МА́РКА (ням. Mark ад сярэдневерхненям. Marke мяжа, пагран. вобласць),
1) сельская абшчына ў сярэдневяковай Зах. Еўропе. Узнікла ў 5—6 ст. у стараж. германцаў. Спачатку была вольным аб’яднаннем двароў сялян, якія валодалі індывід. надзеламі зямлі (гл. Алод), а пашы, лясы і інш. зямельныя ўгоддзі былі агульнай уласнасцю. Члены М. ўдзельнічалі ў кіраванні і судаводстве. Паступова трапляла ў залежнасць ад сеньёра. Эканамічна знікла з развіццём раннекапіталіст. адносін у земляробстве.
2) У Франкскай дзяржаве 8—9 ст. і «Свяшчэннай Рым. імперыі» пагран. ўмацаваная адм. акруга на чале з маркграфам. Пры Карле Вялікім заснаваны Іспанская, Брэтонская, Фрыульская і Панонская (Аварская) М.; пры яго пераемніках на заваяваных землях славян і венграў (з канца 9 ст.) — Мейсенская, Лужыцкая, Білунгаў, Герана М. і інш. З развіццём феад. адносін многія М. сталі тэр. княствамі (напр., герцагства Аўстрыя, маркграфства Брандэнбург).
т. 10, с. 114
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)