СЛУЖЭ́БНІКІ, слугі,
ніжэйшая катэгорыя службовых асоб дзярж. або прыватнаўласніцкага кіравання ў ВКЛ у 14—17 ст. С. маглі быць шляхціцы, мяшчане, баяры і сяляне. Вышэйшую іх групу складалі дваране пры велікакняжацкім двары. С. былі пісарамі, дворнымі слугамі, збіралі даніну, прыводзілі ў выкананне пастановы органаў дзярж. кіравання і суда, наглядалі за пабудовай і рамонтам замкаў, мастоў, дарог, за парадкам у судах (возны, віж). «Устава на валокі» 1557 рэгламентавала правы і абавязкі сельскіх службовых асоб, якія карысталіся за службу 2 вольнымі ад павіннасцей валокамі зямлі. У гарадах меліся слугі месцкія, магістрацкія, купецкія.
Я.А.Юхо.
т. 15, с. 25
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)