драпежная птушка сям. ястрабіных атр. сокалападобных. Пашыраны ў лясных, горных і пустынных раёнах Еўразіі, Паўн. Афрыкі, Паўн. Амерыкі. На Беларусі вельмі рэдкі від, адзначаны ў Бел. Паазер’і і на Палессі. У час вандровак і пралёту трапляецца часцей. Занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Даўж. 80—95 см, размах крылаў да 2 м, маса да 6,5 кг. Самкі большыя за самцоў. Апярэнне цёмна-бурае, знізу святлейшае з дамешкам залаціста-рыжаватага колеру. Пер’е на патыліцы і ззаду шыі залаціста-жоўтае. Цэўка аперана да пальцаў. Дзюба і лапы дужыя, жоўтыя. Кіпцюры вялікія, чорныя. Гнёзды на высокіх дрэвах і скалах. Корміцца млекакормячымі, птушкамі, земнаводнымі, мярцвячынай. Выкарыстоўваецца як лоўчая птушка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІБЛІЯТЭ́КА ДЗІЦЯ́ЧАЯ,
бібліятэка, якая абслугоўвае дзяцей дашкольнага і школьнага (1—9-ы кл.) узросту, настаўнікаў, работнікаў дашкольных устаноў, бацькоў. Сетка самастойных бібліятэк дзіцячых у СССР, у т. л. на Беларусі, пачала стварацца з 1934. На 1.1.1995 на Беларусі 279 бібліятэк дзіцячых, сукупны іх фонд 7867 тыс. адз. З’яўляюцца структурнымі падраздзяленнямі цэнтралізаваных бібліятэчных сістэм (ЦБС), за выключэннем Мінска, дзе дзейнічае адзіная на Беларусі самаст. цэнтралізаваная сістэма дзіцячых б-к (аб’ядноўвае 14 філіялаў). Фонды бібліятэк дзіцячых складаюць зборы кніг і інш. носьбіты інфармацыі універсальнага зместу, арыентаваныя на выкананне школьных заданняў і самаадук. чытанне. Абслугоўванне дзяцей дыферэнцыраванае ў залежнасці ад узросту. Пры бібліятэках дзіцячых ствараюцца пакоі казак, лялечныя тэатры, гульнятэкі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛА́ЗІС ((Blasis) Карла) (4.11.1795, г. Неапаль, Італія — 15.7.1878),
італьянскі артыст балета, балетмайстар, педагог. Вучыўся ў А.Вестрыса і інш. У 1818 у т-ры «Ла Скала», удасканальваўся ў С.Вігано, танцаваў у яго балетах. Танец Блазіса вылучаўся высокай тэхнікай, прыгажосцю ліній, гармоніяй рухаў. З 1819 выступаў як балетмайстар, паставіў больш за 80 балетаў у т-рах Мілана («Ла Скала»), Венецыі, Лондана, Варшавы, Масквы (Вял.т-р) і інш. У 1837—50 кіраваў Каралеўскай акадэміяй танца пры «Ла Скала», сярод вучняў К.Грызі, В.Цукі, Ф.Чэрыта. Зрабіў значны ўклад у развіццё сістэмы класічнага танца. Аўтар кн. «Элементарны падручнік тэорыі і практыкі танца» (1820), «Кодэкс Тэрпсіхоры» (1828), «Поўны падручнік танца» (1830) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́БРЫЦА,
возера ў Беларусі, у Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Ула, за 10 км на ПнУ ад г. Лепель. Пл. 2,25 км², даўж. 4,49 км, найб.шыр. 1,02 км, найб.глыб. 23 м, даўж. берагавой лініі 10,3 км. Пл. вадазбору 16,3 км².
Схілы катлавіны выш. 14—20 м, стромкія, на Пд да 8 м, спадзістыя, параслі лесам. Берагі высокія, на Пн зліваюцца са схіламі. Дно карытападобнае, утварае 2 плёсы: усх.глыб. да 20 м і зах., больш шырокі, глыб. да 14 м. Плёсы злучаны нешырокім пралівам. На мелкаводдзі дно пясчанае, глыбей сапралелістае. Ёсць 2 астравы агульнай пл. 0,2 га. Расліннасць да глыб. 5,5 м. Злучана пратокай звоз. Уклейка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКО́СТА (Acosta),
да Коста (da Costa) Урыэль (каля 1585, Партугалія — 1640), нідэрландскі мысліцель-вальнадумец. Нарадзіўся ў яўр. сям’і, якая прыняла каталіцызм. У 1614 уцёк у Нідэрланды, перайшоў ва іудаізм. За крытыку догмаў іудаізму, пропаведзь «натуральнай рэлігіі» двойчы адлучаны ад сінагогі, яго кн. «Выпрабаванне фарысейскіх традыцый у параўнанні з пісаным законам» (1624) публічна спалена. Аўтар твораў «Тэзісы супраць традыцыі», «Пра смяротнасць душы чалавечай» (1623), «Прыклад чалавечага жыцця» і інш. Акоста крытыкаваў тлумачэнне рабінамі веравучэння Майсея, адмаўляў бессмяротнасць душы і замагільнае жыццё, гал. прынцыпамі чалавечага жыцця абвяшчаў розум і любоў да бліжняга. Скончыў жыццё самагубствам. Погляды Акосты паўплывалі на развіццё вальнадумства ў Зах. Еўропе, на ідэйную эвалюцыю Б.Спінозы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУДЖА́ВА (Булат Шалвавіч) (н. 9.5.1924, Масква),
расійскі пісьменнік, аўтар і выканаўца песень. Скончыў Тбіліскі ун-т (1950). Аўтар зб-каў вершаў «Лірыка» (1956), «Астравы» (1959), «Вясёлы барабаншчык» (1964), «Арбат, мой Арбат» (1976), «Песні і вершы» (1989), «Дары лёсу» (1993) і інш. Для іх характэрна зліццё размоўнай і песеннай інтанацый, празаізмаў і патэтыкі. Стваральнік своеасаблівага выканаўчага стылю — аўтарскай песні («Возьмемся за рукі, сябры», «Лёнька Каралёў», «Паўночны тралейбус», «Ах, Арбат, мой Арбат...» і інш.). Напісаў раманы «Падарожжа дылетантаў» (кн. 1—2, 1976—78), «Спатканне з Банапартам» (1983); «Скасаваны тэатр» (1994); аповесці «Будзь здаровы, шкаляр» (1961), «Бедны Аўросімаў» (1969), «Паходжанні Шыпава, ці Старадаўні вадэвіль» (1971).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДРАБО́ТКІ,
форма найму сялян са сваімі прыладамі працы і цяглом да памешчыка або заможнага селяніна за арандаваную зямлю, пазычаныя грошы, хлеб, лясныя матэрыялы, у пагашэнне штрафаў і інш. У Рас. імперыі, у т. л. на Беларусі, шырока практыкаваліся пасля сялянскай рэформы 1861. Сталі асновай адработачнай сістэмы ў памешчыцкай гаспадарцы (вынік малазямелля, падатковага ўціску, пазаэканам. прымусу сялян). Разнавіднасцямі адработкі былі здольшчына і «кругавая» (поўная) апрацоўка панскай зямлі або выкананне асобных відаў работ (ворыва, пасеву, уборкі) з аплатай часткова грашыма, часткова зямельнымі ўгоддзямі. Па меры росту таварнай гаспадаркі і асабліва разлажэння сялянства адработкі паступова выцясняліся капіталіст. наймам, але былі вельмі пашыраны на Беларусі і ў пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ЖА,
возера ў Беларусі, у Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Друйка, за 7 км на ПнЗ ад г. Браслаў. Уваходзіць у Браслаўскую групу азёр. Пл. 4,18 км², даўж. 3,42 км, найб.шыр. 1,72 км, найб.глыб. 9,1 м, даўж. берагавой лініі 12,2 км. Пл. вадазбору 66 км².
Схілы катлавіны выш. да 12 м, пад лесам і хмызняком, заходнія разараныя. Вакол возера пойма шыр. ад 8 м на Пн да 250 м на ПдЗ, сухая, моцна завалуненая, парослая хмызняком і сухадольнымі травамі. 16 астравоў агульнай пл. 24,9 га. Каля берагоў і астравоў дно пясчанае, часта галечнікавае і камяністае. Шыр. паласы прыбярэжнай расліннасці да 70 м. Злучана ручаямі з азёрамі Саванар і Рака.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ЛГАК (Тамаш Іосіфавіч) (падп. мянушка Гуліч; 1801, б. фальварак Міцкевічы Навагрудскага ваяв. — 16.2.1895),
бел.рэв. дзеяч, мемуарыст. Вучыўся ў Віленскім ун-це. Падзяляў погляды філарэтаў і філаматаў. Удзельнік паўстання 1830—31. З 1836 выконваў даручэнні Ш.Канарскага. Пасля правалу тайнай арг-цыі арыштаваны ў Вільні і ў 1839 сасланы ў Зах. Сібір. Адтуль дасылаў матэрыялы ў «Rocznik Literacki» («Літаратурны штогоднік», 1843—49). У 1857 вярнуўся на радзіму ў Міцкевічы. Удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 1863—64, уваходзіў у склад віленскіх рэв. арг-цый, за што сасланы на катаргу ў Томскую губ., у 1869 пераведзены ў Цывільск (Чувашыя), потым у Казань. У 1871 па амністыі вярнуўся дамоў. Аўтар успамінаў і філас. трактатаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЗЗУ́БЫЯ КІТЫ́, вусатыя кіты (Mysticeti),
падатрад млекакормячых атр. кітападобных. 3 сям.: гладкія кіты (Balaenidae), шэрыя кіты (Eschrichtiidae), паласацікавыя (Balaenopteridae). 10—11 відаў. Найб. вядомыя блакітны кіт, сейвал, фінвал, грэнландскі (палярны) кіт, паўднёвы, шэры, малы паласацік, гарбач. Пашыраны ў Сусветным акіяне. Мігрыруюць.
Даўж. да 33 м, маса да 160 т. Самкі большыя за самцоў. Зубы закладваюцца, але рассыпаюцца ў зародку; замест іх у верхняй сківіцы развіваюцца рагавыя пласціны (180—400 пар), вядомыя пад назвай кітовы вус. Праз яго кіт адцэджвае з вады дробных жывёлін (малюскаў, ракападобных, дробную рыбу), якімі корміцца. Нешматлікія. Колькасць скарачаецца. У Чырв. кнізе МСАП 5 відаў.