МУДРАГЕ́ЛЬСТВА, мудрагелістая мова,
пазбаўленая сэнсавага значэння мова, у якой адносіны паміж тым, што абазначае, і тым, што абазначаецца, або не існуюць, або ўстанаўліваюцца адвольна і кожны раз нанава. Трапляецца ў стараж. магічных тэкстах, фальклоры (заклінанні, дражнілкі), у штодзённай мове (у экспрэсіўнай функцыі).
У рус. футурыстаў (тэрмін «М.» прапанаваў В.Хлебнікаў) — эксперым. паэт. мова, якая будуецца на гукаперайманнях, адвольных гукаспалучэннях і алагічных словапераўтварэннях. У лінгвістаў і паэтаў, якія групаваліся вакол час. «ЛЕФ», праблема М. была звязана з дэклараваннем «лінгвістычнай тэхналогіі», свядомай «пераробкі» літ. мовы. Для футурыстаў М было своеасаблівай лабараторнай работай па выяўленні выразных магчымасцей слова. Пэўны водгук тэорыя футурыстаў знайшла ў бел. л-ры. У асобных творах 1920-х г. прагучала думка пра неабходнасць аднаўлення мовы бел. паэзіі з арыентацыяй на М. Тэрмін «М.» часта ўжываецца для абазначэння незмястоўнага эксперыментатарства. Мудрагелістасць выказвання можа быць сінонімам вобразнай ускладненасці.
т. 11, с. 6
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)