МАДЖЭ́ЎСКІ-ФРЫЧ (Modrzewski Frycz) Анджэй

(каля 1503, в. Вольбуж Лодзінскага ваяв., Польшча — восень 1572),

польскі публіцыст, асветнік-гуманіст, грамадска-паліт. дзеяч. У 1517—22 вучыўся ў Ягелонскім ун-це (Кракаў). Доўгі час жыў у Германіі, дзе сустракаўся з М.Лютэрам і Ф.Меланхтанам. З 1547 сакратар караля Жыгімонта II Аўгуста, з 1553 войт у Вольбужы. Асн. праца — грамадска-паліт. трактат на лац. мове «Аб удасканаленні Рэчы Паспалітай» (Кракаў, 1551; Базель, 1554), у якім абгрунтавана праграма антыфеад., дэмакр. развіцця краіны. М.-Ф. выступаў супраць падпарадкавання дзяржавы інтарэсам прывілеяваных саслоўяў, у абарону чалавечай годнасці асобы, за цярпімасць і свабоду мыслення, развіццё навукі і секулярызацыю асветы, стварэнне нац. царквы і інш. На польск. мову ўпершыню перакладзены Ц.Базылікам і выдадзены Я.Карцанам у 1577 у Лоскай друкарні з прадмовай А.Волана. У канцы жыцця М.-Ф. пісаў творы, прысвечаныя тэалагічнай тэматыцы, хрысц. этыцы і рэформе царквы. Яго погляды зрабілі ўплыў на развіццё польск. і еўрап. грамадска-паліт. і філас. думкі.

Тв.:

Wybór pism. Warszawa, 1977.

Літ.:

Польские мыслители эпохи Возрождения. М., 1960;

Starnawski J. Andrzej Frycz Modrzewski: Żywot, dzieło, sława. Łódź, 1981.

В.С.Болбас.

т. 9, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)