БУ́ЛГАК Тамаш Іосіфавіч
(падп. мянушка Гуліч; 1801, б. фальварак Міцкевічы Навагрудскага ваяв. — 16.2.1895),
бел. рэв. дзеяч, мемуарыст. Вучыўся ў Віленскім ун-це. Падзяляў погляды філарэтаў і філаматаў. Удзельнік паўстання 1830—31. З 1836 выконваў даручэнні Ш.Канарскага. Пасля правалу тайнай арг-цыі арыштаваны ў Вільні і ў 1839 сасланы ў Зах. Сібір. Адтуль дасылаў матэрыялы ў «Rocznik Literacki» («Літаратурны штогоднік», 1843—49). У 1857 вярнуўся на радзіму ў Міцкевічы. Удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 1863—64, уваходзіў у склад віленскіх рэв. арг-цый, за што сасланы на катаргу ў Томскую губ., у 1869 пераведзены ў Цывільск (Чувашыя), потым у Казань. У 1871 па амністыі вярнуўся дамоў. Аўтар успамінаў і філас. Трактатаў.
т. 3, с. 329
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)