ГАЛАГРА́ФІЯ (ад грэч. holos увесь, поўны + ...графія),
метад атрымання поўнага аб’ёмнага відарыса аб’екта, заснаваны на інтэрферэнцыі і дыфракцыі кагерэнтных хваль; галіна фізікі, што вывучае заканамернасці запісу, узнаўлення і пераўтварэння хвалевых палёў рознай прыроды (аптычных, акустычных і інш.). Галаграфію вынайшаў (1948) і атрымаў першыя галаграмы (ГЛ) найпрасцейшых аб’ектаў Д.Габар. У 1962—63 амер. фізікі Э.Лэйтс і Ю.Упатніекс выкарысталі для атрымання ГЛ лазер, а сав. фізік Ю.М.Дзенісюк (1962) прапанаваў метад запісу аб’ёмных ГЛ. У 1960-я г. створаны тэарэт. і эксперым. асновы галаграфіі.
Аб’ёмны відарыс аб’екта фіксуецца на ГЛ у выглядзе інтэрферэнцыйнай карціны, створанай прадметнай хваляй (ПХ), адбітай ад аб’екта, і кагерэнтнай з ёй апорнай хваляй (АХ). У адрозненне ад фатаграфіі, дзе зафіксаваны відарыс аптычны, ГЛ дае прасторавае размеркаванне амплітуды і фазы ПХ. Паколькі ПХ не плоская, ГЛ мае структуру нерэгулярнай дыфракцыйнай рашоткі. Інфармацыя аб размеркаванні амплітуды ПХ запісваецца ў выглядзе кантрасту інтэрферэнцыйнай карціны, а фазы — у выглядзе формы і перыяду інтэрферэнцыйных палос (гл.Інтэрферэнцыя святла). Пры асвятленні галаграмы АХ у выніку дыфракцыі святла ўзнаўляецца амплітудна-фазавае размеркаванне поля ПХ. ГЛ пераўтварае частку АХ у копію ПХ, пры ўспрыманні якой вокам ствараецца ўражанне непасрэднага назірання аб’екта. Галаграфія мае шэраг спецыфічных уласцівасцей, адрозных ад фатаграфіі: ГЛ узнаўляе аб’ёмны (монахраматычны або каляровы) відарыс аб’екта, кожны ўчастак ГЛ дазваляе ўзнавіць увесь відарыс аб’екта, аб’ёмныя ГЛ Дзенісюка ўзнаўляюцца пры дапамозе звычайных крыніц святла (сонечнае асвятленне, лямпа напальвання), галаграфічны запіс мае вял. надзейнасць і інфарм. ёмістасць, што вызначае шырокі спектр практычнага выкарыстання галаграфіі: для атрымання аб’ёмных відарысаў твораў мастацтва, стварэння галаграфічнага кіно, для неразбуральнага кантролю формы складаных аб’ектаў, вывучэння неаднароднасцей матэрыялаў, захоўвання і апрацоўкі інфармацыі, для візуалізацыі акустычных і эл.-магн. палёў і інш.
На Беларусі даследаванні па галаграфіі пачаліся ў 1968 у Ін-це фізікі АН і праводзяцца ў ін-тах фіз. і фіз.-тэхн. профілю АН, БДУ і інш. Распрацаваны фіз. прынцыпы дынамічнай галаграфіі, развіты метады апрацоўкі інфармацыі і пераўтварэння прасторавай структуры лазерных пучкоў (П.А.Апанасевіч, А.А.Афанасьеў, Я.В.Івакін, А.С.Рубанаў, Б.І.Сцяпанаў і інш.). Створаны галаграфічныя метады для даследавання дэфармацый і вібрацый аб’ектаў, рэльефу паверхні, уласцівасцей плазмы, сістэмы аптычнай памяці (У.А.Піліповіч, А.А.Кавалёў, Л.В.Танін і інш.), развіты метады радыё- і акустычнай галаграфіі (П.Дз.Кухарчык, А.С.Ключнікаў, М.А.Вількоцкі).
Літ.:
Кольер Р., Беркхарт К., Лин Л. Оптическая голография: Пер. с англ.М., 1973;
Островский Ю.И. Голография и ее применение. Л., 1973;
Денисюк Ю.Н. Изобразительная голография // Наука и человечество, 1982. М., 1982;
Рубанов А.С. Некоторые вопросы динамической голографии // Проблемы современной оптики и спектроскопии. Мн., 1980.
А.С.Рубанаў.
Да арт.Галаграфія. Схемы атрымання галаграм (а) і ўзнаўлення відарысаў (б): 1 — схема Габара; 2 — схема Лэйтса—Упатніекса; 3 — схема Дзенісюка; АХ — апорная хваля; ПА — паўпразрысты аб’ект; ПХ — прадметная хваля; ФП — фотапласцінка; Г — галаграма; СВ — сапраўдны відарыс; А — адбівальны аб’ект; ПЛ — паўпразрыстае люстэрка; УВ — уяўны відарыс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т ЦЕ́ПЛА- І МАСААБМЕ́НУ ІМЯ́ А.В.ЛЫ́КАВА,
Акадэмічны навуковы комплекс Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Засн. ў 1952 у Мінску на базе энергет. сектара (існаваў з 1946) Ін-та торфу АН Беларусі. У 1952—63 Ін-т энергетыкі, з 1963 Ін-т цепла- і масаабмену, з 1990 — Акадэмічны навук. комплекс «Ін-т цепла- і масаабмену імя А.В.Лыкава» (АНК ІЦМА). З ін-та вылучыліся: Ін-тядз. энергетыкі (цяпер АНК «Сосны»), Ін-т водных праблем (цяпер Цэнтр.НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў), Бел. філіял Энергет. ін-та імя Г.М.Кржыжаноўскага (з 1986 Бел.н.-д. цеплаэнергет. ін-т). У складзе АНК ІЦМА (1998): 22 лабараторыі, канструктарска-тэхнал. падраздзяленні, доследная вытв-сць. Ін-т выдае «Инженерно-физический журнал», пры ім рэдакцыі ад СНД міжнар.час. «Heat and Mass Fransfer» і амер.час. «Цеплаперанос». Аспірантура з 1952, дактарантура з 1991.
Асн. кірункі навук. даследаванняў: цепла- і масаперанос у капілярна-порыстых целах, дысперсных сістэмах, рэалагічных асяроддзях, турбулентных неаднародных патоках, нізкатэмпературнай плазме і пры ўзаемадзеянні выпрамянення з рэчывам; тэхналогія і тэхніка сушкі; плазменныя тэхналогіі; энергазберагальныя цепламасаабменныя тэхналогіі, прылады і сістэмы дыягностыкі цеплавых і гідрагазадынамічных працэсаў; навук. асновы энергазберажэння і энергетыкі; спальванне цвёрдых паліваў і адходаў; высокадакладнае паліраванне оптыкі і керамікі; цеплавыя працэсы ў біял. аб’ектах і ў дачыненні да задач навук. і практычнай медыцыны; мембранны масаперанос; цеплаабменнікі на цеплавых трубах, цеплавыя помпы, халадзільнае абсталяванне; цеплафіз. ўласцівасці рэчываў; працэсы ў нераўнаважных сістэмах; ачыстка газавых выкідаў і вадкіх асяроддзяў; прамочванне шпал і драўніны; распрацоўка навук. асноў цепламасаабменных тэхнал. працэсаў і апаратаў, геліятэхнікі і геліяэнергетыкі. У канцы 1950 — пач. 1960-х г. даследаванні ін-та былі зарыентаваны на патрэбы касм. і авіяц. тэхнікі, энергетыкі, у т. л. атамнай, на стварэнне цепламасаабменных тэхнал. працэсаў і апаратаў шырокага прызначэння для нар. гаспадаркі. Праведзены тэарэтыка-эксперым. даследаванні ўзаемазвязанага цепла- і масаабмену ў капілярна-порыстых целах, дысперсных сістэмах, рэалагічных асяроддзях, аэратэрмааптычных прыстасаваннях і генератарах нізкатэмпературнай плазмы. Сфармулявана сістэма ўраўненняў, якая апісвае працэсы пераносу энергіі і рэчыва ў асяроддзі пры фазавых і хім. пераўтварэннях, разнастайных знешніх уздзеяннях і ва ўмовах плыні. Пастаўлены і разгледжаны спалучаныя задачы цеплаабмену; прапанавана сістэма дыферэнцыяльных ураўненняў узаемазвязанага цепламасапераносу, якая выкарыстоўваецца для аналізу і апісання кінетыкі хіміка-тэхнал. працэсаў, праектавання новых высокаінтэнсіўных тэхналогій. Атрыманы вынікі ў вывучэнні і апісанні заканамернасцей з’яў і працэсаў пераносу энергіі і рэчыва. Дасягненні супрацоўнікаў ін-та адзначаны Дзярж. прэміямі Беларусі ў галіне навукі і тэхнікі (1980) і ў галіне навукі (1992), прэміямі СМСССР (1982, 1983). У Ін-це працавалі праф. І.П.Валошын (дырэктар у 1952—56), акад.АН Беларусі А.В.Лыкаў, М.А.Ельяшэвіч, А.К.Красін, Р.І.Салаухін, чл.-кар. С.С.Забродскі, Б.М.Смольскі; працуюць акад.Нац.АН Беларусі А.Р.Мартыненка (дырэктар з 1987), Б.А.Калавандзін, А.Г.Шашкоў, чл.-кар. Н.М.Дарожкін, М.У.Паўлюкевіч. Ін-т узнагароджаны ордэнам Прац.Чырв. Сцяга (1969), Ганаровай Граматай Вярх. Савета БССР (1977).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЭ́НА (ад франц. moraine),
марэнныя адклады, скопішчы несартаванага ці слабасартаванага абломкавага матэрыялу, які пераносіцца або адкладваецца ледавікамі і ўтварае марэнны рэльеф. Матэрыял М. складаецца з валуноў, глыб, галькі, жвіру, змешаных з пяском, алеўрытам і глінай. Характэрнымі літалагічнымі рознасцямі з’яўляюцца валунны супесак і валунны суглінак. Колер М. ад чырвона-бурага да зеленавата-шэрага з рознымі адценнямі. Грануламетрычны склад М.: фракцыя памерам больш за 1 мм — 7% (валуны, галька, жвір), 1—0,1 мм — 68% (пяскі, алеўрыт), менш за 0,01 мм — 25% (гліны). На Беларусі сярод валуноў пераважаюць метамарфічныя і магматычныя пароды (граніты, гнейсы, габра), прынесеныя ледавіком з Фенаскандыі. Галька і жвір часцей складзены з мясц. асадкавых парод (даламітаў, вапнякоў і інш.). У мінералагічным складзе пераважаюць ільменіт, амфіболы, гранаты, мінералы групы эпідоту, лейкаксен, рутыл, гідраксіды жалеза, гліністыя мінералы (гідраслюды, каалініт, мантмарыланіт і інш.).
Адрозніваюць М. сучасных рухомых ледавікоў і адкладзеныя. Рухомыя М. падзяляюцца на паверхневыя і ўнутраныя (уласцівыя далінным або міжгорным ледавіковым патокам) і донныя (трапляюцца ва ўсіх тыпах ледавікоў). Паверхневыя М. ўтвараюцца з абломкавага матэрыялу, знесенага са скалістых схілаў даліны або адкладзенага пры адтаванні з тоўшчы лёду. Па размяшчэнні на паверхні ледавіка вылучаюць бакавую і сярэдзінную М. Бакавая М. ўтварае валы ўздоўж 2 бакоў ледавіковага «языка». Пры зліцці ледавікоў бакавыя М. аб’ядноўваюцца ў адзін вал па сярэдзіне ледавіка — сярэдзінныя М. (можа быць некалькі). Унутраная М. ўключана ў тоўшчу лёду. Донная М. ўяўляе сабой адарваны ад ложа абломкавы матэрыял, заключаны ў прыдонных слаях лёду. Адкладзеная М. — найб. характэрны тып ледавіковых адкладаў, утвараецца з усіх тыпаў рухомых М. у час руху, прыпынку і канчатковага раставання ледавіка. Падзяляецца на асноўную, абляцыйную і канцавую. Найб. пашырана на тэрыторыях, якія перакрываліся ў антрапагенавы перыяд мацерыковымі льдамі. Асноўная М. — масіўная, радзей лускаватая ці плітчастая, мае абломкавы матэрыял, складае ў асн. раўніны і нізіны, дзе залягае ў выглядзе пластоў. Утвараецца пераважна з доннай М. Часта перакрыта тонкім слоем абляцыйнай М., або М. адтавання, якая ўзнікае ў стадыі дэградацыі ледавіка з унутранай М. і верхніх слаёў доннай М. Гэты тып М. пашыраны ў паласе развіцця форм рэльефу пасіўнага (мёртвага) лёду (камаў, озаў і іх масіваў). Канцавыя М. складаюцца з абломкавага матэрыялу, які намнажаўся ў франтальнай ч. ледавіка, дае часта перамяшаны прынесены і мясц. матэрыял. Назіраюцца дыслацыраваныя слаі парод, ёсць глыбы адорвеняў плейстацэнавых і даплейстацэнавых парод. Сярод іх часта ўтвараюцца напорныя М. Канцавыя М. складаюць узвышшы і канцова-марэнныя грады.
На тэр. Беларусі пашыраны плейстацэнавыя М. Яны адсутнічаюць у далінах рэк урэзаных у даплейстацэнавыя пароды і на невял. размытых участках на Пд краіны. Сярэдняя магутнасць М. аднаго зледзянення 5—30 м, макс. да 100 м. М. займаюць 50% аб’ёму плейстацэнавай тоўшчы, перамяжаюцца з інш. генетычнымі тыпамі адкладаў.
Яны з’яўляюцца рэльефа- і глебаўтваральнымі пародамі, адыгрываюць ролю маркіроўных гарызонтаўпры стратыграфічным расчляненні плейстацэнавых адкладаў, служаць водаўпорам для грунтавых і напорных вод і сыравінай для прам-сці буд. матэрыялаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКІ ТЭА́ТР РАДЗІВІ́ЛАЎ,
прыдворны т-ркн.Радзівілаў у г. Нясвіж Мінскай вобл. ў 1740—91. З 1746 прыкн. Ф.У.Радзівіл аматарскі, у спектаклях побач з прыгоннымі ўдзельнічалі члены княжацкай сям’і, шляхта, кадэты нясвіжскага корпуса (першы спектакль — «Узор справядлівасці»), Паказы ў суправаджэнні Нясвіжскай капэлы Радзівілаў адбываліся ў спец. будынку — «камедыхаўзе» (пабудаваны ў 1747—48, арх. К.Ждановіч).
Паводле інвентара 1767 цэнтр. памяшканнем т-ра была вял. партэрная зала, вырашаная амфітэатрам, над якім размяшчаліся ложы. Сцены і столь былі аздоблены размаляванымі палатнянымі шпалерамі. Сцэна была адгароджана ад залы жоўтай тканай заслонай з выявамі герба Радзівілаў. Абапал сцэны былі хоры для капэлы. Тэатр. залу асвятлялі 53 метал. ліхтары. Спектаклі ставіліся таксама ў Альбе, пад адкрытым небам у «зялёным тэатры» і ў палацы «Кансаляцыя» (пабудаваны ў 1748, арх. М.Педэці, перабудаваны ў 1770-я г.арх. Л.Лутніцкім, рэстаўрыраваны ў 1809 М.Цэйзікам; не захаваўся).
Спектаклі ішлі на польск., італьян., ням. і франц. мовах. У рэпертуары творы Ф.У.Радзівіл: камедыі «Дасціпнае каханне» (1746), «Каханне — зацікаўлены суддзя» (1747), «Убачанае не мінае» (1749), «Гульня фартуны» і «Кансаляцыя ў клопатах» (1750); трагедыі «Суддзя, пазбаўлены розуму» (1748), «Золата ў агні» (1750), «Несумленнасць у пастцы» (1751); оперы «Сляпое каханне не зважае на вынікі» і «Шчаслівае няшчасце» (1752); перакладзеныя і пераробленыя Ф.У.Радзівіл творы Мальера, Вальтэра, балеты, пантамімы. Рэжысёр т-ра Я.П.Фрычынскі (з 1746), балетмайстар Шрэтэр (з 1746), капельмайстры Е.Бакановіч (з 1749), Я.Ценціловіч (з 1751). У 1753—62 кн. М.К.Радзівіл Рыбанька папоўніў трупу нанятымі акцёрамі, стварыў пры капэле Нясвіжскую музычную школу і Нясвіжскую балетную школу, аркестр нар. інструментаў (т.зв. «літоўская музыка»), павялічыў прыдворную капэлу. Тэатр набыў прафес. характар і стаў прыдворным. Рэпертуар папоўніўся творамі Ф.У.Радзівіл, камедыямі Мальера («Маскарыль» і «Сганарэль», 1755; «Жорж Дандэн», 1757, і інш.), Вальтэра («Заіра», 1757), С.Мыцельскага («Парыс» і «Іосіф Патрыярх»), В.Ржавускага («Жалкеўскі» і «Уладзіслаў пад Варнай», 1761), італьян. і ням. камічнымі операмі і балетамі. Тэатр выязджаў у Слуцк, Белае, Жоўкву, Алыку. Прыкн. К.С.Радзівілу Пане Каханку ў 1777—86 у т-ры працавалі антрэпрыза Л.Перажынскага (з 1783; сярод акцёраў К.Аўсінскі, комік Я.Закжэўскі, спевакі В.Ясінскі, М.Вернер, З.Закжэўская, М.Ясінская, М.Перажынская, Т.Маруноўская, М.Лазанская), група італьян. спевакоў, новы склад капэлы (44 чал.), балет (больш за 20 прыгонных танцораў). У рэпертуары балеты А.Пуціні, оперы Дж.Паізіела, Я.Голанда (камічная опера «Агатка, або Прыезд пана», лібр. М.К.Радзівіла), К.В.Глюка («Арфей і Эўрыдыка»; абедзве 1784) і інш. З 1786 т-р працаваў нерэгулярна.
Літ.:
Барышаў Г.І. Тэатры Радзівілаў у Нясвіжы і Слуцку // Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1. Беларускі тэатр ад вытокаў да Кастрычніка 1917 г.Мн., 1983;
Музыкальный театр Белоруссии: Дооктябрьский период. Мн., 1990. С. 170—180, 215—223.
Да арт.Нясвіжскі тэатр Радзівілаў. Сцэна з оперы «Шчаслівае няшчасце». Мастак М.Жукоўскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕМЛЕКАРЫСТА́ННЕ,
карыстанне зямлёй ва ўстаноўленым звычаем або законам парадку. Паводле зямельнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб’ектам гэтага права можа быць зямельны ўчастак, дадзены землекарыстальніку па рашэнню кампетэнтнага органа дзярж. кіравання. У гэтым сэнсе З. заўсёды мае вытворны і залежны характар ад права дзярж. уласнасці на зямлю, з’яўляецца мэтавым і платным. Суб’ектамі гэтага права для мэт, якія ўказаны ў заканадаўстве аб зямлі, могуць быць: грамадзяне Беларусі; прамысл., трансп. і інш. нясельскагасп., дзярж., каап., грамадскія прадпрыемствы, установы і арг-цыі; рэліг. арг-цыі; сумесныя прадпрыемствы, міжнар. аб’яднанні з удзелам бел. і замежных юрыд. асоб. Землекарыстальнікі маюць права: выкарыстоўваць зямлю ў адпаведнасці з умовамі яе прадастаўлення; выкарыстоўваць ва ўстаноўленым парадку існуючыя на зямельным участку карысныя выкапні, торф, а таксама інш. карысныя ўласцівасці зямлі; ставіць неабходныя будынкі і збудаванні (па ўзгадненню з Саветам дэпутатаў, які даў зямлю); уласнасці на пасевы с.-г. культур і атрыманую с.-г. прадукцыю; атрымліваць пры спыненні права З. пакрыццё кошту зямельных паляпшэнняў, праведзеных за ўласны кошт; перадаваць у часовае карыстанне зямельны ўчастак або яго частку ў прадугледжаных заканадаўствам выпадках і парадку. Асн. абавязак землекарыстальнікаў — забяспечыць выкарыстанне зямлі ў адпаведнасці з яе мэтавым прызначэннем і ўмовамі яе прадастаўлення. Акрамя таго, яны абавязаны эфектыўна выкарыстоўваць дадзеную ім зямлю, павышаць яе ўрадлівасць, прымяняць прыродаахоўныя тэхналогіі вытворчасці, не дапускаць пагаршэння экалагічнай абстаноўкі на тэрыторыі ў выніку сваёй гасп. дзейнасці, ажыццяўляць комплекс мерапрыемстваў па ахове зямель: своечасова ўносіць зямельны падатак або арэндную плату за зямлю; не парушаць правы ўласнікаў і землеўладальнікаў, а таксама інш. землекарыстальнікаў, у т. л. арандатараў. Зямельны ўчастак даецца землекарыстальнікам у пастаяннае або часовае карыстанне. Пастаянным прызнаецца карыстанне зямлёй без загадзе вызначанага тэрміну. Часовае карыстанне можа быць кароткатэрміновым (да 3 гадоў) і доўгатэрміновым (ад З да 10 гадоў). У выпадку вытв. неабходнасці гэтыя тэрміны могуць быць прадоўжаны на перыяд. які не перавышае адпаведных тэрмінаў. Падставы спынення і пераходу права карыстання зямлёй прадугледжаны Кодэксам аб зямлі. Карыстанне зямельным участкам на ўмовах арэнды рэгулюецца зямельным і арэндным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
У дакласавым грамадстве ворныя землі былі абшчыннай уласнасцю і перыядычна размяркоўваліся паміж членамі абшчыны так, што кожны земляроб апрацоўваў сваімі сіламі палі, перададзеныя ў яго часовае карыстанне. Пры рабаўладальніцкім ладзе асн. землекарыстальнікамі былі рабаўладальнікі, якія выкарыстоўвалі ў сваіх латыфундыях прымусовую працу рабоў. Побач з гэтым існавала і дробнае З. вольных сялян. Пры феадалізме ў Беларусі З. мела некалькі форм: З. феад. дзяржавы і шляхты апіралася на феад. зямельную ўласнасць і асабіста залежных ад іх феадальна-абавязаных сялян. З развіццём панскай фальварковай гаспадаркі пашыралася З. феадалаў. Напярэдадні скасавання прыгону доля фальварковай ворнай зямлі ў маёнтках буйна- і сярэднепамесных уласнікаў у некат. губернях Беларусі дасягала больш за 60%. З. сялян, якія мелі надзелы панскай або дзярж. зямлі, у пэўных межах стварала ўмовы для развіцця дробнай сял. гаспадаркі. Існавала З. сялян на чыншавым правепры захаванні асабістай свабоды, але з унясеннем феад. аброку. З. вольных людзей, старавераў, праваслаўных арандатараў, якія былі асабіста свабоднымі, мелі права пераходу з аднаго месца на другое, але павінны былі ўносіць грашовы аброк або адпрацоўваць за карыстанне панскай або дзярж. зямлёй. У познефеад. перыяд на правах прыватнай уласнасці зараджалася З. купцоў, мяшчан, сялян. Пасля сялянскай рэформы 1861 сістэма З. апіралася на права прыватнай зямельнай уласнасці, надзельнае землеўладанне сялян або на дагавор арэнды зямлі, якая пачала займаць усё большую долю ў сельскай гаспадарцы. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў Беларусі былі вельмі пашыраны прадпрымальніцкая, капіталіст. і паўфеад. харчовая сял. формы арэнднага З. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 сістэма З. грунтавалася на грамадскай уласнасці на сродкі вытв-сці, у т. л. на зямлю, і сацыяліст. сістэму гаспадарання. Пераход да буйной калектыўнай гаспадаркі, калектывізацыя прывялі да стварэння калгасаў і саўгасаў, якім б.ч. зямель с.-г. прызначэння была перададзена дзяржавай на вечнае і бясплатнае З.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕАНА́РДА ДА ВІ́НЧЫ (Leonardo da Vinci; 15.4.1452, г. Вінчы, Італія — 2.5.1519),
італьянскі жывапісец, скульптар, архітэктар, тэарэтык мастацтва, вучоны, інжынер. Адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў Высокага Адраджэння.
Імкнуўся да спалучэння навук. і маст. мыслення, разглядаў жывапіс як універсальную мову, якая пры дапамозе прапорцый і перспектывы ўвасабляе ўсю разнастайнасць праяўлення разумнага пачатку ў прыродзе. У творчасці спалучаў натуралістычнасць выявы з ідэалістычнасцю задумы, увасобіў новы эстэт. ідэал, стварыў вобраз гарманічнага, духоўнага і фізічна дасканалага чалавека.
Вучыўся жывапісу ў майстэрні А.Верок’ё (1467—72). Яе метады працы, у якіх маст. практыка спалучалася з тэхн. эксперыментамі, збліжэнне з астраномам П.Тасканелі, паўплывалі на развіццё яго навук. інтарэсаў. У ранні фларэнційскі перыяд (1452—81) развіваў традыцыі кватрачэнта. Творам уласціва плаўная аб’ёмнасць форм, падкрэсленая мяккай святлаценню мяккім святлаценем («Мадонна Роскін», анёл у карціне Верок’ё «Хрышчэнне Хрыста», пасля 1470; «Дабравешчанне», каля 1474; т.зв. «Мадонна Бенуа», каля 1478). Карціна «Пакланенне вешчуноў» (1481—82, не скончана) вызначаецца пошукамі драм. экспрэсіі, заснаванай на міміцы і руху. У 1482—1500 працаваў у Мілане пры двары герцага Л.Сфорцы, празванага Мора, які даручыў Леанарда заснаваць Акадэмію мастацтва. Для выкладання ў ёй склаў трактаты пра жывапіс, святло, цень, рух, прапорцыі цела чалавека і інш. Быў ваен. інжынерам, гідратэхнікам, арганізатарам прыдворных феерый. Як архітэктар распрацаваў варыянты «ідэальнага» горада, канструкцыі цэнтральна-купальнага храма. У 1490—1500 працаваў над вял. (7,2 м) конным манументам Ф.Сфорцы (мадэль яго ў натуральны памер была зруйнавана французамі пры ўзяцці Мілана). У 1490—91 выканаў жывапісны твор «Мадонна з дзіцем» («Мадонна Літа»). У карціне «Мадонна ў скалах» (1483—94; 2-і варыянт каля 1497—1511) найб. дасканала распрацаваў уласцівую большасці яго твораў кампазіцыю, пабудаваную на дакладных разліках. Яна ўяўляла сабой замкнёную ідэальную прастору, т.зв. прасторавую піраміду (трохвугольнік), у якую ўпісваюцца фігуры; найтанчэйшая святлацень (сфумата) мае ролю духоўна-сувязнага пачатку. У трапезнай кляштара Санта-Марыя дэле Грацые стварыў размалёўку «Тайная вячэра» (1495—97), якая стала адной з вяршынь усяго еўрап. мастацтва. У гэтым творы Леанарда адкрыў для жывапісу новую галіну — псіхал. канфлікт. Высокі этычны змест перададзены праз строгія матэм. заканамернасці кампазіцыі, што падпарадкоўвае сабе рэальную арх. прастору, праз ясную расстаноўку персанажаў, сістэму іх жэстаў і мімікі. Пасля 1500 працаваў у Фларэнцыі, Мантуі, Венецыі, Мілане, Рыме; у 1516 па запрашэнні караля Францыска I прыехаў у Францыю. У Фларэнцыі працаваў над размалёўкай у Палацца Век’ё («Бітва пры Анг’яры», 1503—06, не скончана, вядома па копіях з кардону), якая стаіць ля вытокаў батальнага жанру. У партрэце Моны Лізы (т. зв. «Джаконда», каля 1503) увасобіў узнёслы ідэал жаноцкасці і прыгажосці. У позніх творах развіваў пошукі ў галіне святлопаветранай перспектывы і гарманічнай пірамідальнай кампазіцыі («Св. Ганна з Марыяй і немаўляткам Хрыстом», каля 1500—07). Эксперыменты з маст. матэрыяламі, разнастайнасць інтарэсаў абумовілі невял. колькасць завершаных яго маст. і навук. работ, іх дрэнную захаванасць. Як вучоны ўзбагаціў амаль усе галіны ведаў свайго часу. У галіне механікі вывучаў пытанні трэння, раўнавагі, супраціўлення матэрыялаў і інш. Распрацоўваў канструкцыі машын і механізмаў, шмат з якіх значна апярэдзілі свой час (праекты металургічных печаў і пракатных станаў, ткацкіх станкоў, друкарскіх, дрэваапрацоўчых, землекапальных і інш. машын, падводнай лодкі, танка, лятальных апаратаў і парашута), праекты фартыфікацыйных і гідратэхн. збудаванняў. Шмат эксперыментаваў у галіне оптыкі, выказваў правільныя здагадкі аб прыродзе бінакулярнага зроку. Блізка стаяў да стварэння геліяцэнтрычнай сістэмы светабудовы. Займаўся анатамічнымі даследаваннямі, імкнуўся ўвесці ў біялогію эксперым. метад. Упершыню стаў разглядаць батаніку як самаст.біял. дысцыпліну. Яго анат. малюнкі сталі асновай сучаснай навук. ілюстрацыі. Да нашага часу захавалася каля 7 тыс. аркушаў яго рукапісаў і запісных кніжак, частка з якіх увайшла ў «Трактат пра жывапіс», што склаў пасля смерці мастака яго вучань Ф.Мельцы. Іл.гл. таксама да арт.Адраджэнне.
Тв.:
Рус.пер. — Книга о живописи. М., 1934;
Избр. произв.Т. 1—2. М., 1935;
Избр. естественнонаучные произв. М., 1955;
Анатомия Записки и рисунки. М., 1965.
Літ.:
Дживелегов АК. Леонардо да Винчи. М., 1974;
Нардини Б. Жизнь Леонардо: Пер. с итал. М., 1978;
Гастев А. Леонардо да Винчи. М., 1982.
Л.Ф.Салавей.
Леанарда да Вінчы. Мадонна з дзіцем (Мадонна Літа). Каля 1490—91.Леанарда да Вінчы. Аўтапартрэт. Каля 1510—13.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРТР ((Sartre) Жан Поль) (21.6.1905, Парыж — 15.4.1980),
французскі філосаф, пісьменнік і літаратуразнавец, прадстаўнік экзістэнцыялізму і фенаменалогіі. Скончыў Вышэйшую нармальную школу (1929). З 1931 выкладаў у ліцэях Парыжа, Гаўра і Ліёна. У час 2-й сусв. вайны ўдзельнік руху Супраціўлення. З 1945 узначальваў час. «Les temps modernes» («Новыя часы»). У цэнтры філасофіі С. — феномен чалавека і анталогія яго свядомасці. Крытыкаваў псіхааналіз і эксперым. псіхалогію, якія ператвараюць чалавека ў «раба сваіх эмоцый» і здымаюць з яго адказнасць; распрацаваў экзістэнцыяльна-псіхааналітычны метад, які даследуе асобу ў працэсе «самавынаходніцтва». У гал.філас. працы «Быццё і нішто» (1943) прапанаваў анталагічную канцэпцыю свету, які ўяўляў як сукупнасць 3 форм быцця: «быцця-ў-сабе» (цэласны, самадастатковы і нязменны наяўны матэрыяльны свет), «быцця-для-сябе» (свет чалавечай свядомасці), «быцця-для-іншага» (свет індывідуальнай свядомасці чалавека ва ўспрыняцці інш. асобы). Лічыў, што чалавек знаходзіцца ў адвечным антаганізме ў адносінах і да матэрыяльнага свету, і да «быцця-для-іншага», якое выяўляецца ў барацьбе за доказ уласнай свабоды. На думку С., чалавек «асуджаны» на свабоду; імкненне шляхам самападману («кепскай веры») ухіліцца ад свабоды і звязаных з ёй адзіноты і адказнасці за выбар ператварае чалавека са свядомай істоты ў адзінку матэрыяльнага свету. У «Крытыцы дыялектычнага розуму» (1960, незавершаная) вызначыў у якасці недахопаў марксізму жорсткі дэтэрмінізм і недаацэнку ролі асобы ў гіст. працэсе; распрацаваў сац. анталогію, заснаваную на сінтэзе экзістэнцыялізму, фенаменалогіі і марксізму. Празаічныя і драм. творы С. прасякнуты экзістэнцыяльнымі ідэямі адчужанасці ад знешняга свету і самаадчужанасці чалавека (раман «Млоснасць», 1938), немагчымасці пазбавіцца ад абсурднасці рэчаіснасці (зб.апавяд. «Мур», 1939), шляху да свабоды і цяжару адказнасці за выбар (п’еса «Мухі», 1943; незавершаная тэтралогія «Дарогі свабоды», 1945—49), асуджанасці на адзіноту (п’еса «Пры зачыненых дзвярах», 1945) і інш. Проза С. спалучае рысы традыц. рэалізму, «плыні свядомасці» і натуралізму, эсэістычнасці і дакументалізму. С. імкнуўся пашырыць межы біягр. жанру: распрацаваў канцэпцыю «рамана рэальнай асобы», у якім разглядаў чалавека як «тыповую універсальную адзінку сваёй эпохі», спалучаючы маст. метады з экзістэнцыялізмам, псіхааналізам і навук. аналізам сац. асяроддзя. Прынцыпы «рамана рэальнай асобы» развіваў у творах «Бадлер» (1947), «Святы Жанэ, камедыянт і пакутнік» (1952), аўтабіягр. аповесці «Словы» (1964) і канчаткова замацаваў у рамане «Ідыёт у сям’і» (т. 1—3, 1971—72). Асаблівае месца ў яго творчасці належыць драматургіі. У п’есах імкнуўся да прытчавасці і развіваў прынцыпы ўласнай канцэпцыі «тэатра сітуацый», у якім універсальныя першаасновы чалавечай экзістэнцыі выяўляюцца праз прызму канкрэтнай сітуацыі («Мёртвыя без пахавання», 1946; «Брудныя рукі», 1948; «Д’ябал і Гасподзь Бог», 1951; «Пустэльнікі Альтоны», 1960 і інш.). Гісторыю л-ры разглядаў у кантэксце агульнага культ.-гіст. працэсу, лічыў, што кожны літ. стыль быў «ангажыраваны» пэўным класам, які імкнуўся да панавання ў грамадстве. С. адстойваў сац.-пераўтваральную функцыю л-ры і канстатаваў крызіс зах.-еўрап. л-ры 20 ст. як вынік «дэкласаванасці пісьменнікаў» («Што такое літаратура?», 1947). На бел. мову прозу і драматургію С. перакладаў З.Колас. П’еса С. «Пры зачыненых дзвярах» пастаўлена ў Дзярж. маладзёжным тэатры Рэспублікі Беларусь (1994) і Мінскім абл. тэатры (1996). Нобелеўская прэмія 1964, ад якой С. адмовіўся.
Тв.:
Бел.пер. — Мур: Апавяданні. Мн., 1991;
Пры зачыненых дзвярах // Пры зачыненых дзвярах: Драм. творы. Мн., 1995;
Рус.пер. — Герострат: [Сб.]. М., 1992;
Проблемы метода. М., 1994;
Ситуации: Антология лит.-эстет. мысли. М., 1997;
Идиот в семье: Г.Флобер от 1821 до 1857. СПб., 1998;
Грязными руками: Пьесы. Харьков;
М.;
Назрань, 1999;
Дороги свободы. М.;
Назрань;
Харьков, 1999;
Что такое литература?; Слова. Мн., 1999; Бытие и ничто: Опыт феноменол. онтологии. М., 2000; Тошнота: Роман; Стена: Рассказы. Харьков; М., 2000.
Літ.:
Долгов К.М. Эстетика Жана-Поля Сартра. М., 1990;
Арон Р. Мнимый марксизм: Пер. с фр.М., 1993;
Андреев Л.Г. Жан-Поль Сартр: Свободное сознание и XX в. М., 1994;
Мілаш Ч. Дастаеўскі й Сартр: Пер. з пол. // Arche. 2000. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕРАЦЫ́ЙНАЯ СІСТЭ́МА,
комплекс праграм на ЭВМ, якія забяспечваюць усе працэсы пры выкананні любой праграмы карыстальніка. Пастаянна знаходзіцца ў памяці машыны, звязвае ўсе яе вузлы ў адзінае цэлае, забяспечвае эфектыўнае выкарыстанне выліч. сістэмы і шырокі набор паслуг. Складанасць і структура аперацыйнай сістэмы залежаць ад функцый і характарыстык працэсараў, сістэмы камандаў, спосабу размяшчэння праграм у памяці, прыстасаванняў уводу-вываду інфармацыі, метадаў доступу да выліч. сістэмы і інш.Тэарэт. аснову распрацоўкі аперацыйнай сістэмы складаюць графаў тэорыя, масавага абслугоўвання тэорыя і інш. Апаратныя сродкі і матэм. забеспячэнне ствараюцца для пэўнай аперацыйнай сістэмы, якая складаецца са стартавай праграмы (запуск ЭВМ і яе самакантроль; кантролеры знешніх прыстасаванняў), дыспетчара (устанаўлівае чарговасць выканання праграм), рэдактара (работа са структурнымі аб’ектамі), адміністратара (улік часу работы працэсара і выкарыстанне памяці) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПО́РЫ ЛІ́НІЙ ЭЛЕКТРАПЕРАДА́ЧЫ,
канструкцыі (збудаванні) для падвешвання правадоў і маланкаахоўных тросаў паветр.ліній электраперадачы. Бываюць прамежкавыя (пераважна на прамых участках трасы ЛЭП) і анкерныя (у пачатку і канцы прамых участкаў ЛЭП, на паваротах, пры пераходах праз водныя і інш. перашкоды). Анкерныя апоры ліній электраперадачы прымаюць нацяжэнне правадоў і тросаў, маюць больш жорсткую і трывалую канструкцыю. У залежнасці ад колькасці падвешаных правадоў (ланцугоў) апоры ліній электраперадачы падзяляюцца на адна- і многаланцуговыя; ад канструкцыі — на аднастоечныя, А-, П- і АП-падобныя, свабоднастаячыя, з адцяжкамі. Робяцца з жалезабетону і металу, пераважна са сталі (у асн. для ЛЭП напружаннем 220 кВ і болей), а таксама з дрэва (да 110 кВ у лясных мясцовасцях).
Апоры ліній электраперадачы: а — драўляная свабоднастаячая П-падобная; б — жалезабетонная аднастоечная з адцяжкамі; в — металічная двухланцуговая.
Існаваў у 1956—62 у Бабруйску. Створаны як Бабруйскі бел. вандроўны калгасна-саўгасны т-р. Адкрыўся 1.1.1957 спектаклем «Раскіданае гняздо» Я.Купалы. Трупа складалася з акцёраў Тэатра драмы і камедыіпры Белдзяржэстрадзе, выпускнікоў Бел.тэатр.-маст. ін-та і ўдзельнікаў маст. самадзейнасці. Гал. рэжысёр А.Аркадзьеў. Тэатр ставіў класічныя творы, п’есы бел., рус., укр. драматургаў. Найб. поспехам карысталіся спектаклі з жыцця бел. калгаснай вёскі з камедыйным гучаннем: «Цені знікаюць» С.Свірыдава, «Нячыстая сіла» Г.Стафанскага, «Чалавек вярнуўся» і «Дзіўны дом» П.Васілеўскага, «Вясёлка» і «Антэй» М.Заруднага, «Кухарка» і «Кухарка замужам» А.Сафронава і інш. З пач. 1960-х г. пераважалі муз.-драм. спектаклі («Небяспечны ўзрост» С.Нарыньяні, «Курортнае знаёмства» М.Віннікава, «Вяселле ў Малінаўцы» Б.Аляксандрава). 17.12.1962 рэарганізаваны ў Бабруйскі музычна-драматычны тэатр.