ЛЕ́ТНІКАЎ Фелікс Арцем’евіч (н. 3.10.1934, г. Полацк Віцебскай вобл.),

расійскі геолаг-геахімік; заснавальнік навук. школы па флюідным рэжыме літасферы і геаэнергетыцы геал. працэсаў; сінергетыкі геал. сістэм — новага кірунку ў навуках аб Зямлі. Акад. Рас. АН (1992; чл.-кар. 1987). Д-р геолага-мінералаг. н. (1972), праф. (1978). Скончыў Усесаюзны завочны політэхн. ін-т (1961). З 1965 у Ін-це зямной кары Сібірскага аддз. Рас. АН у Іркуцку (заг. лабараторыі, у 1980—88 нам. дырэктара). Адначасова з 1980 у Іркуцкім ун-це (праф., заг. кафедры). Навук. працы па геалогіі, геахіміі і петралогіі працэсаў фарміравання зямной кары. Ажыццявіў супастаўленне ізабарных патэнцыялаў утварэння мінералаў, што дазволіла абгрунтаваць паняцце самароднасці элементаў і растлумачыць паводзіны рудных і рассеяных элементаў у прыродзе. Упершыню на падставе тэрмадынамічных разлікаў ацаніў энергетыку флюідных сістэм па разрэзе літасферы, прапанаваў эвалюцыйную флюідальную мадэль фарміравання літасферы. Увёў паняцце аб сталасці кантынент. літасферы, даў геахім. і металагенічную тыпізацыі літасферных пліт рознай ступені сталасці. Стварыў тэорыю гранітаўтварэння ў межах дакембрыйскіх глыбавых абласцей.

Тв.:

Петрология и флюидный режим континентальной литосферы. Новосибирск, 1988 (у сааўт.);

Петрофизика и геоэнергетика тектонитов. Новосибирск, 1991 (разам з С.​А.​Балышавым);

Синергетика геологических систем. Новосибирск, 1992 (разам з І.​К.​Карпавым).

М.​М.​Касцюковіч.

Ф.А.Летнікаў.

т. 18, кн. 1, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)