ДЗМІ́ТРЫЙ РАСТО́ЎСКІ, Дзімітрый (свецкае Туптала Данііл Савіч; снежань 1651, мяст. Макарава каля Кіева — 8.11.1709),
украінскі і рус.царк. і культ. дзеяч, асветнік. Вучыўся ў Кіева-Магілянскай калегіі (1662—65). У 1668 прыняў манаства, у 1675 пасвячоны ў іераманахі. Быў ігуменам у розных манастырах на Украіне. З 1702 мітрапаліт у Растове, заснаваў там семінарыю. Сярод яго шматлікіх маральна-павучальных, багаслоўскіх, драм. твораў найб. вядомыя 4-томны зб. «Чэцці-Мінеі» («Кніга жыцій святых»), выд. ў 1689, 1695, 1700, 1705. Філасофію разглядаў як неабходны элемент рэліг. вопыту. У духу містычнай плыні праваслаўя ісіхазму лічыў, што свет прасякнуты боскімі дзеяннямі, якія адкрываюцца чалавеку ў прыгажосці і гармоніі прыроды. На яго думку, узаемаадносіны душы і цела маюць характар антаганізму, бо ў адносінах да душы цела — турма; таму адной з жыццёвых мэт з’яўляецца ўстанаўленне панавання душы над целам. Выкрывальнік стараверства (кн. «Вышук пра раскольніцкую брынскую веру...», выд. 1745). Кананізаваны ў 1757.
Тв.:
Сочинения святителя Димитрия, митрополита Ростовского. Ч. 1—5. Киев, 1895—1905;
Жития святых на русском языке, изложенные по руководству Четий-Миней св. Димитрия Ростовского с дополнениями из Пролога. Т. 1—12. М., 1902—11.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́НЕЗІС (грэч. genesis),
філасофская катэгорыя, якая абазначае ўзнікненне, паходжанне, станаўленне аб’ектаў і з’яў, што развіваюцца. Першапачаткова стасаваўся да ўяўленняў аб паходжанні прыроды, быцця. Гэты аспект назіраўся яшчэ ў міфалогіі (багі як стваральнікі космасу), а потым у філасофіі (Геракліт, І.Кант, Г.Гегель) і канкрэтна-навук. галінах ведаў (касмаганічная гіпотэза Канта—Лапласа, атамістыка Дж.Дальтона і інш.). З 19 ст. катэгорыя генезісу пачынае адыгрываць важную метадалагічную ролю ў навук. пазнанні, асабліва ў навуках аб працэсах развіцця (тэорыя паходжання відаў праз натуральны адбор у біялогіі). Гэта прывяло да ўсталявання генетычнага метаду як асобнага метаду пазнання і ўзнікнення навук. дысцыплін, што вывучаюць пераважна генетычныя аспекты з’яў і працэсаў (генетычная псіхалогія, генетычная сацыялогія і інш.). У сучаснай навуцы асэнсавана неабходнасць злучэння генетычнага (дыяхроннага) і структурна-функцыянальнага (сінхроннага) даследавання аб’ектаў. У рамках апошняга, у прыватнасці, у розных варунках агульнай тэорыі сістэм (Ю.А.Абрамаў, Л.Берталанфі, Дж.Клір, Э.М.Сарока, А.І.Уёмаў, Ю.А.Урманцаў) робяцца спробы па мадыфікацыі структурна-функцыянальнага падыходу з тым, каб было магчымым вывучэнне генезісу і развіцця структур. Выключна важную ролю набываюць праблема глабальнай эвалюцыі і праблема генеалогіі формаў свядомасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБРУ́ДЖВАННЕ НАВАКО́ЛБНАГА АСЯРО́ДДЗЯ,
паступленне ў асяроддзе рэчываў, біял. агентаў або розных відаў энергіі ў колькасці, якая перавышае звычайны ўзровень. Аказвае шкодны ўплыў на існаванне жывых арганізмаў і парушае прыродную дынамічную раўнавагу. Вылучаюць прыроднае і забруджванне антрапагеннае, з якімі звязаны забруджванне атмасферы, забруджванне вод, забруджванне глеб. Прыроднае забруджванне звязана з натуральнымі працэсамі (напр., у выніку вулканічнай дзейнасці); бывае часовае, пастаяннае, лакальнае, рэгіянальнае і глабальнае. Рост антрапагеннага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе — эканам., сац., паліт. і прыродазнаўча-навук. праблемы. Барацьба з З.н.а. патрабуе заканадаўчага забеспячэння, кантролю велічынь гранічна дапушчальных канцэнтрацый шкодных рэчываў, грунтуецца на пастаянным павышэнні агульнай, тэхнал., экалагічнай культуры насельніцтва, стварэнні экалагічна бяспечных сістэм гасп. дзейнасці, узвядзенні ачышчальных збудаванняў і інш. (гл. таксама Ахова прыроды, Экалогія). На Беларусі на 1.1.1996 намнажэнне адходаў складала 619 млн.т, за год утвараецца да 20 млн.т (у прам-сці да 80%, у быт. сектары да 20%). Гал. доўгатэрміновай экалагічнай праблемай з’яўляецца радыеактыўнае З.н.а. пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у 1986, якая ахапіла каля 23% тэр. рэспублікі (па цэзіі-137).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛО́ДЗЕЖНЫ РОЎ,
геалагічнае агаленне на паўд. ускраіне г. Гродна, на правым беразе р. Нёман; помнік прыродырэсп. значэння. Уключае адклады позналедавікоўя бярэзінскага зледзянення, александрыйскага міжледавікоўя і пач.дняпроўскага зледзянення. Пл. пакладу каля 66 тыс.м². Даўж. яра 1,5 км, глыб. каля вусця 30 м. Магутнасць азёрных і балотных адкладаў (сапрапелі, торф, супескі, суглінкі і пяскі) да 9,1 м, якія выходзяць на паверхню ў сценках К.р. на адлегласці 620—855 м ад вусця. Адклады К.р. з’яўляюцца адным з самых багатых на Беларусі месцазнаходжанняў рэштак выкапнёвых раслін і жывёл. Па пылку, спорах, пладах, насенні, шышках хваёвых і інш. фасіліях у іх вызначана каля 200 відаў кветкавых і споравых раслін, па крамяністых створках — 96 відаў дыятомавых водарасцей, па ракавінах — 26 відаў астракод. Лінза азёрна-балотных адкладаў прымеркавана да тоўшчы флювіягляцыяльных парод, у якіх за яе межамі трапляюцца глыбы кангламерату (печуры), што ўтварыліся пры цэментацыі карбанатным растворам жвірова-галечна-валуннага матэрыялу. У тоўшчы флювіягляцыялу і на паверхні лінзы месцамі залягае «брук» — суцэльны пласт валуноў, што засталіся ад размыву ледавіковых утварэнняў.
Т.В.Якубоўская.
Да арт.Калодзежны роў. Галечна-валунны кангламерат на паўднёвай ускраіне г. Гродна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЬЦО́Ў (Аляксей Васілевіч) (15.10.1809, г. Варонеж, Расія — 10.11.1842),
рускі паэт. Дэбютаваў ананімна ў 1830. Адзіны прыжыццёвы зб. паэзіі «Вершы» (1835). На лёс К. як паэта і на фарміраванне яго ідэйна-маст. поглядаў паўплывала знаёмства з А.Пушкіным і В.Бялінскім. У вершах 1825—30, напісаных у духу сентыментальнай і рамант. паэзіі, паявіліся і рэаліст. рысы («Падарожны», «Начлег чумакоў»). Пісаў пасланні, элегіі, рамансы, мадрыгалы, трыялеты. Вяршыня творчасці К. — песні, створаныя ў традыцыях рус. фальклору. Многія сталі нар. песнямі. Апяваў працу земляроба, красу роднай прыроды («Песня аратага», «Ураджай», «Касец»), расказваў пра цяжкі лёс беднаты («Горкая доля», «Гора», «Доля бедняка»), пра імкненне нар. мас да лепшай долі, выказваў пратэст супраць прыгонніцтва («Дума сокала», «Лес»). Паэзія К. вызначаецца рэалізмам і народнасцю, глыбокім лірызмам і шчырасцю, выразнасцю мовы, рытміка-інтанацыйным багаццем. Паасобныя вершы К. на бел. мову пераклалі Л.Дайнека, Я.Міклашэўскі, М.Мятліцкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТЭМІ́Р (Дзмітрый Канстанцінавіч) (5.11.1673, г. Ясы, паводле інш. звестак с. Сіліштэ або г. Фэлчыў, Румынія — 1.9.1723),
малдаўскі і рас. дзяржаўны дзеяч, гісторык, філосаф, пісьменнік музыказнавец і кампазітар. Чл. Берлінскай АН (1714). Святлейшы князь (1711), сенатар, тайны саветнік (з 1721). Малодшы сын малд. гаспадара (правіцеля) Канстанціна К. У 1688—91 вучыўся ў Канстанцінопалі. З 1693 (з перапынкамі) прадстаўнік малд. гаспадара пры двары тур. султана. У 1710—11 гаспадар Малдовы; у крас. 1711 заключыў з рас. царом Пятром I дагавор аб саюзе супраць Турцыі і ўваходжанні Малдовы на правах аўтаноміі ў склад Расіі, удзельнік Пруцкага паходу 1711. Са жн. 1711 у Расіі: дарадца Пятра I па ўсх. пытаннях, удзельнік Персідскага паходу 1722—23. Аўтар гіст. прац «Гісторыя ўзвышэння і заняпаду Атаманскай імперыі» (1714—16, класічнае даследаванне, перакладзена на англ., ням., франц. мовы), «Апісанне Малдавіі» (1716), «Сістэма, або Стан мухамеданскай рэлігіі» (1719), філас. твораў «Метафізіка» (1700), «Даследаванне прыроды манархій» (1714) і інш., рамана «Іерагліфічная гісторыя» (1705), муз. трактата (1704), у якім даў нотную сістэму тур. музыкі, і больш як 30 твораў тур. класічнай музыкі.
Літ.:
Бабий АИ. Дмитрий Кантемир. М., 1984.
М.Г.Нікіцін.
Дз.К.Кантэмір. З партрэта невядомага мастака. Каля 1720.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУГАВАРО́Т РЭ́ЧЫВАЎ на Зямлі, працэсы ператварэння і перамяшчэння рэчываў у прыродзе, якія шматразова паўтараюцца. Маюць розны маштаб і цыклічны характар у межах кожнай асобнай геасферы (біясферы, атмасферы, гідрасферы, літасферы) і паміж імі. Агульны кругаварот складаецца з асобных працэсаў (кругаварот вады, газаў, хім. элементаў), якія не поўнасцю абарачальныя (адбываецца рассейванне рэчыва, змена яго складу і інш.). У сучасны перыяд абмен рэчываў паміж геасферамі па вертыкальным напрамку назіраецца ў межах 10—20 км ад паверхні Зямлі (месцамі да 50—60 км). Вял. ролю ў К.р. адыгрываюць жывыя арганізмы, што ўдзельнічаюць у кругавароце асобных хім. элементаў (кіслароду, вугляроду, кальцыю і інш.). Глабальнае ўздзеянне на К.р. аказвае дзейнасць чалавека, у выніку якой узнікаюць новыя шляхі міграцыі рэчываў, і мяняюцца тыя, што склаліся ў прыродзе, з’яўляюцца рэчывы з новымі ўласцівасцямі. Вял. ўклад у вывучэнне К.р. зрабіў У.І.Вярнадскі, які вылучыў геахім. групу т.зв. цыклічных хім. элементаў (да іх адносяцца вельмі пашыраныя і многія рэдкія хім. элементы); В.Р.Вільямс і інш. разглядалі біял. цыклы азоту, вуглекіслаты. фосфару і інш. ў сувязі з вывучэннем урадлівасці глеб. Гл. таксама Ахова прыроды, Прыродакарыстанне.
Да арт.Кругаварот рэчываў на Зямлі. Схема кругавароту фосфару.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ПЕР ((Cooper) Джэймс Фенімор) (15.9.1789, г. Берлінгтан, штат Нью-Джэрсі, ЗША — 14.9.1851),
амерыканскі пісьменнік; пачынальнік гіст. жанру ў амер. л-ры. Вучыўся ў Іельскім ун-це. У 1806—10 служыў на флоце. У 1826—33 жыў у Еўропе. Першы раман «Перасцярога» (1820). Гіст. раман «Шпіён» (1821) пра вайну за незалежнасць у Паўн. Амерыцы 1775—83. Рамант. паэтызацыя мора ў раманах «Лоцман» (1823), «Чырвоны карсар» (1827), «Марская чараўніца» (1830). У цэнтры нац. эпапеі з 5 раманаў («Піянеры», 1823; «Апошні з магікан», 1826; «Прэрыя», 1827; «Следапыт», 1840; «Зверабой», 1841) праблемы ўзаемастасункаў прыроды, чалавека і цывілізацыі. Пенталогія вызначаецца рысамі прыгодніцкай, гіст. і філас. прозы, дасканалай распрацоўкай індзейскай тэмы, якой упершыню нададзена трагічнае гучанне. Аўтар сатыр. рамана «Манікіны» (1835), «Еўрапейскіх нататкаў» (т. 1—5, 1836—38) і інш. У 1840-я г. апублікаваў каля 20 раманаў. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Г.Далідовіч, Я.Саламевіч.
Тв.:
Бел.пер. — Апошні з магікан, або Аповесць пра 1757 год. Мн., 1996;
Зверабой, або Першая сцяжына вайны. Мн., 1997;
Рус пер. — Собр. соч.Т. 1—7. М., 1982.
Літ.:
Боброва М. Джеймс Фенимор Купер. Саратов, 1967;
Шейнкер В. Исторический роман Джеймса Купера... Иваново, 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЯФІ́ЛЬНАСЦЬ І ЛІЯФО́БНАСЦЬ (ад грэч. lyō раствараю + phileō люблю, phobos страх),
характарыстыкі міжмалекулярнага ўзаемадзеяння рэчыва і вадкага асяроддзя, у якім яно знаходзіцца. У выпадку ўзаемадзеяння рэчыва з вадой Л. і л. наз.гідрафільнасцю і гідрафобнасцю, у выпадку непалярных вадкасцей (алей, тлушч) — алеяфільнасцю (ліпафільнасцю) і алеяфобнасцю (ліпафобнасцю).
Ліяфільнасць паказвае наяўнасць значнага ўзаемадзеяння рэчыва, а таксама паверхні цвёрдага цела, асобных часцінак (гл.Дысперсныя сістэмы) з малекуламі асяроддзя, якое магчыма з-за блізкасці іх хім.прыроды ці абумоўлена ўтварэннем паміж імі трывалых вадародных, электрастатычных ці каардынацыйных сувязей. Ліяфобнасць — паняцце супрацьлеглае ліяфільнасці і паказвае на слабое ўзаемадзеянне паміж рэчывам і вадкім асяроддзем. Ліяфільнасцю абумоўлены змочванне вадкасцямі цвёрдых паверхняў, растварэнне рэчываў у вадкасцях, экстракцыя рэчываў вадкасцямі з цвёрдых цел і раствораў. Паняцці Л. і л. могуць быць аднесены таксама да малекул і асобных частак (груп) адной малекулы, напр., малекулы паверхнева-актыўных рэчываў утвораны гідрафільнымі палярнымі групамі і алеяфільнымі вуглевадароднымі ланцугамі. Л. і л. можна змяняць хім. мадыфікаваннем паверхні (напр., «прышчэпкай» да паверхні цвёрдага цела ліяфільных ці ліяфобных функцыян. груп, увядзеннем у сістэму паверхнева-актыўных рэчываў), што дазваляе кіраваць уласцівасцямі паверхняў і дысперсных сістэм. Рэгуляванне Л. і л. выкарыстоўваецца ў многіх галінах тэхнікі і хім. тэхналогіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЦЯ́Ш (Ніна Іосіфаўна) (н. 20.9.1943, в. Нівы Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. пісьменніца. Скончыла Мінскі пед.ін-т замежных моў (1966). Настаўнічала. Друкуецца з 1962. Аўтар паэтычных зб-каў «Агонь» (1970), «Удзячнасць» (1973), «Ралля суровая» (1976), «Прыручэнне вясны» (1979), «Поўны келіх» (1982), «Жнівень» (1985), «Шчаслівай долю назаві...» (1990), «Я вас люблю» (1998) і інш. За «Паэму жніва» (1983) Літ. прэмія імя А.Куляшова 1984. Асн. матывы яе лірыкі — чалавек і яго ўзаемаадносіны з прыродай і грамадствам, сяброўства і каханне. Для яе вершаў характэрны спавядальнасць, філас. заглыбленасць, шчырасць. Для дзяцей напісала казкі «Два браты і сякера» (1975), «Казка пра суседзяў, змяю і мядзведзя» (1982), «Краіна Белы Свет, або Прыгоды Краснічка» (1993), п’есы для тэатра лялек «Прыгоды трох парасят» (паст. 1976), «Крок у бессмяротнасць» (паст. 1977), тэлесцэнарыі «Пясняр роднай прыроды» (паст. 1978), «Гэта я, Госпадзі» (паст. 1980). На бел. мову пераклала кнігі Ж.Аліўе, Ж.Сіменона, А.Сент-Экзюперы, Л.Кастэнкі, В.Барны, В.Шымборскай і інш., паасобныя творы П.Беранжэ, П.Мерыме, Ф.Шылера, Ю.Славацкага, Т.Хрусцялеўскага, А.Гаўрылюка, П.Маха і інш.