СМАЛЁЎКА (Silene),

род кветкавых раслін сям. гваздзіковых. Каля 200 (паводле інш. звестак 500) відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі каля 10 відаў. Найб. вядомыя С.: літоўская (S. lithuanica), занесена ў Чырв. спіс Еўропы, паніклая (S. nutans), татарская (S. tatarica); заносныя — ліпкая (S. viscosa), начная (S. noctiflora). Трапляюцца ў хмызняках, узлесках, на лугах, каля дарог. Культывуецца С. паніклая, якая мае вял. колькасць садовых форм.

Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны, радзей паўкусты. Сцёблы пераважна прамастойныя, выш. 20—80 см. Лісце суцэльнае, супраціўнае. Кветкі белыя, жаўтаватыя, чырв., пурпуровыя, у рыхлай гронцы. Для многіх відаў характэрна апыленне начнымі насякомымі. таму кветкі раскрываюцца ноччу. Плод — каробачка. Лек., меданосныя. фарбавальныя, дэкар. расліны, некат. — пустазелле.

А.​М.​Скуратовіч.

Смалёўка: 1 — вілаватая; 2 — шматкветкавая.

т. 15, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)