ЧКА́ЛАЎ Валерый Паўлавіч (2.2.1904, с. Васілёва, цяпер г. Чкалаўск Ніжагародскай вобл., Расія — 15.12.1938),
лётчык-выпрабавальнік, камбрыг (1938). Герой Сав. Саюза (1936). Вучыўся ў тэхн. вучылішчы ў г. Чарапавец (1915—18). Скончыў ваен.-авіяц. школы ў Барысаглебску (1923), Маскве і Серпухаве (абедзве ў 1924). З 1924 ваен. лётчык-знішчальнік, з 1928 лётчык-інструктар Ленінградскага авіяклуба, у 1930—38 (з перапынкамі) лётчык-выпрабавальнік Навук.-выпрабавальнага ін-та ВПС і шэрагу авіязаводаў. Майстар вышэйшага пілатажу, у якім распрацаваў і ўкараніў новыя фігуры — узыходзячы штопар і запаволеная «бочка». На самалёце АНТ-25 экіпаж у складзе Ч. (камандзір), Г.П.Байдукова (2-і пілот) і А.В.Белякова (штурман) упершыню ў свеце здзейсніў звышдалёкія беспасадачныя пералёты Масква—Петрапаўлаўск-Камчацкі—в-аў Уд (цяпер в-аў Чкалаў) у Ахоцкім м. (22—23.7.1936, 9374 км за 56 гадз 20 мін) і Масква—Паўн. Полюс—Ванкувер у ЗША (18—20.6.1937, 8504 км за 63 гадз 16 мін). Карыстаўся папулярнасцю ў СССР і свеце. Загінуў пры выпрабаванні новага самалёта-знішчальніка. Яго імем названы населеныя пункты, вуліцы, школы, у т. л. на Беларусі; у гады Вял.Айч. вайны імя Ч. насілі 2 брыгады і больш за 20 атрадаў бел. партызан.