тэр.-адм. адзінка правасл. царквы з цэнтрам у Магілёве. Утворана ў 1632 па ініцыятыве мітрапаліта Пятра Магілы як адзіная тады правасл. епархія на Беларусі (усе астатнія былі пераведзены ў унію). У 1633 зацверджана прывілеем караля Рэчы Паспалітай Уладзіслава IV. З 1675 наз. таксама Беларускай, пазней назвы мяняліся. Падпарадкоўвалася Кіеўскай мітраполіі. Пасля пераходу апошняй пад юрысдыкцыю Маскоўскай патрыярхіі (1685) магілёўскіх епіскапаў прызначала Масква, але па-ранейшаму зацвярджала каралеўская ўлада. Пасля ўваходжання Магілёва ў склад Рас. імперыі (1772) залічана ў 1774 да 2-га класа. З 1833 ахоплівала толькі тэр. Магілёўскай губ. У 1920—30-я г. епархіяй кіравалі абнаўленцы, якія ў 1924 стварылі Беларускую аўтаномную праваслаўную царкву. У сярэдзіне 1930-х г. яе прыходы перайшлі пад юрысдыкцыю кананічнай Мінскай епархіі. У канцы 1930-х г. М.п.е. з-заантырэліг. палітыкі ўлад фактычна спыніла дзейнасць. У сак. 1942 адноўлена ў складзе Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Пасля Вял.Айч. вайны епіскапы не прызначаліся. У 1989 дзейнасць епархіі адноўлена ў складзе Беларускай праваслаўнай царквы Маскоўскай патрыярхіі. Ахоплівае тэр. Магілёўскай вобл. У 1997—52 царквы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДЖЭ́ЎСКІ-ФРЫЧ ((Modrzewski Frycz) Анджэй) (каля 1503, в. Вольбуж Лодзінскага ваяв., Польшча — восень 1572),
польскі публіцыст, асветнік-гуманіст, грамадска-паліт. дзеяч. У 1517—22 вучыўся ў Ягелонскім ун-це (Кракаў). Доўгі час жыў у Германіі, дзе сустракаўся з М.Лютэрам і Ф.Меланхтанам. З 1547 сакратар караля Жыгімонта II Аўгуста, з 1553 войт у Вольбужы. Асн. праца — грамадска-паліт. трактат на лац. мове «Аб удасканаленні Рэчы Паспалітай» (Кракаў, 1551; Базель, 1554), у якім абгрунтавана праграма антыфеад., дэмакр. развіцця краіны. М.-Ф. выступаў супраць падпарадкавання дзяржавы інтарэсам прывілеяваных саслоўяў, у абарону чалавечай годнасці асобы, за цярпімасць і свабоду мыслення, развіццё навукі і секулярызацыю асветы, стварэнне нац. царквы і інш. На польск. мову ўпершыню перакладзены Ц.Базылікам і выдадзены Я.Карцанам у 1577 у Лоскай друкарніз прадмовай А.Волана. У канцы жыцця М.-Ф. пісаў творы, прысвечаныя тэалагічнай тэматыцы, хрысц. этыцы і рэформе царквы. Яго погляды зрабілі ўплыў на развіццё польск. і еўрап. грамадска-паліт. і філас. думкі.
Тв.:
Wybór pism. Warszawa, 1977.
Літ.:
Польские мыслители эпохи Возрождения. М., 1960;
Starnawski J. Andrzej Frycz Modrzewski: Żywot, dzieło, sława. Łódź, 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКАЯ СІНЕКЛІ́ЗА,
найбуйнейшая адмоўная тэктанічная структура плітнага этапу развіцця Усх.-Еўрапейскай платформы, у зах.ч. Рускай пліты. Пл. больш за 1 млн км². У межах Беларусі краявы паўд.-зах. схіл сінеклізы. Абмежавана на ПдЗЛатвійскай седлавінай і Беларускай антэклізай, на Пд — Варонежскай антэклізай, на ПдУ — Волга-Уральскай антэклізай. Запоўнена адкладамі верхняга пратэразою, палеазою, меза-кайназою. На тэр. Беларусі ў аснове плоскія шырокія Магілёўская і Полацкая ўпадзіны (паўн.-ўсх. звёны Кобрынска-Магілёўскага і Кобрынска-Полацкага палеапрагінаў), запоўненыя адкладамі верхнявендскага-ніжнекембрыйскага комплексу. Фарміраванне М.с. адбывалася ў познабайкальскую і герцынскую эпохі складкавасці, галоўны этап працякаў з сярэдняга да позняга дэвону. На крайнім ПдЗ сінеклізы з познафранскага часу пачаў фарміравацца Прыпяцкі прагін, у выніку чаго тут адбылося скарачэнне плошчы М.с. Верхнепратэразойскія, ніжнепалеазойскія і дэвонскія адклады перспектыўныя на нафту і газ. Сярод кам.-вуг. адкладаў пашыраны бурыя вуглі, якія ўтвараюць Падмаскоўны вугальны басейн. З юрскімі і мелавымі адкладамі звязаны радовішчы шкловых і фармовачных пяскоў. Да М.с. прымеркаваны гідрагеалагічны басейн звял. запасамі прэснай вады. Гл. таксама Аршанскі гідрагеалагічны басейн.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖАЗЁРНЫ,
ландшафтны заказнік рэсп. значэння на тэр. Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. Створаны ў 1977 (воз. Воласа ўключана ў заказнік у 1986) з мэтай захавання прыроднага комплексу Бел. Паазер’я і воз. Воласа з рэліктавымі відамі ракападобных. Пл. 982 га. З 1995 у складзе нац. парку Браслаўскія азёры.
Займае цэнтр.ч. перашыйка паміж азёрамі Снуды, Воласа Паўн. і Воласа Паўд. Рэльеф з озавых, камавых і марэнных град і ўзгоркаў укрыты хваёвым лесам, растуць таксама бяроза, дуб, елка, у падлеску — брызгліна, ляшчына, рабіна, ядловец. Больш за 420 відаў вышэйшых сасудзістых раслін. У басейнах азёр расце хвошч стракаты, занесены ў Чырв. кнігу. Водная расліннасць займае каля 40% плошчы азёр, у асноўным харавыя водарасці да глыб. 7,5 м, прымешваюцца макрафіты — трыснёг, чарот, рдзест, эладэя канадская, рагаліснік, разак. У фітапланктоне 44 віды водарасцяў, у зоапланктоне 69 відаў жывёл, у заабентасе 24 віды. У іхтыяфауне 20 відаў рыб, у т. л. сняток, рапушка, шчупак, лешч, лінь, акунь і інш. 4 рэліктавыя віды ракападобных: лімнакалянус, понтапарэя, бакаплаў Паласа, мізіда, а таксама рак шыракапальцы, занесеныя ў Чырв. кнігу Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЛАДАТУРЭ́ЦКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1908,
рэвалюцыя ў Турцыі супраць дэспатычнага рэжыму султана Абдул-Хаміда II, за ўсталяванне ў краіне канстытуцыйнага ладу. Пачалася зўзбр. выступлення 3.7.1908 у Македоніі войск на чале з афіцэрамі — членамі тайнай арг-цыі младатуркаў Ніязі і Энверам пад заклікам аднаўлення канстытуцыі 1876. Султан вымушаны прыняць гэта патрабаванне 24.7.1908. На выбарах у парламент б.ч. месцаў атрымала партыя младатуркаў. У крас. 1909 султан распусціў парламент і скасаваў дзейнасць канстытуцыі. У адказ верныя младатуркам войскі занялі сталіцу, скінулі Абдул-Хаміда II і абвясцілі султанам Мехмеда V. Быў ажыццёўлены шэраг рэформ, у т. л. рэарганізацыя арміі і паліцыі. Аднак з 1910 пад лозунгамі панцюркізму і панісламізму пачаліся ганенні на нетур. народы. У 1912 улада перайшла да ліберальнай арг-цыі «Свабода і згода». Пасля паражэння Турцыі ў 1-й Балканскай вайне (гл.Балканскія войны 1912—13) уладу зноў захапілі младатуркі. З 1914 у краіне фактычна ўсталявалася дыктатура трыумвірату Энвер-пашы, Талаат-пашы і Джэмаль-пашы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЮ́НХГАЎЗЕН (Münchhausen) Карл Фрыдрых Іеранім, барон фон (11.5.1720, г. Бодэнвердэр, Германія — 22.2.1797), нямецкі падарожнік, пісьменнік, з імем якога звязаны цыкл твораў прыгодніцкай літаратуры, т.зв. Мюнхгаўзіяда. З ніжнесаксонскага стараж.-дваранскага роду. З 14 гадоў паж пры двары герцага Браўншвайга. У канцы 1737 разам з прынцам А.У.Браўншвайгскім прыбыў у Расію. У 1739—50 (фармальна да 1754—55) служыў у Кірасірскім яго імператарскай высокасці гасудара вял.кн. Пятра Фёдаравіча палку. Удзельнік 2 рус.-тур. кампаній, ротмістр (1750). Вярнуўшыся на радзіму, атрымаў вядомасць як апавядальнік анекдотаў, ваен., вандроўных і паляўнічых прыгод; за свае фантаст. гісторыі празваны баронам-манюкам. У 1781—83 ананімна апублікаваў свае падарожныя і інш. гісторыі ў час. «Vademecum für lustige Leute» («Падарожнік для вясёлых людзей»). У 1786 ням. пісьменнік Р.Э.Распэ выдаў у Оксфардзе англамоўную версію прыгод М., тады ж яе пераклаў на ням. мову і дапоўніў Г.А.Бюргер. Персанаж шэрагу драм, раманаў, кінафільмаў. У 1994 у Бодэнвердэры ўстаноўлены помнік-фантан М. (скульпт. Б.Штырнберг). На бел. мову «Прыгоды Мюнхгаўзена» (паводле Распэ) пераклаў В.Вольскі (1955).
Літ.:
Капитонов А. Незабвенный барон // Родина. 1992. № 10.
ірландскі пісьменнік. З 1926 жыў у Англіі. Пісаў на англ. мове. Першыя п’есы «Цень стралка» (паст. 1923), «Юнона і паўлін» (паст. 1924), «Плуг і зоркі» (1926) прасякнуты ідэямі нац.-вызв. барацьбы ірл. народа. Аўтар гіст. драмы «Зорка становіцца чырвонай» і «мудрагелістай камедыі» «Пурпуровы прах» (абедзве 1940), паэтычна прыўзнятай трагедыі «Чырвоныя ружы для мяне» (1942), фантаст. камедыі «Певень-дэндзі» (1949), лірычнай п’есы «Касцёр епіскапа» (1955), «вясёлай камедыі» «Барабаны бацькі Неда» (1958) і інш. Яго драматургіі ўласціва спалучэнне рэалізму з сімволікай, прынцыпаў высокай трагедыі з камедыйнасцю, буфанадай і фарсам. У аўтабіягр. эпапеі з 6 раманаў «Люстра ў маім доме» (1939—54) паказаў шырокую карціну грамадскага жыцця Ірландыі і Англіі. На бел. мову асобныя яго творы пераклаў Э.Садоўнічы.
амерыканскі фізік-тэарэтык, заснавальнік навук. школы па тэарэт. фізіцы. Чл.Нац.А́Н ЗША (1941), Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1940). Скончыў Гарвардскі ун-т (1925). З 1929 у Каліфарнійскім ун-це, адначасова ў Каліфарнійскім тэхнал. ін-це (з 1936 праф.). У 1943—45 кіраваў стварэннем амер. атамнай бомбы. З 1947 у Ін-це перспектыўных даследаванняў у Прынстане (у 1947—66. дырэктар). У 1947—52 старшыня ген. кансультатыўнага к-та Камісіі па атамнай энергіі ЗША. За выступленне супраць стварэння вадароднай бомбы ў 1954 адхілены ад сакрэтных работ. Навук. працы па ядз. фізіцы, квантавай механіцы, тэорыі адноснасці, фізіцы касм. прамянёў і тэарэт. астрафізіцы, тэорыі элементарных часціц. Распрацаваў квантавую тэорыю будовы двухатамных малекул (разам з М.Борнам; 1927), тэорыю ядз. рэакцыі зрыву (працэс О.—Філіпса; 1935), каскадную тэорыю касм. ліўняў (1937), першую мадэль нейтроннай зоркі (1938). Прэмія імя Э.Фермі 1963.
Тв.:
Рус.пер. — Летающая трапеция. Три кризиса в физике. М., 1967.
Літ.:
Рузе М. Роберт Оппенгеймер и атомная бомба: Пер. с фр 2 изд. М., 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЛАЦКІ ((Palacký) Францішак) (14.6.1798, в. Годславіцы ў Маравіі, Чэхія — 26.5.1876),
чэшскі гісторык, філосаф і паліт. дзеяч. Вучыўся ў евангелічным ліцэі ў Браціславе (1812—18). У 1818 апублікаваў (у сааўтарстве з П.І.Шафарыкам) твор «Пачаткі чэшскай паэзіі», у якім абгрунтаваў неабходнасць адраджэння нац. культуры і навукі. П. — ініцыятар рэарганізацыі Чэш.нац. музея (стаў цэнтрам навук. і культ. жыцця краіны) і стварэння (1831) культ.-асв.т-ва «Маціца чэшская». У 1840-я г. ўзначальваў чэш. нац.-ліберальны рух. У рэвалюцыю 1848—49 выступіў з разгорнутай праграмай аўстраславізму, старшынстваваў на Слав. з’ездзе ў Празе (1848). У канцы 1840 — пач. 1860-х г.дэп.аўстр. рэйхсрата і чэш. сейма, з 1860-х г. адзін з ідэйных лідэраў кансерватыўнай партыі старачэхаў. Аўтар эстэтыка-філас. і гіст. прац, у т. л. «Гісторыі чэшскага народа ў Чэхіі і Маравіі» (т. 1—5, 1848—72), у якой паказаў барацьбу чэхаў занац. незалежнасць у сярэднія вякі, высока ацэньваў гусіцкі рух. Публікаваў крыніцы па паліт., эканам., культ. гісторыі, л-ры, мастацтве сярэдневяковай Чэхіі. Шмат зрабіў для падрыхтоўкі першай чэш. энцыклапедыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТУГА́ЛЬСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1820—23,
нацыянальна-вызв. (супраць акупацыі краіны англ. войскамі) і антыабсалютысцкая рэвалюцыя ў Партугаліі. Пачалася пад уплывам Ісп. рэвалюцыі 1820—23 з паўстання артыл. палка ў г.Порту 24.8.1820 пад заклікам увядзення канстытуцыйнага ладу. Пасля падтрымкі паўстання гарнізонам Лісабона 15.9.1820 скінуты ўрад, 27 вер. створана жунта (часовы ўрад). Яна забараніла галоўнакамандуючаму англ. акупацыйнымі войскамі У.Берэсфарду (прыбыў зангл. эскадрай з Бразіліі, дзе атрымаў паўнамоцтвы ад партуг. караля Жуана VI) высадзіцца ў Партугаліі і запатрабавала, каб кароль вярнуўся ў Лісабон. У студз. 1821 скліканыя жунтай агульнапартуг. картэсы прынялі праект ліберальнай канстытуцыі (набыла сілу 23.9.1822), якая абвясціла Партугалію канстытуцыйнай манархіяй, абвясціла свабоду ўсіх партугальцаў і іх роўнасць перад законам, ідэю суверэннасці партуг. нацыі, скасаванне інквізіцыі і інш. Канстытуцыю прызнаў Жуан VI, які ў ліп. 1821 вярнуўся ў Партугалію. У пач. 1823 незадаволеныя «прыгнётам лібералізму» абсалютысты на чале з сынам караля Мігелам развязалі Мігелісцкія войны 1823—34. У гэтых умовах Жуан VI адмяніў канстытуцыю, а картэсы 30.5.1823 самараспусціліся. П.р. 1820—23 паклала пачатак перыяду працяглай барацьбы за ліберальныя рэформы ў краіне.