Я́ТРА,
вёска ў Навагрудскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Ятранка. Цэнтр сельсавета і адкрытага акц. т-ва. За 33 км ад г. Навагрудак, 205 км ад Гродна, 17 км ад чыг. ст. Наваельня. 267 ж., 128 двароў (2003). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква. Магіла партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.
Упершыню ўпамінаецца ў 1554 у ВКЛ як двор Ю.В.Цішковіча (Тышкевіча). У 1562 атрыманы дазвол вял. кн. Жыгімонта II Аўгуста на заснаванне мястэчка, права мець корчмы, праводзіць таргі і кірмашы. У 1761 у Я. заснавана уніяцкая царква Багародзіцы. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у складзе Рас. імперыі. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. вёска Пачапаўскай воласці Навагрудскага пав. У 1851 заснавана нар. вучылішча, у якім вучыўся Я.Карскі. У 1897 сяло, 328 ж., 49 двароў, нар. вучылішча, царква, вадзяны млын, 2 крамы, хлебазапасны магазін, карчма. З 1921 у складзе Польшчы, вёска Пачапаўскай гміны Навагрудскага пав., 384 ж., 67 дамоў. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 у Валеўскім р-не, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета, 25.11.1940 у Карэліцкім р-не Баранавіцкай вобл., з 8.1.1954 у Гродзенскай вобл., з 25.12.1962 у Навагрудскім р-не.
М.П.Гайба.
т. 18, кн. 1, с. 313
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)