АЛЯКСА́НДРАЎ (Анатоль Пятровіч) (13.2.1903, г. Тарашча Кіеўскай вобл., Украіна — 4.2.1994),

сав. фізік. Акад. АН СССР (1953, чл.-кар. 1943). Адзін з заснавальнікаў сав. атамнай энергетыкі. Герой Сац. Працы (1954, 1960, 1973). Скончыў Кіеўскі ун-т (1930). З 1960 дырэктар Ін-та атамнай энергіі імя Курчатава, у 1975—86 прэзідэнт АН СССР. Навук. працы па фізіцы цвёрдага цела і палімераў, ядз. і атамнай фізіцы. Распрацоўваў (у сааўт.) стат. тэорыю трываласці цвёрдых целаў. З 1946 працаваў над стварэннем ядз. рэактараў, у т. л. для атамнай энергетыкі і флоту; пад яго кіраўніцтвам створаны першы доследны вода-вадзяны рэактар (1948—54). Ленінская прэмія 1959, Дзярж. прэміі СССР 1942, 1949, 1951, 1953.

Тв.:

Атомная энергия и научно-технический прогресс. М., 1978;

Наука — стране. М., 1983.

Анатоль Пятровіч Аляксандраў.

т. 1, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́КСЕР ((Axer) Эрвін) (н. 1.1.1917, Вена),

польскі рэжысёр. Скончыў Ін-т тэатр. мастацтва ў Варшаве (1939). Праф. Вышэйшай тэатр. школы ў Варшаве (1949). Працаваў у т-рах Львова і Лодзі. У 1949—81 дырэктар, маст. кіраўнік і рэжысёр Сучаснага т-ра (у 1955—57 адначасова ўзначальваў Нац. т-р) у Варшаве. Найб. ўвагу аддаваў пастаноўкам твораў нац. драматургіі: «Картачны домік» Э.​Зегадловіча, «Трывожнае дзяжурства» Е.​Лютоўскага, «Танга» С.​Мрожака, «Кардыян» Ю.​Славацкага. З інш. пастановак: «Дванаццатая ноч» У.​Шэкспіра, «Тры сястры» А.​Чэхава, «Мухі» Ж.​П.​Сартра, «Кар’ера Артура Уі» Б.​Брэхта. Ставіў п’есы ў Дзюсельдорфе, Вене, Цюрыху, Мюнхене, Амстэрдаме, Нью-Йорку. Аўтар зб-каў «Лісты са сцэны» (т. 1—2, 1955—57), «Практыкаванні па памяці» (1984—92) і інш.

т. 1, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФАНА́СЬЕЎ (Якаў Мікітавіч) (21.10.1877, г. Балашоў Саратаўскай вобл., Расія — 20.12.1937),

бел. глебазнавец. Акад. АН БССР (1928). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1901). З 1921 праф., заг. кафедры глебазнаўства Горацкай с.-г. акадэміі, з 1931 дырэктар Ін-та аграглебазнаўства АН БССР. Навук. працы па генезісе глебаў і глебаўтваральных парод Беларусі, устанаўленні заканамернасці іх фарміравання; па класіфікацыі і раянаванні глебаў, іх агранамічнай характарыстыцы і павышэнні прадукцыйнасці. Кіраваў складаннем першай карты глебаў Беларусі і адной з першых глебазнаўчых картаў свету. Прапанаваў новую класіфікацыю глебаў; дапоўніў вучэнне В.​В.​Дакучаева пра гарызантальную і вертыкальную занальнасці глебаў палажэннем аб мікразанальнасці. Арыштаваны ў жніўні 1937 і прыгавораны 19.12.1937 да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1957.

Тв.:

Глебавыя раёны БССР. Мн., 1931;

Як павысіць ураджайнасць на глебах БССР. Мн., 1933.

Я.М.Афанасьеў.

т. 2, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ РАБО́ЧЫ ТЭА́ТР імя Цэнтральнага савета прафесійных саюзаў Беларусі.

Існаваў у 1928—33 у Мінску. Створаны з драм. гуртка бухгалтарскіх курсаў як Бел. рабочы т-р («Наш тэатр»), у 1930 перайменаваны ў т-р імя ЦСПСБ. З мая 1930 працаваў як вандроўны. Дырэктар М.​Красінскі, рэжысёр Ф.​Ждановіч, з 1930 В.​Галаўчынер. Т-р выступаў сярод рабочых пераважна ў аддаленых раёнах. Асн. месца ў рэпертуары займалі актуальныя на той час п’есы: «Босыя на вогнішчы» паводле М.​Чарота, «На стыку» Ц.​Гартнага, «Будні» І.​Гурскага, «Шляхамі рознымі» У.​Стэльмаха, «Гірт з воўчага логу» Я.​Райніса, «Князь Мсціслаў Удалы» І.​Прута, «Стрэл» А.​Безыменскага, «Чынгісбуд» К.​Федзіна, «Слухайце, ныцікі!» А.​Майскага, аперэта «Кухня святасці» Я.​Цікоцкага.

С.​А.​Пятровіч.

т. 2, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РЫН (Уладзімір Вячаслававіч) (22.10.1952, г. Арол, Расія — 30.7.1996),

бел. вучоны ў галіне заатэхніі. Чл.-кар. Акадэміі агр. навук Рэспублікі Беларусь (1994), д-р с.-г. н., праф. (1992). Скончыў БДУ (1974) і Усесаюзны с.-г. ін-т (1984). У 1976—80 і з 1985 у Бел. НДІ жывёлагадоўлі (з 1987 нам. дырэктара, з 1990 дырэктар ін-та і адначасова навук.-вытв. аб’яднання «Племэліта»). Навук. працы па праблемах павышэння эфектыўнасці селекцыі ў свінагадоўлі на аснове генетыка-папуляцыйных метадаў, спецыялізацыі розных тыпаў, ліній і парод свіней. Адзін са стваральнікаў беларускай мясной пароды і заводскіх тыпаў «Мінскі» адкормачны і «Віцебскі» мясны буйной белай пароды свіней.

Тв.:

Биотехнология свиноводства. Мн., 1993 (разам з В.​С.​Смірновым, І.​П.​Шайко).

У.В.Горын.

т. 5, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫШЫ́НСКІ (Андрэй Януаравіч) (10.12.1883, г. Адэса, Украіна — 22.11.1954),

савецкі дзярж. дзеяч, дыпламат, юрыст. Акад. АН СССР (1939). Скончыў Кіеўскі ун-т (1913). З 1915 на юрыд. і адм. рабоце. З 1931 у органах пракуратуры РСФСР. У 1935—39 ген. пракурор СССР. У 1937—41 дырэктар Ін-та права АН СССР, у 1939—44 нам. старшыні СНК СССР, у 1940—49 нам. міністра. У 1949—53 міністр замежных спраў СССР. У 1953—54 пастаянны прадстаўнік СССР у ААН. Дзярж. абвінаваўца на многіх фальсіфікаваных працэсах 1930-х г. у СССР. Дэп. Вярх. Савета СССР з 1937. Тэарэт. палажэнні, выкладзеныя ў яго работах (прызнанне абвінавачанага як гал. доказ віны), былі накіраваны на абгрунтаванне грубых парушэнняў законнасці, масавых рэпрэсій.

Літ.:

Инквизитор: Сталинский прокурор Вышинский. М., 1992.

т. 4, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАДЖЫБЕ́КАЎ (Султан Ісмаіл аглы) (8.5.1919, г. Шуша, Нагорны Карабах — 19.9.1974),

азербайджанскі кампазітар. Нар. арт. Азербайджана (1960). Нар. арт. СССР (1973). Скончыў Азерб. кансерваторыю (1946), выкладаў у ёй (з 1965 праф., з 1969 рэктар). З 1948 маст. кіраўнік (у 1955—61 дырэктар) Азерб. філармоніі. Сярод твораў: дзіцячая опера «Іскендэр і пастух» (паст. 1947), балет «Гюльшэн» (паст. 1950), муз. камедыя «Чырвоная ружа» (паст. 1940); 2 сімфоніі (1944, 1946), сімф. карціна «Караван» (1945), канцэрты для аркестра (1964), для скрыпкі з аркестрам (1945); камерна-інстр. ансамблі, інстр. і вак. п’есы, творы для арк. нар. інструментаў, рамансы, песні, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Дзярж. прэмія СССР 1952, Дзярж. прэмія Азербайджана 1970.

Літ.:

Тагизаде А. Султан Гаджибеков: (жизнь и творчество). Баку, 1985.

т. 4, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУГА́ШАЎ (Газіз Ніязавіч) (н. 20.12.1917, г. Алматы, Казахстан),

дырыжор. Нар. арт. Казахстана (1957). Скончыў экстэрнам Алма-Ацінскую кансерваторыю (1957). У 1944—48 дырыжор, у 1956—59 гал. дырыжор, у 1969—76 дырэктар і маст. кіраўнік Каз. тэатра оперы і балета. У 1966—68 гал. дырыжор Дзярж. т-ра оперы і балета БССР, дзе кіраваў пастаноўкамі опер «Брэсцкая крэпасць» К.​Малчанава і «Алеся» Я.​Цікоцкага (1967), «Рыгалета» Дж.​Вердзі (1968), балетаў «Альпійская балада» Я.​Глебава (1967), «Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева (1968). Пад яго кіраўніцтвам зроблены запіс першай бел. тэлеоперы «Ранак» Г.​Вагнера (1967). Выкладаў у Маскоўскай і Алма-Ацінскай кансерваторыях, у 1968 вёў клас опернай падрыхтоўкі ў Бел. кансерваторыі. Дзярж. прэмія Казахстана імя К.​Байсеітавай 1972.

т. 6, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛІ́ЦЫН (Барыс Барысавіч) (2.3.1862, Пецярбург — 17.5.1916),

рускі фізік і геафізік, адзін з заснавальнікаў сейсмалогіі; князь. Акад. Пецярбургскай АН (1908). Скончыў Марскую акадэмію ў Пецярбургу (1886) і Страсбурскі ун-т (1890). Выкладаў у ВНУ Пецярбурга; з 1913 дырэктар Гал. фізічнай абсерваторыі. Навук. працы па тэорыі цеплавога выпрамянення, крытычнага стану рэчыва, сейсмалогіі, оптыцы, спектраскапіі. Увёў паняцце т-ры выпрамянення абсалютна чорнага цела. Знайшоў рашэнне задачы пра вызначэнне ачага землетрасення па звестках адной сейсмічнай станцыі (1902). Стварыў электрадынамічны сейсмограф і інш. сейсмічныя прылады. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1916). Яго імем названа зона ў ніжняй частцы верхняй мантыі Зямлі (пласт Галіцына).

Тв.:

Избр. Труды. Т. 1—2. М., 1960.

Літ.:

Предводителев А.С. О работах Б.​Б.​Голицына // Исторня и методология естеств. наук. 1966. Вып. 4.

Б.Б.Галіцын.

т. 4, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛУ́ПІ (Galuppi; празваны Буранела; Buranello) Бальдасарэ

(18.10.1706, в-аў Бурана, каля г. Венецыя, Італія — 3.1.1785),

італьянскі кампазітар. Вучыўся ў кансерваторыі «Інкурабілі» ў Венецыі. У 1761—85 яе дырэктар і капельмайстар сабора Сан-Марка ў Венецыі. У 1765—68 прыдворны капельмайстар у Пецярбургу. Адзін з буйнейшых майстроў опер-буфа, у т. л. на лібрэта К.​Гальдоні «Святло месяца» (1750), «Вясковы філосаф» (1754). Аўтар опер-серыя, у т. л. «Пакінутая Дыдона» (1741), «Кароль-пастух» (1758), для Пецярбургскай сцэны — «Іфігенія ў Таўрыдзе» (1768) з акрэсленымі рэфарматарскімі тэндэнцыямі. Сярод інш. твораў: араторыі, кантаты, царк. музыка, інстр. творы, у т. л. клавірныя санаты з рысамі раннекласічнай санатнай формы.

Літ.:

Крунтяева Т. Бальтассаре Галуппи // Крунтяева Т. Итальянская комическая опера XVIII в. Л., 1981.

т. 4, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)