ФРАГАНА́Р (Fragonard) Жан Анарэ (5.4.1732, г. Грас, Францыя — 22.8.1806),
французскі мастак. Вучыўся ў Парыжы ў Ж.Б.С.Шардэна, Ф.Бушэ, К.Ванлоо, у Французскай акадэміі ў Рыме (1756—61). Працаваў у Парыжы, у 1789—94 захавальнік Нац. музея (Луўр). Прадаўжаў традыцыі мастацтва ракако. У творчасці дасягнуў асаблівай пачуццёвасці ў перадачы лірычных сцэн паўсядзённага жыцця, інтымных чалавечых пачуццяў, паэзіі прыроды, міфалаг. і рэліг. кампазіцый. Яго манера вылучаецца вытанчанай дэкаратыўнасцю каларыту, лёгкасцю жывапіснай манеры, плаўнымі кампазіцыйнымі рытмамі: «Выйграны пацалунак» (да 1761), «Жрэц Карэз ахвяруе сабой, каб выратаваць Калірою» (1765), «Свята ў Сен-Клу» (1775), «Фантан кахання» (да 1785), «Пацалунак крадком» (канец 1780-х г.). Шматлікім малюнкам і афортам Ф. ўласцівы тонкія святлоценявыя эфекты.