МЮ́НХГАЎЗЕН (Münchhausen) Карл Фрыдрых Іеранім, барон фон (11.5.1720, г. Бодэнвердэр, Германія — 22.2.1797), нямецкі падарожнік, пісьменнік, з імем якога звязаны цыкл твораў прыгодніцкай літаратуры, т.зв. Мюнхгаўзіяда. З ніжнесаксонскага стараж.-дваранскага роду. З 14 гадоў паж пры двары герцага Браўншвайга. У канцы 1737 разам з прынцам А.У.Браўншвайгскім прыбыў у Расію. У 1739—50 (фармальна да 1754—55) служыў у Кірасірскім яго імператарскай высокасці гасудара вял. кн. Пятра Фёдаравіча палку. Удзельнік 2 рус.-тур. кампаній, ротмістр (1750). Вярнуўшыся на радзіму, атрымаў вядомасць як апавядальнік анекдотаў, ваен., вандроўных і паляўнічых прыгод; за свае фантаст. гісторыі празваны баронам-манюкам. У 1781—83 ананімна апублікаваў свае падарожныя і інш. гісторыі ў час. «Vademecum für lustige Leute» («Падарожнік для вясёлых людзей»). У 1786 ням. пісьменнік Р.Э.Распэ выдаў у Оксфардзе англамоўную версію прыгод М., тады ж яе пераклаў на ням. мову і дапоўніў Г.А.Бюргер. Персанаж шэрагу драм, раманаў, кінафільмаў. У 1994 у Бодэнвердэры ўстаноўлены помнік-фантан М. (скульпт. Б.Штырнберг). На бел. мову «Прыгоды Мюнхгаўзена» (паводле Распэ) пераклаў В.Вольскі (1955).

Літ.:

Капитонов А. Незабвенный барон // Родина. 1992. № 10.

т. 11, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)