ВАЕ́ННА-ПРАМЫСЛО́ВЫ КО́МПЛЕКС (ВПК),

альянс ваеннай прамысловасці, узбр. сіл і звязаных з імі дзярж. апарату, навукі і сродкаў масавай інфармацыі. Пачаў фарміравацца ў ЗША і СССР у 2-ю сусв. вайну. Тэрмін уведзены амер. прэзідэнтам Д.​Эйзенхаўэрам у 1950-я г. ВПК асабліва актыўна развіваўся пасля 2-й сусв. вайны ў сувязі з нарастаннем процістаяння 2 процілеглых сусв. сістэм, «халоднай вайны». У выніку ўзніклі блокі ваенныя, у т. л. Паўночны Атлантычны пакт і Варшаўскі дагавор 1955. У ВПК выкарыстоўваліся найноўшыя дасягненні навук.-тэхн. прагрэсу, ён быў асновай мілітарызацыі эканомікі. У свеце ў канцы 1980-х г. у ваен. вытв-сці было занята каля 30 млн. чал. і столькі ж пастаўлена пад ружжо ва ўзбр. сілах, каля 500 тыс. вучоных займаліся ваен.-навук. распрацоўкамі. У сувязі з раззбраеннем, асабліва пасля распаду СССР, сусв. сацыяліст. сістэмы і яе ваен. блока на многіх прадпрыемствах ВПК пачалася канверсія. Але ён па-ранейшаму мае магутны патэнцыял, выпускае вял. колькасць узбраенняў для сваіх краін і ваен. бізнесу. На Беларусі на ВПК працавала больш за 100 прадпрыемстваў — пераважна радыёэлектроннай прам-сці і прыладабудавання.

т. 3, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІ МАСТА́ЦКІ ТЭ́ХНІКУМ.

Існаваў у 1923—34 у Віцебску. Засн. на базе Віцебскага народнага мастацкага вучылішча. Пед. калектыў быў значна абноўлены, запрошаны выкладчыкі з маст. школы г. Веліж (Расія), мастакі, якія атрымалі спец. адукацыю ў ВНУ Масквы, Петраграда (І.Ахрэмчык, В.Волкаў, П. і Х.Даркевічы, В.Дзежыц, М.Керзін, М.Лебедзева, Л.Лейтман, Я.Мінін, М.Міхалап, В.Руцай, У.Хрусталёў, Г.Шульц). Лепшыя выпускнікі тэхнікума накіроўваліся ў Петраградскую АМ (з 1926). Ва ўмовах беларусізацыі навуч. працэс вёўся на бел. мове, выкладалася гісторыя бел. мастацтва. У 1927—28 меў аддзяленні: маст.-пед., скульптурна-пед., ганчарна-керамічнае. Тэрмін навучання 4 гады. У 1934 зноў рэарганізаваны ў маст. вучылішча. Сярод выпускнікоў тэхнікума: нар. мастак СССР З.Азгур, нар. мастакі БССР А.Бембель, А.Глебаў, Я.Зайцаў, Я.Нікалаеў, В.Цвірка, засл. дзеячы мастацтваў БССР К.Касмачоў, І.Ушакоў, засл. работнікі культуры БССР Я.Красоўскі, С.Лі, мастакі А.Арлоў, М.Беляніцкі, Г.Бржазоўскі, А.Волкаў, Н.Галоўчанка, П.Гаўрыленка, І.Давідовіч, М.Даўгяла, А.Кроль, М.​Манасзон, Л.Ран, М.Тарасікаў, В.Ціхановіч, Я.Ціхановіч, М.Чураба і інш.

Літ.:

Машковцев М. Изобразительное искусство Белоруссии // Искусство Советской Белоруссии. М.; Л., 1940;

Орлова М.А. Искусство Советской Белоруссии: Очерки. М., 1960.

М.​Л.​Цыбульскі.

т. 4, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫКАНА́ЎЧЫ КАМІТЭ́Т (выканком) Савета дэпутатаў,

выканаўчы і распарадчы орган мясц. кіравання агульнай кампетэнцыі ў Рэспубліцы Беларусь і некаторых краінах СНД. На Беларусі ўтвараецца на тэр. вобласці, раёна, горада, раёна ў горадзе, пасёлка, сельсавета на тэрмін паўнамоцтваў адпаведнага Савета. Старшыня абл. і Мінскага гар. выканаўчага камітэта назначаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь з наступным зацвярджэннем на сесіі абл. (Мінскага гарадскога) Савета. Старшыні ніжэйстаячых выканаўчых камітэтаў адносна абл. і Мінскага гар. выканаўчых камітэтаў назначаюцца старшынямі вышэйстаячых выканаўчых камітэтаў у тым жа парадку. У склад выканаўчага камітэта ўваходзяць намеснікі старшыні выканаўчага камітэта, кіраўнік спраў (сакратар) і члены выканаўчага камітэта, якія назначаюцца старшынёй адпаведнага выканаўчага камітэта па ўзгадненні з вышэйстаячым выканаўчым і распарадчым органам. У склад выканаўчага камітэта мясц. Савета могуць уваходзіць дэпутаты гэтага Савета. Выканаўчы камітэт падсправаздачны і падкантрольны вышэйстаячаму выканаўчаму і распарадчаму органу, а таксама падсправаздачны адпаведнаму мясц. Савету па пытаннях, аднесеных да кампетэнцыі Савета. Парадак дзейнасці і кампетэнцыі выканаўчых камітэтаў розных узроўняў вызначаны Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Законам «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь» ад 20.2.1991 з наступнымі змяненнямі і дапаўненнямі і інш. нарматыўнымі актамі.

Г.​А.​Маслыка.

т. 4, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАГРАФІ́ЧНАЕ АСЯРО́ДДЗЕ,

зямная прырода, частка геаграфічнай абалонкі, якая асвоена чалавекам, уключана ў грамадскую вытворчасць і з’яўляецца неабходнай умовай існавання грамадства. Мае складаную структуру суадносін прыродных і антрапагенных кампанентаў, што ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, уздзейнічаюць адзін на аднаго і ўтвараюць складаныя сістэмы. Асаблівасці геаграфічнага асяроддзя выяўляюцца праз разнастайнасць прыродных умоў розных рэгіёнаў і краін (клімат, рэльеф, глебы, расліннасць і інш.), уздзейнічаюць на жыццё грамадства, вызначаюць характар і спосабы прыродакарыстання. Пастаяннае пераўтварэнне геаграфічнага асяроддзя пад уплывам чалавечай дзейнасці, насычанасць антрапагеннымі элементамі адбываюцца на працягу ўсяго жыцця чалавецтва, вызначаюць узровень гаспадаркі, паскараюць або запавольваюць яго развіццё. З расшырэннем сферы дзейнасці чалавека ў ходзе грамадскага развіцця і росту вытв. сіл геаграфічнае асяроддзе ахоплівае ўсё б.ч. геагр. абалонкі. Ва ўмовах навук.-тэхн. прагрэсу рэзка мяняецца сам змест адносін чалавека і геаграфічнага асяроддзя. Дзейнасць чалавека прыводзіць да забруджвання навакольнага асяроддзя і ўплывае на механізм самарэгуляцыі ў прыродзе. Таму перад чалавецтвам усё больш востра паўстаюць праблемы экалогіі, устанаўлення гарманічных адносін грамадства і геаграфічнага асяроддзя. Для ацэнкі стану і якасці геаграфічнага асяроддзя выкарыстоўваецца тэрмін прыроднае асяроддзе.

В.​С.​Аношка.

т. 5, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІЛАЗАІ́ЗМ (ад грэч. hylē матэрыя + zōē жыццё),

філасофскае вучэнне пра ўсеагульную адушаўлёнасць матэрыі. У навук. ўжытак тэрмін уведзены ў 1678 англ. філосафам Р.​Кедвартам. Гілазаізм — лагічнае дапушчэнне пра адзінства, цэласнасць, самаразвіццё свету, яго праявы адрозніваюцца толькі ўзроўнем развіцця, а не сутнасцю. На аснове такой канцэптуальнай схемы ўзніклі блізкія да гілазаізму вучэнні — пантэізм, панпсіхізм, а таксама вучэнне пра адлюстраванне як усеагульную ўласцівасць матэрыі. Паводле гэтай канцэпцыі, не толькі элементарныя жыццёвыя працэсы, але і складаныя інфарм. сістэмы, што генерыруюць пачуццёвасць, псіхіку і мысленне, маюць натуральнае паходжанне. У стараж.-грэч. філасофіі ідэі гілазаізму распрацоўвалі прадстаўнікі натурфіласофіі (Фалес, Анаксімен, Геракліт, Эмпедокл і інш.). У эпоху Адраджэння гілазаізм у форме пантэізму складаў істотную частку філасофіі Н.​Кузанскага, Б.​Тэлезіо, Дж.​Бруна. Мысленне як уласцівасць, характэрную для ўсёй прыроды, як атрыбут матэрыі разглядаў Б.​Спіноза. Франц. матэрыялісты 18 ст. (Д.​Дзідро, Ж.​Рабінэ) абгрунтоўвалі субстанцыяльны характар адчуванняў, прызнавалі агульную адушаўлёнасць матэрыі. Усеагульнасць уласцівасці адлюстравання знаходзіць пераканаўчае і практычнае пацвярджэнне ва ўсёй сістэме тэхн. забеспячэння сучаснага інфарм. працэсу.

А.​В.​Ягораў.

т. 5, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАСЛЕ́ДАВАННЕ АПЕРА́ЦЫЙ,

навуковы метад выпрацоўкі колькасна абгрунтаваных рэкамендацый для прыняцця рашэнняў у арганізац. кіраванні. Тэрмін узнік у ЗША у гады 2-й сусв. вайны (1939—45), калі пры ваен. штабах ствараліся групы, якія аналізавалі эфектыўнасць розных відаў зброі і ваенна-тактычных рашэнняў. З дапамогай матэм. аналізу і простых правіл вырашаюцца складаныя матэм. задачы. Д.а. мае значэнне ў механіцы, аўтаматыцы, электратэхніцы. Найб. ўплыў на развіццё гэтага метаду зрабілі А.​Эрланг, Дж. фон Нейман, Л.​В.​Кантаровіч, Дж.​Б.​Данцыг, Р.​Белман. Метады Д.а. маюць шырокае кола задач арганізац. кіравання, якія ўзнікаюць у прам-сці, на транспарце, у сельскай гаспадарцы, іх выкарыстоўваюць страхавыя і рэкламныя кампаніі, агенцтвы па турызме, прадпрыемствы камунальнага абслугоўвання і інш. У даследаванні кожнай аперацыйнай задачы павінна быць 6 этапаў: пастаноўка задачы; пабудова матэм. мадэлі з’явы або аперацыі; аналіз мадэлі і атрыманне рашэння; праверка адэкватнасці мадэлі з’яве і аналіз якасці рашэння; карэкціроўка мадэлі і рашэння; рэалізацыя вынікаў рашэння. Работы на ўсіх пералічаных этапах маюць сэнс, калі яны завяршаюцца ўкараненнем вынікаў даследаванняў у практыку кіравання.

т. 6, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНАЕ ПРА́ВА,

сукупнасць прававых нормаў, якія рэгламентуюць асновы дзярж. і грамадскага ладу краіны, сістэму і прынцыпы фарміравання і дзейнасці органаў дзярж. улады і кіравання, выбарчую сістэму, правы і абавязкі грамадзян. У некат. замежных краінах тэрмін Дз.п. замяняецца тэрмінам канстытуцыйнае права.

У Рэспубліцы Беларусь гал. крыніца Дз.п. — Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, а таксама заканадаўства аб выбарах, інш. прававыя акты. Нормы Дз.п. вызначаюць паліт. і эканам. сістэму грамадства, асновы дзейнасці дзяржавы ў галіне сац. развіцця і культуры, знешняй палітыкі і абароны Айчыны, рэгулююць узаемаадносіны дзяржавы і асобы, устанаўліваюць таксама сістэму, парадак утварэння і прынцыпы дзеяння органаў заканадаўчай, выканаўчай і суд. улады, органаў мясц. кіравання і самакіравання, фінансава-крэдытнай сістэмы, пракуратуры, дзярж. кантролю. Вызначальнае месца ў сістэме Дз.п. належаць нормам, якія замацоўваюць канстытуцыйныя правы, свабоды і абавязкі грамадзян, гарантуюць абарону гэтых правоў і свабод. Дз.п. як вядучая галіна з’яўляецца асноватворнай для інш. галін права — цывільнага, прац., адм. і інш.

Існуе і навука Дз.п., якая вывучае дзяржаўна-прававыя нормы, інстытуты і адносіны ў працэсе іх узнікнення і развіцця, даследуе прыроду, сутнасць і змест Дз.п., яго прынцыпы, прадмет, крыніцы і сістэму.

С.​У.​Скаруліс.

т. 6, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭМІУ́РГ (ад грэч. demiurgos майстар, стваральнік),

у Стараж. Грэцыі ў гамераўскі перыяд — рамеснікі, майстры, урачы, паэты і інш., у класічны — толькі рамеснікі, у некат. гарадах-полісах — вышэйшыя службовыя асобы. У рэлігіі адно з вызначэнняў Бога. Упершыню тэрмін Д. выкарыстаны Філалаем з Кратона і сафістам Крытыем (5 ст. да н.э.). У ант. філасофіі (Платон) — паняцце, якое выяўляе творчую функцыю ідэальных сутнасцей (істот) у працэсе пераходу іх да матэрыяльнага космасу. У дыялогу Платона «Тымей» паняцце Д., што раскрывае дыялектыку космасу, з’яўляецца адным з ключавых. Д. прадстаўлены як тварэц і бацька космасу, ніжэйшых багоў, сусв. душы і да т.п. Зыходным матэрыялам для стваральнай дзейнасці Д. служыць матэрыя («пластычная маса»), вобразам — першавобраз-парадыгма Эйдас. У сярэдневякоўі паняцце Д. часцей за ўсё трактавалася як ідэальная першааснова, якая стварае свет. У філасофіі Г.​Гегеля ў якасці Д. выступае анталагізаванае мысленне суб’екта — абсалютны дух; менавіта ён з’яўляецца стваральнікам свету. У сучаснай філас. л-ры, калі ідзе гаворка аб паняцці Д., часцей за ўсё маецца на ўвазе гегелеўская трактоўка гэтага паняцця.

Т.​І.​Адула.

т. 6, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭРМАТАГЛІ́ФІКА (ад дэрмата... + грэч. glyphō гравірую),

навука пра скурныя малюнкі далоней і падэшваў у чалавека і некат. малпаў. Тэрмін прапанаваны амер. вучонымі, афіцыйна зацверджаны ў 1926. Мае некалькі кірункаў. Этнічная Д. вывучае характар і прычыны зменлівасці скурных малюнкаў у розных рас і народаў, яе даныя шырока выкарыстоўваюць для праверкі гіпотэз па сістэматызацыі рас і паходжанні асобных народаў. Генетычны кірунак у Д. вывучае механізм перадачы па спадчыннасці папілярных (сасочкавых) малюнкаў, магчымасці выкарыстання іх як дыягнастычнага тэста пры спадчынных хваробах. Анатамічны кірунак вывучае сувязі скурных малюнкаў з сасудзістым пучком і нерв. адросткамі, а таксама ўзнікненне ў плода скурных малюнкаў (морфагенез). Даследаваннямі ўстаноўлена, што асн. віды малюнкаў — петлі, завіткі і дугі паяўляюцца на 17-м тыдні эмбрыянальнага развіцця, а ў 5-месячнага плода назіраецца ўстойлівы тып сігнальных барознаў і скурных малюнкаў, які на працягу далейшага жыцця не мяняецца, а пасля неглыбокіх раненняў аднаўляецца. У суд. медыцыне (дактыласкапія) скурныя малюнкі выкарыстоўваюць для ідэнтыфікацыі асобы.

Літ.:

Тегако Л.И. Дерматоглифика населения Белоруссии: Популяционные аспекты изменчивости. Мн., 1989.

Л.​І.​Цягака.

т. 6, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІГРЫ́ШЧА,

народнае зборышча з танцавальна-гульнявымі і тэатралізаванымі паказамі. Бярэ пачатак ад масавых забаў язычніцкай абраднасці. Мае глыбокія карані ва ўсходнеслав. фальклоры. Значную ролю ў вызначэнні характару І. адыгралі скамарохі. На Беларусі пашыраны ў паўн., усх. і цэнтр. раёнах, дзе паняцце і сам тэрмін «І.» часта выступае як сінонім вечарынак, вячорак. Асабліва характэрны для святочна-каляднага часу з яго «святымі» («крывымі») вечарамі, калі можна ўсё паказваць «шыварат-навыварат», у карнавалізаваным выглядзе. Таму на І. асаблівая роля належыць карнавалізаваным хаджэнням пераапранутых (хадзіць «у гусары», «у цыганы»), гульнявым паказам вяселля («Жаніцьба Цярэшкі», «Жаніцьба бахара»), парадзіраванаму пахаванню з амбівалентнасцю смерці — уваскрэсення ў танцы, гульні, смеху («Бабёр памёр, пашлі хараніць — ажну ён сядзіць...», «у вакно глядзіць, стаіць», «ажну ён за намі бяжыць!»), іншым розным гульням у фанты, выбару пары і інш. («Яшчур», «Халімон», «Зязюля»).

Літ.:

Финдейзен Н.Ф. Очерки по истории музыки в России с древнейших времен до конца XVIII в. Т. 1. М.; Л., 1928;

Белкин А.А. Русские скоморохи. М., 1975;

Народны тэатр. Мн., 1983.

З.​Я.​Мажэйка.

т. 7, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)