю 8 кВт (1930, каля Курска) і 100 кВт (1931, каля Севастопаля).
Паўаўтаматычная ветраэлектрычная станцыя з цеплавым рэзервовым рухавіком.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІНАРО́БСТВА,
прыгатаванне віна шляхам спіртавога браджэння з вінаграду, а таксама з соку пладоў і ягад. Тэхнал. працэсы вырабу вінаграднага віна падзяляюць на першаснае вінаробства (перапрацоўка вінаграду, прыгатаванне вінаматэрыялаў) і другаснае вінаробства (апрацоўка і вытрымка вінаматэрыялаў з мэтай надання ім пэўнага смаку, букета, паху і стабільнасці).
Асн. працэс першаснага вінаробства — спіртавое браджэнне сусла, у якое ўводзяць чыстую культуру дражджэй; браджэнне можа адбывацца і на прыродных дражджах, якія ёсць у вінаградзе. Для прыгатавання мацаванага і дэсертнага віна разам з сокам зброджваюць ці настойваюць і здробнены вінаград. Для сухіх він сусла зброджваюць поўнасцю, для паўсухіх, моцных і дэсертных — часткова. Найб. эфектыўныя для вытрымкі і захоўвання віна вінныя падвалы ці вінасховішчы (наземныя памяшканні з кандыцыяніраваннем паветра). Пры вытрымцы праводзяць даліўку, пераліўку, асвятленне, фільтрацыю, купаж, ахаладжэнне і інш. аперацыі, у выніку якіх віно набывае зададзеныя якасці. У раёнах, дзе вырошчваюць вінаград, на працягу тысячагоддзяў існуе непрамысл. вінаробства. У хатніх умовах вырабляюць пераважна ардынарныя віны мацункам 9—12%.
У прам-сці для вытв-сці віна выкарыстоўваюць паточныя высокапрадукцыйныя лініі перапрацоўкі вінаграду, устаноўкі бесперапыннага браджэння, аўтаматызаваныя лініі разліву (гл.Вінаробная прамысловасць).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЛАДНЕ́ННЕ, сінгамія,
працэс зліцця мужчынскай і жаночай палавых клетак (гамет); аснова палавога размнажэння ў раслін, жывёл і чалавека. У выніку апладнення ўтвараецца зігота, якая дае пачатак новаму арганізму. Пры гэтым аднаўляецца дыплоідны набор храмасом, характэрны для саматычных клетак арганізма, і забяспечваецца перадача спадчынных прыкмет ад бацькоў да нашчадкаў.
Адрозніваюць апладненне вонкавае, калі палавыя клеткі зліваюцца па-за арганізмам, і ўнутранае, якое адбываецца ўнутры палавых органаў індывіда (перакрыжаванае апладненне і самаапладненне). У жывёл і чалавека апладненню папярэднічае асемяненне. У жывёл з унутраным апладненнем (пераважна наземныя жывёлы) ёсцьспец. прыдаткавыя палавыя органы для пераносу спермы з цела самцоў у цела самак. У большасці жывёл, што жывуць у вадзе (ігласкурыя, малюскі, некаторыя рыбы і земнаводныя), назіраецца вонкавае апладненне: у навакольным асяроддзі адкладаюцца яйцаклеткі і сперма, дзе і зліваюцца. У шэрагу раслін (бактэрыі, сіне-зялёныя водарасці) тыповы палавы працэс, у т. л. апладненне, адсутнічае. У ніжэйшых раслін назіраюцца розныя віды палавога працэсу: ізагамія, анізагамія, аагамія, кан’югацыя і інш. Вышэйшым раслінам уласціва аагамія. У голанасенных і пакрытанасенных раслін апладненню папярэднічае апыленне. У пакрытанасенных ажыццяўляецца т.зв.двайное апладненне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСІЁМА (грэч. axiōma),
палажэнне, якое прымаецца без лагічных доказаў на падставе непасрэднай пераканаўчасці; сапраўднае зыходнае палажэнне, на якім грунтуюцца доказы інш. палажэнняў навук. тэорыі. Сістэма аксіёмы не з’яўляецца раз і назаўсёды закончанай і, як і самі аксіёмы, змяняецца з развіццём чалавечага пазнання. Тэрмін «аксіёма» ўпершыню сустракаецца ў Арыстоцеля, потым праз працы паслядоўнікаў і каментатараў Эўкліда трывала ўвайшоў у геаметрыю. У сярэднявеччы пранік ў інш. навукі, а праз іх — у штодзённы побыт, дзе аксіёмай наз. суджэнні, шмат разоў правераныя на практыцы. Доўгі час аксіёма разглядалася як вечная і непарушная ісціна, што не патрабуе доследу і не залежыць ад яго. Лічылася, што спроба абгрунтавання можа толькі падарваць яе відавочнасць. Пераасэнсаванне праблемы абгрунтавання аксіёмы змяніла і змест самога тэрміна, паводле якога аксіёма не зыходны пачатак пазнання, а хутчэй яго прамежкавы вынік. Яна абгрунтоўваецца не сама па сабе, а як неабходны састаўны элемент тэорыі, пацвярджэнне якой ёсць адначасова і пацвярджэнне яе аксіёмай. У сучаснай навуцы пытанне пра ісціннасць аксіёмы вырашаецца ў рамках іншых навук. тэорый або шляхам інтэрпрэтацыі дадзенай тэорыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТАНІ́ЧНЫ САД ВІ́ЦЕБСКАГА ПЕДАГАГІ́ЧНАГА УНІВЕРСІТЭ́ТА.
Закладзены ў 1919 у Віцебску як школьны сад для практычнага вывучэння батанікі, садаводства, кветкаводства і агародніцтва на тэрасах старога парку каля р. Віцьба (пл. больш за 3 га). У 1925 у садзе каля 500 відаў мясц. пладовых дрэў, каля 60 — паўд. Прадстаўнікоў, экспазіцыя з 972 відаў травяністых раслін (з іх 120 лекавых), невял. пасадкі дэкар. дрэў, ягадныя кусты, цяпліца, парнікі, паказальныя поле і агарод. З 1926 самая паўн. ў Беларусі плантацыя белай шаўкоўніцы. Каля 200 відаў раслін (пераважна лек., тэхн., дэкар., расліны-компасы і інш.) перанесены з Вялікалятчанскага батанічнага саду. Пасля Вял.Айч. вайны засталася толькі ч. дэндрарыя. З 1944 пачалося аднаўленне. У 1948—52 закладзены дэндрарый. У 1954 (пл. 4 га) пераўтвораны ў аграбіястанцыю, з 1979 навук. і навуч. падраздзяленне Віцебскага пед. ін-та, з вер. 1995 — ун-та. Пл. 7,6 га. Сучасны дэндрарый разбіты паводле геагр. прынцыпу, збераглося каля 80 відаў дрэў (сектары Амерыкі і Канады, Еўропы, Сібіры, Усурыйскага краю і Маньчжурыі і інш.); ёсць калекцыі травяністых і кветкава-дэкар. раслін.
Батанічны сад Віцебскага педагагічнага універсітэта. Насаджэнні елкі калючай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФАНА́СЬЕЎ (Аляксандр Мікалаевіч) (23.7.1826, г. Багучар Варонежскай вобл., Расія — 5.10.1871),
рускі фалькларыст, этнограф, гісторык, літаратуразнавец. Скончыў Маскоўскі ун-т (1848). Служыў у Гал. архіве Мін-ва замежных спраў (1849—62). Выключнае значэнне мае яго зб. «Народныя рускія казкі» (вып. 1—8, 1855—63; т. 1—3, 7-е поўнае выд. 1985—86). У ім змешчаны таксама бел. (11) і ўкр. тэксты. Бел. тэксты надрукаваны і ў яго зб. «Народныя рускія легенды» (М., 1859; Лондан, 1860), канфіскаваным па даносе духавенства. Ананімна ім выдадзены ў Швейцарыі зб. «Рускія запаветныя казкі» (1872 і 1878), накіраваны супраць духавенства і памешчыкаў. У рукапісе зб. Афанасьева «Народныя рускія казкі не для друку. 1857—1862» (Ін-трус. л-ры, Спб.) таксама ёсцьбел. і ўкр. тэксты. Праца Афанасьева «Паэтычныя погляды славян на прыроду» (т. 1—3, 1865—69) упершыню на матэрыяле фальклору і этнаграфіі раскрыла некаторыя асаблівасці стараж. светапогляду славян, спрыяла станаўленню міфалагічнай школы ў рус. фалькларыстыцы, мела ўплыў на працы некат. бел. фалькларыстаў.
Літ.:
Азадовский М.К. История русской фольклористики. Т. 2. М., 1963;
Савченко С.В. Русская народная сказка. Киев, 1914.