Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́МСКІЯ ГО́РЫ,
на Пд Крымскага паўвострава. Працягваюцца з З на У на 145 км, з Пн на Пд на 40—50 км. Складаюцца з 3 паралельных град: асноўнай — Гал. хрыбет (Яйла) з макс. абсалютнай адзнакай 1545 м (г. Раман-Кош), сярэдзіннай — выш. да 500—750 м, паўн. — выш. да 350 м. Горы ўтвораны структурамі мезазойскага ўзросту, складзены пераважна з гліністых сланцаў, перакрытых вапнякамі. Канчаткова К.г. сфарміраваліся ў альпійскую складкавасць. Гал. града мае стромкія схілы, глыбока парэзаныя рэчкамі, ручаямі і часовымі вадацёкамі. Вяршыня грады — «яйла» (на крымска-тат. мове — летняя паша; пл.каля 320 км²), спадзістахвалістая з разнастайнымі формамі карставага рэльефу — варонкамі, сподкамі, далінамі, праваламі, пячорамі. Паўд. схіл стромкі, разбіты апоўзнямі на буйныя блокі. На ўзбярэжжы (гл.Паўднёвы бераг Крыма) выяўлены марскія тэрасы, ёсць стараж. вулканічныя ўтварэнні (Мядзведзь-гара, Карадаг). Сярэдзінная і паўн. грады з’яўляюцца куэстамі, маюць слабы нахіл на Пн і стромкія схілы на Пд. Ёсць радовішчы буд. матэрыялаў (вапнякі, жвір, туф, дыябаз), паўкаштоўных камянёў і інш.Мінер. крыніцы. Клімат К.г. умераны на б.ч. тэрыторыі, субтрапічны міжземнаморскі на паўд. схіле Гал. грады і ўзбярэжжы. Гал. града перашкаджае пранікненню ўмераных паветр. мас на Пд, а субтрапічных — на Пн. У раёнах з умераным кліматам сярэдняя т-растудз.каля -2, -4 °C, у ліп.каля 24 °C, у гарах каля 16 °C. Гадавая колькасць ападкаў каля 600 мм, выпадаюць пераважна летам. Устойлівае снегавое покрыва ўтвараецца зімой толькі ў гарах. У зоне субтрапічнага клімату ў студз.каля 4 °C, у ліп.каля 24 °C, ападкаў ад 600 мм на ўзбярэжжы да 1200 мм у гарах, выпадаюць пераважна зімой. Рэчкі невялікія, летам большасць перасыхае, маюць пераважна грунтавое жыўленне, паводкавы рэжым; бываюць селі. Расліннасць, глебы і жывёльны свет падпарадкаваны вышыннай пояснасці. На паўд. схілах Гал. грады да выш. 300 м — зона ксерафітных ядлоўцава-дубовых нізкіх лясоў з вечназялёных і лістападных хмызнякоў на чырвона-бурых і карычневых глебах. Вышэй дубовыя і букавыя лясы з эндэмічнымі відамі хвой. Пад шыракаліста-хваёвымі лясамі фарміруюцца горна-лясныя бурыя глебы. На паверхні вяршынь Гал. грады горныя лугі, лугавыя стэпы з ядлоўцавым сланікам, купы дрэў і хмызнякоў на горна-лугавых чарназёмападобных глебах. Паўн. схіл Гал. грады, сярэдзінная і паўн. грады маюць падобную вышынную пояснасць, аднак адсутнічаюць эндэмічныя субтрапічныя віды. Каля падножжа гор развіты лесастэпавыя ландшафты на горных чарназёмах. У фауне горна-лясной зоны — высакародны алень, казуля, каменная куніца, кажан, барсук, шматлікія віды птушак і інш. На схілах Гал. грады — Крымская запаведна-паляўнічая гаспадарка, Ялцінскі і Карадагскі запаведнікі, Нікіцкі бат. сад, унікальныя помнікі прыроды: Вял. каньён Крыма, цясніна Уч-Кош, вадаспады Учан-Су, Яўзлар, Джур-Джур і інш. К.г. — адзін з папулярных раёнаў турызму і альпінізму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРДЫШЭ́ВА,
возера ў Беларусі, у Сенненскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Лучоса. За 46 км на У ад г. Сянно. Пл. 0,52 км². Даўж. 1,22 км, найб.шыр. 0,74 км, найб.глыб. 2,4 м. Пл. вадазбору каля 6 км². Даўж. берагавой лініі 3,2 км. Берагі нізкія, сплавінныя. Дно выслана сапрапелем, каля берагоў пясчанае. Схілы катлавіны да 3 м пад лесам. Зарастае да глыб. 1 м. Упадае ручай, выцякаюць рэкі Зелянуха і Ардышэўка, ручай у воз. Дзевінскае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРНО́ЛЬФА ДЫ КА́МБІО (Arnolfo di Cambio, каля 1245 — да 1310),
італьянскі скульптар і архітэктар. Прадстаўнік Протарэнесансу. У скульптуры (грабніца кардынала дэ Брэй у царкве Сан-Даменіка ў Арвіета, каля 1282) звярнуўся да ант. спадчыны, дабіўся манумент. пластычнасці вобразаў; у архітэктуры (пачатыя ў канцы 13 ст. цэрквы Санта-Крочэ і Палаца Векэё ў Фларэнцыі) выступіў як прадстаўнік італьян. готыкі.
Літ.:
Romanini A.M. Arnolfo di Cambio e lo «stil novo» del gotico italiano. 2 ed. Firenze, 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫЯ́Н ((Arrianos) Флавій) (каля 95, Нікамедыя, Малая Азія — 175),
старажытнагрэчаскі гісторык і пісьменнік. Вучыўся ў Грэцыі ў філосафа-стоіка Эпіктэта. У 121—124 консул у Рыме, каля 131—137 намеснік Кападокіі. Арыяну належаць творы на філасофскую, гістарычную, ваенную, геаграфічную і іншыя тэмы. Захаваліся «Анабасіс Аляксандра» ў 7 кнігах (гісторыя паходаў Аляксандра Македонскага), «Індыя», «Аб’езд Эўксінскага Понта», «Успаміны пра Эпіктэта», «Настаўленне», у якіх выкладзена вучэнне Эпіктэта, змешчаны трактаты пра ваенную справу і паляванне. Іншыя працы вядомыя па фрагментах або назвах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАНВІТЭ́ЛІ ((Vanvitelli) Луіджы) (12.5.1700, г. Неапаль, Італія — 1.3.1773),
італьянскі архітэктар неапалітанскай школы. Працаваў у Рыме, Анконе, Ф’юмічына, Брэшыі, Неапалі, Мілане. Творчасць Ванвітэлі — пераход ад барока да класіцызму. У яго гал. збудаванні Палацца Рэале ў Казерце, каля Неапаля (пач. ў 1752; прамавугольнае ў плане, з 4 унутр. дварамі, утворанымі крыжападобным перасячэннем карпусоў), барочная пластычнасць дэкору і дынамізм прасторавай арганізацыі інтэр’ераў спалучаюцца з класіцыстычнай строгасцю і плоскаснасцю фасадаў.
Л.Ванвітэлі. Лесвіца ў Палацца Рэале ў Казерце каля Неапаля. Пачаты ў 1752.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́СЬКАЎ КА́МЕНЬ,
помнік прыроды Беларусі. За 1 км на ПнЗ ад в. Аўгустова Валожынскага р-на Мінскай вобл., на схіле марэннай грады, у лесе. Валун сіеніту даўж. 3,9 м, шыр. 3,2 м, выш. 1,7 м, у абводзе 11 м, аб’ём 21 м³, маса каля 56 т. Прынесены ледавіком каля 125 тыс. гадоў назад з Пд Фенаскандыі. Памеры бачнай часткі Васькава каменя былі значна большыя да ўзрыву, якім у свой час спрабавалі разбурыць валун.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНА́ЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА (археалагічная культура плямёнаў энеаліту) (пач. 5-га — пач. 3-га тыс. да н.э.) на тэр.паўд. Туркменістана. Назва ад паселішчаў каля аула Анаў (каля Ашгабада). Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй, жыло ў дамах з гліняных блокаў ці сырцовай цэглы. Нябожчыкаў хавалі ў ямах у скурчаным стане; у магілы клалі посуд, прылады працы, зброю з каменю і медзі, упрыгожанні. Посуд А. пласкадонны, размаляваны фарбаю (геаметрычны арнамент),
характэрны тэракотавыя жаночыя статуэткі. Найб. вядомы помнік анаўскай культуры — Намазга-Тэпэ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРДАШЫ́Р I, Арташыр Папакам (каля 180 — 22.9.239 або 241),
заснавальнік і першы цар [224—241] дынастыі Сасанідаў у Іране. Служыў у правіцеля парфянскай крэпасці ў Фарсе. Каля 200 стаў правіцелем гэтай крэпасці, падпарадкаваў гарады Фарс, Керман і Гей (сучасны г. Ісфахан). 28.5.224 пры падтрымцы знаці і жрацоў разбіў войскі парфянскага цара Артабана V, пасля чаго Парфянскае царства перастала існаваць. Стварыў Сасанідаў дзяржаву. У выніку барацьбы Ардашыра з Рымам за Месапатамію і Арменію, войнаў на Усходзе значна пашырыў тэр. дзяржавы.