МАЦЕ́Й З МЕ́ХАВА, Мехавіта (Maciej z Miechowa, Miechowita; сапр.Карпіга Мацей; каля 1457, ц. Мехаў, Польшча — 8.9.1523),
польскі гісторык, урач, географ, астролаг. Праф. (з 1485) і рэктар (1501—19) Кракаўскай акадэміі. Вучыўся ў Кракаўскай акадэміі (1474—78), ун-тах Падуі і Балонні (1483—85). У 1507 пасвечаны ў духоўны сан. У якасці ўрача запрашаўся на каралеўскі і магнацкія двары. Займаўся астралогіяй, прыпісваў яе ўплыў на ход гіст. падзей. Аўтар «Трактата пра дзве Сарматыі» (1517) — першага ў еўрап. пісьменстве геагр.-этнагр.-гістарычнага апісання зямель паміж Віслай і Донам (у т. л. беларускіх) і далей да паўд. ўзбярэжжа Каспійскага мора. Яго «Польская хроніка» (1519) уключае пераказ «Гісторыі Польшчы» Я.Длугаша (да 1480) і арыгінальнае апісанне далейшых падзей (да 1506). У 1521 «Хроніка» была канфіскавана з-за наяўнасці ў ёй крытычных заўваг пра тагачасную пануючую дынастыю Ягелонаў і перавыдадзена са зменамі. Аўтар эпідэміялагічнага даведніка (1508) і папулярнай працы па гігіене і дыетыцы (1522).
Літ.:
Maciej z Miechowa, 1457—1523: Historyk, geograf, lekarz, organizator nauki. Wrocław, 1960;
Hajdukiewicz L. Biblioteka Macieja z Miechowa. Wrocław, 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕСІ́Я (ад стараж.-яўр. памазаннік),
1) у іудаізме і хрысціянстве «божы пасланец», «выратавальнік», які павінен знішчыць зло і ўсталяваць «божае царства». Першапачаткова М. называўся цар, які пры ўступленні на трон памазваўся асвячоным алеем, у інш. выпадках — ідэальны дзярж. кіраўнік або святар. У час асіра-вавілонскага, персідскага, рымскага панавання над яўрэямі, калі няўдалыя спробы вызвалення пахіснулі веру ў магутнасць Яхве, у іудаізме склаўся класічны вобраз М. як збавіцеля, выратавальніка, які павінен узначаліць яўр. народ, вызваліць яго ад іншаземнага панавання і забяспечыць яму пануючае становішча сярод іншых народаў. У хрысціянстве ідэя М. ўвасобілася ў вобразе Ісуса Хрыста, які вёў радаслоўную ад цара Давіда і ахвяраваў сабою для выратавання ўсяго чалавецтва ад першароднага граху; уваскрослы Хрыстос павінен прыйсці на зямлю ў другі раз, каб канчаткова знішчыць зло і вырашыць лёс чалавецтва. Ідэя аб М. прысутнічае ў інш. рэлігіях свету (Вішну — у індуізме, Майтрэя — у будызме, Саош’янт — у зораастрызме і інш.); яна была характэрна для многіх сял. і нац.-вызв. рухаў. Многія сучасныя нетрадыц. культы ўвасабляюць ідэю М. ў вобразах заснавальнікаў гэтых вераванняў.
Міжнародная Чырвоная дапамога. Створана ў канцы 1922 паводле рашэння 4-га кангрэса Камуністычнага інтэрнацыянала. Аказвала матэрыяльную, юрыд., маральную падтрымку палітзняволеным, палітэмігрантам і іх сем’ям, сем’ям загінуўшых рэвалюцыянераў, незалежна ад іх парт. прыналежнасці, праводзіла масавыя кампаніі ў абарону ахвяр паліт. рэпрэсій у Польшчы (у т. л. ў Зах. Беларусі), на Балканах, у Кітаі і інш. краінах, супраць фашызму і вайны. Секцыі МОПРа ў 74 краінах налічвалі (1937) 15 млн. членаў, у т. л. ў СССР — 9 млн. Кіруючыя органы — Выканком (да сак. 1923 — Цэнтр. бюро, у сак. 1923 — ліп. 1924 — ЦК), Прэзідыум і Сакратарыят (выбіраліся Выканкомам) — знаходзіліся ў Маскве, у 1937—39 — у Парыжы. Орган Выканкома — час. «МОПР» (1923—38). У БССР секцыя МОПРа была адной з найбуйнейшых грамадскіх арг-цый. У Мінску быў створаны дом паліт. эмігрантаў, у Станькаве — дзіцячы дом. Секцыя МОПРа ў Зах. Беларусі наз.Міжнародная арганізацыя дапамогі рэвалюцыянерам Заходняй Беларусі, выдавала газету «Чырвоная дапамога». З пачаткам 2-й сусв. вайны дзейнасць МОПРа як міжнар. арг-цыі спынілася, яго секцыя ў СССР існавала да 1947.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫЯ МО́ВЫ,
мовы міжнац. (міжэтнічных) і міждзярж. зносін. Падзяляюцца на мовы натуральныя, для якіх функцыя М.м. з’яўляецца рэальнай, але другаснай у адносінах да іх асн. выкарыстання ў ролі нацыянальнай мовы, і штучныя, для якіх функцыя М.м. з’яўляецца першаснай, але не заўсёды рэалізаванай, паколькі не ўсе такія мовы выкарыстоўваюцца ў практыцы міжнар. зносін. Склад М.м. з цягам часу мяняецца. У старажытнасці ў народаў Д. Усходу М.м. была вэньянь (стараж.-кіт. мова), у стараж. дзяржавах Заходняй Азіі ў розныя эпохі выкарыстоўваліся шумерская, акадская і арамейская мовы. Стараж.-грэч. мова стала агульнай мовай эліністычнага свету, лац. мова — разнамоўнай Рым. імперыі; у сярэдневяковай Еўропе абедзве мовы выступалі ў функцыі М.м. У 16—17 ст.найб. пашыраная ў свеце М.м. — партугальская, у 18 ст. — франц., у 2-й пал. 19 ст. — англійская. Найб. шырока ўжывальныя М.м., якія маюць статус афіцыйных і рабочых моў ААН (англ., араб., ісп., кіт., рус., франц.), лічацца сусв. мовамі.
Літ.:
Белл Р.Т. Социолингвистика: Цели, методы и пробл: Пер. с англ.М., 1980;
Говард М. Сучасная культурная антрапалогія. Мн., 1995;
Мечковская Н.Б. Социальная лингвистика. 2 изд. М., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ БЕЛАРУ́СКІ ПЕДАГАГІ́ЧНЫ ІНСТЫТУ́Т,
вышэйшая навуч. ўстанова ў Мінску, якая рыхтавала настаўнікаў сярэдніх школ. Засн. 30.12.1918 на базе Мінскага настаўніцкага інстытута. Навучалася 150 студэнтаў. Тэрмін навучання 4 гады. Сярод выкладчыкаў Я.Ф.Карскі, В.Л.Іваноўскі (з сак. 1920 рэктар), У.М.Ігнатоўскі, Б.А.Тарашкевіч, М.І.Гарэцкі, І.У.Канчэўскі. Ф-ты: літ.-маст., сац.-гіст., прыродазнаўчы, геагр., фіз.-хім., фіз.-матэматычны. У навуч. працэсе асн. ўвага аддавалася пед. дысцыплінам, беларусазнаўству. У час польск. акупацыі ў навуч. праграму ўводзіліся польск. мова і л-ра, гісторыя Польшчы і польск. культуры. У 1919/20 навуч.г. выкладанне пераведзена на бел. мову, 6 ф-таў рэарганізаваны ў літ.гіст. і геагр.-прыродазнаўчы з фіз.-хім. і фіз.-матэм. аддзяленнямі. Меў фіз. і пед. кабінеты, хім. лабараторыю, б-ку (5 тыс. тамоў), а таксама лабараторыі, метэастанцыю, доследнае поле, дапаможную гаспадарку пад Мінскам. У яго падпарадкаванні былаМінская балотная доследная станцыя. Пры ін-це створана аспірантура, спец. камісія па выпрацоўцы бел.навук. тэрміналогіі (падрыхтавала «Арыфметычную тэрміналогію; выдадзена ў Вільні ў 1921). У жн. 1920 пераўтвораны ў Мінскі інстытут народнай адукацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЦНЫЯ СКЛАДЫ́,
апорныя ў сэнсава-інтанацыйных адносінах адзінкі вершаванай мовы. З’явіліся на этапе інтанацыйна-сказавага вершаскладання, заснаванага на чаргаванні пэўных моўных перыядаў. Больш самаст. ролю набылі ў рэчытатыўным, пазней у танічным вершы, дзе вызначалі аб’ём рытмарада. Ў сілабічным вершы роля М.с. паслаблена (вызначальнай у ім была не якасць, а колькасць складоў). Большую структурную ролю М.с. адыгрывае ў сілаба-танічным вершы, заснаваным на чаргаванні націскных і ненаціскных метрычных адзінак, дзе служыць дзейсным сродкам рытмічнага вылучэння найб. значных апорных слоў і выразаў. Гэта звязана з узмацненнем ролі інтанацыі ў слав. сілаба-тоніцы і ўплывам на яе нар.-песенных традыцый. Плённае выкарыстанне прынцыпаў рытмічнага ўзмацнення стала характэрнай рысай творчасці многіх усх.-слав. паэтаў (Т.Шаўчэнка, М.Някрасаў, У.Маякоўскі, С.Ясенін і інш.). Класічны ўзор такога выкарыстання — паэзія Я.Купалы. Пры лагічна-інтанацыйным, а не скандзіраваным чытанні яго твораў у кожным рытмарадзе вылучаюцца толькі тыя націскныя стопы, што падкрэсліваюць апорныя словы:
Што я мужы́к усе́ тут зна́юць
І, як ёсць гэ́ты свет вялі́к,
З мяне́ смяю́цца, пагарджа́юць,
— Бо я мужы́к, дурны мужы́к.
(«Мужык»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАГАСА́КІ,
горад у Японіі, на З в-ва Кюсю. Адм. ц. прэфектуры Нагасакі. Каля 450 тыс.ж. (1997). Порт у зал. Нагасакі (Усходне-Кітайскае м.). Буйны суднабуд. цэнтр.Прам-сць: агульнае машынабудаванне, металургія, харчасмакавая, нафтахім., дрэваапрацоўчая. Рыбалоўная база. Ун-т. Музеі: гандл.-прамысл., стараж. мастацтва, прыкладнога мастацтва. Арх. помнікі 16—19 ст., у т. л.т. зв. Галандскі квартал (Дэдзіма), Кітайскі квартал, Нац. парк Маруяма, будыйскія, сінтаісцкія, хрысціянскія храмы. Парк Міру і манумент Міру (1955). Ваенна-марскі арсенал.
Горад узнік на месцы рыбацкага пасёлка, вядомага з 12 ст. Росквіт Н. прыпадае на 16—17 ст., калі горад (тут існавала партуг. факторыя) стаў цэнтрам хрысціянства ў Японіі і адзіным яп. портам (з 1640), праз які вёўся абмежаваны гандаль з галандцамі і кітайцамі. З канца 19 ст. цэнтр ваен. суднабудавання. У канцы 2-й сусв. вайны 1939—45 на Н. 9.8.1945 была скінута амер. атамная бомба, якая разбурыла 1/3 горада; забіта і паранена каля 75 тыс.чал. З 1956 у Н. адбываюцца міжнар. канферэнцыі аб забароне атамнай зброі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЁЎ ПАХАВА́ЛЬНЫХ У́РНАЎ КУЛЬТУ́РЫ,
агульная назва шэрагу археал. культур паводле характэрнай прыкметы — могільнікаў без насыпаў, што ўтрымлівалі рэшткі крэмацыі, звычайна пахаваныя ў гліняных пасудзінах на дне магілы. Узніклі ў раннім бронзавым веку і існавалі больш за 1700 гадоў. Былі пашыраны па ўсёй Еўропе. У раннім жал. веку ў могільніках трапляюцца таксама пахаванні ў ямках без урнаў і трупапалажэнні. У 15—4 ст. да н.э. ад Балтыйскага ўзбярэжжа да р. Дунай і ад р. Шпрэ да Валыні была пашырана самая стараж. з П.п.у.к. — лужыцкая культура. На мяжы 2—1-га тыс. да н.э. ў далінах рэк Дунай і Рэйн у паўн.-зах. частцы Швейцарыі і Усх. Францыі ўзніклі паўд.-германская і парэйнская П.п.у.к. У пач.жал. веку носьбіты гэтых культур праніклі далей на тэр. Францыі, у 8 ст. да н.э. — на Пірэнейскі п-аў (Каталонія, Кастылія), у 9—8 ст. да н.э. з’явіліся ў Брытаніі. Пашырэнне палёў пахаванняў не звязана з экспансіяй аднаго народа ці генетычнымі сувязямі плямён. Лічаць, што гэты абрад быў успрыняты этнічна разнастайнымі групамі насельніцтва Еўропы. На Беларусі да П.п.у.к. належыць зарубінецкая культура.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНО́НІЯ (Pannonia),
рымская правінцыя, якая ўтварылася ў 8 н.э. пасля падзелу рым. правінцыі Ілірык на Верхні Ілірык (Далмацыя) і Ніжні Ілірык — П. Займала зах.ч. сучаснай Венгрыі, паўн.ч. сучасных Харватыі і Югаславіі і ўсх.ч. сучаснай Аўстрыі. Назву атрымала ад панонцаў — групы ілірыйскіх плямён (гл.Ілірыйцы). Захоп тэр. правінцыі пачаўся пры імператару Аўгусце (35—33 да н.э.) і працягваўся Тыберыем (6—9 н.э.). У пач. 1 ст.н.э. адбывалася ваен. каланізацыя П. Яе гарнізон складаўся з 5, пасля 101 — з 4 легіёнаў. Паступова лагеры легіёнаў ператвараліся ў буйныя гарады, цэнтры рамяства і гандлю, якія ў 2—3 ст. атрымалі ад рым. улад правы самакіравання. У пач. 2 ст. правінцыя падзелена на Ніжнюю і Верхнюю П. Пры імператару Дыяклетыяне П. падзелена на 4 часткі, г. Сірмій стаў рэзідэнцыяй імператара і прэфекта прэторыя. За валоданне П. рымляне вялі пастаянныя войны з суседнімі плямёнамі: у 167 з маркаманамі, у 427 з гунамі і гепідамі, у пач. 6 ст. з лангабардамі, у 568 з аварамі. Беспаспяховай была спроба рымлян адваяваць П. ў сярэдзіне 5 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПА́ПАРАЦЬ-КВЕ́ТКА»,
бел.культ.-асв.т-ва ў г. Слуцк Мінскай вобл. ў 1917—20. Створана навучэнцамі Слуцкай земскай гімназіі па ініцыятыве С.Бусла і Я.Ракуцькі (першы старшыня т-ва). Налічвала больш за 300 чал. Мела літ., краязнаўчую і драм.-хар. секцыі, гурткі-філіялы на Случчыне і Капыльшчыне. Паводле свайго статута прапагандавала бел. мову, культуру і мастацтва. Знаходзілася пад уплывам бел. эсэраў. У час герм. і польскай акупацыі праводзіла падп. работу. Намаганнямі яе членаў у Мінску выдадзены 2 нумары газ. «Наша каляіна». У кастр. 1917 у Слуцку адбылася першая тэатр. вечарына т-ва, на якой паказана п’еса Я.Купалы «Паўлінка». Ставіла таксама п’есы Ф.Аляхновіча, У.Галубка (у чэрв.—ліп. 1920 узначальваў драм. гурток т-ва), К.Каганца і інш.; наладжвала канцэрты бел.нар. песні, дэкламацыі вершаў бел. паэтаў. У ліп. 1920 дзейнасць т-вабыла прыпынена польскімі акупац. ўладамі, у ліст. 1920 адноўлена. Члены т-ва прынялі ўдзел у арг-цыі і рабоце бел. з’езда Случчыны. Актывісты «П.-к.» ўдзельнічалі ў Слуцкім паўстанні 1920.