СА́НГХА (санскр. літар. грамадства),

будыйская абшчына, членамі якой з’яўляюцца манахі (біккху) ці манашкі (біккхуні; гл. Будызм). С. ўзніклі ў 5—4 ст. да н.э. ў Стараж. Індыі. Існуюць мужчынскія (найб. пашыраны) і жаночыя. Членам С. можа стаць кожная асоба па дасягненні 20-гадовага ўзросту незалежна ад расы, нацыянальнасці, касты, сац. становішча; выключэнне складаюць ваеннаслужачыя, даўжнікі, заразныя ці псіхічна хворыя. Тэрмін знаходжання ў С. вызначаецца асобай, якая жадае манастваваць (звычайна не менш як месяц). Манахі С. не з’яўляюцца свяшчэннаслужыцелямі; свой час прысвячаюць чытанню і літар. запамінанню свяшчэнных тэкстаў, вывучэнню санскрыту, медытацыі, размовам з вернікамі. Члены С. падпарадкоўваюцца адзіным правілам (Віная-пітакі), але кожнаму будыйскаму рэгіёну ўласцівы асаблівасці ў практыцы і ладзе жыцця С. Тэрмінам «С.» таксама абазначаюць усіх будыйскіх манахаў свету ці пэўнай будыйскай школы, краіны, манастыра, храма.

т. 14, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)