КУЗМІ́Н (Міхаіл Аляксеевіч) (18.10.1872, г. Яраслаўль, Расія — 1.3.1936),

рускі пісьменнік, кампазітар, крытык. Вучыўся ў Пецярбургскай кансерваторыі (1891—94; клас кампазіцыі М.А.Рымскага-Корсакава). Друкаваўся з 1905 (цыкл санетаў і драм. паэма «Гісторыя рыцара д’Алесіо»), У паэт. зб-ках «Сеткі» (1908). «Асеннія азёры» (1912), «Гліняныя галубкі» (1914), «Александрыйскія песні», «Нетутэйшыя вечары» (абодва 1921), «Парабалы» (1923) і інш. адсутнасць сац. абагульненняў, камернасць, зварот да рэчыўнага свету, творчае эксперыментатарства і стылізацыя спалучаны з рознымі культ. традыцыямі. У зб. «Стронга разбівае лёд» (1929) — спроба пошуку духоўнасці праз любоў і прыгажосць. Аўтар раманаў «Крылы» (1906), «Плаваючыя падарожнікі» (1915), «Ціхі вартавы» (1916), «Цудоўнае жыццё Іосіфа Бальзамо, графа Каліёстра» (1919), апавяданняў, аповесці «Прыгоды Эме Лебефа» (1907), п’ес, зб. крытычных артыкулаў па л-ры і музыцы «Умоўнасці» (1923). Перакладаў Бакачыо, Апулея, У.​Шэкспіра і інш. Пісаў музыку да ўласных вершаў (зб. вершаў і нот «Куранты кахання», 1910), балеты («Выбар нявесты»), оперы («Яўлогій і Ада»), аперэты, музыку да пастановак т-ра В.​Ф.​Камісаржэўскай і інш.

Тв.:

Избр. произв. Л., 1990;

Крылья: Сб. прозы. М., 1993;

Подземные ручьи: Избр. проза. СПб., 1994;

Театр. Т. 1—4. Oakland, 1994;

Нежный Иосиф. М., 1996;

Стихотворения. СПб., 1996;

Условности: Ст. об искусстве. Томск, 1996.

Літ.:

Кузмин и русская литература XX в. Л., 1990.

С.​Ф.​Кузьміна.

т. 8, с. 560

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)