сямейства рыб атр. селядцападобных. 7 падсям., каля 20 (па інш. звестках каля 50) родаў, у т. л.пузанкі, салака, сардзіны, цюлькі, шпроты, сардзінелы. Каля 190 відаў. Пашыраны ў морах ад Арктыкі да Субантарктыкі, разнастайныя ў тропіках; некат. віды ва ўмераных і халодных водах.
Даўж. 35—45 см, у прахадных форм да 75 см, маса да 2 кг. Цела сціснутае з бакоў, укрытае вял. цыклоіднай луской. Спіна зеленавата-шэрая, бакі і бруха серабрыстыя. Характэрна адсутнасць прабадной лускі бакавой лініі (ёсць толькі 2—5 адразу за галавой). На галаве развітыя сейсмасенсорныя каналы. Уздоўж сярэдняй лініі бруха ў многіх відаў ёсць кіль з прывостранай лускі. Кормяцца пераважна планктоннымі беспазваночнымі. Аб’екты промыслу.