СЛАНО́ВАСЦЬ, элефантыяз,

значнае павелічэнне ч. цела, абумоўленае ацёкам і залішнім утварэннем фібрознай тканкі ў скуры, падскурнай клятчатцы ў выніку працяглага парушэння адтоку лімфы. Часцей бывае С. ног, радзей рук, палавых органаў і інш. Падзяляецца на першасную і другасную. Першасная С. бывае прыроджаная і спадчынная, звязана з заганамі развіцця калектарных лімфатычных сасудаў і недастатковасцю іх клапаннага апарату. Другасная С. узнікае ў выніку закупоркі лімфатычных сасудаў, пры сцісканні сасудаў пухлінамі, туберкулёзе і інш. Прыкметы С.: скура паступова дэфармуецца, навісае складкамі, з’яўляюцца трэшчыны, язвы, разрастанні; пашкоджаныя ч. цела дасягаюць значных памераў. Лячэнне тэрапеўт., хірургічнае.

І.​М.​Семяненя.

т. 14, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)