НОВАКУЛІ́Т (ад лац. novacula востры нож, брытва),

Арканзаскі камень, крамяністы сланец, шчыльная белая крамяністая асадкавая горная парода. Структура складзена з агрэгатаў хаатычна арыентаваных поліэдрычных зерняў кварцу блізкіх памераў (1,5—3 мкм) з рэзкімі межамі паміж імі. Парода ўтворана з крэменязёму, які паступаў у басейн асадканамнажэння пры вулканічных працэсах. Выкарыстоўваецца як тачыльны камень і найтанчэйшы абразіў. Найб. радовішча Н. ў ЗША.

т. 11, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́НІУС,

дапаможная шкала, па якой адлічваюць долі дзяленняў асн. шкалы вымяральнай прылады (штангенінструментаў, оптыка-мех. і інш. сродкаў вымярэння). Бываюць лінейныя, вугламерныя, спіральныя, трансверсальныя і інш. віды Н. Назва — ад імя партуг. вынаходніка шкалы П.​Нуніша. Прататып сучаснага Н. прапанаваны франц. матэматыкам П.​Вернье (Н. часта наз. верньерам).

Ноніусы: а — лінейны (паказвае адлік 17, 14); б — вугламерны (паказвае адлік 34°28).

т. 11, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАГЛЫНА́ННЯ ПАКА́ЗЧЫК,

фізічная велічыня, адваротная адлегласці, на якой паток выпрамянення, што ўтварае паралельны светлавы пучок, аслабляецца ў выніку паглынання ў асяроддзі ў e разоў (натуральны П.п.; гл. Бугера—Ламберта—Бэра закон) ці 10 разоў (дзесятковы П.п.). Залежыць ад частаты святла, хім. прыроды і стану рэчыва.

Адзінка П.п. у СІ метр у мінус першай ступені (м−1). Гл. таксама Паглынанне святла.

т. 11, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДПІ́СКА АБ НЯВЫ́ЕЗДЗЕ,

адна з мер стрымання ў бел. крымінальным працэсе. Заключаецца ў адабранні ад падазронага або абвінавачанага абавязацельства не адлучацца з месца пражывання або часовага знаходжання без дазволу адпаведнай службовай асобы, якая праводзіць дазнанне, следчага, пракурора, суда. У выпадку парушэння гэтай меры да таго, хто даваў абавязацельства, можа быць ужыта больш строгая мера стрымання — пра што ён і папярэджваецца (арышт, зняволенне).

т. 11, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДСО́Ў у геалогіі,

парушанае заляганне горных парод, якое характарызуецца перамяшчэннем па разрыве адных мас пад іншыя. У адрозненне ад насову ўтвараецца пры актыўным руху ляжачага крыла. Адрозніваюць пакатыя П. (падзенне плоскасці разрыву не перавышае 45°), падсоўныя складкі, буйныя П. (паверхні зруху падаюць пад горныя кражы), субкантынентальныя П. (зоны разрываў у астраўных дугах на мяжы акіянаў і кантынентаў).

І.​В.​Клімовіч.

т. 11, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕ́СТРА (грэч. palaistra ад palaiō змагаюся),

прыватная гімнастычная школа ў Стараж. Грэцыі. Звычайна ў П. займаліся хлопчыкі ва ўзросце 12—16 гадоў (на в. Самос была П. для дарослых мужчын). Праграма навучання ў П. ўключала бег, барацьбу, скачкі, кіданне кап’я і дыска (т.зв. сістэма пяцібор’я), гімнаст. практыкаванні, плаванне. П. мелі адкрытыя пляцоўкі, гімнаст. залы, басейны. Часам П. існавалі пры гімнасіях.

т. 11, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛО́НСКАЕ ВО́ЗЕРА.

У Віцебскім р-не, у бас. р. Ласасіна, за 12 км на У ад г. Віцебск. Пл. 0,35 км², даўж. 1,4 км, найб. шыр. 330 м, даўж. берагавой лініі 3,7 км. Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы выш. 17—20 м (на Пн і ПнЗ да 5 м), пад хмызняком, часткова разараныя. Берагі пераважна зліваюцца са схіламі. Выцякае ручай у р. Ласасіна.

т. 12, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯ́РНЫ УРА́Л,

паўночная частка Урала ад вярхоўяў р. Хулга (бас. р. Об) на Пд да гары Канстанцінаў Камень на Пн. Даўж. 380 км, выш. да 1499 (г. Паер). Складзена пераважна з кварцытаў, крышт. сланцаў, вывергнутых і асадкавых горных парод. Захаваліся сляды горна-далінных зледзяненняў. Шмат азёр. Схілы паўд. ч. ўкрыты таежным рэдкалессем, вышэй і ў больш паўн. ч. — горныя тундры, ледавікі.

т. 12, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНЭ́ЛЬ (ад ням. Paneel),

1) плоскі буйнапамерны элемент (канструкцыя) заводскага вырабу. Шырока выкарыстоўваецца пры буд-ве будынкаў і збудаванняў (напр., П. перакрыцця, сценавая).

2) Драўляная абшыўка, дэкаратыўная аддзелка (пластыкам, масленай фарбай і інш.) ніжняй часткі сцяны ў памяшканні.

3) Пешаходная дарожка па баках вуліцы, тратуар.

4) Частка эл. шчыта, пульта кіравання, радыётэхн. прыстасавання, трансп. сродкаў і інш., дзе размяшчаецца сігнальная, кантрольная, вымяральная апаратура.

т. 12, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПІЛО́МА (ад лац. papilla сасок + ...ома),

дабраякасная пухліна, якая развіваецца з покрыўнага эпітэлію. Бывае на скуры, слізістых абалонках поласці рота, глоткі, галасавых звязак, мочавывадных шляхоў. Выклікаецца вірусам П. чалавека (дробны, ДНК-змяшчальны вірус). Паверхня П. часцей з сасочкавых разрастанняў. Складаецца са злучальнатканкавай стромы (рыхлай ці шчыльнай) і эпітэлію. Можа нагнойвацца, кроватачыць і інш. Лячэнне тэрапеўт. і хірургічнае.

М.​К.​Недзьведзь.

т. 12, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)