дзевятая па адлегласці ад Сонца і апошняя з вядомых планет Сонечнай сістэмы. Астр. знак ♇. Адкрыты К.Томба (1930, ЗША). Існаванне П. тэарэтычна памылкова прадказаў амер. астраном П.Ловел (1915) з аналізу ўзбурэнняў, якія П. быццам аказвае на рух планеты Нептун. Вывучэнне арбіты П. паказала, што Ловел памыліўся ў разліках і адкрыццё П. было выпадковым.
Бляск П. 14,7 візуальнай зорнай велічыні (простым вокам не назіраецца). Абарачаецца вакол Сонца па вельмі выцягнутай арбіце з перыядам 247,7 зямнога года і сярэдняй скорасцю 4,7 км/с; перасякае арбіту планеты Нептун. Сярэдняя адлегласць ад Сонца 39,4 а.а. Мае вял. спадарожнік Харон, параўнальны па памерах з П., таму сістэму П. — Харон наз. падвойнай планетай. Яны знаходзяцца блізка адзін ад аднаго і першапачаткова пры назіранні зліваліся ў адно цела (памеры П. былі завышаныя). Пры дапамозе касм. тэлескопа імя Э.Хабла (1995, НАСА) атрыманы відарысы П. і Харона; вызначаны дыяметры П. — 2320 км і Харона — 1270 км, радыус арбіты Харона 19 130 км; перыяд абарачэння спадарожніка роўны перыяду вярчэння самога П. — 6,387 зямных сутак (сінхронная арбіта). Сярэдняя шчыльнасць П. 2,06∙103кг/м³, Харона 2,18 ∙103кг/м³. Абодва целы складаюцца ў асноўным з лёду; спектраскапічнымі метадамі на паверхні П. выяўлены замёрзлы метан; т-ра паверхні каля -228 °C Маса П. каля 1,79∙1022кг. У 1999 Міжнар.астр. саюз перавёў П. у разрад планет-астэроідаў з прысваеннем парадкавага нумара астэроіда і з захаваннем статуса планеты Сонечнай сістэмы.
Літ.:
Уипл Ф.Л. Семья Солнца: Пер. с англ.М., 1984;
Гребеников Е.А., Рябов Ю.А. Поиски и открытия планет. 2 изд. М., 1984;
Маров М.Я. Планеты Солнечной системы. 2 изд. М., 1986.
А.А.Шымбалёў.
Планета Плутон і яе спадарожнік Харон (касмічны тэлескоп імя Э.Хабла, 1995, НАСА).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПНАМПЕ́НЬ,
горад, сталіца Камбоджы, на р. Меконг, каля ўпадзення ў яе прытока Танлесап. 984 тыс.ж. (1994). Рачны порт, даступны для марскіх суднаў. Вузел аўтадарог. Чыгункай злучаны з портам Кампонгсаам і Бангкокам (Тайланд). Міжнар. аэрапорт. Гал.паліт., эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: дрэваапр., тэкст., харч. (рысаачыстка, вытв-сць пальмавага алею, цукру і інш.), харчасмакавая, мылаварная, тытунёвая. Прадпрыемствы па суднарамонце, аўтазборцы. ЦЭС. 3 ун-ты. Вышэйшая тэхн. школа. Школа выяўл. мастацтваў і музыкі. Музеі: археалогіі і гісторыі, Каралеўскі палац «Сярэбраная пагада» і інш.
Засн. каля 1372 пад наз. Чадамук. У 1434 кхмерскі кароль Понья Ят перанёс сталіцу з г. Ангкор у Чадамук (пазней стаў называцца П.). Тут пабудаваны гар. ўмацаванні, каралеўскі палац і будыйскія храмы. П. не страціў эканам. значэння і пасля пераносу сталіцы ў гарады Лавек (1528) і Удонг (1623). У 1866 П. зноў стаў сталіцай. Тут былі размешчаны цэнтр. ўстановы франц. адміністрацыі пратэктарата Камбоджы. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны яп. войскамі. У 1945 П. занялі франц. войскі на чале з ген. Ф.М.Леклеркам. З 1953 П. — сталіца незалежнай Камбоджы.
Радыяльная структура цэнтра (склалася ў 2-й пал. 19 ст.) спалучаецца з прамавугольнай сеткай прылеглых раёнаў. Цэнтр горада забудаваны віламі, 2—4-павярховымі дамамі еўрап. тыпу з крамамі і канторамі, ускраіны — лёгкімі драўлянымі жылымі дамамі. Самае стараж. збудаванне П. — ват (манастыр) Пном са ступай 15 ст. Сярод пабудоў 19—20 ст.: комплекс Каралеўскага палаца (2-я пал. 19 — пач. 20 ст., цяпер музей), «Сярэбраная пагада», Нац. музей (1917—20), крыты рынак (1936), бальніца (1956—60, рас.арх. Н.Якабсон і інш.), помнік Незалежнасці (1960), зала канферэнцый Чадамук (1961), Нац.спарт. комплекс (усе арх. Ванмаліван), Вышэйшы тэхнал.ін-т (рас.арх. С.Міхайлаў, А.Мачалаў, В.Навумаў; абодва 1962—64).
Каралеўскі палац у Пнампені 2-я пал. 19 — пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬМАНА́Х (ад араб. аль-манах каляндар),
зборнік літаратурных твораў, часта аб’яднаных адной тэмай, жанрам і г.д.; у стараж. часы календары-даведнікі. Першы літ. альманах — «Ľ Almanach des muses» («Альманах музаў», Парыж, 1764—1833). Першым рус. альманахам лічаць «Российский Парнас» (1771). Першыя бел. альманахі ўзніклі як раздзелы «Календаря Северо-Западного края» (М., 1889—90) і «Северо-Западного календаря» (Мн., 1891—92). У наступныя гады выйшлі альманахі: «Калядная пісанка на 1904 год» (Пб., 1903, арг-цыя«Круг беларускай народнай прасветы і культуры»), «Велікодная пісанка» (1904, тая ж арг-цыя), «Маладая Беларусь» (сш. 1—3, 1912—13, бел. выдавецкая суполка «Загляне сонца і ў наша аконца»), «Зборнік «Нашай нівы» (вып. 1—2. Вільня, 1912; з паэмай Я.Купалы «Курган», раздзеламі «Новай зямлі» Я.Коласа і інш.), «З аколіц Дзвіны» (Віцебск, 1912, на польск. мове), «Колас беларускай нівы» (1913, лацінкаю на бел. мове, Гродзенскі гурток бел. моладзі), «Калядная пісанка, 1913 год» (Вільня, 1913, друкарня М.Кухты), «Велікодная пісанка» і «Дзень штукарства» (там жа, абодва 1914), «Могилёвский альманах за 1913 год» (Магілёў, 1914), «Літаратурны зборнік «Вольнае Беларусі» (Мн., 1917), «Зажынкі» (М., 1918, Белнацком; з творамі Я.Купалы, Я.Коласа, Цёткі, Ф.Шантыра і інш.). У 1920—30-я г. ў Сав. Беларусі выйшлі альманахі: літ.-навук. веснік «Адраджэнне» (Мн., 1922); «Мы ідзем» (Мн., 1929, выданне польскіх пісьменнікаў); «Уздым» (кн. 1—2, Бабруйск, 1926—28), «Камсамолія» (Мн., 1927), «Пачатак» (Віцебск, 1926), «Світанне» (Віцебск, 1927), «Наддзвінне» (Полацк, 1926), «Дняпроўскія ўсплёскі» (Магілёў, 1927; усе — філій літ. аб’яднання «Маладняк»), «Звенья» (1926, Мінскага аб’яднання рус. пісьменнікаў «Звенья»), «Ранне» (Магілёў, 1929, акруговых філій БелАПП), «Рытмы будавання» (Віцебск, 1931, іх жа), «Цагліна ў падмурак» (1931, Бел. секцыя Ленінградскай АПП), «Ударнікі» (з 1931, Мінская АПП, у 1932—34 выпускаў Аргкамітэт СП БССР), «Літаратура і мастацтва» (кн. 1—5, Мн., 1933—36), «Бальшавіцкая моладзь» (1934), «Аднагодкі» (1935), «Бойцы» (№ 1—2, 1935—36) і інш. У Зах. Беларусі выйшлі альманахі: «Зборнік «Беларускіх ведамасцяў» (№ 1—3. Вільня, 1921, скл. М.Гарэцкі), «Рунь веснаходу» (Вільня, 1928, арг-цыя маладых пісьменнікаў Зах. Беларусі «Веснаход»). У Айч. вайну выходзіў альманах «Беларусь» (М., 1943; Мн., 1945). Пасля вайны выдадзены альманахі: «Отчизна» (з 1945; з 1947 «Советская Отчизна», з 1952 часопіс, з 1960 «Нёман»), «На сонечных сцежках» (кн. 1—3, 1950—53); «Літаратурны Магілёў» (кн. 1—2, 1949—50), «Нарач» (кн. 1—2, 1957—58), «Дняпро» (1957), «Нёман» (кн. 1—2, 1956—58), «Брэст» (1958), «Літаратурны Гомель» (1958; усе абл.літ. аб’яднанняў); «Падарунак» (1958), «Узлёт» (1965), «Натхненне» (1967), «Мары юнацкія» (1969), «Універсітэт паэтычны» (1971), «Вёсны» (1977), «Вусны» (1985), «Квадра» (1990; усе літ. аб’яднання БДУ); «Дзень паэзіі» (1965—71), «Далягляды» (з 1975), «Сучаснік» (з 1977), «Братэрства» (з 1982), «Вобраз» (з 1981), «Шляхам гадоў» (вып. 1—4, 1990—94), «З гісторыяй на «Вы» (вып. 1—3, 1991—94), «Скарыніч» (вып. 1—3, 1991—95), «Краю мой — Нёман: Гродзеншчына літаратурная» (1986), «Галасы Прыдняпроўя: Магілёўшчына літаратурная» (1991), «Дзвіна: Віцебшчына літаратурная» (1992; усе — выд-ва «Мастацкая літаратура»); «Ветразь» (з 1985, выд-ва «Юнацтва»); «Свіцязь» (1989, альманах бібліяфілаў, выд-ва «Беларусь»); «Культура беларускага замежжа» (кн. 1—3, 1993—94), «Беларуская драматургія» (вып. 1—2, 1994—95, абодвавыд-ва «Навука і тэхніка»). З 1990 у абл. і раённых гарадах Беларусі пачалі выходзіць альманахі: «Ксэракс беларускі» (вып. 1—5, Полацк, 1991—94), «Магілёўшчына» (вып. 1—4, Магілёў, 1990—93), «Рунь» (вып. 1—3, Паставы, 1991—93), «Магістраль» (вып. 1—2, Гомель, 1993—94), «Дняпроўскія хвалі» (Магілёў, 1993), «Золак над Шчарай» (Слонім, 1994), «Галасы з Парнаса» (Горкі, 1995). Выд-ва «Універсітэцкае» з 1995 пачало выпускаць гіст. альманах «Адраджэнне». Бел. альманахі выходзяць і за межамі Беларусі: «Ля чужых берагоў» (Мюнхен, 1955, выд-ва «Бацькаўшчына», з творамі Н.Арсенневай, У.Дудзіцкага, М.Кавыля, М.Сяднёва, Р.Крушыны, А.Салаўя, Х.Ільяшэвіча, Ю.Віцьбіча і інш.бел. пісьменнікаў-эмігрантаў); «Белавежа» (Беласток, 1965, 1971, 1980, з творамі бел. пісьменнікаў Беласточчыны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЦЦЁ МАСТА́ЦКАЕ,
тэхніка стварэння маст. вырабаў шляхам заліўкі расплаўленага металу ў форму, а таксама маст. творы, выкананыя гэтым спосабам; від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Найб. пашыраны спосаб пераводу ў метал твораў скульптуры, а таксама вырабу метал. пасудзін, званоў і інш.
Л. м. зарадзілася ў эпоху асваення чалавекам спосабаў здабычы і апрацоўкі металу. З развіццём ліцейнай вытв-сці вылучылася ў асобную галіну. Маст. задачы вызначаюць спецыфічныя прыёмы фармоўкі мадэлі, метады ліцця, выбар металу або сплаву для пэўнага віду вырабу, дапрацоўку (часта аўтарскую) адлівак чаканкай, гравіраваннем, пацініроўкай. залачэннем і інш.Асн. тэхналогія Л. м. выпрацоўвалася пры выкарыстанні бронзы; з 4 ст. да н. э. выкарыстоўваюць волава (амулеты з копцкіх грабніц 4—7 ст.н.э.), з якога ў 16—18 ст. адлівалі плакеткі, медалі, пасудзіны і інш., што імітавалі больш каштоўнае серабро. З 15 ст. ў Германіі, пазней і ў інш. краінах Еўропы развівалася Л.м. з чыгуну (паркавая скульптура, надмагіллі, рашоткі, агароджы, садовая мэбля і інш.). Унікальныя помнікі рус. Л.м. 16—18 ст. — Цар-гармата (1586), Цар-звон (1733—35) у Маскве і інш. У 17—18 ст. адлівалася паркавая скульптура са свінцу (Версаль у Францыі, Петрадварэц у Расіі).
На тэр. Беларусі Л.м. вядома з сярэдзіны 2-га тыс. да н.э. З бронзы, пазней і з жалеза адлівалі ўпрыгожанні (спражкі, фібулы), наканечнікі коп’яў, стрэл. З 12 ст. пашырыўся спосаб ліцця ў каменныя ці гліняныя раздымныя формы. З медзі, бронзы, серабра, радзей з золата адлівалі ўпрыгожанні (бранзалеты, пярсцёнкі, спражкі, амулеты, падвескі ў выглядзе канькоў ці званочкаў), царк. начынне (свяцільні, крыжы і інш.), дэталі адзення, конскай збруі, зашчапкі для накладных кніжных пераплётаў; са свінцу выраблялі пячаткі і абразкі з гарэльефнымі сюжэтнымі выявамі. Літыя ювелірныя вырабы аздаблялі чаканкай, зярненнем, гравіраваннем, эмалямі. У 15 ст. пры Слуцкім Троіцкім манастыры працавалі майстры-алавяннікі. Высокага маст. ўзроўню Л. м. дасягнула ў 16—17 ст. з арганізацыяй у гарадах (Мінск, Магілёў, Нясвіж, Слуцк, Гродна) цэхаў рамеснікаў-металістаў, куды ўваходзілі і ліцейшчыкі — алавяннікі, людвісары (майстры па адліўцы гармат), канвісары (майстры па адліўцы званоў), ювеліры і інш. Акрамя вытв-сці ювелірных вырабаў, быт. рэчаў, царк. начыння пашырылася ліццё званоў у Полацку, Лагойску, Віцебску, Крычаве, Дзісне, Нясвіжы, Брэсце і інш. (гл.Дзісенскі звон, Крычаўскі звон, Моладаўскі звон). Алавяны посуд, свечачнікі адлівалі ў Магілёве, Ваўкавыску, Ружанах, Слуцку, Шклове, Друі, гарматы — у Магілёве, Брэсце, Мінску, Нясвіжы. Гарматы аздаблялі рэльефнымі паяскамі, гербамі, выявамі жывёл, анёлаў і інш., званы — расліннымі гірляндамі і арнаментальнымі надпісамі. У 18 ст. ўзніклі ліцейныя мануфактуры ў Гомелі, Вішневе (Валожынскі р-н), Кляцішчы (Стаўбцоўскі р-н, абодва Мінскай вобл.), Бакштах (Іўеўскі р-н), Рудні (Слонімскі р-н, абодва Гродзенскай вобл.) і інш., дзе выраблялі посуд, асвятляльныя і пісьмовыя прылады. Высокім маст. узроўнем вылучаліся рэчы культавага прызначэння (падсвечнікі, манстранцы і інш.). Буйным у 19 ст. быў Уладзімірскі чыгуналіцейны з-д у в. Старынка (Слаўгарадскі р-н Магілёўскай вобл.). У Горках (Магілёўская вобл.) адлівалі крыжы, у Высокім (Аршанскі р-н Віцебскай вобл.) — надмагільныя пліты, рашоткі і агароджы. З чыгуну адлівалі таксама вароты, распяцці, вадасцёкі, садовую мэблю, пячныя дзверцы, прасы і інш. Канструкцыйна-маст. элементы літых вырабаў — разнастайнае перапляценне раслінных парасткаў (рашоткі), гарэльефныя выявы жывёл, маскаронаў, ваен. атрыбутаў (хатняе начынне). Садовую мэблю і крыжы выконвалі ў выглядзе складана пераплеценых дубовых галінак, вінаграднай лазы. У вырабах 18—19 ст. прыкметны ўплыў маст. стыляў готыкі, барока, класіцызму. З 2-й пал. 19 ст. з развіццём металаапр. прам-сці Л. м. паступова заняпала. У наш час бел. мастакі ў гэтай тэхніцы ствараюць станковую скульптуру, мемар. медалі, ювелірныя вырабы, абклады да мініяцюрных сувенірных кніг і інш. Сярод майстроў С.Ларчанка, Ю.Любімаў і інш.
Літ.:
Петриченко А.М. Искусство литья. М., 1975;
Зотов Б.Н. Художественное литье. 3 изд. М., 1982.
Я.М.Сахута, А.І.Сямёнаў.
Да арт.Ліццё мастацкае. Манстранц. 1727.Да арт.Ліццё мастацкае. А.Чохаў. Цар-гармата. 1586.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́НДАН (London),
горад, сталіца Вялікабрытаніі. Знаходзіцца на ПдУ Англіі, абапал берагоў р. Тэмза, за 70—60 км ад Паўночнага мора. З навакольнымі гарадамі ўтварае канурбацыю Вялікі Л. з 32 гарадскіх (метрапалітэнскіх) акруг і Сіці (цэнтр ч. горада). Пл. каля 2 тыс.км². 7,6 млн.ж., з прыгарадамі на адлегласці да 72 км ад цэнтра горада — больш за 12,5 млн.ж. (1997, больш за 20% насельніцтва краіны). Трансп. вузел міжнар. значэння. Порт у эстуарыі Тэмзы (праходзіць каля 40% імпарту краіны і каля 25% экспарту). Міжнар. аэрапорты Хітраў і Гатуік (больш за 50 млн. пасажыраў штогод). Вузел чыгунак і шашэйных дарог. Найбуйнейшы прамысл., навук. і культ. цэнтр краіны, гал. ў Вялікабрытаніі і 2-і ў свеце (пасля Нью-Йорка) гандл.-фін.цэнтр. У Л. найб. акцыянерныя кампаніі і банкі краіны, фондавая біржа, страхавое таварыства Лойда, сусв. рынак золата (каля 80% сусв. продажу золата). Прам-сць дае больш за 25% прамысл. прадукцыі краіны. Гал. галіны прам-сці: аўтамабіле- і самалётабудаванне, суднабудаванне і суднарамонт, агульнае і дакладнае машынабудаванне, электратэхн., электронная, хім. (у т. л. нафтахім.), харч., швейная, трыкат., гарбарна-абутковая, папяровая, паліграф., мэблевая. Важны цэнтр ваеннай прам-сці, каляровай металургіі, буд. прам-сці. Цэнтр турызму. Першы ў свеце метрапалітэн (з 1863).
Да стараж.-рым. заваявання Брытаніі (40—60-я г.н. э.) кельцкае паселішча; упершыню згадваецца стараж.-рым. гісторыкам Тацытам (1—2 ст.н. э.). У 1 ст.рым.ваен. лагер, пазней рачны і марскі порт. З сярэдзіны 4 ст. значны паліт. цэнтр рым. Брытаніі. У час англа-саксонскага заваявання разбураны, у пач. 7 ст.гал. горад Каралеўства ўсх. саксаў (Эсекс). У 9—10 ст. на горад нападалі датчане. З канца 11 — пач. 12 ст.афіц. сталіца Англіі (з 1707 — Вялікабрытаніі), з 1265 у ім знаходзіцца парламент. У канцы 12 ст. атрымаў права самакіравання. З 16 ст. найбуйнейшы эканам. цэнтр і порт Англіі, у т. л. заснаваны гандл кампаніі Маскоўская (1555), Левантыйская (1581), Ост-Індская (1600) і інш., Лонданская біржа (1571). Гараджане ўдзельнічалі ў барацьбе за Вялікую хартыю вольнасцей (1215), паўстаннях (1381, 1450), англійскіх рэвалюцыях 17 стагоддзя. Горад спустошаны эпідэміяй чумы 1665 і пажарам 1666. У 1830-я г. тут пачаўся чартысцкі рух (гл.Чартызм). У 1860—63 у Л. пабудаваны першы ў свеце метрапалітэн. У 19 — пач. 20 ст. цэнтр рабочага і міжнар.сацыяліст. руху, у т. л.паліт. эміграцыі. У 2-ю сусв. вайну Л. бамбардзіравала ням. авіяцыя (гл.Бітва за Англію 1940—41), тут знаходзіліся эмігранцкія ўрады Польшчы, Даніі, Нарвегіі, Бельгіі, Нідэрландаў, Чэхаславакіі, штаб-кватэра «Змагарнай Францыі». Л. — месца шматлікіх дыпламат. сустрэч, нарад і міжнар. канферэнцый, падпісання міжнар. дагавораў (Лонданскі дагавор 1854, Лонданскі пратакол 1830, Лонданскія канвенцыі аб чарнаморскіх пралівах, Лонданскія перагаворы 1939 і інш.). Урадавыя ўстановы размешчаны на Даўнінг-стрыт.
Л. развіваўся стыхійна шляхам зліцця самаст. гарадоў і пасёлкаў (цяпер раёны Л.). Гіст. і паліт. цэнтр Л. — раён Вестмінстэр. На яго тэр. арыстакратычны раён Уэст-Энд з параднай ансамблевай забудовай у стылі класіцызму (асабнякі, атэлі, гандл. вуліцы, каледжы, музеі, паркі), у т. л. раёны Рыджэнт-стрыт, Оксфард-сёркус і інш. (усе 1812—30, арх. Дж.Нэш), Адэльфі, Портлендплейс і інш. (1768—1800, арх. Р. і Дж.Адамы, часткова перабудаваны). У раёне Сіці (дзелавы цэнтр Л.) цэрквы раманская Сент-Барталам’ю-зе-Грэйт (засн. ў 1123), рамана-гатычная храмоўнікаў Тэмпл (Сент-Мэры; 12—13 ст.), ратуша (Гілдхол; каля 1411—40, майстар Дж.Крокстан, перабудавана ў 1788—89, арх. Дж.Данс Малодшы), палац Хэмптан-корт (з 1515), комплекс Тэмпл (падвор’е юрыстаў; 16—17 ст.), будынкі банкаў, кантор, біржаў і інш. На У ад яго — новы жылы раён (1960—80-я г.) з культ. «Барбікан-цэнтрам». Да Сіці прылягаюць раёны Таўэр-Хамлетс з замкам-крэпасцю Таўэр і Іст-Энд з докамі і рабочымі кварталамі. Сярод інш.арх. помнікаў Л.: царква Сент-Мэры-ле-Боу (1670—80), сабор св. Паўла (1675—1710, абодваарх. К.Рэн), шпіталі ў Грынвічы (1616—1728, арх. І.Джонс, Рэн, Дж.Ванбру) і Чэлсі (1694, арх. Рэн), царква Сент-Мэры-ле-Стрэнд (1714—17, арх.
Дж.Гібс), рэзідэнцыя лорд-мэра Меншанхаўс (1739—53, арх. Дж.Данс Старэйшы), Сомерсет-хаўс (1776—86, арх. У.Чэймберс), Нац. галерэя на Трафальгарскай пл. (1832—38, арх. У.Уілкінс; усе класіцызм), будынак парламента ў Вестмінстэры (1840—52, арх. Ч.Бэры, АП’юджын, 1862—68, арх. Э.Бэры), Таўэрскі мост (1886—94, арх. Дж.Бэры, Х.Джонс; абодва неаготыка), Савет Вял. Л. (1911—12, арх. Р.Нот), Брытанік-хаўс (1924—27, арх. Э.Лачэнс; абодва неакласіцызм). Сярод узораў сучаснай архітэктуры: будынак рэдакцыі газ. «Дэйлі экспрэс» (1932, арх. Х.О.Эліс, Кларк), канцэртная зала (Роял-фестывал-хол; 1949—51, арх. Р.Мэцью, Л.Марцін), аэравакзал (1956, арх. Ф.Гіберт), будынак амер. пасольства (1960, амер.арх. Э.Саарынен), Цэнтр мастацтваў (1967, арх. Х.Бенет). Сярод паркаў Сент-Джэймс-парк, Гайд-парк, Рыджэнтс-парк. Па ініцыятыве Э.Хоўарда ў Л. створаны шэраг эксперым. гарадоў-садоў (Уэлін-Гардэн-Сіці, з 1920, арх. Л. дэ Суасон і інш.). Паводле плана Вял. Л. (1944, арх. П.Аберкрамбі) пабудаваны гарады-спадарожнікі Л. (Стывенідж і Харлаў, з 1946, арх. Гіберт, і інш.). У зах. і паўн. раёнах Вял. Л. — стадыёны Уімблдан і Уэмблі. У Л. помнікі: «Манумент» у памяць аб пажары 1666 (1671—76, арх. Рэн), Калона Нельсана на Трафальгарскай пл. (1840—43, арх. У.Рэйлган), «Кенатаф» у памяць аб 1-й сусв. вайне (1919—20, арх. Лачэнс) і інш. Вестмінстэрскія палац, абацтва, царква св. Маргарыты і Таўэр уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Сярод навуч. і навук.-асв. устаноў Л. — Лонданскі універсітэт, Каралеўская акадэмія музыкі, Акадэмія прыгожых мастацтваў, Лонданскае каралеўскае т-ва, Брыт. акадэмія і інш. У Л. больш за 30 музеяў, у т. л.Брытанскі музей, Нац. галерэя, галерэя Тэйт, Музей Вікторыі і Альберта, збор Уолес, ін-т Корталда (усе мастацкія); каля 80 т-раў, у т. л.«Ковент-Гардэн», Каралеўскі Шэкспіраўскі тэатр, «Роял Корт», «Друры-Лейн»; канцэртныя залы Роял-фестывал-хол, Куін-Элізабет-хол; муз. калектывы (Лонданскі сімф. аркестр, Лонданскі філарманічны аркестр, Каралеўскі балет, Аркестр Бі-Бі-Сі). У Л. Беларуская бібліятэка і Музей імя Францішка Скарыны.
Літ.:
Воронихина Л.Н. Лондон. Л., 1969;
Иконников А.В. Лондон. Л., 1972.
Лондан. На пярэднім плане — Таўэр.Сомерсет-хаўс у Лондане. 1776—86. Арх. У.Чэймберс.Лондан. Трафальгарская плошча з калонай Нельсана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛІ́НСКІ (Вісарыён Рыгоравіч) (11.6.1811, г. Свеаборг, Расія, цяпер Суаменліна, Фінляндыя — 7.6.1848),
рускі літаратурны крытык, публіцыст. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це. У 1833 збіраўся працаваць настаўнікам рус. мовы ў Беларусі, пазней адмовіўся. Зблізіўся з гуртком М.У.Станкевіча, дзе вывучаў філас. сістэмы Канта, Фіхтэ, Шэлінга; пазней зацікавіўся філасофіяй Гегеля. Супрацоўнічаў у выданнях М.І.Надзеждзіна «Телескоп» і «Молва» (1833—36), рэдагаваў час. «Московский наблюдатель» (1838—39). З 1839 у Пецярбургу, працаваў у «Отечественных записках» А.А.Краеўскага. У 1846—48 кіраваў крытычным аддзелам час. «Современник» М.А.Някрасава і І.І.Панаева. Бялінскаму ўласцівыя выключная эстэтычная чуйнасць, рознабаковы падыход да з’яў мастацтва. У крытыка-публіцыстычных артыкулах, аглядах, рэцэнзіях ён звяртаўся да пытанняў філасофіі (эвалюцыя ад ідэалізму да матэрыялізму), адстойваў ідэі рэв.-дэмакр. руху, на аснове дыялектыкі распрацоўваў тэорыю мастацтва і л-ры (гал. крытэрыямі каштоўнасці маст. твора лічыў прастату вымыслу, дасканаласць праўды жыцця, народнасць, арыгінальнасць), гісторыі л-ры (вылучаў ламаносаўскі, карамзінскі, пушкінскі, празаічна-апавяд. перыяды і інш.), тэорыі і гісторыі крытыкі як найб. яркага ўвасаблення развіцця грамадскай думкі. Сярод прац «Літаратурныя мары: (Элегія ў прозе)» (1834), «Аб рускай аповесці і аповесцях сп. Гогаля («Арабескі» і «Міргарад»)» (1835), «Нішто аб нічым, або Справаздача сп. выдаўцу «Тэлескопа»...» (1836), «Герой нашага часу... Твор М.Лермантава», «Гора ад розуму. Твор А.С.Грыбаедава» (абодва 1840), «Вершы М.Лермантава», «Раздзяленне паэзіі на роды і віды», «Агульнае значэнне слова літаратура» (усе 1841), «Прыгоды Чычыкава, або Мёртвыя душы» і «Слова пра крытыку» (1842), а таксама пагадовыя агляды рус. л-ры 1840—47. Асаблівае месца ў творчасці Бялінскага належыць цыклу з 11 артыкулаў «Творы Аляксандра Пушкіна» (1843—46) — фактычна першай спробе манаграфічнага аналізу творчасці пісьменніка на фоне гіст. і літ. працэсаў. «Ліст да Гогаля» (1847), напісаны за мяжой, стаў своеасаблівым завяшчаннем крытыка.
Тв.:
Полн. собр. соч.Т. 1—13. М., 1953—59;
Собр. соч.Т. 1—9. М., 1976—82.
Літ.:
Березина В.Г. Этюды о Белинском — журналисте и критике. СПб., 1991.
Дагавор Хея — Бюно-Варыльі 1903 (падпісаны 18 ліст. ў Вашынгтоне) гарантаваў незалежнасць Панамскай Рэспублікі (абвешчана 3.11.1903), а Панама здавала ў арэнду ЗША «на неабмежаваны час» частку сваёй тэр. шырынёй 16,1 км для будаўніцтва і эксплуатацыі міжакіянскага канала і саступала ім усе суверэнныя правы над зонай Панамскага канала. ЗША атрымала таксама права манапольна эксплуатаваць усе шляхі зносін праз тэр. Панамы паміж Ціхім ак. і Карыбскім м., выкарыстоўваць свае ваен. і паліцэйскія сілы для падтрымання парадку і абароны канала. За гэта ЗША павінны былі выплаціць Панаме 10 млн.дол. адначасова і выплачваць па 250 тыс.дол. штогод праз 9 гадоў пасля абмену ратыфікацыйнымі граматамі.
Дагавор 1936 (падпісаны 2 сак. ў Вашынгтоне) адмяняў артыкулы дагавора 1903 пра гарантыі ЗША падтрымліваць незалежнасць Панамы і парадак у яе гарадах Панама і Калон. ЗША адмовіліся (фармальна) ад права карыстацца тэр. за межамі канала. Штогадовыя выплаты Панаме павялічваліся да 430 тыс.дол.
Дагавор Рэмона—Эйзенхаўэра 1955 (падпісаны 25 студз. разам з «Мемарандумам аб узгодненых рашэннях», які рэгуляваў заробак мясц. служачых кампаніі Панамскага канала), адмяняў манапольнае права ЗША будаваць чыгункі і шашэйныя дарогі на Панамскім перашыйку, ураўнаваў у зарплаце панамцаў з амерыканцамі, павялічваў штогадовыя выплаты да 1930 тыс.дол. Панаме вярталася частка зямлі, раней набытая ў яе кампаніяй канала.
Дагавор аб Панамскім канале і Дагавор аб пастаянным нейтралітэце і функцыянаванні Панамскага канала 1977 (падпісаны 7 вер. ў Вашынгтоне прэзідэнтам ЗША Дж.Картэрам і кіраўніком урада Панамы А.Тарыхасам) прадугледжвалі канчатковую перадачу канала пад кантроль Панамы 1.1.2000, ліквідацыю зоны канала і вывад амер. войскаў з размешчаных у ёй ваен. базаў, павелічэнне штогадовых выплат да 10 млн.дол. і інш. Панама абвяшчае канал пастаянна нейтральным і разам з ЗША адказвае за «захаванне рэжыму нейтралітэту». Ваен. і дапаможныя судны абедзвюх дзяржаў маюць права на «хуткі транзіт праз канал». Абодва дагаворы ўхвалены на плебісцыце ў Панаме, які адбыўся 23.10.1977. З 1982 Панама пачала ажыццяўляць цывільнае кіраванне і паліцэйскую ўладу ў зоне канала.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАРО́НА,
баявыя дзеянні з мэтай зрыву або адбіцця наступлення намнога большых сіл праціўніка, прыкрыцця або ўтрымання занятых пазіцый, выйгрышу часу і стварэння ўмоў для пераходу у наступленне войскаў, якія абараняюцца. Ажыццяўляецца ў тактычных, аператыўных і стратэг. маштабах, прымусова (калі наступленне немагчыма або немэтазгодна) або наўмысна.
У старажытнасці і сярэднявеччы для доўгатэрміновай абароны выкарыстоўвалі ўмацаваныя гарады, крэпасці, замкі (гл.Абарончыя збудаванні). З аснашчэннем арміі агнястрэльнай зброяй (з 14—15 ст.) пачалося збудаванне палявых абарончых умацаванняў. З распаўсюджваннем у 19 ст. наразной зброі з большай далёкасцю стральбы сталі ствараць глыбокую (эшаланіраваную) абарону. Умацаваная паласа глыбінёй 1000—1500 м упершыню была створана ў час Севастопальскай абароны 1854—55. У 1-ю сусв. вайну ў прамежках паміж апорнымі пунктамі ствараліся суцэльныя лініі траншэй. Войскі займалі некалькі абарончых пазіцый, якія эшаланіраваліся ў глыбіню на 3—4 км адна ад адной. За гэтымі пазіцыямі ствараліся тылавыя (запасныя) абарончыя палосы. Будавалася абарона на суцэльным фронце з выкарыстаннем сістэмы інж. збудаванняў і загарод. З насычэннем ўзбр. сіл танкамі, дальнабойнай артылерыяй, самалётамі абарона стала глыбокай, шматпалоснай, процітанкавай, проціартылерыйскай, процісамалётнай. Усебаковае развіццё абарона атрымала ў Вял.Айч. вайну. На тэр. Беларусі цяжкія абаронныя баі ішлі ў чэрв.—жн. 1941 (гл.Брэсцкай крэпасці абарона 1941, Мінска абарона 1941, Віцебска абарона 1941, Магілёва абарона 1941, Гомеля абарона 1941 і інш.).
У сучасных умовах абарона прадугледжвае актыўнае процідзеянне адначасовым ударам усіх відаў зброі, авіяцыі і артылерыі, дэсантных і інш. войскаў праціўніка, своечасовае выяўленне яго сродкаў масавага паражэння, жывой сілы і тэхнікі, стварэнне найб. зручных умоў для сябе. Каб сарваць ці аслабіць наступленне, войскі ў абароне ажыццяўляюць агнявую контрпадрыхтоўку па групоўцы праціўніка, якая падрыхтавалася да наступлення, і контратакуюць. Паводле метадаў вядзення абароны бывае пазіцыйная і манеўраная; сучасная абарона, як правіла, спалучае абодва гэтыя метады. Устойлівасці і актыўнасці абароны спрыяюць насычанасць яе браніраванымі сродкамі, глыбокае эшаланіраванне і разгрупаванне сіл і сродкаў, разнастайнасць спосабаў вядзення абарончых дзеянняў, выкарыстанне спецыфічных фіз.-геагр. умоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАКУМЕНТА́ЛЬНАЕ КІНО́,
від кінамастацтва, заснаванага на здымках сапраўдных жыццёвых падзей, з’яў, фактаў. Складаецца з кінахронікі, якая ў рэпартажных і хранікальных паведамленнях аператыўна інфармуе гледачоў пра найважнейшыя падзеі, і вобразнай кінапубліцыстыкі (дакумент. фільм). З паяўленнем тэлебачання ўзнікла тэлевізійнае Д.к., якое, выкарыстоўваючы прыёмы, формы, прынцыпы кінамастацтва, зрабіла разнастайныя з’явы і падзеі рэальнага жыцця масавым відовішчам.
Узнікненне Д.к. звязана з зараджэннем кінематографа. Першыя здымкі (1895) вынаходнікаў кіно братоў Люм’ер былі зроблены з натуры. Развіццё сав. Д.к. звязана з пошукамі рэжысёраў Дз.Вертава, У.Гардзіна, У.Ерафеева, У.Шнейдэрава, Р.Кармэна, аператараў Р.Гібера, Э.Цісэ, А.Лявіцкага і інш. У гады 2-й сусв. вайны вял. значэнне набыў рэпартаж. Дасягненні Д.к. ў пасляваен. час знайшлі канцэнтраванае выражэнне ў фільме «Звычайны фашызм» рэжысёра М.Рома.
На Беларусі развіццё кінематографа пачалося з хронікі. У 1925 выйшлі першыя кінавыпускі і дакумент. фільм «У здаровым целе — здаровы дух» (рэж. і аператар М.Лявонцьеў). У 1925—27 аператары Лявонцьеў і М.Люлякоў рэгулярна здымалі хранік. сюжэты пра важныя падзеі ў грамадска-паліт. жыцці рэспублікі. У 1931 створаны сектар кінахронікі ў Белдзяржкіно. пачаўся выпуск кіначасопісаў. У 1935 арганізавана Мінская студыя кінахронікі. У Вял.Айч. вайну бел. кінадакументалісты стварылі летапіс партыз. барацьбы ў рэспубліцы, рабілі франтавыя кінавыпускі; яны ўдзельнічалі ў здымках фільмаў «Дзень вайны» і «У тыле ворага» (абодва 1942), «Бой за Віцебск», «Мінск наш», «Бабруйскі кацёл» (усе 1944), поўнаметражнага «Вызваленне Савецкай Беларусі» (1944, рэж. У.Корш-Саблін і М.Садковіч); асобныя кінакадры бел. аператараў выкарыстаны ў кінаэпапеі «Вялікая Айчынная» (1979). З 1944 дакумент. фільмы здымалі на адноўленай кінастудыі «Беларусьфільм». У пасляваен. час у галіне Д.к. працавалі рэжысёры Л.Голуб, Корш-Саблін, С.Сплашноў, І.Вейняровіч. У 1961 арганізавана Мінская студыя навукова-папулярных і хранікальна-дакументальных фільмаў, з 1968 існуе як аб’яднанне дакумент. фільмаў «Летапіс» на кінастудыі «Беларусьфільм». Сярод вядомых дзеячаў Д.к. Беларусі П.Аліфярэнка, В.Дашук, Ю.Лысятаў, І.Пікман, Б.Сарахатунаў, У.Стральцоў, У.Сукманаў, С.Фрыд, Ю.Цвяткоў, Р.Ясінскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІЯ КАРАЛЕ́ЎСКІЯ МАНУФАКТУ́РЫ,
прамысловыя прадпрыемствы, заснаваныя ў 2-й пал. 18 ст. ў Гродзенскай эканоміі і Берасцейскай эканоміі па ініцыятыве гродзенскага старосты А.Тызенгаўза. Налічвалася 21 прадпрыемства, у т. л. 8 у Гродне — па вырабе метал. прадметаў, ігральных картаў (абодва з 1760), пацерак, карункаў; збройнае, гарматнае, камлотнае і паркаленабіўное; 8 на Гарадніцы (цяпер у межах Гродна) — залататкацкае (1779—83, 30 работнікаў), карэтнае (1770—83, 50 работнікаў), гарбарня (1777—1860, 50 работнікаў), па вырабе палатна (1770—1845, 30 работнікаў), фарбавальнае (1770—94), па вытворчасці сукна (1770—94, 150 работнікаў), панчох (1768—83, 50 работнікаў) і шаўкаткацкае (1770—1888, 150 работнікаў). Суконна-капялюшная мануфактура знаходзілася ў Азёрах (да 1845), тонка-суконная (1766—1860, 30 работнікаў) — у Ласосне (3 км ад Гродна, пры ўпадзенні р.Ласосна ў Нёман), астатнія — у Брэсцкай эканоміі. У 1766 заснавана «Кампанія шарсцяных мануфактур», якая адкрыла суконныя мануфактуры ў Гарадніцы, Ласосне, Брэсце. Буйнейшая ў Гарадніцы мануфактура мела прадзільнае, ткацкае, валяльнае, стрыгальнае, варсавальнае і фарбавальнае аддзяленні, прадзільні з ням. і галандскімі верацёнамі, 40 ткацкіх станкоў і інш. абсталяванне. У 2-й пал. 18 ст. Гродна стала буйным цэнтрам маст. ткацтва ў Беларусі (ткалі дываны, шаўковыя, «літыя» паясы). На карэтнай мануфактуры выраблялі дарагія экіпажы і збрую; на залататкацкай — тонкія залатыя і сярэбраныя ніткі, ордэны, галуны, ювелірныя вырабы; на мануфактуры метал. вырабаў — жалезныя і медныя цвікі, замкі, рыдлёўкі, дзвярныя завесы, напільнікі, іголкі, шпількі інш.; на панчошнай — шарсцяныя і шаўковыя шкарпэткі і інш. Усяго на мануфактурах працавала каля 1500 чал. і столькі ж было падручных рабочых і надомных прадзільшчыц. Рабочых пераважна набіралі прымусова з сем’яў прыпісных дзярж. сялян, існавала практыка вольнага найму. Кіравалі мануфактурамі кваліфікаваныя майстры, часцей наёмныя з Францыі, Швейцарыі, Германіі, Расіі і інш. (каля 70 чал.). У 1780—90-я г. большасць прадпрыемстваў закрылася (прадукцыя не мела збыту, 1790 дэфіцыт мануфактур склаў 190 тыс. злотых). Пасля далучэння зах. часткі Беларусі да Рас. імперыі дзейнасць некат. мануфактур адноўлена з выкарыстаннем наёмнай працы.