вёска ў Мазырскім р-не Гомельскай вобл., на аўтадарозе Мазыр—Петрыкаў. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 33 км на З ад горада і чыг. ст. Мазыр, 166 км ад Гомеля. 808 ж., 338 двароў (2001). Участак камунальнага унітарнага прадпрыемства «Камунальнік Палесся». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Капліца (1906), царква. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Каля вёскі курганныя могільнікі (10—13 ст.).
У гіст. крыніцах упершыню ўпамінаецца пад 1497 у ВКЛ у сувязі з нападам татараў і забойствам у вёсцы кіеўскага мітрапаліта Макарыя. У 16 ст. каралеўскі маёнтак, потым прыватнае ўладанне. З 1782 мястэчка ў Мазырскім пав. З 1793 у Рас. імперыі. З 1861 цэнтр воласці. У 1863 адкрыта земскае нар. вучылішча. У 1886 у С. 495 ж., 57 двароў, школа. царква, яўр. малітоўны дом, крама, у 1909 — лесапільны з-д, урачэбны пункт. З канца 1930-х г. — вёска. З 20.8.1924 да 14.10.1926 і з 3.7.1939 цэнтр сельсавета ў Мазырскім р-не, з 15.10.1926 у Слабодскім, з 4.8.1927 у Петрыкаўскім р-нах. У Вял.Айч. вайну ням. фашысты загубілі ў С. 53 чал., 40 чал. вывезены на катаржныя работы ў Германію.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СТРА́СЦІ ХРЫСТО́ВЫ»,
помнік бел. перакладной агіяграфічнай літаратуры канца 15 ст., легендарна-апакрыфічная аповесць пра Ісуса Хрыста. Змешчаны ў рукапісным зборніку разам з «Аповесцю пра трох каралёў» і «Жыціем Аляксея, чалавека божага». Перакладзена з лац. мовы з выкарыстаннем польскіх і чэш. крыніц, напісана дробным паўуставам. Пераклад зроблены католікам, вызначаецца высокай дакладнасцю і маст. дасканаласцю. Мова аповесці без царкоўнаславянізмаў, поўна адлюстроўвае жывую бел. мову таго часу. Асн.літ. крыніца помніка — апакрыфічнае Евангелле ад Нікадзіма.
У цэнтры твора яркае, драматычна напружанае апісанне апошніх дзён жыцця, пакутніцкай смерці і ўваскрэсення гал. героя, Смерць Ісуса Хрыста пададзена з пункту гледжання царк.-рэліг. ідэйна-маст. канцэпцый хрысціянства як гераічны подзвіг і высакародная ахвяра ў імя лепшай будучыні ўсіх людзей. У аповесці створаны таксама вобраз Багародзіцы. Душэўныя перажыванні Божай маці, глыбокі боль за сына раскрыты ў псіхалагічна праўдзівых маналогах-плачах. Упершыню выдадзены М.М.Тупікавым у 1901. Зборнік зберагаецца ў Расійскай Нац. б-цы ў С.-Пецярбургу.
Публ.:
Хрэстаматыя па гісторыі беларускай мовы. Ч. 1. Мн., 1961.
Літ.:
Карский Е.Ф. Западнорусский сборник XV в Императорской Публичной библиотеки в С.-Петербурге Q.I. № 391 // Карский Е.Ф. Труды по белорусскому и другим славянским языкам М., 1962;
Жураўскі А.І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Т. 1. Мн., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦІ́ХАЎ Гаўрыіл Андрыянавіч (1.5.1875, г. Смалявічы Мінскай вобл. — 25.1.1960),
савецкі астраном і астрафізік, заснавальнік астрабатанікі. Чл.-кар.АНСССР (1927). Акад.АН Казахстана (1946). Ганаровы акад.Нац.АН Беларусі (1959). Засл. дз. нав. Казахстана (1946). Скончыў Маскоўскі (1897) і Парыжскі (1901) ун-ты. Пабудаваў хатнюю абсерваторыю ў Смалявічах (1894). У 1906—41 у Пулкаўскай абсерваторыі. Адначасова ў 1919—31 у Ленінградскім ун-це, у 1919—49 у Прыродазнаўча-навук. ін-це. З 1941 у Алма-Аце, з 1947 заг. сектара астрабатанікі АН Казахстана. Навук. працы па астрафізіцы, астраметрыі, атм. оптыцы, аэрафотаздымцы, астрабатаніцы. Адкрыў эфект запазнення фаз у зацьменных зорак у кароткахвалевай вобласці спектра (1908, эфект Ц. — Нордмана). Упершыню выкарыстаў у планетных назіраннях каляровыя святлафільтры атрымаў першыя фатаграфіі Марса ў розных абласцях спектра (1909). Устанавіў (1914), што Зямля пры назіранні з космасу павінна. мець блакітнаваты колер. Ацаніў колеравую тэмпературу сонечнай кароны (1936). Сканструяваў шэраг фотаметрычных прыбораў. Выдаў каталогі колераў 17 874 зорак (1937, 1951). Прэмія Парыжскай АН (1909). Яго імем названы кратэры на Марсе і адваротным баку Месяца, астэроід.
Тв.:
Основные труды. Т. 1—5. Алма-Ата, 1954—60;
Шестьдесят лет. у телескопа. М., 1959.
Літ.:
Еремеева А.И. Выдающиеся астрономы мира: Рекоменд. указ. М., 1966;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЮ́РЫХ (Zürich),
горад на Пн Швейцарыі. Адм. ц.аднайм. кантона. 343 тыс.ж. (1992), з прыгарадамі 835 тыс. Порт на Цюрыхскім возеры і р. Лімат. Буйны трансп. вузел. Міжнар. аэрапорт. Гал.прамысл. і гандл.-фінансавы цэнтр краіны. Прам-сць: маш.-буд., хім., тэкст., швейная, дрэваапр., паліграф., харчовая. Ун-т. Музеі: швейцарскі, Кунстхаўз (мастацтва 14—20 ст.), маст. рамёстваў. Арх. помнікі: раманска-гатычныя саборы Гросмюнстэр (12—15 ст.), Фраўмюнстэр (13—14 ст.), ратуша (17 ст.), барочныя дамы рамесных гільдый (17—18 ст.).
Узнік у 6 ст. на месцы кельцка-герм. паселішча Турыкум. Як горад упершыню ўпамінаецца ў 929; у 1218 атрымаў статус імперскага горада. У выніку паўстання 1336 рамеснікі Ц. дамагліся прадстаўніцтва ў гар. кіраванні. У 1351 далучыўся да Швейц. канфедэрацыі, стаў гал. горадам аднайм. кантона. У 16 ст. Ц. — адзін з цэнтраў Рэфармацыі ў Швейцарыі, якой кіраваў У.Цвінглі. Секулярызацыя манастырскіх зямель і інш. дзеянні выклікалі ў 1529 і 1531 канфлікт з каталіцкімі кантонамі. У 1799 каля Ц. адбылася бітва паміж рас. і франц. войскамі ў час вайны 2-й кааліцыі супраць Францыі, якая скончылася паражэннем рас. армій. У 2-й пал. 19 ст. Ц. — буйны банкаўскі, прамысл. і культ.цэнтр. У 19 — пач. 20 ст. адзін з цэнтраў рэв. эміграцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧКА́ЛАЎ Валерый Паўлавіч (2.2.1904, с. Васілёва, цяпер г. Чкалаўск Ніжагародскай вобл., Расія — 15.12.1938),
лётчык-выпрабавальнік, камбрыг (1938). Герой Сав. Саюза (1936). Вучыўся ў тэхн. вучылішчы ў г. Чарапавец (1915—18). Скончыў ваен.-авіяц. школы ў Барысаглебску (1923), Маскве і Серпухаве (абедзве ў 1924). З 1924 ваен. лётчык-знішчальнік, з 1928 лётчык-інструктар Ленінградскага авіяклуба, у 1930—38 (з перапынкамі) лётчык-выпрабавальнік Навук.-выпрабавальнага ін-та ВПС і шэрагу авіязаводаў. Майстар вышэйшага пілатажу, у якім распрацаваў і ўкараніў новыя фігуры — узыходзячы штопар і запаволеная «бочка». На самалёце АНТ-25 экіпаж у складзе Ч. (камандзір), Г.П.Байдукова (2-і пілот) і А.В.Белякова (штурман) упершыню ў свеце здзейсніў звышдалёкія беспасадачныя пералёты Масква—Петрапаўлаўск-Камчацкі—в-аў Уд (цяпер в-аў Чкалаў) у Ахоцкім м. (22—23.7.1936, 9374 км за 56 гадз 20 мін) і Масква—Паўн. Полюс—Ванкувер у ЗША (18—20.6.1937, 8504 км за 63 гадз 16 мін). Карыстаўся папулярнасцю ў СССР і свеце. Загінуў пры выпрабаванні новага самалёта-знішчальніка. Яго імем названы населеныя пункты, вуліцы, школы, у т. л. на Беларусі; у гады Вял.Айч. вайны імя Ч. насілі 2 брыгады і больш за 20 атрадаў бел. партызан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКСТЭРЫЯРЫЗА́ЦЫЯ (франц. extériorisation выяўленне, праяўленне, ад лац. eksterior вонкавы, знешні),
у псіхалогіі гэта праяўленне ўнутр. псіхічнага жыцця чалавека ў знешніх (знакавых і сац.) формах свайго існавання: разнастайныя пачуцці і думкі і ў штодзённым жыцці кожнага чалавека, і ў творчасці вучоных, пісьменнікаў, дзеячаў мастацтва і інш.Напр., рэалізацыя вынаходнікамі сваіх задум у той ці інш. канструкцыі, выражанай прадметна або графічна; узнаўленне мастакамі ў выглядзе малюнкаў вобразаў, якія ствараюцца першапачаткова ўнутр. позіркам; запіс або графічнае адлюстраванне схем пры вырашэнні вучэбных задач. Э. ажыццяўляецца не толькі на завяршальным этапе дзейнасці, але і ў ходзе яго, у прамежкавых звёнах паміж задумкай і поўнай рэалізацыяй. Як кірунак разумовай дзейнасці Э. процілеглая інтэрыярызацыі — пераходу знешніх практычных дзеянняў ва ўнутр. псіхічны план. На арган. ўзаемасувязь абодвух працэсаў упершыню звярнуў увагу Л.С.Выгоцкі. Паводле яго культ.-гіст. тэорыі паводзін, чалавек авалодвае сабой як адной з сіл прыроды, атрымліваючы інфармацыю звонку пры дапамозе сістэмы знакаў, якія ствараюцца культурай; г.зн. усякая сапраўды чалавечая форма псіхікі першапачаткова складваецца са знешняй сац. формы зносін паміж людзьмі, а потым увасабляецца ў працэсах Э. асобнага індывіда. Праблемы Э. распрацоўваюцца ў працах А.М.Лявонцьева, П.Я.Гальперына і інш.
Літ.:
Выготский Л.С. История развития психических функций. М., 1953;
Леонтьев А.Н. Проблемы развития психики. 4 изд. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЎРЫПІ́Д (Euripidēs; каля 485 ці 480 да н.э., в-аў Саламін, Грэцыя — 406 да н.э.),
старажытнагрэчаскі паэт-драматург.Упершыню выступіў у драм. спаборніцтвах у 455 (перамагаў 5 разоў, апошні раз пасмяротна). Падвяргаўся крытыцы за погляды, блізкія натурфілосафам і сафістам. З 408 жыў у Македоніі. Напісаў 92 п’есы, з якіх захаваліся 17 трагедый, сатыраўская драма «Кіклоп» і больш за тысячу фрагментаў. Адлюстраваў супярэчнасці афінскай рабаўладальніцкай дэмакратыі, якія паглыбіліся ў час Пелапанескай вайны. У трагедыях «Геракліды» (каля 430), «Гекуба» (каля 424), «Прасіцелькі» (каля 422), «Траянкі» (415), «Фінікіянкі» (каля 410) ідэі патрыятызму, антываен. і антыспартанскія тэндэнцыі. Вял. знаўцам чалавечай душы выступіў у трагедыях «Медэя» (431), «Іпаліт» (428), гераіні якіх пакутуюць з прычыны сваіх нястрыманых страсцей і супярэчлівых імкненняў. Узор патэтычнай трагедыі — «Іфігенія ў Аўлідзе» (406). У быт. драмах «Алкестыда» (438), «Алена» (412), «Іон» (каля 413 ці 409) інтрыга, прыгоды, шчаслівы канец. Яго творчасць вызначаецца пераасэнсаваннем міфаў, пільнай увагай да ўнутр. свету чалавека («Электра», 413; «Арэст», 408). адыходам ад нарматыўных прынцыпаў класічнай трагедыі, мовай, блізкай да гутарковай. У 1926 БДТ-2 паставіў п’есу Э. «Вакханкі».
Тв.:
Рус.пер. — Трагедии. Т. 1—2. М., 1980.
Літ.:
Гончарова Т. Еврипид. М., 1984;
Ярхо В.Н. Античная драма: Технология мастерства. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́ТРА,
вёска ў Навагрудскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Ятранка. Цэнтр сельсавета і адкрытага акц.т-ва. За 33 км ад г. Навагрудак, 205 км ад Гродна, 17 км ад чыг. ст. Наваельня. 267 ж., 128 двароў (2003). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква. Магіла партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну.
Упершыню ўпамінаецца ў 1554 у ВКЛ як двор Ю.В.Цішковіча (Тышкевіча). У 1562 атрыманы дазвол вял.кн. Жыгімонта II Аўгуста на заснаванне мястэчка, права мець корчмы, праводзіць таргі і кірмашы. У 1761 у Я. заснавана уніяцкая царква Багародзіцы. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у складзе Рас. імперыі. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. вёска Пачапаўскай воласці Навагрудскага пав. У 1851 заснавана нар. вучылішча, у якім вучыўся Я.Карскі. У 1897 сяло, 328 ж., 49 двароў, нар. вучылішча, царква, вадзяны млын, 2 крамы, хлебазапасны магазін, карчма. З 1921 у складзе Польшчы, вёска Пачапаўскай гміны Навагрудскага пав., 384 ж., 67 дамоў. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 у Валеўскім р-не, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета, 25.11.1940 у Карэліцкім р-не Баранавіцкай вобл., з 8.1.1954 у Гродзенскай вобл., з 25.12.1962 у Навагрудскім р-не.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ТНІКАЎ Фелікс Арцем’евіч (н. 3.10.1934, г. Полацк Віцебскай вобл.),
расійскі геолаг-геахімік; заснавальнік навук. школы па флюідным рэжыме літасферы і геаэнергетыцы геал. працэсаў; сінергетыкі геал. сістэм — новага кірунку ў навуках аб Зямлі. Акад.Рас.АН (1992; чл.-кар. 1987). Д-р геолага-мінералаг. н. (1972), праф. (1978). Скончыў Усесаюзны завочны політэхн.ін-т (1961). З 1965 у Ін-це зямной кары Сібірскага аддз.Рас.АН у Іркуцку (заг. лабараторыі, у 1980—88 нам. дырэктара). Адначасова з 1980 у Іркуцкім ун-це (праф., заг. кафедры). Навук. працы па геалогіі, геахіміі і петралогіі працэсаў фарміравання зямной кары. Ажыццявіў супастаўленне ізабарных патэнцыялаў утварэння мінералаў, што дазволіла абгрунтаваць паняцце самароднасці элементаў і растлумачыць паводзіны рудных і рассеяных элементаў у прыродзе. Упершыню на падставе тэрмадынамічных разлікаў ацаніў энергетыку флюідных сістэм па разрэзе літасферы, прапанаваў эвалюцыйную флюідальную мадэль фарміравання літасферы. Увёў паняцце аб сталасці кантынент. літасферы, даў геахім. і металагенічную тыпізацыі літасферных пліт рознай ступені сталасці. Стварыў тэорыю гранітаўтварэння ў межах дакембрыйскіх глыбавых абласцей.
Тв.:
Петрология и флюидный режим континентальной литосферы. Новосибирск, 1988 (у сааўт.);
Петрофизика и геоэнергетика тектонитов. Новосибирск, 1991 (разам з С.А.Балышавым);
Синергетика геологических систем. Новосибирск, 1992 (разам з І.К.Карпавым).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДМАЎЛЕ́ННЕ АДМАЎЛЕ́ННЯ,
адзін з асн. законаў дыялектыкі, які характарызуе агульную структуру развіцця як неабходнасць паступальнага працэсу з момантамі адноснай паўтаральнасці і цыклічнасці (зняцце, паўторнае адмаўленне, узаемапераход процілегласцяў, вяртанне да нібыта старога і інш.). Упершыню сфармуляваны Гегелем. Паводле яго вучэння, цыклічнасць развіцця мае форму руху ад зыходнага стану аб’екта праз яго адмаўленне да ліквідавання самога гэтага адмаўлення. Так, катэгорыя якасці (непасрэдная, унутраная пэўнасць рэчы) адмаўляецца колькасцю (апасродкаваная, знешняя пэўнасць), а колькасць «здымаецца» ў катэгорыі меры (якаснай колькасці, ці колькаснай якасці). Гегель надаваў трыядзе (зыходны момант — адмаўленне — адмаўленне адмаўлення) асаблівае значэнне як спосабу руху лагічных паняццяў. Разам з тым ён трактаваў яе толькі як знешні бок пазнання. Таму няма ніякіх падстаў атаясамліваць дыялектычнае паняцце развіцця ўвогуле з трыядамі. Пошукі трыяды як існуючых асобных ступеняў адзінага працэсу ў многіх выпадках вядуць да грубай схематызацыі рэальнай рэчаіснасці. У тым ці іншым сваім выглядзе адмаўленне ранейшых формаў існавання — неабходная ўмова развіцця ў любой сферы рэчаіснасці. Разам з тым у самім характары адмаўлення ёсць аб’ектыўная магчымасць момантаў паўторнасці і вяртання да нібыта старога, нелінейнасці працэсу развіцця. Аднаўленне ў вышэйшай стадыі некаторых рысаў ніжэйшай абумоўліваецца ўзаемапераходам процілегласцяў адна ў адну, зніжэннем узроўню арганізацыі сістэмы пры яе дэструкцыі, захаваннем пераемнасці адмаўляючага і адмаўляемага ў актах зняцця і трансфармацыі. Адмаўленне адмаўлення закон у інтэграцыі сваіх рысаў выяўляецца ў спецыфічных працэсах прыроды і чалавечай гісторыі і з асаблівай нагляднасцю — у сучасных сац. падзеях.