ЦІ́ХАЎ Гаўрыіл Андрыянавіч (1.5.1875, г. Смалявічы Мінскай вобл. — 25.1.1960),
савецкі астраном і астрафізік, заснавальнік астрабатанікі. Чл.-кар.АНСССР (1927). Акад.АН Казахстана (1946). Ганаровы акад.Нац.АН Беларусі (1959). Засл. дз. нав. Казахстана (1946). Скончыў Маскоўскі (1897) і Парыжскі (1901) ун-ты. Пабудаваў хатнюю абсерваторыю ў Смалявічах (1894). У 1906—41 у Пулкаўскай абсерваторыі. Адначасова ў 1919—31 у Ленінградскім ун-це, у 1919—49 у Прыродазнаўча-навук. ін-це. З 1941 у Алма-Аце, з 1947 заг. сектара астрабатанікі АН Казахстана. Навук. працы па астрафізіцы, астраметрыі, атм. оптыцы, аэрафотаздымцы, астрабатаніцы. Адкрыў эфект запазнення фаз у зацьменных зорак у кароткахвалевай вобласці спектра (1908, эфект Ц. — Нордмана). Упершыню выкарыстаў у планетных назіраннях каляровыя святлафільтры атрымаў першыя фатаграфіі Марса ў розных абласцях спектра (1909). Устанавіў (1914), што Зямля пры назіранні з космасу павінна. мець блакітнаваты колер. Ацаніў колеравую тэмпературу сонечнай кароны (1936). Сканструяваў шэраг фотаметрычных прыбораў. Выдаў каталогі колераў 17 874 зорак (1937, 1951). Прэмія Парыжскай АН (1909). Яго імем названы кратэры на Марсе і адваротным баку Месяца, астэроід.
Тв.:
Основные труды. Т. 1—5. Алма-Ата, 1954—60;
Шестьдесят лет. у телескопа. М., 1959.
Літ.:
Еремеева А.И. Выдающиеся астрономы мира: Рекоменд. указ. М., 1966;