ЭЎРЫПІ́Д (Euripidēs; каля 485 ці 480 да н.э., в-аў Саламін, Грэцыя — 406 да н.э.),

старажытнагрэчаскі паэт-драматург. Упершыню выступіў у драм. спаборніцтвах у 455 (перамагаў 5 разоў, апошні раз пасмяротна). Падвяргаўся крытыцы за погляды, блізкія натурфілосафам і сафістам. З 408 жыў у Македоніі. Напісаў 92 п’есы, з якіх захаваліся 17 трагедый, сатыраўская драма «Кіклоп» і больш за тысячу фрагментаў. Адлюстраваў супярэчнасці афінскай рабаўладальніцкай дэмакратыі, якія паглыбіліся ў час Пелапанескай вайны. У трагедыях «Геракліды» (каля 430), «Гекуба» (каля 424), «Прасіцелькі» (каля 422), «Траянкі» (415), «Фінікіянкі» (каля 410) ідэі патрыятызму, антываен. і антыспартанскія тэндэнцыі. Вял. знаўцам чалавечай душы выступіў у трагедыях «Медэя» (431), «Іпаліт» (428), гераіні якіх пакутуюць з прычыны сваіх нястрыманых страсцей і супярэчлівых імкненняў. Узор патэтычнай трагедыі — «Іфігенія ў Аўлідзе» (406). У быт. драмах «Алкестыда» (438), «Алена» (412), «Іон» (каля 413 ці 409) інтрыга, прыгоды, шчаслівы канец. Яго творчасць вызначаецца пераасэнсаваннем міфаў, пільнай увагай да ўнутр. свету чалавека («Электра», 413; «Арэст», 408). адыходам ад нарматыўных прынцыпаў класічнай трагедыі, мовай, блізкай да гутарковай. У 1926 БДТ-2 паставіў п’есу Э. «Вакханкі».

Тв.:

Рус. пер. — Трагедии. Т. 1—2. М., 1980.

Літ.:

Гончарова Т. Еврипид. М., 1984;

Ярхо В.Н. Античная драма: Технология мастерства. М., 1990.

С.​Дз.​Малюковіч.

Эўрыпід.

т. 18, кн. 1, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)