СО́ЛЫ,

вёска ў Смаргонскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Ашмянка; чыг. ст. на лініі Маладзечна—Гудагай. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 16 км на З ад г. Смаргонь, 237 км ад Гродна. 1525 ж., 594 двары (2001). Агароднінасушыльны з-д, рыбгас, Смаргонская птушкафабрыка. Сярэдняя школа, кінатэатр, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква. Брацкія магілы сав. воінаў, сав. ваеннапалонных. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — касцёл Маці Божай Ружанцовай (1926—34).

У сярэдзіне 16 ст. сяло Віленскага ваяв. ВКЛ, шляхецкая ўласнасць. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у Рас. імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Ашмянскага пав. Віленскай губ. У 1849 у С. пабудаваны касцёл, з 1870 працавала нар. вучылішча. У 1886 у С. 560 ж., валасное праўленне, касцёл, сінагога, 5 крам, карчма, вінакурны з-д (4 км ад С.). У 1890 пошта, тэлеграф, станцыя Лібава-Роменскай чыг. (1873). У пач. 20 ст. ў мястэчку 880 ж., працаваў урачэбны ўчастак, на ст. С. 70 ж. 4.12.1917 у С. быў падпісаны першы дагавор аб перамір’і паміж прадстаўнікамі армій Зах. фронту Сав. Расіі і камандаваннем герм. армій Усх. фронту. З 1921 С. ў складзе; Польшчы. цэнтр гміны Ашмянскага пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, вёска. З 1940 цэнтр сельсавета Смаргонскага р-на Віленскай вобл. У Вял. Айч. вайну ням. фашысты загубілі ў С. 28 сав. ваеннапалонных. З 1944 у Маладзечанскай, з 1960 у Гродзенскай абл.

Г.​І.​Дулеба.

т. 15, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)